Дзякуем вам за тое, што былі разам з намі цягам гэтага тыдня ў Тэзэ, каб крочыць сумесна з Езусам, які з любові аддаў сваё жыццё за ўсіх нас і які паказвае нам, што гэтая любоў мацнейшая за смерць.
Гэта й ёсць менавіта тое, што мы святкуем у гэтыя дні. Ані катаванне на крыжы, ані факт, што Яго пакінулі нават самыя блізкія людзі, не здолелі Яго пазбавіць жадання даць зразумець нам, што Бог безварункова любіць кожнага чалавека і прапануе прабачэнне тым, хто хоча прыняць Яго.
Учора супольна з Марыяй, Маці Езуса, і ўмілаваным прыяцелем Езуса, Янам, у цішыні мы былі ля падножжа Крыжа. Супольнасць Езуса развалілася. Юда Яго выдаў. Пётр Яго выракаецца. Большасць Яго вучняў уцякла.
Здаецца, што ўсе намаганні Езуса па стварэнні жыцця праз камунію любові, дабягаюць да свайго завяршэння. Але ў найбольш змрочны момант, пасярод лютасці, мы бачым, як гэтая супольнасць адраджаецца ля падножжа Крыжа. Яго маці прымае сына, умілаванага прыяцелся. Прыяцель прымае маці.
Ля падножжа Крыжа нараджаецца Царква. Без трыумфу і перамогі ў чалавечых катэгорыях. Гэта аднаўленне еднасці, калі мы стаім побач з тымі, хто часта – нават не маючы віны – пакутуе.
Сёння мы жывем у чаканні. Гэта дзень вялікай цішыні. У сваім Першым пасланні святы Пётр кажа нам, што Езус прыйшоў да людзей, якія памерлі, не пазнаўшы Яго, каб прынесці ім добрую вестку аб сваёй любові.
На абразé, за якім мы ішлі ў працэсіі, Езус выцягвае Адама, першага чалавека, да святла. Такім чынам Ён сустракае ўсіх нас у нашых адмовах, каб вызваліць нас і даць нам свой супакой.
Заўтра раніцай мы ўстанем а паранку, каб прывітаць новы дзень, калі будзем святкаваць вяртанне Езуса да жыцця. Мы пачуем тэксты з першае часткі Бібліі, якія распавядаюць пра вызваленне Богам свайго народу.
Вядома, што некаторыя з гэтых тэкстаў сёння цяжка зразумець, але гэтыя гісторыі пра Зыход павучаюць нас аб значэнні вызвалення, якое прапануецца ўсім нам.
Бо вызваленне патрэбна ўсім нам: ці ў нашае асабістае няволі, ці ў нашым грамадстве, ці нават у больш жорсткіх сітуацыях, калі нашае жыццё, нашая свабода ці свабода нашае краіны ставяцца пад пытанне.
Гэтыя гісторыі паказваюць нам, што ёсць лепшае месца, больш прывабны свет, зямля абяцаная. Яны таксама паказваюць нам, што шлях да зямлі абяцанай праходзіць праз пустыню.
Нямашака іншага спосабу дабрацца адсюль туды, акрамя як аб’яднацца і вырушыць, падарожнічаючы сумесна. І тады мы ўсвядомім, як гэтыя гісторыі на працягу стагоддзяў натхнялі людзей у іх змаганні за свабоду.
Ці сярод тых, хто хоча змагацца за сваё жыццё, апынемся й мы, каб нашая чалавечая сям’я была вызвалена ад усяго таго, што яе прыгнятае? Ці сярод людзей, якія клапоцяцца аб зраненым Божым Стварэнні, апынемся й мы? Ці станем мы на бок міру і справядлівасці?
Падчас Еўрапейскае сустрэчы ў Любляне ў пачатку гэтага года я зрабіў прапанову стаць пілігрымамі супакою ў нашае Пілігрымцы Даверу на Зямлі. Група маладзёнаў разам з манашкамі з супольнасці св. Андрэя і братамі з Тэзэ ў чацвер, 7 сакавіка, выправіліся на шпацыр даўжынёю ў 34 км.
Па дарозе мы зрабілі 4 прыпынкі ў вясковых касцёлах, каб паслухаць сведчанні людзей з Газы ды Ізраэля, М’янмы, Судана ды Ўкраіны, каб памаліцца за іх.
Выслухоўванне гэтых галасоў у пэўным сэнсе змушае нас перабываць у іх пакутах, выказвае нашае жаданне справядлівага міру ў сітуацыі, у якой яны апынуліся. Адзін з братоў Абшчыны на знак нашае салідарнасці з тымі, хто зараз там пакутуе, у бліжэйшыя тыдні скіруецца ў Святую Зямлю.
А ці будзеце вы гатовыя стаць пілігрымамі супакою, калі вернецеся дадому? Гэта значыць не забывацца на тых людзей, якія пакутуюць. Ідучы разам з іншымі, молячыся за іх, мы выказваем надзею на будучы супакой у справядлівасці, якую абяцае нам Хрыстус. Нават для нешматлікай колькасці людзей тое можа стаць моцным знакам прагнення ўсеагульнае будучае свабоды.
Сёння разам з намі перабывае Іванка з Украіны: Чым мы можам падтрымаць украінскі народ? « Вайна вельмі знясільвае, і некаторыя людзі адчуваюць сябе вельмі прыгнечанымі, таму, калі ласка, заставайцеся бачным знакам надзеі для нас, украінцаў. Будзьце з намі вернымі да канца.
Маліцеся і гаварыце не толькі аб міры, але не забывайцеся й пра справядлівасць. Абвяшчайце праўду пра злачынствы і не бойцеся называць зло па імені».
І яшчэ: напрыканцы гэтага года Еўрапейская сустрэча адбудзецца ў сталіцы Эстоніі, Таліне.
Юле, чаго ты чакаеш ад Сустрэчы? «Нам будзе ўсцешна прывітаць вас у Эстоніі. Гэта маленькая краіна з вялікім сэрцам. Прыязджайце, каб дапамагчы нам сведчыць пра Езуса нашай моладзі. Прыязджайце, каб маліцца ў інтэнцыі супакою. Будуйма адкрытую, бяспечную і брацкую Еўропу ўжо сёння».
Цяпер мы працягнем малітву, але перад тым, як вярнуцца да спеваў, няхай кожны прашапча свайму бліжняму: Хрыстос уваскрос!
А з заўтрашняга дня і цягам наступных тыдняў вітайце гэтымі словамі вашых братоў і сясцёр у веры. Набярэмся ж адвагі, каб паверыць у знак пустой магілы. І тады супакой і радасць Уваскрослага будуць з усімі намі!