TAIZÉ

Нарада ў Супольнасці: малітва брата Алоіса

 
З 30 студзеня па 4 лютага ў Тэзэ браты правялі сваю штогадовую Нараду ў Супольнасці. Ніжэй тэкст заключнай малітвы, якую брат Алоіс прамовіў вечарам у суботу, 4 лютага.

Адвечны Божа, хвала табе! Ты заклікаеш нас крочыць за Езусам Хрыстом. Ты прагнеш, каб праз нашае братэрскае жыццё мы былі ўзорам той еднасці, якую Хрыстус прынёс усяму чалавецтву.

Мы давяраем Табе усё, што мы абмяркоўвалі цягам апошніх некалькіх дзён – дабрыню, так неабходную для нашага супольнага жыцця, сумесную адказнасць і супрацоўніцтва паміж намі, жаданне пашыраць нашыя сяброўскія адносіны, каб спрыяць пошуку новага аблічча Царквы. Мы молімся, каб Ты абдарыў нас сэрцамі, адкрытымі на тое, каб гэтыя размовы прынеслі плён.

Мы дзякуем Табе за нашых братоў у фратэрніях, у жыцці якіх Евангелле прысутнічае ў самых розных сітуацыях. Пакажы нам, як нашыя брацтвы могуць развівацца ў зменлівым свеце і ў адпаведнасці са зменамі, якія перажывае нашая Супольнасць.

Навучы нас лепш прыслухоўвацца да шэпту Твайго Святога Духа, які гучыць унутры нас і ў нашым абшчынным жыцці. Умацуй нашую веру ў прысутнасць і моц Твайго Духа, які заўсёды ажыўляе нашае пакліканне. Твой Дух – крыніца, якая не перасыхае. Дапамажы нам чэрпаць з гэтае крыніцы адважныя рашэнні, якія дазволяць заўсёды абнаўляць спадчыну нашае Супольнасці ў нашым імкненні дасягнуць супольнае справы, якая падтрымліваецца ўсімі братамі.

Твой Святы Дух вядзе нас да выслухоўвання адно аднаго. Ты даў нам магчымасць перажыць гэта ў гэтыя дні нашае Нарады. Праз слуханне адно аднаго Ты даеш нам новыя ідэі і мужнасць прымяняць іх на практыцы.

Мы давяраем Табе ўсё, што будзе часткаю нашага абшчыннага жыцця ў гэтым годзе, з упэўненасцю, што Ты будзеш кіраваць намі ў будучыні, як й рабіў тое дагэтуль. Захоўвай нас у радасці і ў духу шчодрасці.

Мы даручаем табе ўсю Царкву, праект “Разам – Сход народа Божага”, паездкі братоў у інтэнцыі дасягнуць моладзі на розных кантынентах, сустрэчы ў Тэзэ, Любляне ды іншых месцах, а таксама душпастырскія ініцыятывы, якія нашы браты будуць прадпрымаць у фратэрніях.

І мы горача давяраем Табе ўсіх тых, хто нясе цяжкія раны, ахвяр вайны ва Украіне і ў іншых месцах, ахвяр сексуальнай агрэсіі і духоўнага гвалту, мігрантаў, тых, хто пакутуе ад змены клімату, хворых і ўсіх тых, пра каго забыліся ў нашых грамадствах.

Божа любові, у Хрысце Ты даеш нам жывую надзею. Учыні, каб мы былі вернымі сведкамі гэтага.


Відэа з гэтай вечаровай малітвы:

Апошняе абнаўленне: 12 February 2023