TAIZÉ

Разважанне брата Мэцью

Распазнаючы Божыя знакі вакол нас

 
Чацвер, 22 жніўня 2024 г.

Вітаем усіх вас, хто перабывае з намі на гэтым тыдні ў Тэзэ. Вы паходзіце ад Партугаліі па Румынію, ад Італіі да поўначы Ангеліі, а нават са значна далей размешчаных тэрыторый. Вельмі ўсцешна, што ў гэты час з намі знаходзяцца сем’і двух нашых інданезійскіх братоў з выспаў Сулавесі і Ява. Мне б хацелася сказаць ім: вашая прысутнасць для нас вельмі важная!

Мы ўсе вельмі адрозніваемся адно ад аднаго, але ў нас ёсць супольнае жаданне: супольна падарожнічаць разам з Богам ды адно з адным. Ці ж няма глыбока ўнутры нас смагі, якая цягне нас наперад? Нават не бачачы канчатковага пункта прызначэння, нібы пілігрымы мы шукаем сэнс у кожным кроку на нашым шляху. Напрамак мы адчуваем інтуітыўна.

На працягу гэтага тыдня багата хто з вас спазнаў цяжкасці, але таксама дасведчыў прыгажосць жыцця ў абшчыне. Ці такі досвед зможа дапамагчы вам, калі вы напрыканцы тыдня вернецеся дадому? Некаторыя з вас прыбылі з царкоўнай групай, іншыя, магчыма, упершыню адкрылі для сябе, што значыць жыццё ў Хрысце з іншымі.

Як недасканалым з’яўляецца Тэзэ, так і нашыя Цэрквы не ідэальныя, але мы супольна падарожнічаем, каб адкрыць гэтую паўнату жыцця ў Хрысце. Урывак з Евангелля паводле Мацвея 13, які мы пачулі сёння ўвечары, дапамагае нам лепш зразумець гэта.

Езус кажа нам, што Валадарства Нябеснае падобна да чалавека, які пасеяў добрае зерне на сваім полі. Але, на яго здзіўленне, прыходзіць вораг і сее пустазелле, якое расце сярод пшаніцы. Аднак замест таго, каб дазволіць сваім слугам вырваць пустазелле, рызыкуючы знішчыць пшаніцу, ён загадвае ім, каб да жніва ўсё расло разам, калі тое, што добрае, будзе захавана.

Ці можа гэтая прыпавесць падбадзёрыць нас цягам наступных дзён? Ці можа гэта прывесці нас да веры ў тое, што Бог дзейнічае ў нашым жыцці і вакол нас, нягледзячы на рэальныя цяжкасці, з якімі мы сутыкаемся? Ці гатовыя вы па вяртанні дадому прасіць Святога Духа адкрыць вам вочы, каб распазнаваць Божыя знакі вакол вас? Вы можаце здзівіцца таму, што ўбачыце.

Якая ж гэта радасць быць разам у нашай хрысціянскай разнастайнасці. Мы вельмі рады, што на гэтым тыдні сярод нас ёсць біскуп Алівія і біскуп Сміта з Англіканскай Царквы. Заўтра прыбывае арцыбіскуп Стывен Котрэл з Ёрка, які будзе прапаведаваць падчас нядзельнае Эўхарыстыі. Заўтра таксама прыедзе намесніца сакратара Сіноду Біскупаў у Рыме сястра Наталі Бэкар. А два тыдні таму мітрапаліт Парыжскі Дзімітрый цэлебраваў у гэытм Храме з намі праваслаўную Боскую літургію ў рамках нашага тыдня, прысвечанага сведчанню аб праваслаўнае веры.

Ці ж ужо не існуе адзінства, дадзенае нам у Хрысце, якое перавышае нашыя чаканні, нават калі нашая еднасць яшчэ не дасканалая? Ці ж не здараюцца моманты, як казаў праваслаўны багаслоў Аліўе Клеман, калі мы бачым непадзеленую Царкву ў таямніцы камуніі, якой з’яўляецца Цела Хрыста?

20 жніўня 1940 г. у Тэзэ прыбыў 25-гадовы швейцарац Ражэ Шутц. Ужо як брат Ражэ ён заснаваў нашую Супольнасць Тэзэ. Ён пачаў амаль з нічога, але прыняў выклік Евангелля і быў гатовы рызыкаваць усім у гэтай авантуры даверу Богу. Мы дзякуем Богу за прыгажосць таго, што сёння мы можам тут перажыць.

Сёння ды ўчора ўвечары я супольна вячэраў з дзвюма групамі валанцёраў, якія былі ў Тэзэ апошнія тыдні. Усім нашым валанцёрам хачу сказаць вялікі дзякуй! Без вас нам было б немагчыма прыняць столькі моладзі з усяго свету.

Многія з валанцёраў неўзабаве рыхтуюцца пакінуць Тэзэ, і я хацеў запытацца ў двух з іх, Тэрэзы з Нямеччыны і Хуліа з Гішпаніі, што для іх было важным падчас іх побыту ў Тэзэ.

Тэрэза: Па-першае, Тэзэ для мяне вельмі асаблівае месца. Калі я тут у якасці валанцёра, для мяне вельмі важна, каб у мяне быў час; час для мяне, каб адкрыць сваю веру і час, каб правесці з усімі рознымі людзьмі, якіх я магу сустрэць тут.

Так цудоўна бачыць, як расце тут мая вера; што мы атрымліваем магчымасць задаваць пытанні і знаходзіць на іх адказы, часам самі або падчас размоў з іншымі людзьмі.

Я таксама вельмі шчаслівая, што, калі я дапамагаю ў сустрэчах, дык маю магчымасць зрабіць свой унёсак у той досвед, якога багата хто шукае, калі прыязджае ў Тэзэ.

Я вельмі ўдзячная, што магу тут сустракацца з людзьмі з усяго свету і размаўляць з імі практычна пра што заўгодна.

Гэта так адкрывае вочы, каб убачыць, як адрозніваюцца розныя традыцыі веры, асабліва ў тым, што тычыцца нашага ладу жыцця і таго, як мы перажываем нашую веру.

Хуліа: У маім валанцёрскім досведзе мне б хацелася падкрэсліць сціпласць, якую браты дэманструюць нам кожны раз, калі мы абедаем супольна з імі, і, нягледзячы на ​​тое, чым браты спрабуюць жыць, яны аддаюцца служэнню валанцёрам.

Акрамя таго, тую духоўнасць, якую я калісьці меў, я страціў, а дзякуючы Тэзэ і яго тром штодзённым малітвам я аднавіў яе.

І, нарэшце, жыццё ў абшчыне, дзе перадусім застаецца любоў, служэнне і адданасць іншым. Мне гэта нагадвае першыя хрысціянскія абшчыны.

Тэзэ – гэта месца, дзе ты ідзеш да самага кораня істотнага, дзе менш – значыць больш, дзе не мае значэння, адкуль ты; месца, быць часткай якога, я ганаруся.

На мінулым тыдні з намі ў Тэзэ было каля 150 маладых украінцаў. Была сярод іх і Ала. Пэўны час таму на фронце яна страціла сына. У пятніцу прыйшло паведамленне, што пасля працяглай хваробы памёр яе муж. Сутыкнуўшыся з сітуацыямі, падобнымі да яе, мы маглі б запытацца: «Дзе ж Бог?» Але добразычлівасць на твары Алы паказвала нам на нешта большае, чым нашыя пытанні.

Быць побач з людзьмі, якія перанеслі вялікую страту, няпроста, але калі мы іх выслухоўваем, часта менавіта яны дапамагаюць нам нанава адкрыць давер.

Калі ласка, прыходзьце заўтра а 20:00, каб памаліцца з намі за супакой у нашым свеце, як мы робім тое кожную пятніцу вечарам. Не забываймася пра народ Украіны і тых, хто пакутуе таксама на Святой Зямлі ды ў многіх неспакойных зонах па ўсёй зямлі.

Напрыканцы года з 28 снежня па 1 студзеня, мы будзем маліцца ў інтэнцыі супакою ў Таліне падчас нашае штогадовае Еўрапейскае сустрэчы. Эстонія – невялікая краіна, дзе хрысціян не так багата. Але яны рыхтуюць для нас файны прыём. Прыязджайце і далучайцеся да нас!

Апошняе абнаўленне: 10 September 2024