Прыёр Тэзэ, брат Мэцью, быў прыняты на асабістай аўдыенцыі папам Львом XIV
Пятнічным ранкам, 4 ліпеня, брат Мэцью, прыёр Абшчыны Тэзэ, быў прыняты ў Ватыкане на асабістай аўдыенцыі Святым Айцом, Папам Львом XIV. Гэта была яго першая аўдыенцыя з Папам, які быў абраны 8 траўня.
Сустрэча ў братэрскае атмасферы дала магчымасць абмеркаваць вялікія выклікі хрысціянскага адзінства, экуменічнае сведчанне Тэзэ на працягу больш чым сямідзесяці гадоў і заангажаванне моладзі ў справы міру ды справядлівасці. Акрамя таго, брат Мэцью падарыў Папу Льву буклет з пасланнямі, напісанымі маладзёнамі, якія зараз перабываюць на доўгатэрміновым валанцёрскім побыце ў Тэзэ.
Гэтая аўдыенцыя азначае новы этап у стасунках даверу і дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і экуменічнай супольнасцю Тэзэ, у адпаведнасці са штогадовымі аўдыенцыямі паміж папярэднімі прыёрамі і чарговымі пантыфікамі цягам апошніх некалькіх дзясяцігоддзяў.
Пачатак летняга сезону ў Тэзэ
На працягу лета ў Тэзэ будуць праходзіць міжнародныя сустрэчы, у тым ліку супольныя малітвы з братамі, біблійныя ўводзіны, семінары па розных тэмах; не забракне часу на практычнае заангажаванне. Будуць прысутнічаць усе пакаленні, з асабліваю ўвагаю для моладзі ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў; адмысловая праграма будзе прапанавана таксама й 15-17-гадовым падлеткам. Запланавана некалькі важных момантаў:
• 13-18 ліпеня: 8-ая сяброўская сустрэча хрысціянскае і мусульманскае моладзі на тэму “Спадзеючыся звыш усялякае надзеі”, у якой прымуць удзел некалькі імамаў і хрысціянскіх лідэраў.
• 17-24 жніўня: 4-ы тыдзень дзялення і сведчання праваслаўнай верай, са спецыяльнымі сесіямі для праваслаўных вернікаў, адкрытымі для ўсіх майстар-класамі і дзвюма літургіямі.
• 24-31 жніўня: чарговы Тыдзень разважанняў для моладзі 18-35 гадоў, прызначаны для кожнага маладзёна з гэтае ўзроставае катэгорыі, са шматлікімі семінарамі, якія праводзяцца дакладчыкамі з усіх слаёў грамадства, у тым ліку некалькі сустрэч па тэме гэтага года “Справядлівасць і Супакой”.
• Сёлета прыпадацюь таксама два юбілеі: 16 жніўня будзе 20-ая гадавіна смерці засноўніка Абшчыны брата Ражэ, а 20 жніўня будзе 85-ая гадавіна ягонага прыбыцця да вёскі Тэзэ.
Молячыся спевамі Тэзэ падчас Юбілею моладзі ў Рыме
Падчас Юбілею моладзі ў Рыме ў базіліцы Santa Maria in Aracoeli пры Piazza Venezia браты арганізоўваюць малітвы са спевамі Тэзэ:
• Серада 30 ліпеня і чацвер 31 ліпеня а 11:00, 14:30, 16:00 ды а 17:30; • Пятніца 1 жніўня а 11:00 ды а 14:30.
Дадаткова, у пятніцу 1 жніўня, а 20:00, у касцёле Sant’Ignazio у раёне Campo Marzio пры Piazza Sant’Ignazio адбудзецца вялікая малітва з удзелам некалькіх супольнасцяў.
Малітвы са спевамі Тэзэ падчас Юбілею моладзі ў Рыме
Падчас Юбілею моладзі ў Рыме ў базіліцы Santa Maria in Aracoeli пры Piazza Venezia браты арганізоўваюць малітвы са спевамі Тэзэ:
• Серада, 30 ліпеня а 11:00, 14:30, 16:00 ды а 17:30;
• Чацвер, 31 ліпеня а 11:00, 14:30, 16:00 ды а 17:30;
• Пятніца, 1 жніўня а 11:00 ды а 14:30.
Дадаткова, у пятніцу 1 жніўня, а 20:00, у касцёле Sant’Ignazio у раёне Campo Marzio пры Piazza Sant’Ignazio адбудзецца вялікая малітва з удзелам некалькіх супольнасцяў.
Разважанне брата Мэцью
Час пераменаў для Касцёла і Еўропы
Брата Мэцью запрасілі выступіць на сустрэчы, якая сабрала экспертаў і практыкаў з розных еўрапейскіх слаёў грамадства, якія займаюцца фармацыяй у Каталіцкім Касцёле, для паглыбленага разважання аб пастырскае і сінадальнае фармацыі ў будучыні. Яна праходзіла з 11 па 14 траўня 2025 года ў італьянскае мясцовасці Віла Каньёла, недалёка ад Мілана. Ніжэй мы публікуем тэкст яго выступу па-ангельску і па-французску.
fr
en
За Папу Льва XIV
У гэты вечар званамі ў Тэзэ мы прывіталі навіну аб абранні новага біскупа Рыма – папу Льва XIV. З Бразіліі, дзе брат Мэцью наведвае братоў, якія жывуць на паўночным усходзе гэтае краіны, прыёр Тэзэ даслаў наступную малітву:
Верны Божа, дзякуем Табе за тое, што Ты паклікаў кардынала Роберта Фрэнсіса Прэвоста на біскупа Рыма і папу Льва XIV. Няхай ён будзе слугою еднасці для ўсяго Твайго народа і сведкам супакою і надзеі ў чалавечае сям’і.
Праз Твайго Святога Духа дай яму дзень за днём крочыць слядамі Твайго Сына Езуса, як стваральніку адзінства ў таямніцы камуніі, якой з’яўляецца Яго Цела, Касцёл, спагадлівым з церпячымі і салідарным з кожным чалавекам, які шукае супакою.
У лісце да новага Папы брат Мэцью таксама піша:
У гэты асабліва важны для ўсяго Касцёла момант мы молімся, каб Дух Святы падтрымліваў Вас у Вашым служэнні, каб Вы былі знакам адзінства, супакою і надзеі для ўсяго свету. У гэтым сэнсе нас глыбока кранае Вашае першае бласлаўленне Urbi et Orbi, асабліва заклік быць «сінадальным Касцёлам, Касцёлам у руху, Касцёлам, які заўсёды шукае міру, які заўсёды шукае міласэрнасці, які заўсёды імкнецца быць побач, асабліва з тымі, хто пакутуе».
З ініцыятывы Сусветнае Рады Цэркваў у аўторак, падчас паўдзённае анлайн-малітвы, у Тэзэ ды ў іншых краінах свету адбылася малітва за канклаў.
Здымак: экуменічнае малітоўнае чуванне ў Рыме 30 верасня 2023 г., у дзень кансісторыя, падчас якога біскуп Прэвост стаў кардыналам. (C) Lars König, Taizé / Together Media Team
Прапанаваны парадак набажэнства
Экуменічная малітва ў інтэнцыі канклаву
Прапанаваны ніжэй парадак экуменічнае малітвы прапануецца з нагоды выбараў новага біскупа Рыма. Малітва складаецца са спеваў з Тэзэ, якія можна знайсці на адпаведнае тэматычнае старонцы. Калі ласка, не вагайцеся дастасаваць спевы ў адпаведнасці з мясцовым кантэкстам, таксама як й словы прывітання, уступную малітву, заключнае дабраслаўленне, а таксама інтэр’ер малітоўнае прасторы. Па магчымасці, мы просім запрасіць прадстаўнікоў розных канфесій да супольнага адчытання малітвы, каб разам памаліцца заключным дабраслаўленнем ды падзяліць чытанні і малітвы паміж рознымі ўдзельнікамі.
Эпіклеза – спеў-заклік да Святога Духа
Tui amoris ignem
Словы прывітання, пасля якіх – уступная малітва (напісаная братам Мэцью з Тэзэ)
Верны Божа, Пастыр Твайго народа, Ты аб’ядноўваеш нас ва ўсёй нашай разнастайнасці. Ты даеш нам дар любові да Твайго Сына Езуса і таямніцы камуніі, якой з’яўляецца Яго Цела – Царква. Мы дзякуем Табе за жыццё і служэнне папы Францішка, за шляхі, якія ён адкрыў, каб абвяшчаць добрую навіну Тваёй любові ў сучасным свеце.
Наконадні канклаву просім Цябе спаслаць Твайго Святога Духа на тых, на кім спачывае абавязак абраць яго пераемніка на пасадзе Біскупа Рыма. Няхай Твой Дух дасць ім слухаючае сэрца, а таксама мудрасць і пакору, неабходныя ім, каб распазнаць Тваю волю.
Заўсёды аднаўляй нашую надзею і дабраслаўляй таго, каго паклічаш, каб ён быў слугою еднасці сярод Твайго народа і сведкам надзеі ды міру ў чалавечае сям’і, уважлівым да ўбогіх і патрабуючых, бо да іх належыць Тваё Валадарства.
Псальм 34(33), 2-9. 13-16
Вершы, якія трэба спяваць або чытаць упераменні са спевам Alleluia 24
Благаслаўляць буду Пана ва ўсе часы, хвала Яго заўсёды на маіх вуснах.
Панам будзе ганарыцца душа мая, няхай чуюць гэта пакорныя і няхай весяляцца.
Узвялічвай Пана са мной, будзем узвышаць імя Яго разам.
Я шукаў Пана, і Ён пачуў мяне, і ад усіх пагрозаў вызваліў мяне.
Гляньце на Яго і прасвятліцеся, і твары вашыя не спазнаюць сораму.
Вось няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў, і ўратаваў яго ад усіх ягоных бедаў.
Анёл Пана аберагае тых, хто Яго баіцца, і вызваляе іх.
Пакаштуйце і ўбачце, які добры ёсць Пан! Шчаслівы чалавек, які на Яго спадзяецца.
Хто той чалавек, які ўпадабаў жыццё і любіць доўгія дні, каб бачыць дабро?
Сцеражы язык свой ад злога, і вусны свае ад словаў падступных.
Адвярніся ад зла і рабі дабро, шукай спакою і трымайся яго.
Вочы Пана звернуты на справядлівых, і вушы Яго – на іх крык.
Чытанне святога Евангелля паводле Яна (Яна 16, 12-15)
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вам гэтага не знесці. Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, навучыць вас усёй праўдзе. Бо не ад сябе будзе прамаўляць, а будзе казаць вам усё, што пачуў, і будучыню абвесціць вам. Ён уславіць Мяне, бо ад Майго возьме і абвесціць вам. Усё, што мае Айцец, гэта маё. Таму Я сказаў вам, што з Майго возьме і абвесціць вам.
Спеў-рэфлексія над Божым Словам
Jésus le Christ
Цішыня
Там, дзе ўдзельнікі могуць быць неабазнаныя, можна паведаміць, што малітва працягнецца хвілінай цішыні. Гэта можа доўжыцца ад 8 да 10 хвілін.
Малітва вернікаў
Праспявайце або прачытайце кожную з іх, чаргуючы яе са спевам Gospodi A
1. За Царкву Хрыстову, за ўсе Цэрквы ва ўсім свеце, за супольнасці і людзей, якія прысвячаюць сябе абвяшчэнню Евангелля. Цябе просім...
2. За лідараў народаў, каб іх намаганні аб’ядналіся ў пошуку трывалага і справядлівага міру. Цябе просім...
3. За адзінства хрысціянаў: няхай тэалагічны дыялог, сустрэча і духоўнае жыццё адкрываюць шляхі да еднасці. Цябе просім...
4. За ўсё большы ўдзел усіх вернікаў, жанчын і мужчын, старых і маладых, у сінадальных працэсах распазнавання і прыняцця рашэнняў. Цябе просім...
5. У знак падзякі за жыццё і служэнне папы Францішка молімся за тых, хто быў у цэнтры яго служэння: людзей, якія жывуць на экзістэнцыяльных перыферыях свету – мігрантаў, бедных і многіх іншых. Цябе просім...
6. За Англіканскую Царкву і ўсю Англіканскую супольнасць, за працэс прызначэння асобы, пакліканай служыць арцыбіскупам Кентэрберыйскім. За ўсіх тых, хто сёння выконвае місію евангелізацыі ў гэтай Супольнасці. Цябе просім...
7. За ўсіх кардыналаў і ўсіх тых, хто ўдзельнічае ў падрыхтоўцы да канклаву: спашлі на кожнага з іх Твайго Святога Духа, каб кіраваў імі ў абранні новага Біскупа Рыма. Цябе просім...
8. Няхай Дух Святы вядзе нас да паўнаты праўды. Цябе просім...
Прамаўляйма разам словы, якім Езус навучыў сваіх вучняў: Ойча наш…
Малітва на заканчэнне (з Тэзэ)
Блаславі нас, Уваскрослы Хрыстэ, удыхні Твайго Святога Духа кожнаму з нас, каб мы маглі абвяшчаць добрую навіну Тваёй любові ўсяму стварэнню.
Напрыканцы малітвы кіраўнік абшчыны (пастыр або святар) можа падзяліцца разважаннем, пасля чаго прадстаўнікі розных канфесій могуць разам удзяліць завяршальнае дабраслаўленне, адаптаванае ў залежнасці ад месца. Затым можна праспяваць медытатыўны спеў або іншыя спевы праслаўлення ў месцах, дзе магчыма больш працяглая малітва.