TAIZÉ

Водгукі Вялікага тыдня ў Тэзэ

 
На гэтай старонцы будуць апублікаваны водгукі Вялікага тыдня і Вялікадня ў Тэзэ. За вечаровай супольнай малітваю па-ранейшаму можна сачыць у жывым аўдыя-эфіры праз гэтую старонку.

Вербніца

Лютэранскі біскуп Фрэдрык Модэус са шведскага Векшэ і сястра Дэлія з пратэстанцкай супольнасці дыяканіс у швейцарскім Рыэне дабраславілі аліўкавыя галінкі. Ніжэй малітвы, напісаныя абодвума з гэтай нагоды.

- Ад біскупа Фрэдрыка:

Хрысце, Ты ідзеш шляхам любові да нас і перад намі. Калі мы вагаемся, Ты чакаеш цярпліва. Сёння мы стаім на парозе таямніцы. Дазволь нам ісці за Табою ў даверы, любові і паслухмянасці і ўваскрэснуць да жыцця вечнага. Амэн.

- Ад сястры Дэліі:

Езу Хрыстэ, Ты ўвайшоў у Ерузалем з лагоднасцю і пакорай сэрца. Ты прыйшоў не для таго, каб служылі Табе, але каб служыць і аддаць жыццё за нас. І аддаючы Сябе, Ты прымаеш нас. У нашай радасці, у нашых спевах Ты адчуваеш нашу тугу па Табе. Мы спадзяемся на Цябе. На працягу гэтага Вялікага тыдня дай нам магчымасць прыняць Тваю любоў. Амэн.

Узгадваючы ўваход Езуса ў Ерузалем, з галінкамі ў руках прысутныя накіраваліся адтуль да Храма Паяднання.


Вялікі чацвер

На велікодныя выходныя да нас далучыліся чарговыя 700 чалавек, у тым ліку больш за 200 італьянцаў. Апоўдні брат Мэцью звярнуўся са словамі наступнае малітвы:

“Бог, не ведаючы як яшчэ больш праявіць сваю любоў, паслаў Цябе, Хрысце Езусе, пасяліцца сярод нас. І нават, калі мы адчуваем спакусу аддаліцца ад Цябе, Ты паказваеш нам шлях большае любові да такой ступені, што нашыя сэрцы спяваюць і радуюцца Табе: Ты будзеш з намі назаўсёды”.

Падчас жа вечаровае малітвы, пасля прачытання ўрыўка з Евангелля ад Яна (13 раздзел), браты ўзгадвалі ўчынак Езуса, які абмыў ногі сваім сябрам, што з’яўляецца выразам той большай любові, якая сягае аж да ахвяравання ўласнага жыцця. У першым нартэксе Храма Паяднання колам былі пастаўлены 50 зэдлікаў, а ўсе жадаючыя маглі прыйсці, сесці і прыянць удзел у абрадзе абмыцця ног.

Пасля адбылася цэлебрацыя Эўхарыстыі, падчас якой узгадвалася Апошняя Вячэра Езуса з Яго сябрамі перад распачаццем Яго Мукі.


- Сафія з Нямеччыны

“Абмыццё ног падалося мне асаблівым. У той момант я пачулася заўважанаю і цалкам прынятаю такою, якая я ёсць. Паколькі браты выконвалі тое самае служэнне, што й Езус у Евангеллі, я ўпершыню змагла зразумець, што адчувалі вучні ў Вялікі чацвер”.

Вялікая пятніца

- Мары з Нямеччыны

“Час, праведзены ў Тэзэ падчас Вялікага тыдня, быў нібы павевы свежага вятрыска ў маім сэрцы, яшчэ больш умацоўваючы маю веру. Найбольш асаблівы момант быў у Вялікую пятніцу, калі прагучаў звон, а ўсе моўчкі затрымаліся на месцы. Для Езуса сотні, а нават тысячы людзей спынілі тое, што яны рабілі! Для мяне тое было вялічэзным пачуццём супольнасці і веры”.

На пачатку пятнічнае вечаровае малітвы браты, да якіх далучыліся маладзёны і дзеці, у працэсіі вынеслі абраз крыжа. Гэта ўвяло нас у ноч малітвы, калі многія людзі прыйшлі даверыць Езусу на крыжы свае ўласныя цяжары і цяжары чалавечае сям’і.


Вялікая субота

Храм Паяднання ў гэты дзень Вялікага Маўчання быў пазбаўлены ўсяго свайго ўбранства: былі прыбраныя свечкі, абразы і каляровыя кафлі з хораў. Падчас паўдзённае малітвы прагучалі словы наступнай літаніі:

- Прыйдзіце, паразважаем пра Жыццё нашае, якое спачывае ў магіле, каб ажывіць тых, хто ў магілах ляжыць мёртвым. Ты, што аддаў сябе за нас, слава Табе, Пане!

- У гэты дзень у магіле спачывае Той, хто трымае на далонях сваіх усё стварэнне, слава Табе, Пане!

- Спіць жыццё і царства мёртвых дрыжыць. Ты даў супакой вечны: уваскрасенне Тваё з мёртвых, слава Табе, Пане!

- Магіла, што прыняла Стварыцеля, які спачыў, ты сталася скарбам жыцця дзеля нашага збаўлення, слава Табе, Пане!

- Жыццё ўсіх было прынятае, каб быць пакладзеным у магіле. Ён ператварае яе ў крыніцу абнаўлення, слава Табе, Пане!

- Няхай радуецца ўсё стварэнне, хай радуюцца ўсе жыхары зямлі, бо са смерці знята страшная маска, слава Табе, Пане!

- І дабраславіў Бог дзень сёмы, дзень адпачынку, у які ўмілаваны Сын Божы адпачыў ад усіх спраў Сваіх, слава Табе, Пане!

- Праз пакутную смерць Збаўца захаваў мір Божы ў плоці, а праз Уваскрасенне дараваў нам жыццё вечнае, слава Табе, Пане!


Падчас суботняга разважання брата Мэцью украінка Іванка, адказваючы на пытанне, падзялілася некалькмі словамі адносна сваіх чаканняў ў справе падтрымкі ейнага народа:

- Іванка з Украіны:

Вайна вельмі знясільвае, і некаторыя людзі адчуваюць сябе вельмі прыгнечанымі, таму, калі ласка, заставайцеся бачным знакам надзеі для нас, украінцаў. Будзьце з намі вернымі да канца. Маліцеся і гаварыце не толькі аб міры, але не забывайцеся й пра справядлівасць. Абвяшчайце праўду пра злачынствы і не бойцеся называць зло па імені.

Юле, дыяканіса з Эстоніі, запрасіла маладзёнаў прыняць удзел у Еўрапейскае сустрэчы ў Таліне напрыканцы гэтага года:

- Юле з Эстоніі:

Нам будзе ўсцешна прывітаць вас у Эстоніі. Гэта маленькая краіна з вялікім сэрцам. Прыязджайце, каб дапамагчы нам сведчыць пра Езуса нашай моладзі. Прыязджайце, каб маліцца ў інтэнцыі супакою. Будуйма адкрытую, бяспечную і брацкую Еўропу ўжо сёння.
Апошняе абнаўленне: 25 March 2024