TAIZÉ

Украіна | Прапанова малітоўнага чування ў інтэнцыі міру

 

Ад часу распачацця вайны ва Украіне многія хрысціяне ва ўсім свеце моляцца ў інтэнцыі міру. Ніжэй мы прапануем вам расклад такога набажэнства са спевамі ды канонамі Тэзэ.

Існуе таксама магчымасць, каб высылаць свае малітоўныя інтэнцыі братам праз форму на нашае старонцы.

Прапанаваны расклад часу малітвы

Спеў

Laudate omnes gentes альбо Славіте всі народи

Малітва брата Алоіса

Езу Хрысце, стоячы ў цішыні перад Табою, мы дазваляем узняцца гэтай гарачай малітве: каб спыніўся збройны агонь на зямлі Украіны! Прымі ў сваёй любові тых, хто памірае ад гвалту і вайны, суцеш сем’і ў жалобе, пакажы сваю прысутнасць тым, хто знаходзіцца ў пакутах або каму давялося стаць бежанцам. Падтрымлівай тых, хто хоча міру і хто ва Украіне, РФ, Беларусі ды ў іншых краінах выступае з ініцыятывамі па спыненні вайны. Перад абліччам незразумелых пакутаў, мы ўсё ж верым, што Твае словы любові й міру ніколі не прамінуць. Ты аддаў сваё жыццё на крыжы і адкрыў для нас будучыню, якая існуе нават па-за межамі смерці. На нашым шляху да Вялікадня святло Твайго ўваскрасення будзе весці нас нават пасярод цемры, нагадваючы нам, што зло ніколі не будзе мець апошняга слова. Мы просім Цябе: дай супакой на нашыя часы. Ты наша надзея.

Псальм

Паміж кожнай страфою мы можам спяваць Bonum est confidere.

Дакуль, о Божа, лаяцца будзе Твой вораг?
Ці вечна зняважаць будзе вораг імя Тваё?
Чаму стрымваеш руку Тваю і правіцу Тваю?

Бог ёсць Цар мой спрадвеку,
што ўспамогу даваў на зямлі.
Ты выкрасаў крыніцу й паток,
Ты высушыў рэкі мнагаводныя.

Твой ёсць дзень і ночка Твая:
Ты стварыў святло і сонца.
Ты ўсе межы назначыў зямлі;
лета й зіму — Ты іх стварыў.

Не аддай зверу лютаму душу турка твайго;
не забудзь навекі грамаду бяздольнікаў Тваіх.
Глянь на запавет,
бо сховішчы зямлі напоўніліся шатрамі гвалту.

Няхай прыгнечаны не вяртаецца асаромленым,
бедны і ўбогі няхай славяць імя Тваё.
Паўстань, о Божа, Вядзі справу Тваю!
Успомні знявагі штодзённыя, што церпіш ад неразумнага.


з Псальму 74

Фрагмент са Святога Пісання

Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, Айцец міласэрнасці і Бог усякага суцяшэння, які суцяшае нас ва ўсякім смутку нашым, каб мы маглі суцяшаць усіх засмучаных тым суцяшэннем, якім Бог суцяшае нас саміх.


Другое пасланне да Карынцянаў 1, 3-4

Спеў
Dona nobis pacem

Цішыня

Малітва вернікаў

Паміж кожнай з малітоўных інтэнцый мы можам праспяваць Kyrie 10.

  1. За ўсіх, хто жыве ва Украіне. За ахвяр вайны ды за іх блізкіх, што перабываюць у жалобе, за параненых.
  2. За сем’і, моладзь і дзяцей, састарэлых людзей, якія пакутуюць ва ўмовах выбухаў.
  3. За тых, каму давялося пакінуць месца жыцця, выгнаных, бежанцаў, перасяленцаў, а таксама за ўсіх, хто іх прымае.
  4. За найбольш уразлівых людзей, якім няма куды ісці й якія бездапаможна церпяць з-за наступстваў вайны.
  5. За кіраўнікоў народаў і ўсіх тых, хто ў стане паўплываць на ход падзей, каб агонь як мага хутчэй спыніўся.
  6. За кіраўнікоў Цэркваў, каб яны ўмелі суправаджаць усіх тых, каго закранула гэтае страшэннае выпрабаванне.
  7. За міратворцаў. За ўсіх тых, хто ва Украіне, РФ, Беларусі ды іншых краінах заангажаваныя ў справу прасоўвання дыялогу й справядлівасці.

Ойча наш

Малітва дабраслаўлення

Ты дабраслаўляеш нас, Езу Хрыстэ, Ты, які з’яўляешся нашым супакоем і нашай надзеяй.

Спевы

Exaudi orationem meam | Frieden, Frieden | Jésus le Christ | Veni sancte Spiritus

Апошняе абнаўленне: 19 сакавіка 2022