TAIZÉ

Паведамленне брата Алоіса

Аддаючы даніну павагі Дэсманду Туту

 

Дарагія родныя і сябры,

у гэты дзень, калі арцыбіскуп Дэсманд Туту адыйшоў да вечнасці, мне б хацелася выказаць сваю сімпатыю, а таксама прыхільнасць усёй Супольнасці Тэзэ да вас, якія таварышылі яму падчас ягонага жыцця і змагання на працягу амаль шасцідзесяці пяці гадоў.

Дух Уваскрослага Хрыста зрабіў яго крыніцаю мудрасці і мужнасці для Паўднёвае Афрыкі ды рэшты свету ў самыя змрочныя гадзіны апартэіду, а таксама на працягу ўсяго шляху да справядлівасці і прымірэння ў вашае краіне.

Мы ўдзячныя за сяброўства, якое звязвала арцыбіскупа з нашае Супольнасцю больш за сорак гадоў. Ад часу візіту брата Ражэ ў Ёханэсбург у 1978 г. ды ягонага асабістага наведвання Тэзэ ў 1979 г. мы заставаліся з’яднаныя праз малітву, падзяляючы той самы запал адносна абуджэння новых пакаленняў маладых людзей да веры ў Хрыста. У 1980 годзе, калі ў вашае краіне была высокая напружанасць, ён арганізаваў падарожжа 144 маладых жыхароў Паўднёвае Афрыкі рознага паходжання, канфесій і сацыяльнае прыналежнасці ў пілігрымцы прымірэння да Тэзэ. З тых часоў ён аддана падтрымліваў сотні маладых жыхароў Паўднёвае Афрыкі, аддэлегаваных іх Цэрквамі, каб прадстаўляць сваю краіну на розных этапах Пілігрымкі Даверу, арганізаванай Тэзэ. Два гады таму яму вельмі хацелася далучыцца да ўдзельнікаў міжнароднае сустрэчы, якую мы падрыхтавалі ў Кейптаўне.

У сваім вітальным пасланні да ўдзельнікаў пілігрымкі Тэзэ ў Ёханэсбургу ў 1995 годзе ён напісаў: “Малітва стварае клімат, у якім мы можам сустракацца і ўзрастаць да ўзаемнае любові”.

Супольна з жанчынамі і мужчынамі добрае волі ва ўсім свеце, і асабліва з моладдзю з афрыканскага кантынента, мы дзякуем за яго жыццё і служэнне. Ён будзе працягваць натхняць тых, хто шукае справядлівасці і міру.

Брат Алоіс, прыёр Супольнасці Тэзэ

Падчас Сустрэчы Тэзэ ў Кейптаўне, 2019 г.

Апошняе абнаўленне: 27 December 2021