Сёння супольнасць Тэзэ аб’ядноўвае больш за сто братоў, каталікоў і пратэстантаў, прадстаўнікоў больш, чым трыццаці нацыянальнасцяў. Існаванне супольнасці само па сабе ёсць “алегорыяй супольнасці”: канкрэтным знакам прымірэння паміж падзеленым хрысціянствам, падзеленымі народамі.
Браты супольнасці жывуць выключна з уласнай працы. Яны не прымаюць грашовых ахвяраванняў. Да таго ж яны не прымаюць маёмаснай спадчыны, ахвяруючы яе на патрэбы найбольш бедных.
Некаторыя браты жывуць у трушчобах, каб там быць сведками міру, падтрымліваць тых, хто пакутуе. У гэтых маленькіх брацтвах - у Азіі, Афрыцы, Лацінскай Амерыцы, браты раздзяляюць умовы жыцця тых, хто іх акаляе. Яны імкнуцца быць знакам прысутнай любові для самых бедных, дзяцей вуліц, зняволеных, канаючых, параненых парванымі стасункамі і пакінутых.
З году ў год усё больш і больш моладзі прыязджае ў Тэзэ з усіх кантынентаў на некалькі тыдняў сустрэч. Сёстры з міжнародный каталіцкай супольнасці Святога Андрэя, заснаванай больш за сем стагоддзяў таму, польскія сёстры уршулянкі і сёстры Святога Вінцэнта дэ Поль часткова бяруць на сябе абавязкі, звязаныя з прыёмам моладзі.
У Тэзэ таксама прыязджаюць хрысціянскія лідэры. Гэтак, браты Супольнасці віталі папу Яна Паўла II, Усяленскага Патрыярха Варфаламея, чатырох арцыбіскупаў Кентэрберыйскіх, мітрапалітаў і біскупаў з розных Праваслаўных Цэркваў, чатырнаццаць лютэранскіх біскупаў са Швецыі і шэраг пастараў з розных краін свету.
Пачынаючы з 1962 года, браты і моладзь па блаславенні Taizé працягваюць з уласнай волі прыязджаць у краіны Усходняй Еўропы, каб адведаць тых, хто быў закрыты межамі сваіх краін.
Брат Ражэ загінуў 16 жніўня 2005 года ва ўзросце 90 гадоў ад рук псіхічна хворай асобы падчас вечаровай малітвы. З таго часу брат Алоіс, каторага шмат гадоў раней абралі наступнікам брата Ражэ, стаў прыёрам супольнасці.