“Дарагія браты і сёстры ў Хрысце,
так, менавіта сёстры і браты ў Хрысце, нават калі ў Царкве не ўсе мы атрымалі аднолькавыя абавязкі.
Дзякуй, што дазволілі мне правесці гэты дзень з вамі. У Тэзэ мы ад пачатку крочым сінадальным шляхам. Мы адчуваем глыбокую сувязь з Царквою ў Нямеччыне. Штогод тысячы людзей, у асноўным маладзёнаў, прыязджаюць з Нямеччыны, каб далучыцца да нас. Рэгулярна нас запрашаюць на Katholikentag [1] і Kirchentag [2]. Некалькі Еўрапейскіх моладзевых Сустрэч, якія мы арганізуем ужо 45 гадоў, адбыліся ў Нямеччыне – апошняя прайшла два з паловай месяцы таму ў Ростаку. Гэта дазволіла нам убачыць знутры канкрэтнае становішча Цэркваў на секулярызаваным паўночным усходзе Нямеччыны.
У Тэзэ мы хочам сур’ёзна паставіцца да слоў прарока, якія мы прачыталі: “О, чалавек, сказана табе, што ёсць дабром, і чаго патрабуе ад цябе Пан: паступаць справядліва, любіць міласэрнасць і пакорна хадзіць перад тваім Богам”. Бог чакае ад нас справядлівасці. І трэба прызнацца, што мы не заўсёды так рабілі. Нашая Супольнасць таксама ўзрушаная выпадкамі злоўжыванняў, якія прымушаюць нас адважыцца пачаць усё спачатку. Гэта азначае размеркаванне большае колькасці абавязкаў паміж намі. “Паступайце справядліва” ды “любіце міласэрнасць” – мы таксама жадаем з добразычлівай лагоднасцю ва ўзаемаадносінах падысці да неабходных змен у арганізацыі нашага супольнага жыцця.
Шмат моладзі, якая прыязджае да Тэзэ, падбадзёрвае нас. Гэта вялікі дар, калі вы можаце суправаджаць іх у іх пошуках. У наш час многія пэўныя факты руйнуюцца, а ўсе мы зноў сутыкаемся з фундаментальнымі пытаннямі: для чаго варта жыць? Што падтрымлівае нас? Што не дазваляе нам падаць духам?
У Тэзэ прыязджаюць не толькі адданыя хрысціяне, але таксама багата людзей, якія сталі абыякавымі да Царквы. Яны таксама шукаюць сэнсу ў сваім жыцці і асабістага заангажавання. Часцяком мы здзіўляемся таму, наколькі важная для іх супольнасць і наколькі натуральна яны ўдзельнічаюць у супольнае малітве. Некаторыя знаходзяць там давер, а часам нават жывыя адносіны з Богам. Мы адчуваем, што Святы Дух здзяйсняе як унутранае аздараўленне, так і новую адкрытасць адно да аднаго палчас супольнае малітвы.
Гэты досвед заахвоціў мяне зрабіць прапанову два гады таму, падчас сустрэчы перад адкрыццём Сіноду па сінадальнасці ў Рыме: час ад часу супольна затрымлівацца. У адваротным выпадку, як мы можам, як кажа прарок Міхей, хадзіць «пакорна перад Богам»? У сінадальным працэсе непазбежна выказваюцца супрацьлеглыя пазіцыі. Але калі мы супольна спяваем, молімся і перабываем у цішыні, мы таксама перажываем сапраўдную еднасць у Хрысце, больш глыбокую, чым любы кансэнсус ці рознагалоссе.
Мая прапанова распачаць кастрычніцкі Сінод менавіта такім момантам паўзы і супольнага звароту да Хрыста здабыла прыхільнасць не толькі ў Рыме, але таксама ў праваслаўных Цэрквах і пратэстанцкіх супольнасцях, абшчынах і рухах. Такім чынам, праект набывае ўсё большыя абрысы. Ягоным дэвізам стала фраза “Разам | Сход народа Божага”. Такім чынам, кастрычніцкі Сінод распачнецца экуменічнай малітвай увечары 30 верасня на плошчы Святога Пятра, на якую запрашаюцца ўсе ахвотныя. Удзел у ёй возьме пантыфік і прадстаўнікі розных Цэркваў. Будзе вельмі сціпла: са спевамі з Тэзэ, чытаннем Святога Пісання, цішынёй і малітвай вернікаў, падобна як падчас «ночы святла», арганізаванай у шэрагу абшчын Нямеччыны, а таксама падчас Адвэнту. Моладзь ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў запрашаецца не толькі да ўдзелу ў вечаровае малітве, але й да ўдзелу ў мерапрыемствах цягам выходных у парафіях і рэлігійных супольнасцях Рыма.
Папа Францішак абвясціў гэтую экуменічную вячэрнюю малітву 15 студзеня, кажучы з гэтае нагоды: “Шлях да адзінства хрысціянаў і сінадальны шлях Касцёла ўзаемазвязаныя”. Праз некалькі дзён пасля гэтага на прэс-канферэнцыі пастар Крысціян Крыгер, прэзідэнт Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў і Пратэстанцкай федэрацыі Францыі, падкрэсліў, наколькі новым для экуменізму з’яўляецца тое, што Касцёл перад прыняццем важных рашэнняў просіць іншых аб падтрымцы і заступніцтве.
Я вельмі сардэчна запрашаю вас, як удзельнікаў Сінадальнага шляху, на гэты «Сход народа Божага». Ваш удзел быў бы моцным сведчаннем нашае узаемазалежнасці. Я ўсведамляю, наколькі насычанамі з’яўляюцца вашыя планы, а перад абліччам усіх надзённых праблем у Касцёле і ў свеце пілігрымка ў Рым з супольнае вечаровае малітваю могуць падацца смешнымі. Але, магчыма, нам патрэбна менавіта тое, што не мае непасрэднае мэты, дзеля таго, каб адкрыцца на нешта істотнае. Хто ведае? Святы Дух можа здзівіць нас.
Няхай Бог дабраслаўляе тую велізарную працу, якую вы здзейснілі на Сінадальным шляху. Зараз я хацеў бы запрасіць вас затрымацца перад абліччам Божае прысутнасці і ўшанаваць тыя некалькі хвілін супольным маўчаннем.
Я быў бы ўсцешаны ўсім сэрцам, калі б вы прынялі маё запрашэнне і калі б мы зноў сустрэліся ў Рыме”.
“Сярод тых, хто стаў ахвярай злоўжыванняў і кантролю ў Царкве, ёсць і такія асобы, каторыя пацярпелі ад гвалту з боку братоў у нашае Супольнасці. На Сінадальным шляху ў Франкфурце прысутнасць «Рады ахвяр» (Betroffenen Beirat) яшчэ раз паказала мне, наколькі істотна размяшчэнне голасу зацікаўленых людзей у цэнтры ўвагі. Без іх сведчанняў, таксама ў Тэзэ, мы б ніколі не даведаліся аб сур’ёзнасці пакут людзей, якіх гэта датычыць. Мы ўдзячныя ім за тое, што яны знайшлі ў сабе смеласць расказаць пра гэта. Я хацеў яшчэ раз паўтарыць тое, таму што ў маім выступе гэта было выказана недастаткова выразна”.
Пра любую агрэсію, даўняю ці нядаўняю, здзейсненую супраць непаўнагадовага або дарослага, ці то з боку брата, які злоўжываў сваім маральным статусам, ці то з боку якой-небудзь іншай асобы, можна паведаміць на адрас электроннай пошты protection taize.fr, або ў асацыяцыю пацярпелых, або на нацыянальны нумар тэлефона, кантактныя дадзеныя якога пададзены на гэтае старонцы.
Здымак: Synodaler Weg / Maximilian von Lachner