TAIZÉ

Візіт Патрыярха Барталамея ў Тэзэ

Прамова ў часе Супольнае Малітвы

 

Эмінэнцыя,
Эксцеленцыя,
Дарагі Браце Алоіс,
Дарагія Браты Супольнасці,
Шаноўнае спадарства,
Дарагія сябры,

Хрыстос Уваскрос!

Цягам многіх гадоў мы адчувалі жаданне прыехаць да Тэзэ, да месца духоўнага экуменізму, плавільнага катла прабачэння, месца сустрэчаў, якое, паводле незвычайнага бачання Брата Ражэ, ягонага засноўніка, натхняе хрысціянаў збірацца разам.

А прымаючы да ўвагі, што Экуменічны Патрыярх Канстанцінопалю ўпершыню наведвае вашую супольнасць, - нам асаблівым чынам прыемна, што такая магчымасць была нам прапанаваная, - сувязі Тэзэ з Экуменічным Патрыярхатам прайшлі доўгі шлях.
Сапраўды, Брат Ражэ першы раз наведаў Экуменічнага Патрыярха Афінагора ў Канстанцінопалю ў 1962 г. Брат Ражэ неўзабаве пасля гэтага стане сардэчным братам праваслаўя, экуменічнае місіі, якой бы ён хацеў у значнае ступені ахапіць усе хрысціянскія канфесіі, кожную з яе ўласнаю ідэнтычнасцю. Мы верым, што да гэтага дня вы захавалі ікону Экуменічнага Патрыярха Афінагора, давераную яму. Гэтая ікона Багародзіцы прадстаўляе не толькі дух братэрства, які мы імкнемся кшталціць пад апекаю нашай супольнай Маці Панны Марыі, але больш агульна перспектыву, у якой змешчана нашая малітва аб еднасці хрысціянства. У якасці знаку непарыўнае сувязі паміж Тэзэ і праваслаўем 15 красавіка 1963 г. у Тэзэ быў закладзены першы камень праваслаўнае капліцы, тым самым пацверджваючы няўхільную прысутнасць усходняга хрысціянства ў гэтых мурах.

Дарагі Браце Алоіс, ты добрасумленна падсумаваў гэтую традыцыю, што яднае нас. Мы чула ўзгадваем тваё прыбыванне на Фанары дванаццаць гадоў таму на свята Нараджэння нашага Пана. З гэтае нагоды мы маглі задэманстраваць табе нашую моцную прыхільнасць да моладзевых сустрэчаў, якія вы рэгулярна арганізоўваеце штогод, і якія становяцца сведчаннем таго, як з цягам часу падзеленыя хрысціяне збіраюцца разам, што дазваляе ім сумесна крочыць на шляху да паяднання. Штогод ты надзяляеш нас гонарам магчымасці скіравання нашага паслання да ўдзельнікаў Еўрапейскае Сустрэчы. Асаблівым чынам мы ўсцешаныя скіраваннем паслання да тых маладых хрысціянаў Еўропы, што цягам некалькіх дзён дасвядчаюць тую, хай недасканалую, але еднасць, да якой мы імкнемся. Хіба Брат Ражэ казаў: “Хрыстус не прыйшоў на свет, каб запачаткаваць новую рэлігію, але каб ахвяраваць кожнае чалавечае істоце еднасць з Богам”, не? Узгадайма таксама вашую Пілігрымку Даверу на Зямлі, што складае важную частку вашае экуменічнае дзейнасці.

Дарагі Браце Алоіс,

сёння ты прымаеш нас у гэтай прыгожай Царкве Паяднання. Пытанне прабачэння з’яўляецца цэнтральным у хрысціянстве, таму, нам здаецца, мы мусім адрозніваць тры ўзроўні адчытання гэтага слова. Першы ўзровень - гэта адносіны прымірэння чалавека з боскім. Праца Хрыста ў свеце - гэта праца прабачэння, якая па-над рэлігіямі звязвае вертыкальна і гарызантальна Створцу і стварэнне. Прабачэнне ў Хрысце ставіць Яго ў цэнтры таго, што чалавецтва разумее як вобраз Божы, у дынамічных суадносінах падабенства. Хрыстус сам ёсць прабачэннем. Узгадайма словы Святога Апостала Паўла: “Бог у Хрысце паяднаў з сабою свет, не зважаючы на правіны людзей, і даў нам слова паяднання” (2 Карынцянаў 5:19). Цікава адзначыць, што Святы Павел у папярэднім радку кажа пра “служэнне паяднання” (2 Кар 5:18). Паяднанне - гэта мярыла, паводле якога мы мусім мерыць нашыя зносіны з Богам ды нашае адзінства ў Царкве.

Другі ўзровень вынікае беспасрэдна са “служэння паяднання”, пра якое толькі што мы казалі. Сапраўды, гэты ўзровень больш экуменічны. Гэта адказ на абавязак хрысціянскае еднасці, дзе чыны прабачэння маюць заняць сваё месца. Калі б нам давялося карыстацца толькі з аднаго вобразу, трэба было б скарыстацца з вылячэння. Прабачыць - гэта перадусім загоіць раны гісторыі, шнары часу, узаеманепаразуменні, канфлікты памяці, братазабойчую нянавісць. У гэтым сэнсе падзел паміж хрысціянамі, рэакцыяй на які з’яўляецца нашая малітва ў інтэнцыі еднасці Цэркваў, гэта духоўная рана, адначасова - духоўная адказнасць, нягледзячы на тое прымаем мы тое ці не. Сапраўды, у экуменічны час і перыяд пошукаў еднасці не можа быць паяднання без прабачэння. Да таго ж, прабачэнне, паводле Яна Хрызастома, не можа быць адкладзенае. Калі мы жадаем быць сапраўднымі ўдзельнікамі прабачэння, мы мусім узяць на сябе адказнасць ды быць гатовымі зрабіць першы крок.

Трэці ўзровень, з іншага боку, больш глабальны. Любоў Хрыста, таго самага чалавека, які заклікае нас да прымірэння, ахоплівае ўсё чалавецтва. Прабачэнне становіцца ўдзельнікам супакою, рычагом да пакананняў гістарычных супярэчнасцяў, сродкам нейтралізацыі спалярызаваных глабальных сацыяльных ландшафтаў ды разрадкаю ў канфліктах. Прабачэнне да таго ж з’яўляецца глабальнае праблемаю для нашых Цэркваў і свету ўвогуле. Дазвольце мне зацытаваць прыгожы лютэранска-каталіцкі тэкст “Ад канфлікту да еднасці”, які з нагоды 500-ае гадавіны Рэфармацыі ідэальна пасуе да духоўнага і экуменічнага шляху, які ўключае ў сябе прынцып “прымірэння”. “Экуменічнае абавязацельства еднасці Цэркваў не толькі ідзе на карысць Царквы, але таксама свету, так, каб свет мог паверыць. Чым больш нашыя грамадствы з’яўляюцца плюралістычнымі ў сэнсе рэлігійным, тым большым становіцца місіянерскае заданне экуменізму. Таму тут важна зноў пераасэнсаваць пэўныя рэчы і пакаяцца” (§ 243).

Праблема прымірэння выходзіць за рамкі гістарычных падзей, якія дасвядчыла Праваслаўная царква ў часе Святога і Вялікага Сабору на Крыце ў чэрвені 2016 г. Гэта было, сапраўды, не толькі вывучэннем пытанняў павесткі дня, хаця, канечне, важна, што было й тое, але рэальныя справы, якія адносіліся да месца праваслаўя ў сучасным свеце. У эпоху глабалізацыі Праваслаўная царква павінна быць здольнаю забяспечыць сябе сродкамі для вырашэння праблем, звязаных з сучаснасцю. Святы Вялікі Сабор быў ключоваю падзеяю, а ў той жа самы час эклезіяльным феноменам еднасці, які прадэманстраваў адзінства ўсяго праваслаўя - гэтае адзінства не было падважанае аўтакефалічнымі Праваслаўнымі Цэрквамі, што не бралі ўдзелу па прычыне тэалагічнага прынцыпу саборнасці, - а таксама абсалютную неабходнасць саборнага вопыту на планетарным узроўні. Саборнасць хаця й традыцыйная для праваслаўя на мясцовым і рэгіянальным узроўні, сёння выяўляецца ўжо ў глабальным маштабе. Тым не меней, мы дзякуем Богу за Святы і Вялікі Сабор, і спадзяемся, што гэта проста зыходны пункт абноўленага існавання саборнасці ў якасці сіноніма царкоўнага жыцця. У пасланні Святога і Вялікага Сабора можна прачытаць: “Праваслаўная Царква ў Саборы выражае сваю еднасць і паўсюднасць. Гэтая саборнасць кшталтуе яе арганізацыю, шлях прыняцця рашэнняў, а таксама вызначэння яе лёсу”.

Дарагія сябры,

дзеля таго, каб зразумець, што для Праваслаўнае царквы значыць Тэзэ, на хвіліну звернемся да Аліўе Клемана (фр. Olivier Clément). У ягонае цудоўнае працы Taizé: a Meaning to Life праваслаўны багаслоў не называе Тэзэ супольнасцю ў інстытуцыянальным сэнсе гэтага слова; гэта перадусім падзея. “Падзея Тэзэ”, паводле яго, крысталізуе імкненні моладзі ў пошуках быцця, пошуках веры, пошуках жыцця. “Падзея Тэзэ” дзейнічае як магутная прыпавесць прабачэння і прымірэння, засяроджваючыся на ўнутраным жыцці, што дазваляе нам увайсці ў таямніцу адзінства, разам з тым цалкам прымаючы жыццё ў свеце. Аліўе Клеман у прыватнасці піша: “Малітвы не вызваляюць нас ад заданняў гэтага свету - яны робяць нас больш адказнымі. Нішто не з’яўляецца больш адказным, чым малітва”.

Гэтыя словы сугучныя з моцаю праваслаўнае традыцыі і дазваляюць нам паглыбіць сэнс прымірэння праз таямніцу ўваскрасення. Літургічны перыяд, у якім мы перабываем, запрашае нас да гэтага яшчэ мацней, бо тут мы дакранаемся каранёў таямніцы хрысціянскае веры. Святы Ірыней з Ліёну піша: “На самой справе, праз адносіны, якія мы з Ім маем, Пан прымірыў чалавека з Айцом, прымірыў нас з сабою праз Ягонае плоцкае цела і адкупіў нас сваёю крывёю...” (Adv. Haer, V, 14, 3).

Праз сваю смерць і ўваскрасенне Хрыстус паяднаў нас з Богам. Так, як спяваем у пасхальных гімнах, разам усходнія і заходнія хрысціяне, будзьма працягваць маліцца, каб святло ўваскрасення прывяло нас на шлях яднання і адзінства.

Дзякуй вам за тое, што мы тут сёння.

Хрыстос Уваскрос!


Апошняе абнаўленне: 27 April 2017