Што ты шукаеш?
frère Matthew
Так шмат людзей шукаюць сэнс cвайго жыцця. Шукаюць нешта большае, чым лёгкія абяцанні, якія так часта запаўняюць нашы экраны. Хіба людзі не створаныя для сапраўднай мэты? Што можа дапамагчы нам распазнаць яе?
Калі мы спрабуем жыць давяраючы веры, часам пытаемся сябе: Што Бог чакае ад мяне? У нас так шмат жаданняў. Якім шляхам я магу ісці разам з Богам?
На працягу мінулага года ў Тэзэ прыязджалі маладыя людзі з Украіны, Палестыны, Лівана, Нікарагуа, М’янмы і іншых месцаў, дзе лютаюць вайна і канфлікты. Іх вера і іх жывая туга па справядлівым і трывалым міры сталі для нас крыніцай натхнення. Мы таксама слухалі сведчанні людзей, якія працуюць у Газе або маюць там сваіх родных. Мы бачым боль тых, чые блізкія ўтрымліваюцца ў закладніках, і чуем крык тых, хто шукае справядлівасці пад прыгнятальнымі рэжымамі.
Я таксама правёў пэўны час з братамі нашай супольнасці Тэзэ, якія жывуць у маленькіх фратэрніях у Бразіліі і на Кубе. Бразілія ўсё яшчэ адчувае на сабе спадчыну рабства і вялікіх сацыяльных няроўнасцяў. Але ёсць людзі, якія не здаюцца; яны змагаюцца, каб быць побач з самымі беднымі. Асабліва думаю пра супольнасць у горадзе Салвадор, дзе бяздомныя спяць у касцёле і дапамагаюць адзін аднаму
На Кубе я ўбачыў адважны народ, які сутыкаецца з велізарнымі цяжкасцямі. Я сустрэўся з бабуляй, якая аддала ўсе свае зберажэнні, каб яе ўнук меў усё патрэбнае на пачатак школьнага году. Яго маці, як і многія іншыя кубінцы, эмігравала ў пошуках лепшай будучыні.
У многіх месцах людзі задумваюцца: як можна выкарыстаць свабоду, якая мне дадзена, каб выказаць салідарнасць з тымі, хто пакутуе? Яны шукаюць шляхі, каб увасобіць сваё жаданне любіць і клапаціцца пра іншых, надаючы свайму жыццю сэнс праз дапамогу і служэнне.
Наш свет поўны прыгажосці, але таксама і такой вялікай несправядлівасці. Якое маё месца пасярод гэтага? Што ад мяне патрабуецца? Гэта тое пытанне, якое часта адчуваю ў сваім сэрцы, сутыкаючыся са складанасцю жыцця і з выбарамі, перад якімі апынаюся.
У Евангеллі паводле Яна першыя словы Eзуса: «Што вы шукаеце?» Я падзяліўся гэтым пытаннем з маладзёнамі - групай шасці валанцёраў у Тэзэ, якія паходзяць з шасці краін, раскіданых па чатырох кантынентах. Тое, што будзе далей, натхнёнае тым, чым яны са мной падзяліліся.
Ім, а таксама ўсім валанцёрам, якія ўносяць свой уклад у арганізацыю сустрэч у Тэзэ і праводзяць час побач з нашай супольнасцю, каб маліцца і паглыбляць разуменне закліку Хрыста ў сваім жыцці, я хачу сказаць: дзякуй.
frère Matthew
Шукаючы цішыню
Пасля тыдня ў Тэзэ, калі моладзь пытаюцца, што было для іх самым важным, многія згадваюць досвед цішыні. У свеце, які гіперзлучаны і безперапынна нясецца, гэта можа здавацца нечаканым.
Калі мы даём сабе час і адключаемся ад бесперапыннага патоку інфармацыі, бывае, што менавіта ў цішыні мы сапраўды сустракаемся з самімі сабой і міжволі ўлоўліваем водбліск большай рэальнасці.
У прыгажосці Божага стварэння подых ветру, буркатанне крыніцы і птушыны спеў могуць ахінуць нас і прывесці да той унутранай цішыні, дзе камунія з усім існым становіцца адчувальнай. Зорная ноч можа напоўніць нас захапленнем.*
Ісус увайшоў у свет у цішыні*: «Слова стала целам і пасялілася сярод нас»*. Той, хто быў пры Богу і хто быў Богам да пачатку ўсяго існавання, прыйшоў, каб быць з намі, праз пакорнае і беднае нараджэнне ў начной цішыні* — як святло, што ззяе ў цемры.
І таму гэтая цішыня не пустая. Яна становіцца месцам сустрэчы. У цішыні мы не адны. Але нам цяжка даецца цішыня, бо наш розум запоўнены такімі мноствамі думак. Як сказана ў Правілах Тэзэ: «Калі ты робішся неўважлівым, вяртайся да малітвы, як толькі заўважыш сваю рассеянасць, не наракаючы на сябе».*
Шмат стагоддзяў таму нехта маліўся: «Маё сэрца кажа мне ад Твайго імя: “Шукай Мае аблічча!” Тваё аблічча, Божа, я буду шукаць».* У цішыні нашага сэрца — ці будзем мы зноў і зноў звяртацца да пошуку Бога?
Часта малітва — гэта перадусім жаданне*, доўгая цішыня сэрца, якое прагне спакою ў прысутнасці Бога. Калі мы не ведаем, як маліцца, Дух Святы ўжо там — моліцца ў нас уздыхамі, глыбейшымі за любыя словы. Калі слухаем тую самую інтымную глыбіню сэрца, мы можам зразумець, што менавіта там жыве Дух Святы. І тады я стаю твару да твару з сабой і з Богам, які дыхае ўва мне.
Жывы Божа, навучы мяне шукаць Цябе ў цішыні майго сэрца, у прыгажосці стварэння, у слуханні Твайго Слова, у прыняцці Тваёй пакорнай прысутнасці.
Ці можам мы абавязаць сябе штодня выдзяляць час для цішыні і ўваходжання ў Божую прысутнасць? Магчыма, мы маглі б пачаць хаця б з пяці хвілін. Пачні з кароткага біблейскага ўрыўка, або падзякуй за тое, што атрымалася на працягу мінулага дня; або проста дазволь сабе проста быць.
Шукаючы напрамак
Цішыня робіць магчымым сапраўднае распазнанне. Калі мы шукаем, у якім напрамку ісці, цішыня дазваляе пачуць тое, што самае глыбокае ў нас. Нам таксама патрэбная ўнутраная свабода, каб зрабіць адказны выбар. Такая свабода прадугледжвае прыняцце сваіх межаў, але без страху: страх ніколі не бывае добрым дарадцам, і Бог ніколі не прымушае нашых сэрцаў.
Мы ўсе шукаем пачуццё прыналежнасці і адначасова пэўную бяспеку. І ў пошуку сапраўднага спосабу жыцця бывае, што менавіта дзякуючы іншым людзям мы знаходзім, кім мы з’яўляемся насамрэч. Праз іншых мы можам з дзівам адкрыць тое, чаго ніколі не адкрылі б самастойна.
У Евангеллі паводле Яна двое маладзёнаў знаходзяцца ў даліне Ярдана са сваім настаўнікам Янам Хрысціцелем, якому яны давяраюць. Не жадаючы пакідаць іх пры сабе, ён указвае ім на іншага — на Ісуса. І яны ідуць за Ім.
Калі Ісус убачыў іх, Ён спытаў: «Што вы шукаеце?» А калі яны адказалі: «Настаўнік, дзе Ты жывеш?» — Ён сказаў ім: «Прыйдзіце і ўбачыце».*
Гэтыя два пытанні абагульняюць увесь працэс пошуку і адкрыцця накірунку жыцця з Хрыстом. Пачынаючы з нашых уласных жаданняў, з нашай тугі да больш поўнага жыцця — «Што вы шукаеце?» — мы можам паставіць іх перад асобай Езуса — «Настаўнік, дзе Ты жывеш?»
Езус, які запрашае нас: «Прыйдзіце і ўбачыце», — лагодны і пакорны сэрцам; Ён любіць нас любоўю безумоўнай, надзейнай і нязломнай. Ці адважуся я адказаць на Яго запрашэнне, нягледзячы на свае ваганні і нават сумневы?
Езу Хрысце, пакажы мне дарогу і падрыхтуй мяне ісці ёю.*
Хто тыя людзі, якія накіроўваюць мяне да Хрыста? Спыніся на хвіліну каб падзякаваць за іх.
Шукаючы радасць
Адзін з валанцёраў у Тэзэ сказаў мне: «У маёй краіне маладыя людзі спрабуюць выжываць у свеце, які прапануе ўсё; але ўнутры іх - страх, трывога і дэпрэсія».
Усюды вакол нас гучаць абяцанні радасці. Але многія з іх не здольныя прывесці да трывалай радасці — яны даюць нам толькі кароткія хвіліны задавальнення.
Радасць прарываецца з самай глыбіні, калі мы ўсведамляем, што нас любяць такімі, якія мы ёсць. Калі мы разумеем, што радасць — гэта дар, а не нешта, што можна ўзяць сабе як належнае, мы адкрываем, што гатовыя яе прыняць. Тады мы ўжо не спрабуем прымусіць яе з’явіцца, і яна лёгка нясе нас наперад.
Езуса разам з ягонымі сябрамі запрасілі на вяселле*, і праз нейкі час віно скончылася. У гэты момант чагосьці не стае: Езус — сярод бедных. Сустрэўшы іх у іхняй беднасці, Ён дае ім тое, што перавышае іхнія чаканні. Тое, чаго Ён хоча для іх, — гэта радасць, і Ён робіць усё, каб яна стала магчымай.*
Я памятаю, як шмат гадоў таму быў у Калькуце, у галоўным доме Місіянерак Міласэрнасці. На сцяне там вісела выказванне Маці Тэрэзы, якое напомніла мне, што Бог прымае нас з нашай крохкасцю і не патрабуе ад нас быць дасканалымі. Нам не трэба заўсёды быць моцнымі.
Наша ўнутраная беднасць можа прымушаць нас баяцца, што мы “недастаткова добрыя”. Часта гэта вядзе да таго, што мы хаваем, хто мы насамрэч, у самой глыбіні. Але калі мы адважымся стаць перад Хрыстом з пустымі рукамі, Ён прыходзіць, каб напоўніць іх, паступова перамяняючы гэтую беднасць.
Нават у хвіліны смутку, калі радасць здаецца далёкай, мы можам памятаць словы Езуса пра тую радасць, якую ніхто не здольны ў нас забраць.*
Міласэрны Божа, мы хочам прымаць Тваю радасць незалежна ад таго, у якіх абставінах знаходзімся. Калі мы разумеем, што Ты любіш нас і адкрываеш нам дарогу да жыцця, якое ніколі не скончыцца, радасць узнікае з самай глыбіні нашага быцця
Паразважайма, што мы можам зрабіць, каб прынесці радасць іншым. Сустракаючыся з іншымі асабіста, а не толькі віртуальна. Часам у сціплым служэнні, якое ў вольнасці прысвячаю іншым, я атрымліваю значна больш, чым мог чакаць, асабліва бачачы радасць на тварах тых, каму служу.
Шукаючы сэнс
У кожным з нас жыве смага сэнсу. Дзе мы можам уталяць гэтую смагу? У самым цэнтры нашага насычанага клопатамі жыцця ў нас унутры шэпча ціхі голас, што мы любімыя.
Лідар, якога звалі Нікадзім, і які шукаў сапраўдны сэнс свайго жыцця, пачуў пра Езуса.* Ён прыйшоў да Яго ўначы, каб сустрэць Яго і знайсці спосаб выказаць тое, што насіў у глыбіні сэрца.
Нашы найглыбейшыя пытанні пра веру, жыццё і смерць, сэнс і мэту існавання часта застаюцца нявыказанымі. Але пакуль яны не будуць агучаныя, нешта ў нас застаецца незадаволеным — як гэта было ў выпадку з Нікадзімам.
У нашым пошуку ці здолеем мы ісці за нашымі пытаннямі аж да крыніцы жыцця? Мы, магчыма, не знойдзем усіх адказаў, але адважваючыся ісці за Хрыстом, мы прыходзім да таго, каб даверыць Богу свае пытанні з яснай, свядомай даверлівасцю.* І тады мы адкрываем пяшчоту і дабрыню Бога, якія ахінаюць нас.
Сэнс жыцця Езуса быў не ў тым, каб судзіць чалавецтва, але ў тым, каб дазволіць кожнаму чалавеку зразумець: ён любімы Богам. Езус прыходзіць, каб паказаць нам дарогу ўсё большай любові. Вось у чым Яго таямніца.
Нікадзім набліжаўся да святла паступова, крок за крокам. Праз год або два пасля начной сустрэчы з Езусам ён адкрыта заступіўся за Яго перад уладамі ў Ерусаліме*. Яшчэ праз некалькі месяцаў, калі Езуса павесілі на крыжы, ён праявіў вялікую адвагу*. Ён адважыўся лічыць сябе часткай супольнасці сяброў Езуса. Яго адвага ўвяла яго ў супольнасць.
Вядзі мяне, ласкавае Святло, сярод цёмры, што мяне акружае, вядзі мяне… Я не прашу ўбачыць тое, што далёка наперадзе; аднаго кроку мне дастаткова.*
Паспрабуй арганізаваць спатканне, дзе кожны зможа падзяліцца тым, як знаходзіць сэнс у сваім жыцці. Для некаторых гэта будзе праз веру; для іншых — праз пэўнае дзеянне; а нехта выкажа больш пытанняў, чым адказаў. Такое дзяленне і ўважлівае слуханне можа стаць спосабам узаемнай падтрымкі. Калі гэта будзе дарэчы, сустрэчу можна пачаць спевам з закліканнем Духа Святога і завяршыць спевам падзякі.
Шукаючы справядлівы свет
Несправядлівасць — ці то экалагічнае спусташэнне,* няроўнасць, гвалт, прыгнёт або вайна — уздымае ў нас цэлы спектр эмоцый: абурэнне, злосць, смутак, а часам і роспач. Але калі мы, і слушна, вырашаем змагацца з ёй, ці не існуе небяспека замкнуцца ў уласных меркаваннях так моцна, што ўжо не бачым далей за іх?* Ёсць нават рызыка стаць вязнямі ўласнага алгарытму і трапіць у палярызацыю, якая пагражае нашым грамадствам.
Выйдзем жа з ўласных “скрынак” і дазволім поглядам, якія адрозніваюцца ад нашых, звярнуцца да нас і закрануць нас — нават калі немагчыма прыйсці да згоды.
Часам нам даводзіцца прызнаць існаванне складаных, супярэчлівых рэальнасцяў побач адна з адной — там, дзе ніводнае рашэнне не выглядае магчымым.* Слухаць гісторыі розных бакоў можа быць цяжка і нават разбуральна для нас, але не слухаць іх было б несправядліва.
Пасля вечаровай малітвы ў храме ў Тэзэ адна дзяўчына сказала мне: «Я маю прызнаць тую агрэсію, што жыве ўва мне, але таксама навучыцца трымаць яе побач з маёй патрэбай у сузіранні». Гэта было для мяне вельмі вызваляльна. Замест таго каб выціскаць гэтае пачуццё або рабіць выгляд, што яго няма, яна паставіла яго побач са сваёй смагай Бога.
Ёсць небяспека, што разбуральныя сілы, якія жывуць у кожным з нас, могуць узяць над намі верх. Так проста дэманізаваць людзей — нават цэлыя народы. Тады мы рызыкуем быць уцягнутымі ў спіраль гвалту і працягваць яе. Суцішнасць, сузіранне — малітва — адкрываюць нас для іншага вымярэння: яны вядуць нас да прымірэння з тым, што мы носім унутры, і дапамагаюць знаходзіць шляхі да будавання мастоў.
Дух Святы сярод нас, каб правесці шляхам, на якім мы здольныя прымаць адважныя рашэнні. Брат Ражэ, які заснаваў нашу супольнасць у Тэзэ, гаварыў пра “стваральную рашучасць”* міратворцаў — такую сілу, што не дазваляе ім саступіць спакусе адысці ад шляху Евангелля.
Езус увасабляе той свет справядлівасці і правільных адносін, які Евангеллі называюць Валадарствам Божым. Але Ён таксама раззлаваўся і перакуліў сталы прадаўцоў і мянялаў у Храме, каб вызваліць месца для Бога.* Езус моцна і рашуча выступаў супраць рэлігійнага крывадушша, але быў адкрыты прыняць рэлігійнага лідара, такога як Нікадзім. Ён быў знаёмы з фарысеямі і прымаў іх гасціннасць, адначасова падзяляючы трапезу з тымі, хто быў выключаны з грамадства. Ён меў нязломную любоў да загінулых авечак народа Ізраіля,* але таксама захапляўся верай рымскага афіцэра і аздаравіў яго дзіця;* і Ён дазволіў сябе ўразіцца верай язычніцкай жанчыны, якую спаткаў у падарожжы за мяжой.*
Рызыкуючы ўступаць у адносіны з людзьмі, якія адрозніваліся ад Яго,* Езус узрошчваў давер і праяўляў прымірэнчую моц Бога.
Калі мы ведаем, што святло свеціць у цемры і што праз простыя жэсты чалавечай дабрыні любоў Бога можа перамагчы, тады мы становімся вольнымі, каб дзейнічаць.
Езу Хрысце, у Тваім зямным жыцці Ты не саромеўся выкрываць несправядлівасць, але заўсёды шукаў шлях да сустрэчы і прымірэння з тымі, каго сустракаў на сваёй дарозе. Распалі ў нас смагу пераадольваць падзелы, якія раздзяляюць людзей і народы, каб справядлівасць магла прарасці і заквітнець на зямлі.
Якія канкрэтныя дзеянні мы можам распачаць, каб узводзіць масты там, дзе існуюць падзелы? Цяжка дзейнічаць паасобку. Разважай разам з іншымі; збірайце ідэі; падыходзьце да тых, хто на ўскрайках грамадства, не паасобку, а разам. Што значыць слухаць людзей з іншымі поглядамі, разумець іх страхі і пры гэтым заставацца вернымі каштоўнасцям Евангелля?
Шукаючы супольнасць
Аднойчы адна з валанцёрак у Тэзэ сказала мне: «Я хачу жыць у гармоніі са сваімі каштоўнасцямі і з каштоўнасцямі Евангелля. Калі я нешта вырашаю, я пытаю сябе: ці прымальна гэта для іншых, для планеты і для мяне самой? Мы хочам будаваць лепшы свет».
Супольнасць адно з адным, з творчым светам, з Богам — пасля ізаляцыі пандэміі ці гатовыя мы адбудоўваць свет супольнасці,* свет клопату?* Усё ўзаемазвязана; мы належым адно аднаму ў нашым агульным доме — стварэнні, якое было дадзена нам у дар.
У падножжа Крыжа супольнасць Езуса распалася. Юда здрадзіў Яго. Пётр адрокся. Большасць сяброў уцяклі. Усё, што Езус ствараў — жыццё любові і еднасці, адкрытае для ўсіх — выглядала разбураным. Ён рызыкнуў быць гатовым аддаць жыццё нават за тых, хто адкіне Яго. Але ў самай глыбіні цемры супольнасць нараджаецца зноў — у падножжа Крыжа.*
Паводле Евангелля ад Яна, чатыры жанчыны і адзін мужчына застаюцца побач з Езусам да самага канца. Без слоў, проста прысутныя. Яны становяцца сведкамі той камуніі, якую Езус працягвае ствараць нават тады, калі ўсё здаецца страчаным.
Варожасць і выключэнне разбураюць чалавечую еднасць. На Крыжы Езус прымае на сябе гэтую варожасць і гэтае выключэнне, аднаўляючы еднасць нават у хвіліну найвялікшага цярпення.*
З Крыжа Езус даручае свайго ўлюбёнага вучня сваёй Маці як яшчэ аднаго сына, і ён — які ўвасабляе ўсіх будучых вучняў, якіх любіць Езус — прымае Яе да сябе. Нараджаецца новая сям’я: супольнасць тых, хто верыць у Езуса, Царква — якая ўзнікае не з чалавечага трыумфу і перамогі, а з любові, мацнейшай за нямы боль цярпення. Хто мог бы быць выключаны з такой камуніі?*
У Царкве мы пакліканыя быць побач з тымі, хто церпіць, з ахвярамі несправядлівасці.* Мы ўсе — людзі, пакліканыя прымаць адно аднаго ў сумленнасці і справядлівасці, паважаючы свабоду і годнасць кожнага.
Езус завяршае сваю справу ў момант смерці — напярэдадні Шабату, сёмага дня тыдня, так, як Бог завяршыў справу стварэння на сёмы дзень, убачыўшы, што ўсё «вельмі добрае».* Дар жыцця, які Езус аддае на Крыжы, становіцца пачаткам новага стварэння. Ён памірае гвалтоўнай смерцю, але з Ягонага цела38* прабіваюцца «патокі жывой вады»* — вады, якая ёсць не што іншае, як Дух Святы, што абнаўляе аблічча зямлі.
Цела Езуса паклалі ў новую грабніцу ў садзе — у тым садзе, якім паклікана стаць наша зямля.* І ў цішыні сёмага дня, што настае потым, параненае стварэнне, часткай якога мы з’яўляемся і якое даручанае нашаму клопату, пачынае сваю таямнічую трансфігурацыю.
Езу Хрысце, Ты аддаў сваё жыццё за кожнага чалавека і паказваеш нам, як далёка Ты гатовы ісці дзеля нас. Няхай мы застанёмся ў падножжа Твайго Крыжа разам з Тваёй Маці Марыяй і Тваім улюбёным вучнем, прымаючы ўсё, што Ты хочаш нам адкрыць.
З кім мы пакліканыя быць побач? Як мы дасвядчаем супольнасць? Студэнты могуць жыць у адным доме, маліцца і дзяліцца ежай, асабліва разам з тымі, хто прыязджае з-за мяжы; іншыя збірацца штотыдзень у чыімсьці доме. Прымаем з простай адкрытасцю тых, хто адчувае сябе на ўскрайку — і так неназойліва дапамагаем пераадольваць у іх пачуццё несправядлівасці.
Шукаючы супакой
Мы імкнёмся да супакою — унутранага супакою і супакою ў гэтым свеце, які Бог так любіць. «Пачніце справу супакою ў сабе, каб, супакоіўшыся самі, вы маглі несці супакой іншым»*, — казаў вернік IV стагоддзя.
Калі Езус сустракае Марыю Магдаліну ў садзе ў велікодную раніцу, Ён пытае яе: «Чаму ты плачаш? Каго шукаеш?»* Яе слёзы ператвараюцца ў радасць, калі яна разумее, што Той, каго яна так прагла, не быў пераможаны смерцю. І Езус пасылае яе падзяліцца з Ягонымі іншымі сябрамі тым, што яна ўбачыла і пачула.
Неўзабаве пасля гэтага, калі Езус сустракае іх, а яны ўсё яшчэ напоўненыя страхам, першыя Яго словы — «Супакой вам!»* Увайшоўшы ў іх страх, Ён адкрывае іх на супакой сваёй прысутнасці. Дзьмухнуўшы на іх Духам Святым, Ён даручае ім працяг Ягонай справы паяднання.
Супакой, які Езус абяцаў ім перад сваёй смерцю — «супакой, якога свет даць не можа»* — значна большая рэальнасць, чым проста адсутнасць канфлікту. Біблейскае слова shalom нясе ў сабе сэнс аднаўлення і паўнаты. Гэта Божы супакой, даручаны нам, каб мы маглі яго насычаць і памнажаць.
Калі мы дапамагаем іншым адкрыць свабоду і супакой, якія ім дараваныя, калі робім усё, што ў нашых сілах, каб разбурыць бар’еры варожасці або сцены, што трымаюць іх замкнёнымі, — мы дакранаемся да самога Божага жыцця. І калі з захапленнем і ўдзячнасцю глядзім на стварэнне і клапоцімся пра яго, ці не крочым мы тым самым шляхам?
Кожны з нас мае патрэбу дазволіць сабе занурыцца ў супакой, які ўваскрослы Хрыстос абяцае кожнаму. Так мы можам ісці разам і суправаджаць адно аднаго, сеючы надзею* крок за крокам. Ці будзем мы, нават праз самыя простыя жэсты, імкнуцца стаць знакамі прымірэння, пілігрымамі супакою — кожны па-свойму, там, дзе Бог нас паставіў?
Слухайма голасы тых, хто церпіць ад смертаносных канфліктаў або ад гвалту, які мы бачым у нашых грамадствах — напрыклад, падтрымліваючы сувязь з людзьмі, што жывуць у ваенных зонах. Падтрымлівайма тых, хто змагаецца за справядлівасць пад прыгнятальнымі рэжымамі або там, дзе ўлады заахвочваюць да вайны. Ці гатовы некаторыя з гэтых сведак падзяліцца сваім досведам? Падрыхтуйма малітоўную чуванню за супакой і прымем некалькі з гэтых сведчанняў. Слухайма, што Дух Святы кажа нам сёння.
Блаславі нас, Божа любові. Духам Святым заўсёды накіроўвай нашыя крокі, калі мы крочым разам з Уваскрослым Хрыстом. Няхай мы наўмысна шукаем стаць пілігрымамі надзеі, пілігрымамі супакою.
Publicado a 30 сне 2025 г.