Ён нарадзіўся ў Нямеччыне, у 1936 годзе, у горадзе Гамбург, у сям’і пастара. Другая сусветная вайна і пасляваенныя гады нястачы моцна адбіліся на ягоным дзяцінстве. З падлеткавага ўзросту ён шмат падарожнічаў, спачатку роверам па Нямеччыне, а потым аўтаспынам з Ангеліі праз Італію ды Югаславію ў Грэцыю, дзе наведаў гару Афон. Пасля вывучэння тэалогіі, у прыватнасці ў Гейдэльбергу, перад тым, як далучыцца да Тэзэ ў 1962 г., ён працаваў пастарам-стажорам у Гамбургу. На Вялікдзень 1966 года ён склаў вечныя манаскія зарокі ў Абшчыне.
У 1965 годзе брат Рудольф пачаў сваё служэнне праз наведванне краін “за жалезнай заслонай”: спачатку ў Вугоршчыне, затым у ГДР, Чэхаславаччыне і Румыніі, плятучы сетку сяброўства з хрысціянамі з розных Цэркваў. На працягу 1960-х і 1970-х гадоў менавіта ён быў ключавой фігурай у прыняцці моладзі ў Тэзэ і арганізацыі першых Еўрапейскіх сустрэч. У 1983 годзе ён з’ехаў у Афрыку, дзе цягам некалькіх месяцаў перабываў з братамі, якія жылі ў трушчобах даліны Матарэ ў Найробі. У 1985 годзе, падчас наведвання братоў у Японіі, ён далучыўся да фратэрніі Тэзэ ў паўднёвакарэйскім Сеуле.
У 1987 годзе ён з’ехаў у фратэрнію Алагоіньяс на паўночным усходзе Бразіліі, у штаце Баія. Больш за трыццаць гадоў ён дзяліў жыццё з найбольш абяздоленымі, перш чым вярнуцца ў Тэзэ ў 2020 г. па стане здароўя. Усю сваю энергію ў Бразіліі ён аддаваў дзецям рабочага квартала, дзе жывуць браты. Там ён арганізаваў brincadeira (што значыць “гульня і радасць”), у межах якой з дапамогай бразільскіх валанцёраў, а таксама валанцёраў з іншых краін дзяцей прымалі ў прасторы даверу, гульняў і адукацыі. Наведваў іх сем’і, якія часта распадаюцца, становячыся сведкам лютасці, часам смяротнай, якой падвяргаюцца многія з іх.
Вярнуўшыся ў Тэзэ, дзякуючы сучасным сродкам камунікацыі, ён падтрымліваў сувязь са сваімі сябрамі. Ён працягваў свае роздумы аб будучыні Царквы. За некалькі месяцаў да сваёй смерці ён выдаў нататнік з захапляльнай назвай The Faith of the Poor («Вера бедных»), заснаваны на ўласным досведзе жыцця сярод іх.