TAIZÉ

Аліўе Клеман

"Апошняе слова будзе за даверам"

 
Пісьменнік і тэолаг, прафесар з Інстытуту праваслаўнае тэалогіі імя св. Сергія ў Парыжы Аліўе Клеман імкнецца да спрашчэння сустрэчы паміж хрысціянамі з Усходу і Захаду. Блізкі сябра Супольнасці, ён напісаў кнігу пад назваю "Тэзэ: сэнс жыцця" (GIA Publications). Ніжэй некаторыя фрагменты гэтай кнігі.

У Тэзэ браты з розных і часам супраціўных дэнамінацый, культур, рас і моў моляцца і працуюць разам. Так, тое сапраўды магчыма; Хрыстус зруйнаваў усе падзяляючыя бар’еры. Гістарычная і геаграфічная разнастайнасць становяцца неістотнымі поруч з разнастайнымі асабістымі дарамі. Супольнасць - вулей дзейнасці. Некаторыя браты - створцы прыгажосці: яны пішуць карціны альбо іконы, ці вырабляюць выдатную кераміку, што можа палепшыць нашае штодзённае жыццё. Іншыя выконваюць пераклады і друкуюць важныя працы з хрысціянскае традыцыі. Таксама вывучаюць мовы ў якасці адказу на міжнароднае пакліканне Супольнасці. Гэта малое, але глыбока досведнае прадчуванне паяднання і перамянення чалавецтва, адносна чаго так балюча блукае гісторыя; і ў гэтым гістарычным працэсе Дух заўсёды пры працы, падважаючы тое, што пакуль непранікальна, але асвятляючы творы мастацтва, навукі і духоўнасці.
Сёння моладзь стомленая размовамі і стомленая здзекамі: яна прагне сапраўднасці. Не будзе карысным казаць ім пра еднасць, калі мы не можам паказаць ім месца, дзе еднасць ужо працуе - "прыйдзі ды ўбачыш". У такім месцы людзей вітаюць без асуджэння; анікога тут не пытаюць пра ягоны дактрынальны пашпарт, аднак, тым не меней, няма таямніцы адносна таго, што ўсе збіраюцца вакол Хрыстуса, і ўжо разам з Ім - "Я дарога", кажа Ён - для тых, хто гэтага хоча, пачынаецца шлях наперад (с. 12).

Гэтая сувязь паміж глыбокім духоўным дасвядчэннем ды творчым адкрыццём свету - сэрца сустрэч у Тэзэ, якія ўжо цягам доўгіх гадоў канцэнтруюцца вакол тэматыкі "духоўны свет і чалавечая салідарнасць". Гэта той кшталт хрысціянства, які мы маем зрабіць за мэту, бо хто больш становіцца чалавекам малітвы, той становіцца й больш адказнаю асобаю. Па сутнасці, нішто так не сведчыць пра адказнасць, як малітва. Гэта тое, што насамрэч трэба зразумець і данесці моладзі. Малітва - гэта не забава. Гэта не гатунак наркотыку на нядзельны ранак. Яна ўцягвае нас у таямніцу Айца, моц Духа Святога, перад аблічча, што адсланяе нам кожнае іншае аблічча, а прыканцы чыніць з нас слугаў кожнага чалавечае істоты (с. 46).

Адным з ключавых слоў у Тэзэ з’яўляецца "давер". Сустрэчы, арганізаваныя Супольнасцю ў Еўропе ды на іншых кантынентах, ствараюць частку таго, што называецца "Пілігрымкаю Даверу на Зямлі". Слова "давер", маўляў, адно з найбольш пакорлівых слоў, адно з самых штодзённых ды простых слоў, што існуюць, але разам з тым яно й адно з найбольш істотных. Замест таго, каб казаць "любоў" альбо agape, ці нават "еднасць" альбо koinonia, словы якія даволі ёмістыя, мы можам, пэўна, часцей казаць "давер", бо ўсё пералічанае прысутнае ў ім. У даверы - таямніца любові, таямніца еднасці, і, урэшце, - гэта таямніца Бога ў Тройцы (с. 69).

Апошняе абнаўленне: 12 July 2018