TAIZÉ

Смерць папы-сеньёра Бэнэдыкта XVI

 
31 снежня 2022 г. да братоў і ўдзельнікаў Еўрапейскай сустрэчы ў Ростаку дайшла вестка, што папа-сеньёр Бэнэдыкт XVI адыйшоў да вечнасці. На пачатку малітвы брат Алоіс прамовіў некалькі слоў пашаны, запрашаючы ўсіх прысутных на хвіліну роздумаў. Ніжэй размешчаныя некаторыя ўспаміны, звязаныя з адносінамі пантыфіка з Тэзэ.
Смерць папы-сеньёра Бэнэдыкта XVI кранае нашыя сэрцы ў Тэзэ, таму што нашая Супольнасць трывала ў адносінах з ім больш за паўстагоддзя. Па сутнасці, Ёзэф Ратцынгер і брат Ражэ ведалі адзін аднаго ўжо з часоў Другога Ватыканскага сабору, дзе адзін з іх быў вучоным экспертам (peritus), а другі – назіральнікам.
 
Памятаю, як я жыў з братам Ражэ ў доме тэолага, які стаў арцыбіскупам Мюнхена, падчас моладзевае сустрэчы, якую мы падрыхтавалі ў гэтым горадзе. Ён гасцінна прыняў нас у сваім доме.
 
Пазней, калі брат Ражэ штогод ездзіў у Рым на сустрэчу з папам Янам Паўлам ІІ, ён часта наведваў кардынала Ратцынгера, у той час прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння, каб мець магчымасць глыбокага абмена думкамі з кардыналам.
 
Апошні ліст, напісаны братам Ражэ за тры дні да яго забойства, быў адрасаваны новаму пантыфіку Бэнэдыкту XVI, каб паведаміць яму, што яго – брата Ражэ – сталы ўзрост не дазваляе яму паехаць на СДМ у Кёльн, але што ён як мага хутчэй прыбудзе да Рыму, каб прывітаць яго. Гэты ліст Папа трымаў у руках падчас агульнай аўдыенцыі ў сераду, калі са смуткам паведаміў аб трагічнай смерці заснавальніка нашай Супольнасці. Ён вельмі паважаў брата Ражэ, а праз пяць гадоў пасля яго смерці напісаў: “Няхай яго сведчанне аб экуменізме святасці натхняе нас на нашым шляху да адзінства”.
 
Асабіста я вельмі ўдзячны за той прыём, які аказаў мне Бэнэдыкт XVI, калі я скіраваўся на сустрэчу з пантыфікам праз некалькі месяцаў пасля пачатку маёй новай паслугі ў якасці прыёра нашае Абшчыны. У тым жа 2005 годзе памёр і Ян Павел ІІ, і брат Ражэ. Як будуць развівацца адносіны нашае Супольнасці з новым пантыфікам? Ужо з моманту першай аўдыенцыі я зразумеў, што атрымалася заваяваць ягоны давер да нас, а я штогод змагу ездзіць да яго. Тады ён сказаў мне: “У Тэзэ вы маеце спевы ды цішыню, вы ідзяце з моладдзю да істотнага, да асабістых адносін з Богам”. І для яго, і для нас гэта было вельмі важна.
 
Кульмінацыяй адносін з ім стала супольная малітва, якую мы арганізавалі ў яго прысутнасці 29 снежня 2012 г. падчас нашае Еўрапейскай моладзевае Сустрэчы ў Рыме. Звяртаючыся да тысячаў маладзёнаў, якія сабраліся на плошчы св. Пятра, Бэнэдыкт XVI між іншым сказаў: “Запэўніваю вас у непарушным абавязацельстве Каталіцкага Касцёла працягваць пошукі шляхоў прымірэння, каб дасягнуць бачнага адзінства хрысціянаў”.
 
Праз некалькі тыдняў ён пакінуў трон апостала Пятра, а я ў наступным годзе вырашыў сустрэцца з ім ужо на пенсіі, каб падзякаваць яму за нязменную падтрымку, якую ён заўсёды аказваў нашай Абшчыне ў яе пакліканні.


Здымак: (C) Servizio Fotografico dell’Osservatore Romano | Vatican Media

Апошняе абнаўленне: 1 January 2023