TAIZÉ

Казанне арцыбіскупа Ёрка

 
Англіканскі арцыбіскуп Ёрка, правялебны д-р Стывен Котрэл, прымас Англіі, наведаў Тэзэ з 23 па 25 жніўня, каб далучыцца да групы маладзёнаў з яго правінцыі, якія былт ўдзельнікамі моладзевых сустрэч на ​​працягу тыдня. Ніжэй тэкст ягонага разважання над Евангеллем паводле Яна 6, 60-69, якое ён прамовіў у Тэзэ падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі ў нядзелю, 25 жніўня 2024 г.

‘З гэтага часу многія вучні Ягоныя адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі з Ім.’
Яна 6, 66

Бадай, гэта адзін з самых сумных вершаў у Евангеллі.

Натоўпы людзей, якіх учора накармілі, вяртаюцца сёння на яшчэ адзін дармовы пасілак.

Але Езус не дае ім жаданага хлеба. Замест гэтага Ён кажа: «Я – хлеб».

Замест гэтага Ён кажа, што Яго плоць і кроў – гэта ежа і пітво.

Натоўп разыходзіцца. Наракаюць нават вучні. Хто можа прыняць гэтае цяжкае навучанне?

Езус сказаў Дванаццаці: «Ці і вы таксама хочаце адысці?»

Сёння раніцай я стаю сярод вас – у гэтым месцы, якое з’яўляецца такім прыгожым месцам гасціннасці, дзе моладзь свету, кожнай нацыі і кожнай канфесіі, запрошаная, каб прыняць хлеб, якім ёсць Езус, каб змагацца з выклікам Ягонага навучання.

Калі гэта хлеб, які дазваляе нам жыць вечна, чаму ж тады бунтуюцца народы, чаму мы прагнем іншага, чаму мы адмаўляемся ад Езуса? Мушу вам сказаць, што я лічу, што крочыць за Езусам цяжка. Што часцяком здаецца лягчэй сысці. Што я ўсё яшчэ вучуся, што значыць крочыць ягоным шляхам. Што ў мяне яшчэ наперадзе доўгі шлях.

І ў гэты момант Пётр ступае наперад. Адважны, дзёрзкі, прыгожы Пётр.

«Пане, да каго мы пойдзем?» – кажа ён Езусу.

Што, на маю думку, можа азначаць: «Я хацеў бы пайсці ў іншае месца. Хацелася б, каб было лягчэй. Калі ёсць выхад, правядзіце, калі ласка, да дзвярэй».

Але тады велізарная ласка напоўніла надзею: «Ты маеш словы вечнага жыцця».

Я ўбачыў у Езусе тое, што Пётр бачыць у Езусе. Ягоныя словы – якімі б складанымі, якімі б цяжкімі, якімі б каштоўнымі ні былі – гэта словы жыцця.

Калі я ўпершыню прыехаў у Тэзэ трыццаць гадоў таму, адна рэч, якая мяне ўразіла ў гэтым Храме, дзе мы тройчы на дзень збіраемся на набажэнства, гэта тое, што ёсць некалькі розных уваходаў і выхадаў. Мы можам падыйсці да яго – або, калі хочам, пакінуць яго – з розных бакоў.

Яго цэнтрам з’яўляецца Езус. Ён прапануе свае словы жыцця.

Калі вы, як і я, знаходзіцеся тут – і, магчыма, нават не ведаеце, чаму вы тут і што гэта значыць – і калі крочыць за Езусам для вас цяжка, але й прыгожа, тады, як і я, вы стаіце там, дзе стаяў Пётр.

І, дарагія сёстры і браты, гэта добрае месца, каб стаяць. З усёй нашай радасцю ад пазнання Езуса і з усім нашым хваляваннем.

Больш няма куды ісці. Бо тут слова вечнага жыцця.

Насіце тое з сабою. Няхай гэта будзе вашым арыенцірам.

Апошняе абнаўленне: 25 September 2024