TAIZÉ

Браты ў Бангладэш

Візіт у Танарбайд

 
Браты з Тэзэ жывуць у Бангладэш з 1974 г. у розных частках краіны. Нядаўна яны пераехалі ў вёску Танарбайд, у Нацыянальным парку Мадхупур. Адзін з братоў, які нядаўна іх наведаў, распавядае пра свой досвед.

Разам з адным з братоў мы ўдзельнічалі ў пілігрымцы Царквы Бангладэш [1] на Дзень Святога Андрэя ў Паніхаце, мясцовасці на поўначы, на мяжы з Індыяй. Туды мы скіраваліся з групай з парафіі Танарбайд на аўтобусе. Амаль усе пілігрымы паходзілі з карэннага народа гаро, вельмі распаўсюджанага ў гэтае мясцовасці.

На месцы прысутнічаў біскуп Манхін, мадэратар Царквы, а ўсё пачалося на свіатнку з Крыжовага шляху на невялікім узгорку, які стаў святыняй, заснаванай біскупам Мандолам - першым біскупам новай Царквы пасля атрымання незалежнасці, які вельмі любіў Тэзэ.

Кожны ўдзельнік трымаў свечку, а на кожнай стацыі Крыжовага Шляху чыталася Біблія, людзі маліліся, спявалі, а таксама запрашалі сведкаў веры, якія ўдзельнічалі ў місіі ў гэтае частцы свету. Было вельмі прыгожа. Пры апошняй станцыі біскуп папрасіў нас, братоў, памаліцца.

У гэтае мясцовасці ўсе баяцца сланоў, якія ўначы прыходзяць з Індыі, каб з’есці рыс на палях, што ляжаць на іх транзітным шляху. У пошуках ежы яны могуць нават разбураць дамы ў вёсках. Група валанцёраў пільнавала пілігрымкі ўначы і, на шчасце, здолела не дапусціць сланоў блізка. Напярэдадні ўвечары пастар і яго жонка прагналі іх...

Рума і моладзевая душпастырская група Mikrakbo, створаная пры дапамозе братоў, прыехалі ў Паніхату ў пілігрымку. На мове ачык - мова, якою карыстаецца народ гаро - “Mikrakbo” азначае “Абудзіся!”. Гэтую групу часцяком запрашаюць весці набажэнства. У часе папскай цэлебрацыі ў 2019 г., калі Францішак наведваў Бангладэш, яны прадстаўлялі дыяцэзію Маймансінгх.

У аўторак адбылася Эўхарыстыя з мноствам радасных спеваў і адпаведнымі да Дня Св. Андрэя чытаннямі, літургію цэлебраваў біскуп. Пасля казання пастара мы мелі казаць пра Тэзэ ўва Францыі, як тут кажуць, і пра прыём моладзі. Калі мы сказалі «Джышу Нарашонг», што на мове ачык значыць «Хвала Езусу», твары засвяціліся. Гэтая пілігрымка адбываецца штогод, але летась паломнікаў было вельмі мала з-за пандэміі. Як жа гэта ўсцешна, зноў быць разам! У другой палове дня мы выехалі з парафіянамі, праехаўшы праз Барамары, месца пілігрымкі каталіцкіх марыянаў — вось як мы тут жывем!

У фратэрніі працягваюцца абнаўленчыя працы. Адзін з братоў зграбае лісце і садзіць паўсюль квітнеючыя кусты. Іншы займаецца распілоўваннем дроў для кухоннага вогнішча. Яшэч адзін, якому дапамагаюць я ды іншы брат, які наведвае Тэзэ, пракладвае на тэрыторыі комплексу цагляныя сцяжыны. А ў цэнтры комплексу месціцца адусюль бачная капліца, як напамін, што сэрцам тутэйшага жыцця з’яўляецца малітва.

JPEG - 100.6 kb

Моладзь з вёскі, якая жыве з братамі, выконвае на тэрыторыі розныя работы. Будаўнічыя працы заканчвае працоўны калектыў на чале з Бронсанам, даўно вядомым братáм. Літаральна наконадні яны скончылі санітарны блок, акурат да прыбыцця пяці будучых пастараў Царквы Бангладэш, якія прыязджаюць на некалькі дзён рэкалекцый.

Не бракуе тут й дзяцей. Яны родам з вёскі, але перабывае тут таксама пара карэйскіх місіянераў, якія былі ў Маймансінгх і зараз прымаюць дзяцей, якія жывуць у нястачы. Ім так спадабалася малітва – як дарэчы й дзецям – што яны вырашылі пераехаць за братамі ў Танарбайд. Яны пераехалі ў новы дом па суседстве. Гэта дадало жыццю абшчыны дадатковы элемент.

Доўгая размова з Холі пра яе турэмнае служэнне ў турмах раёна Вялікага Маймансінгх была заклікам да малітвы. Многія са зняволеных маюць малую падтрымку. Некаторыя не жадаюць прымаць наведвальнікаў, але іншыя вельмі шчаслівыя, што ёсць хтосьці, хто можа іх выслухаць і маліцца разам з імі. Яны разумеюць, што пра іх не забыліся.

Некаторыя члены Mikrakbo прыйшлі да братоў, каб дапамагчы з прыгатаваннем ежы і падрыхтоўкай да візіту супольнасці L’Arche (Каўчэг) з Маймансінгх. Іх прысутнасць стала напамінам пра 30 гадоў, якія браты правялі ў Маймансінгх: перш чым стаць часткаю L’Arche International, заснаваны братамі дом выконваў функцыі прытулку для дзяцей-інвалідаў. Група налічвала 60 чалавек розных здольнасцяў, якія прыйшлі на паўдзённую малітву і абед. У другой палове дня адбылося перацягванне каната і розныя гульні паміж прадстаўнікамі L’Arche і Танарбайд. Вядома, перамаглі асобы з L’Arche! Прызы ж раздавалі мясцовая медсястра і жонка ўладальніка буйвалаў, які жыве побач з братамі…

Перад тым, як вярнуцца ў Тэзэ, я наведаў Маймансінгх, каб убачыць людзей, якія ўдзельнічаюць у розных праектах, што цягам многіх гадоў дапамагалі рэалізоўваць браты:

- Ханіф працягвае аддана ўзначальваць “Вакзальны клуб” (Station Club), пляцоўку для дзяцей, якія жывуць на вакзале або ў фавэлах, што паўсталі вакол яго. Штодня іх запрашаюць на некалькі гадзін маляваць, танчыць, чытаць вершы, спяваць ці проста быць дзецьмі, што не так проста ў іх штодзённым існаванні. У часе каранціну Ханіф спусціўся на станцыю і не ўбачыў нікога, акрамя дзяцей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Казалі, што галодныя. У яго ў кішэні было 250 такаў (2,5 €), і ён пайшоў і купіў столькі печыва, колькі мог, каб раздаць ім. Цягам наступных дзён дзеці прыходзілі да Ханіфа з 5 такамі, 10 такамі, ... каб такім чынам вярнуць аплачанае ім. І ў выніку “Вакзальны клуб” быў у стане назапасіць рыс для тых, хто мае патрэбу цягам наступнага месяца. Якая ж салідарнасць!

- Шэфалі кіруе дывановым цэхам, дзе жанчыны з рознымі абмежаванымі магчымасцямі робяць дываны са старых сары і мясцовай воўны. Тут ты ў стане адчуць годнасць і гонар, якія яны маюць з нагоды сваёй дзейнасці. У гэтым фільме можна паглядзець на іх дзейнасць.

- Міта і Тахаміна, абедзве жанчыны-інваліды, у цэнтры AROWHI даглядаюць брыгаду швачак, якія вырабляюць розныя вырабы – адзенне, суконныя сумкі, вышыўку – на продаж.

- Грэйнер кіруе Грамадскім цэнтрам Protibondi – сапраўдным вуллём дзейнасці, дзе прапаноўваюць падтрымку маладым людзям з абмежаванымі магчымасцямі з Маймансінгх і наваколля.

- Капліца Святога Георгія, дзе раней жылі браты, цяпер з’яўляецца студэнцкім інтэрнатам Царквы Бангладэш, тым не меней пастар тройчы ў дзень праводзіць там малітву ў інтэнцыі студэнтаў ды іншых людзей, хто жадае прыняць удзел.

Было радасна бачыць, як гэтыя праекты працягваюцца, а мясцовыя жыхары ўзялі на сябе адказнасць за іх выкананне.

У сённяшняе сітуацыі міжнародныя пералёты вымагаюць наяўнасці PCR-тэстаў, таму тое азначала для мяне неабходнасць правесці некалькі дзён у Дацы, перш чым вярнуцца ў Францыю. Гэта дало магчымасць наведаць Цэнтр рэабілітацыі нарказалежных Apon у акрузе Манікгандж.

Цэнтр, якім заведуюць манахі з Кангрэгацыі Святога Крыжа, прымае дзяцей, моладзь ды дарослых, якія маюць праблемы з наркотыкамі, алкаголем, таксікаманіяй ды іншымі залежнасцямі. Яны прытрымліваюцца строгай праграмы на працягу шасці месяцаў, заснаванай паводле 12 крокаў Ананімных наркаманаў. Было чымсьці неспадзяваным чуць, як яны так адкрыта распавядалі пра свае гісторыі, у якіх было бачна атмасферу даверу, што ствараюць браты і супрацоўнікі Святога Крыжа.

Як жа багата знакаў надзеі...

Апошняе абнаўленне: 12 February 2022

Footnotes

[1Царква Бангладэш - частка англіканскай дэнамінацыі; паўстала ў 1971 г., калі Бангладэш абвешчана незалежнай дзяржавай, а назву Царквы змянілі з Царквы Усходняе Бенгаліі на Царкву Бангладэш.