TAIZÉ

Брат Марк (1931-2024)

 
19 студзеня 2024 г., на 93-м годзе жыцця, памёр Хайнц-Пэтэр Рудольф, які, далучыўшыся да Абшчыны Тэзэ ў 1954 г., прыняў імя брат Марк. Некалькі дзён наконадні ён ляжаў у шпіталі ў Маконе. Пахавальная цырымонія адбудзецца ў нядзелю, 21 студзеня, а 15-й гадзіне ў Храме Паяднання ў Тэзэ.


Ён нарадзіўся ў 1931 годзе ў швейцарскім Эслінгене (кантон Цюрых). Вучыўся графіцы ў Цюрыхскай школе прыкладнога мастацтва. Ён быў першым нямецкамоўным братам Абшчыны, які яшчэ да сваіх манаскіх зарокаў у 1957 годзе разам з іншымі братамі быў скіраваны на некаторы час у Нямеччыну.

Свае мастацкія здольнасці ён развіў, ствараючы ў Тэзэ гравюры на дрэве, карціны, калажы, вітражы, вокладкі кніг, закладкі, плакаты... Падчас будаўніцтва Храма Паяднання ў 1962 годзе ў шкляных плітах заходняга фасада ён спраектаваў вялікі вітраж, які – калі трэба было знесці гэты фасад для павелічэння будынка – прыйшлося разабраць. Калі на пачатку 1970-х гадоў шмат моладзі пачало прыбываць на пілігрымку на ўзгорак, менавіта ён прыдумаў крыж-галубок, які так моцна атаясамліваецца з Тэзэ.

У 1971 годзе разам з іншым братам ён здзейсніў памятны візіт у СССР, які тады быў пад уладай камуністаў – гэта быў першы візіт братоў праз сучасныя Украіну і РФ.

Пашырэнне паклікання Тэзэ на розныя кантыненты дазволіла яму рэалізаваць дзіцячую мару – наведаць Інданезію, што з’арыентавала яго жыццё на азіяцкі кантынент. Разам з двума іншымі братамі ў 1973-74 гадах ён правёў паўгода ў Калькуце з Маці Тэрэзай. Перад тым, як вярнуцца ў Тэзэ, ён перабываў у Інданезіі і паўднёвае Індыі.

У 1978 годзе на Транссібірскім цягніку разам з іншымі братамі ён дабраўся да Японіі і пасяліўся ў раёне Міядэра, непадалёк ад Токіа, дзе перабываў восем гадоў. Затым у 1986 г. ён пераехаў у Карэю: у гэтай краіне, якая адзначана падзелам на Поўнач і Поўдзень, кардынал арцыбіскуп Сеула запрасіў Супольнасць заснаваць малую фратэрнію. Брат Марк заставаўся там на працягу 25 гадоў. У Японіі, як і ў Карэі, у зносінах з мастакамі з гэтых краін ён працягваў развіваць сваю творчасць. Ён стварыў мноства вітражоў у каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах Паўднёвай Карэі. У 2007 годзе яго запрасілі зрабіць вітражы таксама ў саборы мангольскага Улан-Батара.

Пасля чаго ён вярнуўся ў Еўропу, у Тэзэ, каб затым паслядоўна перабываць у розных месцах Эльзаса, дзе Абшчына засноўвала свае фратэрніі. Пасля Еўрапейскае моладзевае Сустрэчы ў Базелі ў 2017 г. непадалёку ад гэтага горада яго прымала пратэстанцкая супольнасць сясцёр Дыяканісы Рыэна (ням. Kommunität Diakonissenhaus Riehen). У прыватнасці, там ён зладзіў значную выставу сваіх апошніх прац. Адтуль у важныя для жыцця Супольнасці перыяды ён рэгулярна прыязджаў на побыты ў Тэзэ.

У сталым узросце і аж да апошняга тыдня перад смерцю ў яго захоўвалася энергія працягваць праяўляць сваю творчасць. Нават пасля інсульту, які здарыўся ў Тэзэ напярэдадні Калядаў, ён аднавіў сваю працу, ствараючы карткі са словамі спеваў Тэзэ і біблейскімі тэкстамі.

Апошняе абнаўленне: 20 January 2024