TAIZÉ

Прапанаваны парадак набажэнства

Экуменічная малітва ў інтэнцыі канклаву

 
Прапанаваны ніжэй парадак экуменічнае малітвы прапануецца з нагоды выбараў новага біскупа Рыма. Малітва складаецца са спеваў з Тэзэ, якія можна знайсці на адпаведнае тэматычнае старонцы. Калі ласка, не вагайцеся дастасаваць спевы ў адпаведнасці з мясцовым кантэкстам, таксама як й словы прывітання, уступную малітву, заключнае дабраслаўленне, а таксама інтэр’ер малітоўнае прасторы. Па магчымасці, мы просім запрасіць прадстаўнікоў розных канфесій да супольнага адчытання малітвы, каб разам памаліцца заключным дабраслаўленнем ды падзяліць чытанні і малітвы паміж рознымі ўдзельнікамі.

Эпіклеза – спеў-заклік да Святога Духа

Tui amoris ignem


Словы прывітання, пасля якіх – уступная малітва (напісаная братам Мэцью з Тэзэ)

Верны Божа, Пастыр Твайго народа, Ты аб’ядноўваеш нас ва ўсёй нашай разнастайнасці. Ты даеш нам дар любові да Твайго Сына Езуса і таямніцы камуніі, якой з’яўляецца Яго Цела – Царква. Мы дзякуем Табе за жыццё і служэнне папы Францішка, за шляхі, якія ён адкрыў, каб абвяшчаць добрую навіну Тваёй любові ў сучасным свеце.
 
Наконадні канклаву просім Цябе спаслаць Твайго Святога Духа на тых, на кім спачывае абавязак абраць яго пераемніка на пасадзе Біскупа Рыма. Няхай Твой Дух дасць ім слухаючае сэрца, а таксама мудрасць і пакору, неабходныя ім, каб распазнаць Тваю волю.
 
Заўсёды аднаўляй нашую надзею і дабраслаўляй таго, каго паклічаш, каб ён быў слугою еднасці сярод Твайго народа і сведкам надзеі ды міру ў чалавечае сям’і, уважлівым да ўбогіх і патрабуючых, бо да іх належыць Тваё Валадарства.

Псальм 34(33), 2-9. 13-16

Вершы, якія трэба спяваць або чытаць упераменні са спевам Alleluia 24

  • Благаслаўляць буду Пана ва ўсе часы, хвала Яго заўсёды на маіх вуснах. Панам будзе ганарыцца душа мая, няхай чуюць гэта пакорныя і няхай весяляцца.
  • Узвялічвай Пана са мной, будзем узвышаць імя Яго разам. Я шукаў Пана, і Ён пачуў мяне, і ад усіх пагрозаў вызваліў мяне.
  • Гляньце на Яго і прасвятліцеся, і твары вашыя не спазнаюць сораму. Вось няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў, і ўратаваў яго ад усіх ягоных бедаў.
  • Анёл Пана аберагае тых, хто Яго баіцца, і вызваляе іх. Пакаштуйце і ўбачце, які добры ёсць Пан! Шчаслівы чалавек, які на Яго спадзяецца.
  • Хто той чалавек, які ўпадабаў жыццё і любіць доўгія дні, каб бачыць дабро? Сцеражы язык свой ад злога, і вусны свае ад словаў падступных. Адвярніся ад зла і рабі дабро, шукай спакою і трымайся яго. Вочы Пана звернуты на справядлівых, і вушы Яго – на іх крык.

Чытанне святога Евангелля паводле Яна (Яна 16, 12-15)

У той час:
 
Езус сказаў сваім вучням: Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вам гэтага не знесці. Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, навучыць вас усёй праўдзе. Бо не ад сябе будзе прамаўляць, а будзе казаць вам усё, што пачуў, і будучыню абвесціць вам. Ён уславіць Мяне, бо ад Майго возьме і абвесціць вам. Усё, што мае Айцец, гэта маё. Таму Я сказаў вам, што з Майго возьме і абвесціць вам.

Спеў-рэфлексія над Божым Словам

Jésus le Christ


Цішыня

Там, дзе ўдзельнікі могуць быць неабазнаныя, можна паведаміць, што малітва працягнецца хвілінай цішыні. Гэта можа доўжыцца ад 8 да 10 хвілін.


Малітва вернікаў

Праспявайце або прачытайце кожную з іх, чаргуючы яе са спевам Gospodi A

  • 1. За Царкву Хрыстову, за ўсе Цэрквы ва ўсім свеце, за супольнасці і людзей, якія прысвячаюць сябе абвяшчэнню Евангелля. Цябе просім...
  • 2. За лідараў народаў, каб іх намаганні аб’ядналіся ў пошуку трывалага і справядлівага міру. Цябе просім...
  • 3. За адзінства хрысціянаў: няхай тэалагічны дыялог, сустрэча і духоўнае жыццё адкрываюць шляхі да еднасці. Цябе просім...
  • 4. За ўсё большы ўдзел усіх вернікаў, жанчын і мужчын, старых і маладых, у сінадальных працэсах распазнавання і прыняцця рашэнняў. Цябе просім...
  • 5. У знак падзякі за жыццё і служэнне папы Францішка молімся за тых, хто быў у цэнтры яго служэння: людзей, якія жывуць на экзістэнцыяльных перыферыях свету – мігрантаў, бедных і многіх іншых. Цябе просім...
  • 6. За Англіканскую Царкву і ўсю Англіканскую супольнасць, за працэс прызначэння асобы, пакліканай служыць арцыбіскупам Кентэрберыйскім. За ўсіх тых, хто сёння выконвае місію евангелізацыі ў гэтай Супольнасці. Цябе просім...
  • 7. За ўсіх кардыналаў і ўсіх тых, хто ўдзельнічае ў падрыхтоўцы да канклаву: спашлі на кожнага з іх Твайго Святога Духа, каб кіраваў імі ў абранні новага Біскупа Рыма. Цябе просім...
  • 8. Няхай Дух Святы вядзе нас да паўнаты праўды. Цябе просім...

Прамаўляйма разам словы, якім Езус навучыў сваіх вучняў: Ойча наш


Малітва на заканчэнне (з Тэзэ)

Блаславі нас, Уваскрослы Хрыстэ, удыхні Твайго Святога Духа кожнаму з нас, каб мы маглі абвяшчаць добрую навіну Тваёй любові ўсяму стварэнню.

Напрыканцы малітвы кіраўнік абшчыны (пастыр або святар) можа падзяліцца разважаннем, пасля чаго прадстаўнікі розных канфесій могуць разам удзяліць завяршальнае дабраслаўленне, адаптаванае ў залежнасці ад месца. Затым можна праспяваць медытатыўны спеў або іншыя спевы праслаўлення ў месцах, дзе магчыма больш працяглая малітва.


Спеў-праслаўленне

The Kingdom of God


Апошняе абнаўленне: 5 May 2025