TAIZÉ

Разгарнуць

Ці ведаеце вы, як славенцы адзначаюць Адвэнт і ўспамін святога Мікалая?

 

У мінулую нядзелю пачаўся Адвэнт, а Славенія напоўненая падзеямі! Калі вы прыедзеце ў Любляну на Еўрапейскую сустрэчу, убачыце, колькі агеньчыкаў і калядных ялінак упрыгожвае вуліцы, як таксама й глінтвейн, які на знак цёплага прыёму падаюць навокал!

Але калядныя агеньчыкі – не адзіныя важныя агні гэтага перыяду. У кожнае парафіі і ў кожным доме таксама ёсць адвэнтавыя вянкі і свечкі, якія мы ўпершыню запалілі ў нашым цэнтры падрыхтоўкі, яднаючыся ў малітве з новым прыёрам Абшчыны ў Тэзэ.

Пасля ж першае нядзелі Адвэнту ў нас адбываецца урачыстасць Святога Мікалая, якая прыпадае на 5 і 6 снежня, і пра якую нельга не ўзгадаць, калі мы гаворым пра Адвэнт у Славеніі! Светі Міклауж (слав. Sveti Miklavž) з’яўляецца адным з самых важных дзён у годзе для ўсіх славенцаў, і вы зможаце зразумець тое, калі самі гэта адчуеце. У IV стагоддзі святы Мікалай быў арцыбіскупам у Міры, сёння – тэрыторыя Турэччыны. Яго папулярнасць захавалася цягам многіх стагоддзяў дзякуючы ягонае шчодрасці, бо ён раздаваў падарункі ўсім дзецям, якія добра сябе паводзілі. У гэты дзень, таксама ў Славеніі, дарослыя і дзеці атрымліваюць падарункі і шакаладкі.

Ён прыбывае ўвечары 5 снежня ў суправаджэнні не толькі анёлаў, але і іх праціўнікаў – крампусаў – разнавіднасці дэманаў, роля якіх заключаецца ў тым, каб палохаць і біць тых дзяцей, якія дрэнна сябе паводзілі. Нягледзячы на тое, што многія дзеці палохаюцца крампусаў, радасць пераважвае страх, калі яны бачаць святога Мікалая і атрымліваюць ад яго падарунак. Таксама й мы – валанцёры, браты і сёстры – з радасцю і хваляваннем прымалі падарункі з нагоды надыходзячых тыдняў Адвэнту, дазваляючы полымю адвэнтавай свечкі быць святлом ў падрыхтоўцы нашага шляху, каб прывітаць Езуса і пілігрымаў у Любляне.

Апошняе абнаўленне: 9 December 2023