Сардэчна вітаем усіх вас, хто прыехаў, каб правесці з намі гэтыя дні, калі мы ўзгадваем рашэнне Езуса палюбіць ажно да Яго апошняга ўздыху. Робячы гэта, Езус паказвае нам, кім з’яўляецца Бог, і кажа нам, што нішто не можа адлучыць нас ад Божае любові: ні жыццё, ні смерць, ні пакута, ні насілле.
Цягам гэтага тыдня мы крочылі слядамі Езуса, пачынаючы ад Яго ўваходу ў Ерузалем, апошняй вячэры з сябрамі, несправядлівага суда і асуджэння, аж да таго, калі Ён аддаў сваё жыццё за ўсіх на крыжы. Сёння ў цішыні мы чакаем канчатковага пацверджання гэтае любові, якая не ведае межаў, якая зноў адкрывае шляхі прабачэння і еднасці, вядучы ўсіх нас да вечнага жыцця.
Багата вас прыехала з Нямеччыны, Францыі, Партугаліі, Італіі і Гішпаніі, але я хацеў бы асабліва прывітаць палестынцаў з Бэтлеема, якія з намі на гэтым тыдні, а таксама моладзь з Украіны. Ваша прысутнасць тут увасабляе нашае жаданне памятаць пра ўсіх, хто пацярпеў ад вайны і прыгнёту ў нашым неспакойным свеце. Памятайма таксама пра людзей, якія змагаюцца за справядлівасць ва ўмовах аўтарытарных рэжымаў. Я хацеў бы папрасіць Джона з Бэтлеема ды Ганну з Кіева прамовіць да нас некалькі слоў:
Джон з Бэтлеема: “Пане Божа, мы з’яўляемся дачкамі і сынамі Святой Зямлі, якую Ты вырашыў абраць для нараджэння, жыцця, смерці ды ўваскрасення Твайго Сына Езуса.Нашая краіна адзначана вайной, несправядлівасцю і разрухай. Тым не менш, мы па-ранейшаму поўныя надзеі і стойкасці, таму што вы крочыце з намі, і мы можам разлічваць на вас.Мы ўдзячныя нашым сем’ям і сябрам, якія падтрымліваюць нас, выслухоўваюць нас, абараняюць нас, падбадзёрваюць і дапамагаюць нам працягваць наш шлях у гэтым жыцці. Яны даюць нам надзею і моц.Мы ўдзячныя за прывілей жыць на Святой Зямлі; мы з лёгкасцю можам пайсці памаліцца ў храм Нараджэння Хрыстовага, каб узгадаць Тваю любоў да нас. Гэта дае нам надзею і моц.Мы ўдзячныя за магчымасць вучыцца ва ўніверсітэце, які дае нам бяспечнае месца для навучання, адкрыцця розуму і сэрца свету й вам. Гэта дае нам надзею і моц.Мы ўдзячныя за мастацтва, музыку і асабліва за наш хор, які дае нам месца, дзе мы можам сабрацца разам і выказаць адным голасам як наш боль, так і нашу хвалу праз музыку; мы ведаем, што Ты чуеш нас. Гэта дае нам надзею і моц.Мы ўдзячныя за Тваё жывое Слова ў Евангеллі, асабліва за Твае Запаведзі Блажэнстваў, якія нагадваюць нам, што, хоць сітуацыя зараз цяжкая, Ты абяцаеш лепшыя дні: Ты абяцаеш Валадарства Божае. Гэта дае нам надзею і моц.Мы ўдзячныя за сэрцы і розумы, якія мы выкарыстоўваем, каб служыць адно аднаму, не чакаючы адказу, будуючы супольнасць надзеі і сілы, якая дапамагае нам выстаяць.Ты з намі. Мы дзякуем Табе і звяртаемся да Цябе па дапамогу”.----Ганна з Украіны: “Вялікі тыдзень – гэта вельмі асаблівы час. Калі я думала пра тое, як правесці гэты год, Абшчына Тэзэ здавалася мне самым падыходзячым месцам для гэтага; і асабліва ў гэтыя складаныя часы, месцам, дзе можна глыбей паразважаць пра тое, што азначае ўваскрасенне.Апошні раз я была ў Тэзэ тры гады таму, таксама падчас Вялікоднага тыдня. Гэта было ўсяго праз пару месяцаў пасля паўнамаштабнага ўварвання РФ ва Ўкраіну. Гэты тыдзень стаў важнай вяхой у стварэнні майго падмурку ўстойлівасці і надзеі разам з шэрагам іншых нечаканых падарункаў, якія я атрымала.Калі я сёння разважаю пра супольнасць Тэзэ, я задаюся пытаннем: чаму для мяне так важна, каб вяртацца сюды зноў і зноў?Упершыню я прыехала да Тэзэ дзесяць гадоў таму, прыкладна ў той час, калі вайна ўпершыню дасягнула Ўкраіны і закранула ўсходнія рэгіёны. Супольнасць Тэзэ ў той час выказалася глыбокае салідарнасцю і падтрымкаю ўкраінскаму народу. Адным яркім успамінам, які я захавала з таго перыяду, з’яўляецца тое, што Абшчына Тэзэ некалькі разоў прымала групу дзяцей і маладзёнаў з Украіны, якія былі ўнутрана перамешчанымі асобамі ў сваёй краіне. Яны былі часткаю ініцыятывы «Дзеці надзеі і любові» – групы людзей, якія шукалі адказы на выклікі вайны, ініцыятывы ў якой паўдзельнічала таксама й я.Запрашэнне з Тэзэ і вопыт супольнага жыцця з гэтымі дзецьмі і моладдзю былі моцным знакам сяброўства, клопату і любові – рэчаў, якія былі вельмі неабходныя ў той час.Хачу выказаць удзячнасць за салідарнасць і падтрымку, якую Супольнасць Тэзэ нязменна праяўляла на працягу гэтых дзесяці цяжкіх для Ўкраіны гадоў – малітвамі, чынамі ды прысутнасцю.Дык што ж для мяне так важнае, каб вяртацца сюды зноў і зноў?Тэзэ – гэта месца, дзе я магу нагадаць сабе, часта праз іншых, простыя, але вельмі важныя ісціны. Напрыклад, падчас сённяшняе ранішняе групы дзялення мне прыгадалі, што рука Езуса заўсёды на нашым плячы, нават калі мы пра гэта забываемся.Сёння Тэзэ для мяне з’яўляецца месцам, дзе мы можам прапанаваць адно аднаму суцяшэнне і надзею, у якіх мы ўсе маем патрэбу, асабліва ў цяжкія часы”.
Маладыя палестынцы і ўкраінцы ў пятніцу неслі для нас крыж, а сёння ўвечары абраз, на якім мы бачым, як Езус цягне да святла першага чалавека Адама. Заўтра на распачацце Эўхарыстыі вы будзеце несці пасхальную свечку. Такім чынам вы дапамагаеце нам маліцца аб тым, што абяцае нам Езус праз сваё вяртанне да жыцця: за пакутамі і смерцю ніколі не будзе апошняга слова.
Мы не можам аддзяліць Крыж ад Уваскрэсення. Часцяком аднак мы становімся людзьмі Вялікае суботы. Мы трапляем у нейкае чаканне. Магчыма, мы знаёмыя з нашымі ўласнымі пакутамі, але таксама ў нашых грамадствах, у розных сітуацыях вайны ў свеце, а таксама ў нашым параненым стварэнні. Вакол нас вельмі шмат людзей, якія дасвядчаюць жахлівыя перажыванні.
Мы прагнем вылячэння, супакою. Мы прагнем сапраўднага вяртання да жыцця. Вялікая субота кажа нам, што, нягледзячы на тое, што здаецца маўчаннем, Бог нейкім чынам дзейнічае і вяртае гэтае жыццё.
Заўтра раніцай мы збярэмся, каб паслухаць чытанні з першае часткі Бібліі, якія распавядаюць пра творчую сілу Божае любові, пра Божае жаданне вызваліць свой народ, што нараджае надзею звыш усялякае надзеі. Калі мы іх слухаем, няхай гэтыя чытанні адкрыюць нашыя сэрцы на тую самую надзею.
Не ўсе чытанні простыя для разумення, але яны кажуць нам, што ёсць лепшае месца, больш прывабны свет, што свабода магчымая. Таксама яны паказваюць, што шлях праходзіць праз пустыню.
Бо ўсім нам патрэбна вызваленне тым ці іншым чынам, незалежна ад таго, што трымае нас ва ўнутранае няволі, ад цяжкасцей, звязаных з нашымі грамадствамі, ці ад праблемных сітуацый, дзе на карту пастаўлена нават нашае жыццё, нашая свабода ці свабода нашае краіны.
Прыклад прарока Ераміі мяне вельмі крануў. Калі Ерамія знаходзіўся ў вязніцы, а Ерузалему пагражала небяспека, ён у Ерузалеме набыў сабе поле. Для мяне такія прароцкія жэсты паказваюць нашую веру ў вернасць Бога. Нешта ў ім падказвала яму, што будучыня магчымая. Нашая вера ва Ўваскрасенне кажа нам, што новае жыццё магчыма там, дзе яго не было.
Што гэта канкрэтна значыць? Якія жэсты мы пакліканы зрабіць у знак даверу да мірнае будучыні? Якія крокі мы можам зрабіць у нашае малітве, каб памятаць пра гэтыя розныя сітуацыі, калі ў дадзены момант здаецца, што існуе толькі смерць? Кім з’яўляюцца тыя людзі, што пакутуюць і жывуць побач з намі, якім мы можам працягнуць руку дапамогі?
Ці тое можа значыць неабходнасць пакінуць зону нашага камфорту, каб быць там, куды ніхто не хоча ісці? А можа толькі перабываць з людзьмі, якія проста адрозніваюцца ад нас? Або заставацца на сувязі з людзьмі, якія жывуць ва ўмовах вайны. Вось такія пытанні я задаю сабе сёння. Можа быць, я змагу падзяліцца імі з вамі.
І, магчыма, няма ніякіх імгненных рашэнняў, якія мы маглі б прапанаваць, але дзякуючы прысутнасці адбываецца нешта нечаканае. На працягу апошняга года нашыя браты рэгулярна наведвалі моладзь Украіны. Таксама адбыліся візіты ў Ліван, Ерузалем ды на Заходні бераг ракі Ярдан. Гэта ўсё будзе працягвацца.
Падчас такіх візітаў з абодвух бакоў адбываецца пераўтварэнне, бо людзі разумеюць, што яны не забытыя, а мы адкрываем мужнасць гэтых людзей. Аднаўляецца наш давер, а ўнутры нас нешта вяртаецца да жыцця.
І апошняе: з 28 снежня па 1 студзеня мы спадзяемся, што вы зможаце далучыцца да нас на нашае штогадовае Еўрапейскае моладзевае Сустрэчы. Пасля Таліна на пачатку гэтага года наша наступная Сустрэча адбудзецца ў Парыжы і прылеглым рэгіёне Іль-дэ-Франс.
На гэтую еўрапейскую Сустрэчу нас запрасілі арцыбіскуп Парыжа і біскупы правінцыі, а таксама пратэстанцкія і праваслаўныя лідары. У Таліне арцыбіскуп сказаў нам, што сабор Нотр-Дам прыме ўсіх нас, адчыніўшы дзверы, каб мы маглі сустрэць Хрыста, які нас чакае. Гэтая Сустрэча будзе таксама знакам нашага імкнення да супакою і братэрства ў чалавечае сям’і, да надзеі звыш усялякае надзеі.
Зараз мы працягнем малітву, але перад тым, як зноў распачаць спеў, няхай кожны з нас прашапча таму, хто побач: “Хрыстос Уваскрос!” А яны ў сваю чаргу могуць прашаптаць у адказ: «Сапраўды Ўваскрос!»
А з заўтрашняга дня і ў наступныя тыдні вітайце гэтым прывітаннем вашых сясцёр і братоў у веры. Набярыцеся адвагі паверыць у знак пустой магілы. Тады супакой і радасць Уваскрослага Хрыста будзе з усімі намі!