TAIZÉ

Разважанне бр. Мэцью на Раство Хрыстова

 

Сардэчна вітаем усіх вас, хто ў гэтую калядную ноч прыехаў з наваколля Тэзэ, калі мы святкуем Нараджэнне Езуса. Разам з братамі мы вельмі цешымся прывітаць вас тут, у Храме Паяднання. Напрыканцы Эўхарыстыі нашыя свечкі мы запалім святлом, якое прыбыло з Бэтлеема і якое гарыць зараз у гэтым ліхтары. Потым выйдзем на вуліцу і заспявайма перад яслямі каля Храма.

Мы толькі што пачулі Евангелле аб нараджэнні Езуса. Гэта добра вядомая гісторыя для многіх з нас, але што яна павінна сказаць нам сённяшнім вечарам? Для мяне гэта гісторыя, якая прапануе нам некалькі калядных падарункаў. Я магу прыгадаць тры дары, якія мы можам атрымаць, слухаючы гэта, дары, якія Бог дае кожнаму з нас. Магчыма, вы адкрыеце таксама іншыя, калі будзеце перачытваць тую гісторыю.

Першы дар – «радасць». Там пастухі; яны не прывілеяваныя людзі; ім даводзіцца начаваць на вуліцы са сваімі авечкамі. Гэтым бедным людзям анёл, пасланнік Бога, абвяшчае «вялікую радасць» не толькі для іх, але і для ўсіх людзей: добрую навіну, якою можна падзяліцца. Пастухі, у сваю чаргу, стануць пасланцамі Бога.

Гэтая «вялікая радасць» будзе таксама радасцю сяброў Езуса напрыканцы Евангелля. Яна напоўніць іх сэрцы пасля смерці і ўваскрасення Хрыста. Радасць можа прыйсці на свет, калі мы праходзім праз цяжкасці. Якую радасць гэтымі днямі атрымліваю я? Як падзяліцца гэтым з іншымі?

Другі дар называецца «мір». Убачыўшы Божага пасланца, пастухі былі ахоплены вялікім страхам. Так і мы, можам быць ашаломлены, калі ўсведамляем, што Бог поруч. Але анёл кажа: «Не бойцеся». І тады цэлае неба спявае аб супакоі, які Бог прапануе ўсім жыхарам зямлі, якіх Ён любіць, без выключэння.

Супакой, які пастухі атрымліваюць у сваіх сэрцах, павінен ззяць вакол іх. Адзін з ранніх сведак Хрыста сказаў: “Пачніце працу супакою ўнутры сябе, каб, знайшоўшы супакой, вы маглі прынесці супакой іншым”. Разважаючы пра насілле ўнутры нас саміх, у нашых грамадствах і ў нашым свеце, на чым палягае мая адказнасць за гэты супакой, які Бог абвяшчае і давярае нам?

Трэці дар я б назваў «навізной». Нараджэнне Езуса – гэта нешта абсалютна новае ў гісторыі чалавецтва. І самае дзіўнае для нас, як і для пастухоў, тое, што Бог выбірае сустрэчу з намі ў той сітуацыі, у якой мы знаходзімся. Бог ужо не далёкі, але побач з намі. Бог прысутны, вельмі слабы, сціплы і бедны ў Дзіцяці Езусе, які залежыць ад Марыі, Яго маці, ад Юзафа ды іншых асоб вакол Яго. І ён таксама давярае сябе нашай апецы.

Калі штосьці новае, то яно часта бывае нетрывалым. Тое неабходна прыняць, клапаціцца аб гэтым і падтрымліваць. І ўсё ж кожная новая рэч з’яўляецца часткаю гісторыі. Не выпадкова евангеліст пачынае сваё апавяданне аб нараджэнні Езуса з размяшчэння яго сярод надзённых падзей таго часу. У нашым досведзе жыцця, у якім мы запрошаны распазнаць сляды Бога, узнікае нешта новае.

Чым жа з’яўляецца навізна, якую Бог просіць нас прыняць у гэтую ноч Нараджэння Пана і падчас гэтага Раства? Нават калі яна далікатная, як мы можам стварыць прастору, дзе можам падсілкоўваць яе і даць ёй магчымасці ўзрастання?

Прымем жа гэтыя тры дары ад Бога: радасць, мір і навізну. Пасля гэтага мы можам прапанаваць іх таксама й іншым; сваім уласным узорам жыцця. Магчыма, гэта можа быць той выклік, які Раство ставіць перад усімі намі...


Трансляцыя ўрачыстай цэлебрацыі з Тэзэ

Ніжэй запіс Эўхарыстыі з вігіліі Нараджэння Пана, трансляцыя якой мела месца нядзельным вечарам, 24 снежня, а 20:30 (а 22:30 часу беларускага).

Апошняе абнаўленне: 24 December 2023