TAIZÉ

Гаіці | Раздача прадуктовых набораў для найбольш неабароненых

 

На Гаіці сітуацыя з небяспекай у сталіцы Порт-о-Прэнс таксама мае наступствы для іншых рэгіёнаў краіны. Таму многія жыхары сталіцы пакінулі ўсё, што мелі, шукаючы прытулку ў іншых месцах краіны. У Бювет, невялікім мястэчку недалёка ад горада Жэрэмі, сем’і, якія і без таго апынуліся ў неабароненым становішчы, з пачатку 2024 года павінны былі прымаць шматлікіх бежанцаў. У выніку для абяздоленых груп насельніцтва стала ўсё цяжэй харчавацца.

Таму ў чэрвені 2024 года Аперацыя “Надзея” вырашыла падтрымаць праект па размеркаванні прадуктовых набораў асацыяцыі AJDEB (Association des Jeunes pour le Développement de Buvette), якая дзейнічае для супольнасці Бювет. Дзякуючы гэтае падтрымцы каля сотні асобаў з найбольш неабароненых слаёў насельніцтва, у тым ліку інвалідаў, дзяцей і састарэлых людзей, змаглі атрымаць партыю прадуктаў харчавання, якая задаволіць іх патрэбы на некалькі дзён. Відавочна, што гэта не вырашыць праблемы асобаў у гэтае сітуацыі, але можна спадзявацца, што гэта будзе ўспрынята як жэст салідарнасці і стане для іх заахвочваннем па пошуку рашэнняў.

Апошняе абнаўленне: 10 March 2025