TAIZÉ

Мітрапаліт Дзімітрый

"Пакліканыя быць міратворцамі і мастамі еднасці"

 
Падчас трэцяга “тыдня Дзялення і сведчання праваслаўнай верай”, які прайшоў у Тэзэ з 4 па 11 жніўня 2014 г., Яго Высокапраасвяшчэнства Мітрапаліт Францыі Дзімітрый, Экзарх для Еўропы Канстанцінопальскага Патрыярхату, скіраваў ніжэйшае пасланне да братоў Супольнасці і моладзі, якая прымала ўдзел у гэтае падзеі.

Шаноўны браце Мэцью,
Шаноўныя браты Абшчыны Тэзэ,
Дарагія браты і сёстры ў Хрысце,

Я з радасцю вяртаюся па слядах вялікіх дзеячаў экуменізму, якія знайшлі ў Супольнасці Тэзэ ўнікальную крыніцу натхнення, зрабіўшы з таямніцы паяднання самастойнае духоўнае практыкаванне. Калі мы аглядаемся на дзесяцігоддзі пасвячэння і ўзорнага сведчання вашага экуменічнага паклікання, мы можам толькі вітаць паспяванне духоўных харызматаў, пасеяных вашым заснавальнікам, дабраславёнай памяці братам Ражэ, якія надаль працягваюць прарастаць.

Сёння, у разгар гэтага алімпійскага лета, мы застаемся ўважлівымі да паслання Евангелля. Святыя Айцы, доктары нашай веры, як і анахарэты, якія выйшлі ў пустэльню, часта параўноўвалі духоўную барацьбу хрысціянскага жыцця з цыркавымі гульнямі. Наш аскетызм – гэта пастаяннае практыкаванне ў адрачэнні ад страсцей, якія аддаляюць нас ад Бога. Наша душа – гэта сцэна, дзе разыгрываецца гэтая трагічная бітва паміж дабром і злом, святлом і цемрай, жыццём і смерцю. Ужо ў першыя стагоддзі хрысціянства кніга Дыдахе, або Вучэнне дванаццаці апосталаў спасылалася на гэтыя два шляхі, даючы нам такі напамін: “Наадварот, будзь лагодны, бо лагодныя ўспадкуюць зямлю. Будзь цярплівы, міласэрны, бяззлосны, мірны, добры, і заўсёды дрыжы ад пачутых слоў. Ні сябе не ўзвысіш, ні дзёрзкасці душы не адкрыеш. Душа твая няхай будзе не з ганарлівымі, а з праведнымі і пакорлівымі. Прымеш тое, што адбываецца з табою, як добрыя рэчы, ведаючы, што нічога не адбываецца без Бога” (пар. 3).

Хрысціяне як змагары ў веры. Яны атрымалі памазанне, якое падрыхтоўвае іх да выхаду на арэну. Але іх медаль не ад гэтага свету. Такой жаданай узнагародай з’яўляецца не хто іншы, як сам Гасподзь, у якім раскрываецца рэальнасць Нябеснага Валадарства. Святыя – гэта іх героі. Яны перасеклі фінішную рысу ў гонцы, у якой няма ні першых, ні апошніх, бо менавіта ахвярнасць становіцца крытэрыем, па якім ацэньваюць дасягненні.

Тут, у гэтай прыгожай і гістарычнай супольнасці Тэзэ, ваша дысцыпліна – гэта няспынны пошук адзінства, якое пастаянна паглыбляецца. Дыялог – гэта інструмент, якім трэба хутка і дакладна валодаць у вашым экуменічным кантэксце. Гасподзь наш Ісус Хрыстос маліўся, каб мы былі адно, як Ён і Айцец адно. Гэтая малітва застаецца надзённым заклікам для кожнага з нас. Адзінства, якога мы шукаем, не абмяжоўваецца аднастайнасцю абрадаў і традыцый, але заключаецца ў любові, узаемаразуменні і духу прымірэння.

Мы жывем у свеце падзелаў і канфліктаў. Аднак, як паслядоўнікі Хрыста, мы пакліканыя быць міратворцамі і мастамі еднасці. Тут, у Тэзэ, мы натхняемся прыкладам паяднання і братэрскай супольнасці. Ваша імкненне да супольнае малітвы, сумеснага жыцця і сумеснага служэння з’яўляецца ўзорам для ўсяго свету. Узгадайма словы апостала Паўла да Эфесцаў: “(...) стараючыся захаваць еднасць духа ў саюзе спакою” (Эфесцаў 4, 3). Гэта заданне патрабуе нашае штодзённае адданасці ды нашае веры ў Божую любоў, якая перамяняе.

Няхай наш час тут, у Тэзэ, умацуе нашую прыхільнасць адзінству і камуніі. Кіруймася заўсёды Святым Духам, каб крочыць наперад шляхам хрысціянскага адзінства не толькі ў словах, але таксама й у справах ды малітвах.

Спакой Хрыстовы няхай будзе з усімі вамі. Дзякуй за ваш прыём!


Апошняе абнаўленне: 20 August 2024