З 19 па 26 студзеня б.г. Абшчына правяла штогадовую Нараду ў Супольнасці. Нядзельным вечарам Нарада завяршылася супольнаю малітваю, пад час каторай браты жэстам прастрацыі ўзгадваюць дзень сваіх манаскіх зарокаў. Папярэдне брат Мэцью прамовіў наступную малітву:
Божа надзеі, Ты дабраславёны!
Мы дзякуем Табе за гэтыя дні рэкалекцый і Нарады, якія Ты дазволіў нам правесці ў супольнасці.
Мы дзякуем Табе за твой заклік да кожнага з нас штодзённа крочыць за Тваім Сынам Езусам у нашае Абшчыне, незалежна ад таго, знаходзімся мы ў Тэзэ ці на місіі ў брацтвах. Дазволь нам пачуць шэпт далікатнага ветрыку Ягонага голасу, лагоднага і пакорнага сэрцам, і дай нам яшчэ глыбей спасцігнуць тое, чаго Ты сёння ад нас чакаеш.
Дзякуем Табе за сведчанне жыцця нашых братоў Шарля-Эжэна і Рудольфа, якіх Ты прыняў у Твой вечны спакой. Мы дзякуем Табе за братоў, якія склалі свае манаскія зарокі ў Супольнасці, і за новых братоў, якія сёлета далучыліся да нас.
Няхай Твой Святы Дух ажывіць у нас прагненне еднасці ўсіх тых, хто жыве Евангеллем, хто любіць Хрыста; распалі ў нас полымя братэрскае любові; ажыві ў нас жаданне паглыбіць нашае жыццё ў Табе, жаданне кантэмпляцыйнага сузірання.
Заставаймася ўсе малымі, каб з пустымі рукамі прыняць дар, які Ты нам прапануеш, дар кожнага чалавека, дар Твайго стварэння, дар Тваёй прысутнасці, каб у сваю чаргу мы сталі дарам.
Трымайма нашыя дзверы адчыненымі для тых, каго Ты нам даверыў, і няхай наш дом усё больш і больш адлюстроўвае прысутнасць Хрыста.
Учыні, каб мы супольна ў кожны момант прыносілі Хрысту тое, што паралізавана ў нас, у нашае Абшчыне, у Царкве і ў свеце, які Ты так упадабаў. Дапамажы нам усвядоміць тое, што часам й мы патрабуем, каб іншыя атулялі нас сваім клопатам.
Дапамажы нам зразумець, як жыць і казаць аб Тваім прабачэнні паміж намі, і як разумець яго там, дзе ёсць раны і несправядлівасць.
Божа надзеі, дзень за днём Ты запрашаеш нас піць з крыніцы Тваёй любові, невычэрпнае крыніцы дабрыні і спагады, якая ніколі не расчароўвае.
Вядзі нашыя крокі па дарозе супакою і зрабі нас пілігрымамі надзеі, пілігрымамі гэтага супакою.
Запіс трансляцыі малітвы 26 студзеня