TAIZÉ

Апошнія навіны

Смерць папы-сеньёра Бэнэдыкта XVI

31 снежня 2022 г. да братоў і ўдзельнікаў Еўрапейскай сустрэчы ў Ростаку дайшла вестка, што папа-сеньёр Бэнэдыкт XVI адыйшоў да вечнасці. На пачатку малітвы брат Алоіс прамовіў некалькі слоў пашаны, запрашаючы ўсіх прысутных на хвіліну роздумаў. Ніжэй размешчаныя некаторыя ўспаміны, звязаныя з адносінамі пантыфіка з Тэзэ.
Смерць папы-сеньёра Бэнэдыкта XVI кранае нашыя сэрцы ў Тэзэ, таму што нашая Супольнасць трывала ў адносінах з ім больш за паўстагоддзя. Па сутнасці, Ёзэф Ратцынгер і брат Ражэ ведалі адзін аднаго ўжо з часоў Другога Ватыканскага сабору, дзе адзін з іх быў вучоным экспертам (peritus), а другі – назіральнікам.
 
Памятаю, як я жыў з братам Ражэ ў доме тэолага, які стаў арцыбіскупам Мюнхена, падчас моладзевае сустрэчы, якую мы падрыхтавалі ў гэтым горадзе. Ён гасцінна прыняў нас у сваім доме.
 
Пазней, калі брат Ражэ штогод ездзіў у Рым на сустрэчу з папам Янам Паўлам ІІ, ён часта наведваў кардынала Ратцынгера, у той час прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння, каб мець магчымасць глыбокага абмена думкамі з кардыналам.
 
Апошні ліст, напісаны братам Ражэ за тры дні да яго забойства, быў адрасаваны новаму пантыфіку Бэнэдыкту XVI, каб паведаміць яму, што яго – брата Ражэ – сталы ўзрост не дазваляе яму паехаць на СДМ у Кёльн, але што ён як мага хутчэй прыбудзе да Рыму, каб прывітаць яго. Гэты ліст Папа трымаў у руках падчас агульнай аўдыенцыі ў сераду, калі са смуткам паведаміў аб трагічнай смерці заснавальніка нашай Супольнасці. Ён вельмі паважаў брата Ражэ, а праз пяць гадоў пасля яго смерці напісаў: “Няхай яго сведчанне аб экуменізме святасці натхняе нас на нашым шляху да адзінства”.
 
Асабіста я вельмі ўдзячны за той прыём, які аказаў мне Бэнэдыкт XVI, калі я скіраваўся на сустрэчу з пантыфікам праз некалькі месяцаў пасля пачатку маёй новай паслугі ў якасці прыёра нашае Абшчыны. У тым жа 2005 годзе памёр і Ян Павел ІІ, і брат Ражэ. Як будуць развівацца адносіны нашае Супольнасці з новым пантыфікам? Ужо з моманту першай аўдыенцыі я зразумеў, што атрымалася заваяваць ягоны давер да нас, а я штогод змагу ездзіць да яго. Тады ён сказаў мне: “У Тэзэ вы маеце спевы ды цішыню, вы ідзяце з моладдзю да істотнага, да асабістых адносін з Богам”. І для яго, і для нас гэта было вельмі важна.
 
Кульмінацыяй адносін з ім стала супольная малітва, якую мы арганізавалі ў яго прысутнасці 29 снежня 2012 г. падчас нашае Еўрапейскай моладзевае Сустрэчы ў Рыме. Звяртаючыся да тысячаў маладзёнаў, якія сабраліся на плошчы св. Пятра, Бэнэдыкт XVI між іншым сказаў: “Запэўніваю вас у непарушным абавязацельстве Каталіцкага Касцёла працягваць пошукі шляхоў прымірэння, каб дасягнуць бачнага адзінства хрысціянаў”.
 
Праз некалькі тыдняў ён пакінуў трон апостала Пятра, а я ў наступным годзе вырашыў сустрэцца з ім ужо на пенсіі, каб падзякаваць яму за нязменную падтрымку, якую ён заўсёды аказваў нашай Абшчыне ў яе пакліканні.


Здымак: (C) Servizio Fotografico dell’Osservatore Romano | Vatican Media

Урсула фон дэр Ляен у Тэзэ

Тэзэ • Прэс-рэліз | Пятніца, 19 жніўня 2022 г.

Пасля двух гадоў перыяду пандэміі міжнародныя сустрэчы ў Тэзэ вярнуліся да свайго звычайнага рытму. Ад Вялікадня больш за 20 000 маладых людзей пабывалі ў вёсцы, каб тыдзень за тыднем удзельнічаць у прапанаваных намі мерапрыемствах: супольных малітвах, малых дыскусійных групах, тэматычных семінарах, практычных заданнях.

Канец лета адзначаны выключным візітам: у суботу, 27 жніўня, з афіцыйным візітам Абшчыну Тэзэ наведвае спадарыня Урсула фон дэр Ляен, старшыня Еўрапейскае камісіі. Падчас свайго візіту яна адбывае сустрэчу з братамі ды вядзе дыялог з моладдзю, прысутнай на гэтым тыдні ў вёсцы. У суботу, 27 жніўня, а 17:30 адбываецца яе публічная лекцыя аб еўрапейскіх справах.

На гэтым адмысловым тыдні для маладых людзей ад 18 да 35 гадоў нашыя госці вядуць спецыяльныя тэматычныя семінары. Сярод выступоўцаў эксперты ў розных галінах, навукоўцы, палітычныя лідэры — поўную праграму спецыяльнага тыдня можна знайсці на нашае старонцы. Для жадаючых у межах спецыяльнага тыдня прапанаваная адмысловая праграма па захаванні біяразнастайнасці.

Кажа брат Алоіс: “Нашым прагненнем як Супольнасці ёсць тое, каб усе маладыя людзі, якія прыязджаюць у Тэзэ, маглі адчуць, што давер Богу дапамагае знайсці ім сэнс свайго жыцця ды ўзяць на сябе адказнасць па вяртанні дадому. Візіт Урсулы фон дэр Ляен з’яўляецца важным момантам, які сведчыць аб тым, што памкненні і абавязацельствы маладога пакалення пачутыя і прынятыя да ўвагі палітычнымі лідэрамі ды інстытутамі. З гэтае перспектывы дадзены візіт, ва ўмовах сур’ёзных крызісаў цяперашняга часу, варта лічыць за знак надзеі”.

Коратка аб іншых навінах:

  • • У суботу, 20 жніўня, у рамках “Тыдня абмену думкамі ды сведчання аб праваслаўнае веры” ў Тэзэ мае месца спецыяльны дзень: з Парыжа прыбывае мітрапаліт Дзімітрый, каб а 9-ае гадзіне раніцы цэлебраваць у Храме Паяднання Боскую Літургію.
  • • Мы працягваем надаваць аўдыё-трансляцыю з вечаровае супольнае малітвы штодня ў простым эфіры на старонцы Тэзэ, а таксама суботнюю вечаровую малітву ў відэа-фармаце.

Акрэдытацыя СМІ

Дзеля таго, каб атрымаць здымкі з моладзевых сустрэч гэтым летам у Тэзэ альбо запытаць аб магчымасць інтэрв’ю з братамі Абшчыны ці валанцёрамі, пішыце нам на адрас media taize.fr.

Сустрэча ў Тэзэ

З 10 па 12 ліпеня на запрашэнне Супольнасці Тэзэ адбылася сустрэча, якая сабрала прадстаўнікоў некалькіх нацыянальных моладзевых службаў і каталіцкіх рухаў, якія займаюцца экуменізмам, а таксама прадстаўнікоў пратэстантаў і англікан. Размовы былі засяроджаны вакол пытання: як сінадальны шлях, які праходзіць у Каталіцкім Касцёле, можа стаць моцным момантам пры пошуку еднасці паміж хрысціянамі і ўсёй чалавечай сям’ёй, ды як заахвочваць да ўдзелу ў гэтым працэсе моладзь?

З боку ўдзельнікаў між іншым прамаўлялі с. Наталі Бекар XMCJ (Xavieres Missionaries of Christ Jesus) з Сакратарыята Сіноду; дамініканін Гіяцынт Дэстывель з Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству; а. Жаао Шагас з Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця; брат Алоіс, прыёр Тэзэ. Гэтыя дні дазволілі нам перабываць разам у вялікае разнастайнасці ды ў надзеі на еднасць.

Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі брата Алоіса

У панядзелак, 21 сакавіка 2022 г., брат Алоіс, прыёр Супольнасці Тэзэ, быў прыняты на прыватнае аўдыенцыі папам Францішкам. Ад 2013 г. гэтая аўдыенцыя адбываецца штогод, а была запачаткаваная ад часоў папы Бэнэдыкта XVI, калі штогод да Рыму прыязджаў яшчэ брат Ражэ.

Першаю тэмаю, якая абмяркоўвалася, была вайна ва Украіне ды ініцыятывы салідарнасці Тэзэ, адрасаваныя для ўкраінскіх уцекачоў. Пасля гэтага брат Алоіс прамовіў перад сінадальным працэсам, які зараз трывае ў Каталіцкім Касцёле. Акрамя таго прыёр таксама змог падзяліцца з папам Францішкам некаторымі навінамі з жыцця Супольнасці ды распавёў пра экуменічныя ініцыятывы Тэзэ.

Цягам бліжэйшых некалькіх дзён брат Алоіс будзе мець дадатковыя сустрэчы з царкоўнымі іерархамі ў Рыме. Акрамя таго, у бліжэйшыя дні ў Рыме адбудуцца дзве малітвы са спевамі Тэзэ. У аўторак, 22 сакавіка, а 21-ае гадзіне ў касцёле Santa Maria in Campitelli ды ў сераду, 23 сакавіка, а 12:30 у бельгійскім нацыянальным касцёле San Giuliano dei Fiamminghi (via del Sudario 40). На малітве будуць прысутнічаць брат Алоіс ды некалькі іншых братоў.


(C) Здымак Vatican Media


Зваротная сувязь

media taize.fr

Украіна | Прапанова малітоўнага чування ў інтэнцыі міру

Ад часу распачацця вайны ва Украіне многія хрысціяне ва ўсім свеце моляцца ў інтэнцыі міру. Ніжэй мы прапануем вам расклад такога набажэнства са спевамі ды канонамі Тэзэ.

Існуе таксама магчымасць, каб высылаць свае малітоўныя інтэнцыі братам праз форму на нашае старонцы.

Прапанаваны расклад часу малітвы

Спеў

Laudate omnes gentes альбо Славіте всі народи

Малітва брата Алоіса

Езу Хрысце, стоячы ў цішыні перад Табою, мы дазваляем узняцца гэтай гарачай малітве: каб спыніўся збройны агонь на зямлі Украіны! Прымі ў сваёй любові тых, хто памірае ад гвалту і вайны, суцеш сем’і ў жалобе, пакажы сваю прысутнасць тым, хто знаходзіцца ў пакутах або каму давялося стаць бежанцам. Падтрымлівай тых, хто хоча міру і хто ва Украіне, РФ, Беларусі ды ў іншых краінах выступае з ініцыятывамі па спыненні вайны. Перад абліччам незразумелых пакутаў, мы ўсё ж верым, што Твае словы любові й міру ніколі не прамінуць. Ты аддаў сваё жыццё на крыжы і адкрыў для нас будучыню, якая існуе нават па-за межамі смерці. На нашым шляху да Вялікадня святло Твайго ўваскрасення будзе весці нас нават пасярод цемры, нагадваючы нам, што зло ніколі не будзе мець апошняга слова. Мы просім Цябе: дай супакой на нашыя часы. Ты наша надзея.

Псальм

Паміж кожнай страфою мы можам спяваць Bonum est confidere.

Дакуль, о Божа, лаяцца будзе Твой вораг?
Ці вечна зняважаць будзе вораг імя Тваё?
Чаму стрымваеш руку Тваю і правіцу Тваю?

Бог ёсць Цар мой спрадвеку,
што ўспамогу даваў на зямлі.
Ты выкрасаў крыніцу й паток,
Ты высушыў рэкі мнагаводныя.

Твой ёсць дзень і ночка Твая:
Ты стварыў святло і сонца.
Ты ўсе межы назначыў зямлі;
лета й зіму — Ты іх стварыў.

Не аддай зверу лютаму душу турка твайго;
не забудзь навекі грамаду бяздольнікаў Тваіх.
Глянь на запавет,
бо сховішчы зямлі напоўніліся шатрамі гвалту.

Няхай прыгнечаны не вяртаецца асаромленым,
бедны і ўбогі няхай славяць імя Тваё.
Паўстань, о Божа, Вядзі справу Тваю!
Успомні знявагі штодзённыя, што церпіш ад неразумнага.


з Псальму 74

Фрагмент са Святога Пісання

Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, Айцец міласэрнасці і Бог усякага суцяшэння, які суцяшае нас ва ўсякім смутку нашым, каб мы маглі суцяшаць усіх засмучаных тым суцяшэннем, якім Бог суцяшае нас саміх.


Другое пасланне да Карынцянаў 1, 3-4

Спеў
Dona nobis pacem

Цішыня

Малітва вернікаў

Паміж кожнай з малітоўных інтэнцый мы можам праспяваць Kyrie 10.

  1. За ўсіх, хто жыве ва Украіне. За ахвяр вайны ды за іх блізкіх, што перабываюць у жалобе, за параненых.
  2. За сем’і, моладзь і дзяцей, састарэлых людзей, якія пакутуюць ва ўмовах выбухаў.
  3. За тых, каму давялося пакінуць месца жыцця, выгнаных, бежанцаў, перасяленцаў, а таксама за ўсіх, хто іх прымае.
  4. За найбольш уразлівых людзей, якім няма куды ісці й якія бездапаможна церпяць з-за наступстваў вайны.
  5. За кіраўнікоў народаў і ўсіх тых, хто ў стане паўплываць на ход падзей, каб агонь як мага хутчэй спыніўся.
  6. За кіраўнікоў Цэркваў, каб яны ўмелі суправаджаць усіх тых, каго закранула гэтае страшэннае выпрабаванне.
  7. За міратворцаў. За ўсіх тых, хто ва Украіне, РФ, Беларусі ды іншых краінах заангажаваныя ў справу прасоўвання дыялогу й справядлівасці.

Ойча наш

Малітва дабраслаўлення

Ты дабраслаўляеш нас, Езу Хрыстэ, Ты, які з’яўляешся нашым супакоем і нашай надзеяй.

Спевы

Exaudi orationem meam | Frieden, Frieden | Jésus le Christ | Veni sancte Spiritus

Украіна | Часовая суполка для прыёму бежанцаў

Салідарызуючыся з Украінай, Абшчына Тэзэ рыхтуецца прыняць бежанцаў, якія вымушаныя былі пакінуць сваю краіну з-за вайны, а таксама многіх уцекачоў, якія праязджаюць транзітам па дарозе ў Гішпанію ці Партугалію.

У непасрэдным супрацоўніцтве з цывільнымі ўладамі запачаткавана праект, каб прыняць некалькі сем’яў украінскіх уцекачоў у доме ў вёсцы Тэзэ або ў суседняе вёсцы Аменьі. Зараз прапрацоўваюцца дэталі.

Дзеля таго, каб таварышыць падчас прыёму, некаторыя маладзёны маглі б стварыць невялікую часовую суполку, пражываючы з бежанцамі, якіх будуць прымаць у Тэзэ. Дзеля гэтага мы шукаем трох-чатырох хлопцаў альбо дзяўчат ва ўзросце ад 19 да 30 гадоў, якія змогуць жыць у Тэзэ да канца траўня, каб прыняць удзел у гэтым праекце. Валоданне славянскай мовай было б безумоўнай перавагай.

Калі табе гэта цікава альбо ў цябе ўзніклі нейкія іншыя пытанні, калі ласка, напішы нам як мага хутчэй на адрас, ды патлумач свае прычыны, чаму б табе хацелася паўдзельнічаць у гэтым праекце.

У шэрагу аспектаў гэтая ініцыятыва адрозніваецца ад звычайнага валанцёрства ў Тэзэ. Асобам, якія жадаюць правесці ў Тэзэ некалькі месяцаў менавіта ў якасці валанцёра, варта запазнацца з інфармацыяй з гэтае старонкі.

Украіна | Ініцыятыва салідарнасці па прыёме бежанцаў

Сутыкнуўшыся з гуманітарным крызісам, выкліканым вайной ва Украіне, Тэзэ адкрывае платформу дзеля наладжвання кантакту людзей, каторыя могуць прыняць у сябе бежанцаў, якія вымушаныя былі пакінуць Украіну.

За апошнія некалькі гадоў багата ўкраіснкае моладзі ўдзельнічала ў еўрапейскіх сустрэчах Пілігрымкі Даверу. Апошнім часам многім сем’ям, асабліва маці з дзецьмі, прыйшлося тэрмінова пакінуць сваю краіну, каб знайсці прытулак у іншым месцы. У многіх месцах заўважны рух салідарнасці, каб прыняць гэтых людзей, таму Тэзэ жадае падтрымаць гэты імпульс.

Застаючыся на сувязі з нашымі сябрамі ва Украіне ды ў суседніх краінах, з ініцыятывамі салідарнасці, а таксама з амбасадай Украіны ў Парыжы, мы прапануем мясцовым парафіям або групам падрыхтавацца да іх прыёму. Разам з тым мы прагнем звярнуць увагу тых, хто гатовы прыняць бежанцаў:

  • пакуль што мы збіраем прапановы, але не можам гарантаваць, што сапраўды сям’я будзе знойдзена неадкладна. Цяжка ацаніць маштаб будучых прыездаў;
  • таксама цяжка зразумець, як доўга гэтыя сем’і будуць мець патрэбу ў вашае шчодрае падтрымцы;
  • для адной асобы ці нават сям’і такі прыём можа быць звязаны з празмернымі намаганнямі. Будзе значна лепей скаардынавацца з кім-небудзь яшчэ, каб узяць на сябе гэты абавязак ў парафіі або групе людзей;
  • нарэшце, Тэзэ праз гэтую ініцыятыву дапамагае звязваць людзей адно з адным, але не можа ўдзельнічаць у канкрэтных сітуацыях або аказваць дапамогу ці спрыяць далейшымі дзеяннямі.

Калі ласка, старанна запоўніце форму прымаючае асобы па-ангельску альбо па-французску. Калі ў вас засталіся якія-небудзь іншыя пытанні, пішыце нам на гэты адрас.

Шчыра дзякуем вам за вашае заангажаванне!

Украіна | Артыкул брата Алоіса

Па просьбе французскага штотыднёвіка La Vie брат Алоіс напісаў артыкул En Ukraine, le mal n’aura pas le dernier mot. Ніжэй вашае ўвазе пераклад на беларускую.

Ва Украіне зло не будзе мець апошняга слова

Сёлета перыяд Вялікага посту пачынаецца ў той момант, калі кантынент Еўропы ахапіла вайна. Гэтая трагічная навіна пагружае нас у таямніцу зла. Сам Езус спазнаў гэты канчатковы досвед, калі добраахвотна на крыжы згадзіўся адмовіцца ад свайго жыцця: Ён прайшоў да канца праз шлях пакуты. На нашае дарозе да Вялікадня нас падтрымлівае гэтая надзея: па-за крыжам, праз Уваскрасенне Хрыста, Бог адкрыў шлях жыцця для ўсяго чалавецтва.

Як тое магчыма, што агонь зброі і бомбаў раздзірае народы, якія ў многіх адносінах так блізкія адно аднаму? У многіх сем’яў ёсць сваякі па абодва бакі мяжы... Падчас пілігрымкі ў РФ, Беларусь і Украіну ў 2015 годзе з невялікай групай маладых людзей з розных краін я стаў сведкам гэтага, калі наведаў у кіеўскім шпіталі некалькі ўкраінскіх салдат, параненых у баі. Была з намі маладая дзяўчына з РФ. Некалькі дзён таму, калі пачалася вайна, гэтая маладая расіянка ўзгадала той візіт ды распавяла наступную гісторыю: “Калі я ўвайшла у той шпіталь, мяне паралізаваў страх і сорам. Спачатку мне было цяжка штосьці сказаць. Потым я пачала распавядаць, што ў дзяцінстве кожнае лета ездзіла да дзеда ва Украіну, што мой стрыечны брат нарадзіўся ва Украіне. Тады ўкраінскія салдаты пачалі мяняцца: адзін з іх раптам сказаў, што яго жонка з РФ, потым другі, што яго бацькі жывуць у РФ... І стала зразумела, што насамрэч мы вельмі блізкія, што мы як браты і сёстры”.

Будзем маліцца, каб гэтае насенне ўзаемнага абмену ды лучнасці не было вырвана з карэннем вар’яцтвам вайны, але каб у доўгатэрміновай перспектыве яно аказалася мацнейшым за бессэнсоўны гвалт. Выказваць такое пажаданне яшчэ заўчасна, бо з кожным днём становіцца ўсё больш ахвяр і параненых. Таму варта ў глыбіні нашых сэрц захоўваць упэўненую надзею, што зло не будзе мець апошняга слова.

Папа Францішак заклікаў да дня посту і малітвы ў Папяльцовую сераду. У шэрагу месц па ўсім свеце вернікі збіраюцца і моляцца ў інтэнцыі супакою. Некалькі дзён таму мы атрымалі паведамленне ад праваслаўнага святара з РФ: аб супакоі моляцца й у яго прыходзе.

Таму, каб перажыць гэты Велікапосны час у жэсце салідарнасці з тымі, хто пакутуе ад вайны, якая шалее ва Украіне, памолімся за ахвяраў ды іх сем’і ў жалобе, за параненых, за тых, каму давялося ўцякаць, за тых, хто хацеў бы гэта зрабіць, але не змог, а таксама за ўсіх тых, хто вырашыў пазаставацца там, дзе жыве. Падумайма пра найбольш уразлівых людзей, якія першымі пацерпяць ад наступстваў узброенага канфлікту, пра дзяцей, якія ўжо пацярпелі, пра маладых людзей, якія не бачаць будучыні.

У нашае малітве не забываймася прасіць Святога Духа натхніць кіраўнікоў народаў і ўсіх тых, хто можа паўплываць на ход падзей, каб агонь зброі як мага хутчэй спыніўся. Памолімся, каб вайна не ўзмацніла падзелы ўнутры Цэркваў і сем’яў, і каб кіраўнікі Цэркваў ішлі поруч з усімі, хто пацярпеў ад гэтага страшнага выпрабавання. Прымаючы да ўвагі, што ў вачах Бога важыцца кожнае чалавечае жыццё, падумайма пра камбатантаў з усіх краін-удзельніц, а таксама пра іх сем’і, напрыклад, пра бабуль, якія бачаць, што ўнукі ідуць на фронт, на вайну, якую яны не выбіралі і якой не хацелі. Магчыма, пэўнага дня яны выйдуць на вуліцы пратэставаць...

Паколькі гэты перыяд Вялікага посту пачынаецца ў змрочным святле, мы пакліканыя пражыць наступныя сорак дзён у еднасці з тымі, хто пацярпеў ад гвалту не толькі ў Еўропе, але і ва ўсім свеце. На крыжы Хрыстус распасцёр свае рукі, каб ахапіць усё чалавецтва. Чалавецтва, якое занадта часта бывае разарваным, але ў Божым сэрцы застаецца назаўсёды аб’яднаным.

Украіна | Малітва ў інтэнцыі міру

2 сакавіка, серада

Падтрымліваючы ініцыятыву посту й малітвы, прапанаванаю папам Францішкам, Абшчына Тэзэ прыме ўдзел у малітве за мір ва Украіне ў сераду, 2 сакавіка.


26 лютага, субота

Вечаровую малітву ў гэты дзень папярэдзіла доўгае і вымоўнае маўчанне ў інтэнцыі супакою ва Украіне, катораму папярэднічала наступная малітва, якую прамовіў брат Алоіс:

Уваскрослы Хрысце, перабываючы перад Табою ў маўчанні, узносім гэтую палымяную малітву: няхай спыніцца абстрэл украінскае зямлі! Прытулі сваёю любоўю тых, хто памірае ад гвалту і вайны, суцеш сем’і ў жалобе, падтрымай тых, каму давялося стаць на дарогу выгнання. Сутыкнуўшыся з незразумелымі пакутамі, мы па-ранейшаму верым, што Твае словы любові й супакою ніколі не прамінуць. На крыжы Ты аддаў сваё жыццё і адкрыў нам будучыню, нават за межамі смерці. Таму мы просім Цябе: дайце нам свой супакой. Ты наша надзея.

Напрыканцы часу маўчання ўсе прысутныя заспявалі па-ўкраінску “Славіте всі народи”.


24 лютага, чацвер

У сувязі з ваеннымі дзеяннямі ва Украіне, падчас малітвы апоўдні ў чацвер, 24 лютага, брат Алоіс прамовіў наступныя словы:

Божа любові, мы збянтэжаны гвалтам у нашым свеце, і асабліва цяперашнімі ваеннымі дзеяннямі ва Украіне. Дазволь нам быць салідарнымі з тымі, хто пакутуе і жыве сёння ў страху ды трывозе. Падтрымай надзею ўсіх тых, хто ў гэтай улюбёнай частцы свету шукае справядлівасці ды супакою. Спашлі Святога Духа, Духа міру, каб натхніць лідэраў народаў і ўсіх людзей.

У гэтую пятніцу, 25 лютага, а 20-ае гадз. (а 22-ае гадз. часу беларускага) браты і ўся моладзь, якая знаходзіцца ў Тэзэ, будуць у цішыні маліцца ў інтэнцыі супакою. Жадаючыя прыняць удзел у гэтае малітве змогуць далучыцца дзякуючы простай трансляцыі.


Супольная малітва падчас Сустрэчы Тэзэ ва Львове, 30 красавіка 2018 г.

Нарада ў Супольнасці: малітва брата Алоіса

Як і кожны год, напрыканцы студзеня браты правялі сваю Нараду ў Супольнасці. Ніжэй тэкст заключнай малітвы, якою брат Алоіс падзяліўся ўвечары нядзелі 30 студзеня.

Хрыстэ Езу, славім Цябе ўсім сэрцам. Ты хочаш учыніць нас сведкамі Божае любові ў разгар вялікіх змен, якія адбываюцца ў грамадстве і ў Царкве. І таму мы дзякуем Табе за дар адзінства, які Ты даеш нашай маленькай Абшчыне: гэта неацэнны скарб, пра які мы хочам клапаціцца.

Гэты скарб шматгранны. Мы дзякуем Табе за тое, што падчас нашае Нарады ў гэтыя апошнія некалькі дзён Ты суправаджаў нас, каб мы змаглі выявіць нашую вялікую разнастайнасць. Ты спасылаеш нам Святога Духа, які дае жыццё і заахвочвае да крэатыўнасці кожнага з нас, які яднае нас у Божае любові. Учыні, каб мы паверылі ў прысутнасць Духа.

Ты, Хрыстэ, подыхам даеш нам Твайго Духа ў малітве і ў нашым братскім жыцці, якое з’яўляецца яшчэ адным месцам, дзе мы знаходзім крыніцу Тваёй прысутнасці. Такім чынам, пасярод намаганняў адносна клопату пра нашае жыццё як братоў, далейшага выхаджэння па-за сябе і прымання іншых, Ты перадаеш нам сваю радасць, радасць Уваскрослага.

Мы прадстаўляем Табе ўсё тое, што казалі адзін аднаму падчас Нарады. Няхай нашае дзяленне прынясе плён. Дапамажы нам надаль ставіць нам самім пытання аб шматкультурнасці сярод нас, аб асабістым духоўным суправаджэнні, аб нашае сумеснае адказнасці за ўсё нашае жыццё праз нашыя шматлікія задачы і дзейнасць, а таксама праз наш пошук хрысціянскага адзінства. Напоўні нас гнуткасцю і мужнасцю, каб прыслухоўвацца да Святога Духа, каб рухацца наперад у гэтых ды шэрагу іншых сферах.

Езу Хрыстэ, Ты пасылаеш нас у свет. Хвала Табе за нашых братоў, якія жывуць у брацтвах у розных краінах. Мы дзякуем Табе за манашак, якія жывуць побач з намі і з якімі мы разам рухаемся наперад. Мы дзякуем Табе за сяброўства з такой колькасцю жыхароў нашага рэгіёну. Мы дзякуем Табе за мігрантаў, якіх тут прынялі і якія ўсё больш і больш прыстасоўваюцца да жыцця ў нашае краіне. Хвала Табе за маладзёнаў, якія прыедуць у Тэзэ на працягу наступнага года. Хвала Табе за Пілігрымку Даверу, якая, нібы струмень, пракладвае дарогу па свеце, з чарговымі этапамі на Блізкім Усходзе і ў Святой Зямлі.

Але мы таксама прызнаемся Табе, Езу Хрыстэ, што здарылася так, што мы не выканалі волю Тваёй любові. У прыватнасці мы давяраем Табе людзей, якія сталі ахвярамі сексуальнага або псіхалагічнага гвалту ці агрэсіі ў Тэзэ. Перабывай з імі ў іх самотнасці ды загой іх раны. Дадай нам адвагі выслухаць іх пакуты, прыслухацца да таго, пра што яны просяць і да іх парадаў, і зрабіць усё, што ў нашых сілах, каб дапамагчы ім.

Мы звяртаемся да Цябе, Хрыстэ. Да каго нам яшчэ ісці? Ты маеш словы жыцця. Мы просім Цябе суправаджаць усю Царкву і ўсё чалавецтва, якое перажывае свайго роду зыход, пераход да нечага іншага, пераход праз пустыню. Як і многія людзі, мы перажываем перыяд, калі не бачым дакладна, што нас чакае ў будучыні. Але Ты дазваляеш нам знаходзіць у Табе новыя рэсурсы і быць стваральнікамі адзінства. З даверам адмаўляем перад Табою малітву Псальма: “Спраў рук Тваіх не пакідай”.

А зараз, пасля сумеснага спеву да Святога Духа, тыя з братоў, якія склалі свае вечныя манаскія зарокі, на ўспамін сваёй ахвяры Богу, будуць ляжаць на зямлі ў жэсце прастрацыі.