Дзякуем, што вы былі з намі на працягу гэтага тыдня сустрэч у Тэзэ. Многія з вас паходзяць з Нямеччыны, але ёсць таксама групы са Швецыі, Ірландыі ды Нідэрландаў; не забываймася таксама пра каманду маладых валанцёраў, якія здалёк прыехалі да нас. На мінулым тыдні новыя валанцёры прыбылі з Чылі, Мексікі, Чада, Інданезіі і В’етнама. Асабліва ж вітаем групу з Кітая, якая была з намі на гэтым тыдні. Гэта для вас мы спявалі “Bless the Lord” па-мандарынску!
Праз некалькі хвілін я хацеў бы папрасіць Крысцін, адну з нашых валанцёрак, распавесці нам аб сваім нядаўнім візіце ў Перу, але перадусім я хацеў бы падзяліцца з вамі некалькімі думкамі.
Учора вечарам падчас малітвы мы пачулі з Евангелля паводле Марка, як Езус ішоў каля возера, калі ўбачыў за працай двух братоў, Сымона і Андрэя. Яны былі рыбакамі і займаліся сваёй справай. Езус прамовіў да іх. Ён вельмі проста сказаў “Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей”.
Я памятаю, як упершыню пачуў гэтыя словы, і яны мяне заінтрыгавалі. Што меў на ўвазе Езус, кажучы пра «рыбакоў людзей»? Ён прасіў гэтых двух маладых людзей «лавіць» яму людзей? Але калі я зазірнуў у астатнюю частку Евангелля, я не ўбачыў, каб Езус паводзіў сябе такім чынам. Ён прымаў людзей, асабліва тых, хто быў выключаны з грамадства ці з рэлігійнага жыцця. Ён праяўляў да іх спагаду і дапамагаў ім зразумець, што Бог іх любіць.
Такім чынам, відавочна: крочыць за Езусам – гэта значыць весці гэткі лад жыцця, а не лавіць людзей у сеткі. Пры гэтым яны былі рыбакамі і павінны былі стаць рыбакамі людзей. Гэта гульня словаў, але для мяне гэта заўсёды мела больш глыбокі сэнс.
Езус бярэ ўсё, чым мы з’яўляемся, і перамяняе гэта, надае новае значэнне, калі мы крочым за Ім. Ён не перакрэслівае таго, кім мы з’яўляемся, і не адмаўляецца ад нашага мінулага досведу, але вядзе нас да спаўнення, якое, магчыма, патрабуе часу, але якое з’яўляецца часткаю падарожжа, у якое Ён нас вядзе. Нішто не змарнавана, нішто не згублена, усё, што ёсць у нас, можа быць пераменена дзякуючы Яго любові.
За гэтыя дні ў Тэзэ, магчыма, вы зразумелі нешта больш пра тое, што значыць крочыць за Езусам. Магчыма, вы пачулі слова, якое вас кранула, або мелі сустрэчу, якая нагадала вам пра Яго прысутнасць, або заўважылі прыгажосць стварэння, якая расказала вам пра Божую любоў. Вазьміце тое з сабой, пакідаючы Тэзэ ў канцы гэтага тыдня. Дазвольце гэтаму ўзрастаць і весці вас па гэтым шляху разам з Ім.
Памятайце, што вы не самотныя на гэтым шляху. Многія з вас прыехалі разам з іншымі людзьмі з вашай царквы ці школы. Разам вы можаце працягваць пошукі. Няхай Святы Дух вядзе вас усё глыбей і глыбей да таямніцы еднасці, якой з’яўляецца Цела Хрыстова, Царква.
Добры вечар усім. Мяне завуць Крысцін, я францужанка, і я валанцёрка ў Тэзэ са жніўня. Тыдзень таму я вярнулася з месячнае паездкі ў Перу. Я паехала разам з Ваніяй, якая родам з Балівіі і якая летась таксама была валанцёркаю ў Тэзэ.Браты паслалі нас сустрэцца з перуанскай моладдзю і падзяліцца з ёю тым, што мы перажываем у Тэзэ, бо ў наступным годзе адбудзецца нацыянальная сустрэча служэння моладзі Каталіцкага Касцёла, а Тэзэ падчас гэтае сустрэчы будзе арганізоўваць малітвы.
Амаль штодня мы сустракалі розныя групы моладзі, якія ўдзельнічалі ў жыцці сваіх цэркваў ці універсітэтаў. Кожны раз гэта быў вельмі моцны момант, калі яны дзяліліся з намі сваім жыццём, верай і абавязацельствамі ў сваіх супольнасцях.
Я была здзіўленая, пазнаёміўшыся з такой колькасцю маладзёнаў, якія ўдзельнічаюць у гэтым, і разнастайнасцю іх місій. Мяне асабліва ўразілі сацыяльныя акцыі ў місіях, якія яны арганізоўваюць, і іх жаданне перадаць сваю веру іншым маладым людзям.
На поўначы краіны, у Чулуканасе, дзе адбудзецца сустрэча ў наступным годзе, на выходных моладзь наведвае дыяцэзіяльныя вёскі, каб заахвоціць моладзь і ўсіх жыхароў працягваць жыць разам сваёй верай, нават нягледзячы на тое, што святары могуць наведваць іх толькі некалькі разоў на год.
Падчас гэтае паездкі я шмат чаму навучылася ад людзей, з якімі сустракалася, ад іх веры і таго, як яны ёю жывуць. Я вельмі ўдзячная братам за давер і за тое, што яны дазволілі мне перажыць гэтую місію.
Суботнім вечарам падчас малітвы ў нашае Супольнасці мы будзем вітаць новага брата. Яго завуць Ісмаэль, ён родам з горада Качабамба ў Балівіі. Упершыню Ісмаэль прыехаў у Тэзэ ў 2017 годзе і хацеў вярнуцца ў Тэзэ, каб далей працаваць валанцёрам, але пандэмія зрабіла гэта немагчымым. Нарэшце ў 2023 г. ён змог прыехаць, і падчас яго знаходжання тут у ім узрастала пытанне, ці ісці за Езусам як брат Тэзэ.
Мінулай зімою Ісмаэль рыхтаваў Еўрапейскую сустрэчу ў Таліне, а потым, вярнуўшыся сюды, папрасіў далучыцца да нашае Абшчыны. Ён жыве сярод нас ад лютага, а ў суботу мы з радасцю будзем вітаць яго ў якасці новага брата. Пачынаецца час падрыхтоўкі да таго, каб такім чынам прысвяціць сваё жыццё.
У канцы гэтага года наша Еўрапейская сустрэча адбудзецца ў Парыжы і прылеглым рэгіёне Іль-дэ-Франс. Калі вам ад 18 да 35 гадоў, мы будзем рады вітаць вас там з 28 снежня па 1 студзеня. Арцыбіскуп Парыжа і біскупы правінцыі зрабілі такое цёплае запрашэнне разам з кіраўнікамі Праваслаўнай і пратэстанцкіх цэркваў, што мы ўжо цешымся!
Ці гэтая Сустрэча можа быць знакам нашага імкнення да міру і паразумення ў гэты час, калі так шмат людзей пакутуе з-за вайны? Ці можа гэта аднавіць нашую надзею і прывесці нас да таго, што мы можам зрабіць, каб дапамагчы тым, хто пацярпеў?
На працягу апошняга тыдня мы адправілі шмат паведамленняў падтрымкі людзям, якіх мы ведаем па ўсім Блізкім Усходзе. Вельмі важна, каб яны ведалі, што мы не забываемся пра іх у гэты час вялікай няпэўнасці. Тое ж самае тычыцца й народа Украіны, і для нас вялікі гонар мець магчымасць прымаць некалькі груп моладзі з гэтай краіны ў бліжэйшыя тыдні.
Калі ласка, прыходзьце і далучайцеся да нас ужо заўтра а 20:00 тут, у Храме, калі мы будзем маліцца ў цішыні за мір у нашым свеце, як і ў кожны пятнічны вечар. Ціхая малітва можа здацца малаважнай, але яна можа быць знакам салідарнасці з тымі, хто не можа выказаць свае пакуты і каму бракуе слоў. Падчас гэтае малітвы ў нас можа ўзнікнуць інтуіцыя, якая паказвае, што мы маглі б учыніць.