“Ян Павел ІІ прымаў мяне штогод на прыватнае аўдыенцыі і часам я задумваўся пра выпрабаванні, якія ён дасведчыў у сваім жыцці. У дзяцінстве ён згубіў маму, у маладосці - айца і ягонага адзінага брата. Таму я сказаў сабе: паспрабуй знайсці слова, што прынясе радасць ці нават суцяшэнне ягонаму сэрцу. Распавядаючы яму пра надзею, што мы знайшлі пасярод моладзі, тое пераканала яго ў даверы, якім абдорвала яго нашая абшчына”. (Брат Ражэ)
Візіт Яна Паўла ІІ ў Тэзэ
Папа Ян Павел ІІ вырашыў завітаць да Тэзэ падчас ягонага падарожжа да Францыі. Папярэдняга дня папа быў у Ліёне, пасля чаго таксама меў наведаць Парэ-ле-Ман’яль, Арс і Ансі.
Вакол Храма Паяднання былі пастаўленыя вялікія намёты. У вёску прыбылі 7 тысяч маладзёнаў. Цягам ночы некаторыя з іх засталіся на малітоўным чуванні, што цягнулася аж да наступнае раніцы. А 8:30 раніцы пасля спеваў з моладдзю браты выйшлі з царквы, каб прывітаць папу. Уся мясцовасць была агорнутая густым туманам. Верталёты не маглі пакінуць сваіх ангараў, таму папа прыехаў з Ліёну звычайным аўтамабілем.
Увайшоўшы ў Храм Паяднання, папа прысеў на фатэль з дрэва і саломы. У атачэнні дзяцей некалькі словаў павітання прамовіў Брат Ражэ. Пасля папа прамовіў да моладзі. Ён патлумачыў, чаму прыехаў да Тэзэ і чаго Касцёл чакае ад абшчыны:
Касцёлу патрэбны ваш энтузіязм
“(…) Так, як вы, пілігрымы і сябры абшчыны, папа толькі звычайны мінак. Але той, хто прыбывае да Тэзэ, нібы праходзіць паблізу крыніцы вады. Падарожнік спыняецца, наталяе сваю смагу і працягвае свой шлях. Браты Супольнасці, вы тое ведаеце, не жадаюць затрымаць вас. Яны, праз цішыню і малітву, жадаюць учыніць вас здольнымі піць ваду жыцця, якую абяцаў Хрыстус, каб пазнаць Ягоную радасць, заўважыць Ягоную прысутнасць, распазнаць Ягонае пакліканне, каб па вяртанні адсюль засведчыць Ягоную любоў і служыць вашым братам і сёстрам у вашых парафіях, вашых школах, вашых універсітэтах, ды па ўсіх месцах вашае працы.
Сёння ва ўсіх Цэрквах і хрысціянскіх супольнасцях, а нават сярод найвышэйшых палітычных лідэраў на свеце, Супольнасць Тэзэ ведаюць дзякуючы даверу заўсёды поўнага надзеі, што месціцца ў моладзі. І гэта па-над усім, бо я дзялюся гэтым даверам і гэтае надзеяю, з якімі я прыбываю тут гэтае раніцы.
Дарагая моладзь, нясучы свету радасную навіну Евангелля, Касцёл патрабуе вашага энтузіязму і вашай шчырасці. Ведаеце, можа так здарыцца, што старэйшыя сярод вас пасля цяжкага падарожжа і выпрабаванняў, якія яны дасведчылі, стануць ахвяраю страху ці стомленасці, таму дынамізм, што з’яўляецца адзнакаю кожнага хрысціянскага паклікання, будзе слабець. Таксама можа так стаць, што арганізацыі па прычыне рутыны альбо недахопу чальцоў не заўсёды эфектыўныя ў сваёй службе пасланню Евангелля. З гэтае нагоды, Касцёлу патрэбныя сведкі вашае надзеі і вашае стараннасці, каб выконваць ягоную функцыю лепей.
Не задавальняйцеся пасіўнаю крытыкаю альбо чаканнем на асобы ці арганізацыі, што стануць лепшымі. Ідзіце ў парафіі, студэнцкія арганізацыі, розныя рухі і абшчыны, і цярпліва вядзіце іх моцаю сваёй маладосці ды талентаў, якія вы атрымалі. Вядзіце вашым даверам і падтрымкаю служэння Царкве; яны вашыя слугі ў імя Хрыста, і менавіта таму яны вам патрэбныя. Царкве патрэбныя вашая прысутнасць і ваш удзел. Застаючыся ў Царкве, вядома, вы будзеце час ад часу збянтэжаныя падзеламі, унутранымі напружанасцямі ды непрыглядным станам яе чальцоў, але ад Хрыста, які з’яўляецца галавою, вы атрымаеце Ягонае Слова Праўды, Ягонае ўласнае жыццё, і подых любові, што ўчыняць вас здольнымі шчыра палюбіць Яго і асягнуць поспех у вашым жыцці, якім варта зарызыкаваць дзеля поўнага радасці дара для іншых. (…)”
Пасля сканчэння сваёй прамовы папа стаў на калені для кароткага моманту малітвы пасярод братоў. Усе заспявалі “Laudate omnes gentes, laudate Dominum” (“Хваліце Пана ўсе народы”). Пакуль моладзь спявала ў храме і намётах, папа скіраваўся сходамі ў пакой паблізу, дзеля таго, каб сустрэцца з братамі. Пасля павітання адно аднаго пантыфік скіраваў абшчыне пасланне.
Сёння вы нават маладзейшыя
Папа прыгадаў братам, што ён асабіста ведае абшчыну цягам доўгага часу: “Я наведваў вас, калі вы былі маладзейшыя. Але сёння вы яшчэ больш памаладзелі”. Ён заклікаў Брата Ражэ наведаць Польшчу, а ягоныя словы ўтрымлівалі ўзгадванне Найсвяцейшае Панны і паслугу паўсюднага пастара. Таму Ян Павел ІІ, “відавочна, адчуваў сябе абавязаным, не вонкава, але ў сваім сэрцы, прыехаць і пабачыцца з вамі”. Намякаючы на Еўрапейскія Сустрэчы Моладзі, што адбываліся ў Рыме, папа дадаў, “Рым заўсёды адкрыты на ваш візіт з моладдзю”.
Пасля чаго папа пакінуў абшчыне пасланне, што было змешчана Братам Ражэ ў Вытоках Тэзэ, кнізе, дзе падсумоўваюцца асноўныя палажэнні абшчыннага жыцця.
"Гэтая маленькая вясна!"
Дарагія Браты, у амаль сямейнае атмасферы гэтае кароткае сустрэчы я хацеў бы выказаць вам словы маёй прыхільнасці і даверу з тымі простымі словамі, каторымі папа Ян ХХІІІ, што так любіў вас, пэўнага дня прывітаў Брата Ражэ: “А, Тэзэ, гэтая маленькая вясна!”
Маім прагненнем будзе, каб Пан ахоўваў вас нібы вясна, што квітнее, ды каб захоўваў вас у радасці Евангелля і празрыстасці братэрскае любові.
Кожны з вас прыйшоў сюды, каб жыць міласэрнасцю Бога ды супольнасцю сваіх братоў. Цалкам будучы засяроджаным на Хрыстусе, вы павінны знайсці абодва тыя чыннікі.
Дадаткова, хаця вы й не шукаеце гэтага, вы бачыце, як маладзёны тысячамі адусюль прыязджаюць да вас, прыцягнутыя вашаю малітваю і вашым абшчынным жыццём. Якім жа чынам мы не павінны думаць, што гэтая моладзь - дар і адзнака таго, што Пан перадаў вам, каб заахвочваць вас заставацца разам, у радасці і свежасці вашага дару, як вясна для ўсіх, хто шукае сапраўднага жыцця?
Цягам вашых дзён праца, малітва, усё напоўнена Словам Бога, што ахоплівае вас, чыніць вас малымі, іншымі словамі, дзецьмі Нябеснага Айца, братамі і слугамі ўсіх у радасці Дабраслаўленняў.
Я не забыўся, што ў гэтым унікальным, арыгінальным і ў пэўным сэнсе першасным пакліканні, вашая абшчына можа абудзіць здзіўленне і сустрэцца з незразуменнем і падазронасцю. Але з-за вашага прагнення еднасці ўсіх хрысціянаў у поўнай камуніі, з-за вашае любові да Царквы, вы будзеце здольныя працягваць, я перакананы, будучы адкрытымі на Божую волю.
Прыслухоўваючыся да крытыкі і парадаў хрысціянаў з розных Цэркваў і хрысціянскіх дэнамінацый, а таксама захоўваючы тое, што добрае, застаючыся ў дыялогу з усімі, але не вагаючыся выказваць й сваіх чаканняў ды сваіх праектаў, вы не расчаруеце моладзь, граючы важную ролю ў забеспячэнні таго, што намаганні Хрыстуса адносна аднаўлення бачнае еднасці Ягонага Цела ў поўнае камуніі той самай веры ніколі не аслабеюць.
Вы ведаеце, наколькі я асабіста лічу экуменізм за моцны абавязак ускладзены на мяне, пастарскі прыярытэт маёй паслугі, у інтэнцыі якой я разлічваю на вашую малітву.
Жаданнем быць "прыпавесцю абшчыны", вы будзеце дапамагаць усім, каго сустрэнеце, быць вернымі іх канфесійным сувязям, вынікам іх адукацыі і, у выніку, іх выбару, але таксама ўсё больш глыбока ўваходзіць у таямніцу камуніі, што Царква - гэта Божы план.
Праз Ягоныя дары Ягонай Царкве Хрыстус вызваляе ў кожным хрысціяніне моц любові і дае ім універсальнае сэрца, каб быць творцамі справядлівасці і супакою, быць здольнымі з’яднаць іх сузіранне наконт барацьбы паводле Евангелля дзеля інтэгральнага вызвалення чалавечых істот, кожнае чалавечае істоты і ўсіх чалавечых істот.
Дарагія Браты, дзякую вам за запрашэнне мяне, даўшы такім чынам мне магчымасць вярнуцца ў Тэзэ. Няхай Пан дабраславіць вам і захоўвае ў Сваім супакоі і Сваёй любові!
Надыйшоў час развітвацца. Ян Павел ІІ выйшаў, чакаючы на свой аўтамабіль, але знянацку вырашыў вярнуцца ў храм, каб развітацца з моладдзю апошні раз. “Мушу вызнаць вам, што ад’язджаю”, сказаў ім. “Ад’язджаю са смуткам. Але папа мусіць быць паслухмяным! У яго багата начальнікаў!” Паўсюль раздаліся раскаты смеху, неўзабаве пераросшы ў воплескі, і спеў распачаўся зноў, калі папа знік.