Ад 2008 г. Аперацыя Надзея падтрымлівае шпіталь для хворых, створаны парафіяю Дзіцятка Езус у камбаджыйскім Боэнг Тумпун. Ідучы насустрач патрэбам найбольш абяздоленых жыхароў вёсак з розных правінцый краіны, парафія вядзе гэты праект, які падтрымлівае годнасць хворых і дае ім неабходную дапамогу. Лакалізацыя паблізу сталіцы Пнампень таксама аблягчае доступ да лякарняў у выпадку вострай неабходнасці. Ахвяраванні даюць магчымасць зрабіць свой унёсак да коштаў шпіталізацыі, а таксама прафінансаваць сам асяродак, выплочваць заробкі персаналу, утрымліваць памяшканні, пакрываць кошты на пражыванне і медыкаменты.
Відарыс некаторых акцый “Аперацыі Надзея”
У гэтым раздзеле прадстаўлены розныя праекты, якія падтрымліваюцца фондам салідарнасці „Аперацыя Надзея“ на розных кантынентах.
Каб фінансава падтрымаць акцыю Аперацыя Надзея, вы можаце перайсці на гэтую старонку, каб запазнацца з дэталёвае інфармацыяю.
Камбоджа | Месца для хворых
Еўропа | Дапамога бежанцам
Ад самага пачатку Супольнасць Тэзэ пільна сочыць за справаю бежанцаў. Цягам другое сусветнае вайны Брат Ражэ хаваў багата каго ў сваім доме ў Тэзэ. Пазней былі запрашаныя сем’і з такіх краін, як В’етнам, Лаос, Боснія-Герцагавіна і Руанда. Апошнія гады Супольнасць прыняла сем’і з Іраку і Сірыі, а таксама групу маладых мігрантаў з Кале ва Францыі.
У 2016 г. маладыя ўцекачы з Судану, Паўднёвага Судану, Эрытрэі, Сірыі ды Афганістану затрымаліся ў Тэзэ. Іх прыём быў мажлівы дзякуючы супрацоўніцтву шматлікіх мясцовых валанцёраў ды фінансавае дапамогі па лініі Аперацыі Надзея. Супольнасць імкнецца дапамагчы гэтым маладзёнам стаць самастойнымі як толькі атрымаюць статус бежанцаў.
Аперацыя Надзея таксама падтрымлівае ініцыятывы мясцовых арганізацый, што знаходзяцца ў наваколлі Тэзэ, па аказанні дапамогі бежанцам.
Лаос | Швацкая майстэрня
У Буркіна-Фасо
Буркіна-Фасо ляжыць у афрыканскім рэгіёне Сахель, дзе сухі сехон цягнецца каля дзявяці месяцаў без перапынку. Насельніцтва выкарыстоўвае адкрытыя калодзежы, што часцяком перасыхаюць, таму жанчыны вымушаныя выкарыстоўваць нядобрую ваду, што збіраецца ў штучных сажалках цягам сезону дажджоў. Часам яны вымушаныя скіроўвацца больш за дзесяць кіламетраў, каб знайсці ваду, таму рэдкія студні, якія існуюць там, становяцца прычынаю канфліктаў з-за недахопу вады альбо неабходнасці доўгага чакання. Аперацыя Надзея падтрымлівае бурэнне свідравін ды ўстаноўку помпаў. Гэтыя студні - асноўная крыніца водазабеспячэння для насельніцтва і прафілактыкі хваробаў.
У 2010 г. Аперацыя Надзея таксама садзейнічала праекту дастаўкі малака для дзяцей у шпіталі Нанора, таксама ў Буркіна-Фасо.
Помач на Блізкім Усходзе
Аперацыя Надзея нядаўна падтрымала некалькі праектаў у гэтым рэгіёне:
У паўночным Ліване НДА Палёгка і прымірэнне для Сірыі, якая была заінспіраваная дзейнасцю айца Паола даль’Олья (Paolo dall’Oglio), які працаваў у Сірыі з мэтаю пазнання вартасці ісламу і які заснаваў там манаскую супольнасць Мар Муса. Гэтая невялікая НДА спалучае гуманітарную дапамогу сірыйскім бежанцам у паўночна-ліванскім рэгіёне Аккар з выхаваўчаю працаю сярод дзяцей і моладзі з разнастайных супольнасцяў гэтага рэгіёну. Менавіта праз Палёгку і прымірэнне для Сірыі мусульманскія сем’і сірыйцаў, што актуальна перабываюць у Тэзэ, змаглі дабрацца да Францыі.
У сірыйскім Алепа, францішканская супольнасць раздае прадуктовыя пакункі ды аказвае неадкладную дапамогу пераселеным асобам. Яна таксама працуе па стварэнні сеткі распаўсюду пітное вады і размяркоўвае паліва для генератараў і ацяплення. Гэтая абшчына таксама фінансава садзейнічае людзям слабога здароўя па сплаце рахункаў. Урэшце, браты запэўніваюць адукацыю для дзяцей і моладзі, спрабуючы знайсці месцы для іх навучання ды іншых мерапрыемстваў.
У іракскім Эрбілі помач аказваецца сіра-якавіцкай супольнасці, адна з іракскіх сем’яў якой пражывае ў Тэзэ. Калі хрысціянскія вёскі ў Ніневіі былі вызвалены іракскім войскам, хрысціяне ўбачылі, што іх храмы былі спустошаныя т.зв. Ісламскаю Дзяржаваю (ISIS). Сабраныя грошы былі выкарыстаныя на падтрымку пераселеных з Эрбіля, што не мелі магчымасці вярнуцца ў спаленыя вёскі, каб ачысціць ды аднавіць месцы богаслужэнняў.
Вакацыі для ўкраінскіх дзяцей

ДРК | Падтрымка афтальмалагічнае клінікі
Д-р Рычард Хардзі цягам дваццаці гадоў жыў і працаваў афтальмолагам у Дэмакратычнае Рэспубліцы Конга (былы Заір). Ён таксама з’яўляецца сябрам каталіцкае харызматычнае Супольнасці Дабраслаўлёных. Ягоная паслуга адбываецца ў Мбужы-Маі, адміністрацыйным цэнтры правінцыі Ўсходняе Касаі, але ён рэгулярна скіроўваецца з медыцынскаю дапамогаю таксама ў аддаленыя раёны.
На большае частцы краіны ён практычна адзіны афтальмолаг, хто аперуе дзяцей, а таксама займаецца складанымі выпадкамі. Штогод аперуюцца каля 2500 дзяцей.
Ад 2015 г. Аперацыя Надзея падтрымлівае будову афтальмалагічнае клінікі, што патрануецца д-рам Хайдзі, і ў якой ёсць такая вялікая патрэба для рэгіёну.
КНДР | Гуманітарная дапамога
У 2016 г. Супольнасць запрасіла двух дактароў са шпіталю Чырвонага Крыжа ў Паўночнае Карэі дзеля адбыцця курсаў павышэння кваліфікацыі ва Францыі. Гэтыя дактары правялі тры месяцы ў Парыжы, а кошты іх побыту былі цалкам пакрытыя Аперацыяй Надзея. Паміж 2007 і 2011 гг. яшчэ шэсць дактароў прайшлі ва Францыі гадавую інтэрнатуру.
Першыя гуманітарныя пастаўкі ў гэтую краіну былі зладжаныя ў 1998 і 1999 гг. Больш тоны маісавай мукі было выслана насельніцтву, што цярпела пасля некалькіх гадоў засухі ды паводкі.
З таго самага часу штогод стала магчымым чыніць розныя знакі салідарнасці. Малако і бутэлькі для кармлення немаўлят, медыцынскае абсталяванне і падставовыя медыкаменты былі збіраны ў часе Еўрапейскае Сустрэчы ў Берліне прыканцы 2011 г. Дзясяткі пакункаў медыкаментаў, сотні стэтаскопаў, тэрмометраў, бінтоў, марлі, шпрыцаў і розных прадметаў медыцынскага прызначэння, а таксама некалькі вялікіх скрыняў хірургічных прылад і два стэрылізатары былі высланыя патрабуючым. Аперацыя Надзея дадала два новыя канцэнтратары кіслароду. Тая падтрымка працягвалася й у наступныя гады пасыланнем медыцынскіх прыбораў і лекаў. Паўночна-карэйскі Чырвоны Крыж узяў на сябе адказнасць па дыстрыбуцыі ўсяго гэтага па мясцовых шпіталях і вясковых клініках.
Адзін з братоў Супольнасці, што паходзіць з Паўднёвае Карэі, некалькі разоў наведваў КНДР, часам суправаджаючы дастаўку харчавання.
Грэцыя | Ініцыятыва для франкамоўных мігрантаў на в. Лесбас
Калумбія | Дзіцячы дом
У мястэчку Калдас, на поўдзень ад Медэліна, мясцовая асацыяцыя Fundación Ramón-Carolina падтрымлівае маладых дзяўчат, якія па розных прычынах не могуць жыць са сваімі сем’ямі. Цягам тыдня яны перабываюць разам, а з бацькамі бачацца ў часе кароткага візіту кожныя выхадныя. На дадзены момант тут перабывае каля трыццаці дзяўчат, падзеленых на дзве асобныя групы. Пра іх клапоціцца досыць шматлікі калектыў: тры манашкі, якія жывуць з імі, да таго кухар, дзіцячы псіхолаг і педагог, а таксама валанцёры, якія прыязджаюць на розныя мерапрыемствы. Сярод асобаў, што працуюць у Fundación Ramón-Carolina альбо з’яўляюцца тут валанцёрамі, ёсць тры тутэйшыя асобы, якія былі скіраваныя дыяцэзіяй да Тэзэ на працягу апошніх дваццаці гадоў у якасці маладых валанцёраў.
Аперацыя “Надзея” падтрымала працу, неабходную для пераезду ў новае памяшканне, якое дазволіць прымаць у доме больш дзяцей.
Гаіці | Раздача прадуктовых набораў для найбольш неабароненых
На Гаіці сітуацыя з небяспекай у сталіцы Порт-о-Прэнс таксама мае наступствы для іншых рэгіёнаў краіны. Таму многія жыхары сталіцы пакінулі ўсё, што мелі, шукаючы прытулку ў іншых месцах краіны. У Бювет, невялікім мястэчку недалёка ад горада Жэрэмі, сем’і, якія і без таго апынуліся ў неабароненым становішчы, з пачатку 2024 года павінны былі прымаць шматлікіх бежанцаў. У выніку для абяздоленых груп насельніцтва стала ўсё цяжэй харчавацца.
Таму ў чэрвені 2024 года Аперацыя “Надзея” вырашыла падтрымаць праект па размеркаванні прадуктовых набораў асацыяцыі AJDEB (Association des Jeunes pour le Développement de Buvette), якая дзейнічае для супольнасці Бювет. Дзякуючы гэтае падтрымцы каля сотні асобаў з найбольш неабароненых слаёў насельніцтва, у тым ліку інвалідаў, дзяцей і састарэлых людзей, змаглі атрымаць партыю прадуктаў харчавання, якая задаволіць іх патрэбы на некалькі дзён. Відавочна, што гэта не вырашыць праблемы асобаў у гэтае сітуацыі, але можна спадзявацца, што гэта будзе ўспрынята як жэст салідарнасці і стане для іх заахвочваннем па пошуку рашэнняў.
Украіна | Падтрымка шэрагу праектаў для дзяцей і моладзі
Пачынаючы з лютага 2022 г. Абшчына Тэзэ імкнецца выказаць сваю салідарнасць з Украінай рознымі спосабамі, як духоўнымі, так і матэрыяльнымі. Цягам некалькіх тыдняў пасля шырокамаштабнага ўварвання мы прынялі больш за тысячу бежанцаў, часцей за ўсё на адну ноч, па дарозе на поўдзень кантынента. У тым самым часе Тэзэ стварыла платформу для сувязі бежанцаў з сем’ямі, якія былі прынятыя ў розных краінах Еўропы. Некаторыя бежанцы атрымалі сталы прытулак, напрыклад, сям’я з Цярнопальскай вобласці, пазней маці, якая прыехала з Херсона з двума дзецьмі, а з 2025 г. у Тэзэ жыве маці з сынам з Дняпра.
Супольнасць таксама ўдзельнічала ў акцыях салідарнасці разам з мясцовай уладаю раёну Клюні, затым з асацыяцыяй “Канвоі Салідарнасці” (фр. Les Convois Solidaires) у раёне Франш-Кантэ. Абшчына таксама злучыла ініцыятараў украінскіх праектаў з французскай НДА Ouest France Solidarité ды нямецкай арганізацыяй Misereor.
Праз свой фонд салідарнасці “Аперацыя Надзея” Тэзэ на працягу трох гадоў падтрымлівае розныя праекты ва Ўкраіне, большасць з якіх тычацца дзяцей, падлеткаў, моладзі і студэнтаў. Сярод іх, напрыклад, фонд у Кіеве, які аказвае дапамогу сем’ям, пацярпелым ад вайны ва Ўкраіне, арганізацыю, якая аказвае дапамогу дзецям, якія страцілі аднаго або абодвух бацькоў з-за вайны, платформу онлайн-курсаў для дзяцей-перасяленцаў, некалькі моладзевых рухаў, такіх як “БУР” (укр. “Будуємо Україну Разом”) або “Вільний Простір”, аддзяленне Caritas Украіна на Чарнігаўшчыне, а таксама духоўныя семінарыі ды прыходы розных канфесій.
Урэшце, браты неаднаразова ездзілі ва Ўкраіну з візітамі, каб прадэманстраваць духоўную блізкасць да ўкраінскае моладзі
праводзіць малітвы або моладзевыя сустрэчы ў розных месцах
на месцы наведаць кіраўнікоў Цэркваў і цывільныя ўлады
адкрываць і падтрымліваць ініцыятывы салідарнасці.
Каб атрымаць дадатковую інфармацыю аб розных ініцыятывах, вы можаце напісаць на гэтую скрынку.
[1]