TAIZÉ

Разважанне брата Алоіса

Хрыстус з любоўю глядзіць на нас

 
Разважанне брата Алоіса падчас экуменічнага малітоўнага чування на Сусветных Днях Моладзі ў касцёле São Domingos у Лісабоне | 3 жніўня 2023

Сёння ўвечары мы пачулі гісторыю з Евангелля паводле святога Лукі, якую Езус выкарыстоўвае ў якасці адказу на пытанне, пастаўленага кніжнікам - знаўцам Святога Пісання: “А хто мой бліжні?” Як гэта часта бывае з Езусам, Ён не адказвае наўпрост, але ў навучальнае форме, пры дапамозе прыпавесці.

У гэтае гісторыі мы сустракаем параненага чалавека, пакінутага паўжывым на ўзбочыне дарогі, затым святара і лявіта, якія не спыняючыся праходзяць і працягваюць свой шлях. Потым прыходзіць іншаземец з краіны, якая называецца Самарыя. Ён падыходзіць да параненага, аказвае яму першую дапамогу і адводзіць у заезд.

Гэтая гісторыя падобная да кароткага выкладу Евангелля: яна запрашае нас адкрыць для сябе, што Хрыстус глядзіць на нас з любоўю. У ім Бог набліжаецца да зраненага чалавецтва. Ён не прыходзіць асудзіць, але аздаравіць і вылечыць. І Ён запрашае нас, у сваю чаргу, зрабіць тое ж самае.

Сапраўды, мы можам прыняць міласэрнасць Хрыста ў сабе і дазволіць быць пасланымі да тых, хто паранены. Падобна да самараніна, не будзьма ж баяцца набліжацца да тых, каго пакінулі на абочыне нашых дарог. Асабліва я маю на ўвазе мігрантаў, якіх ва ўсім свеце становіцца ўсё больш.

Калі мы прысвячаем свае сілы таму, каб дапамагчы бліжняму, каб выправіць несправядлівасць, мы адкрываем, што Хрыстус прысутнічае ў параненым чалавеку, пакінутым на ўзбочыне дарогі, які чакае нашае спагады. Сам Хрыстус гэта адзначыў: “Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці” (гл. Мц 25, 35).

Пасля апавядання адбываецца зваротны ход, таму што Езус пытаецца ў кніжніка: “Хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?” Бліжні ўжо не толькі той, каго я пакліканы любіць, каму дапамагаць або каго ратаваць, але той, хто побач, каб любіць, дапамагаць і ратаваць.

Такім чынам, кожны з нас запрошаны дапамагаць іншым, але часам таксама павінен пагадзіцца, каб дапамаглі яму самому. Часам мы самі атрымліваем раны. Калі мы перажываем выпрабаванні, Хрыстус з зычлівасцю глядзіць на нас. А той позірк добразычлівасці можа выявіць чалавек, які проста становіцца нам блізкі.

Так любіў Езус, сустракаў людзей і суправаджаў іх, не ставячы ніякіх умоваў. У гэтым заключаецца мужнасць Евангелля, якое заклікае нас быць ягонымі сведкамі. Адчуць тое мы можам з людзьмі, якія, здавалася б, далёкія ад нас, але таксама й з тымі, хто нас атачае.

Таму, у сувязі з гэтым, думаючы пра еднасць хрысціян, мы таксама можам выцягнуць прыгожы заклік з гэтага тэксту. Калі мы браты і сёстры ў Хрысце, як жа мы не хочам заўважыць тэрміновага закліку да прымірэння, каб залячыць раны нашых падзелаў, каб прыйсці на дапамогу тым, хто пакутуе?

Гэта менавіта тое, што нам бы хацелася перажыць 30 верасня ў Рыме падчас «Сходу народа Божага», які мы вырашылі назваць «Разам». Гэтая сустрэча будзе праходзіць паралельна ў Рыме ды ў іншых краінах свету, напярэдадні Сіноду Біскупаў Каталіцкага Касцёла.

Мы рыхтуем гэтае экуменічнае малітоўнае чуванне, як і адмысловыя выходныя для моладзі, разам з больш як шасцідзесяццю партнёрамі з розных Цэркваў, некаторыя прадстаўнікі з якіх прысутнічаюць тут у гэты вечар. Ужо зараз шчыра запрашаем да ўдзелу!

Малітву ж працягнем супольным жэстам: усе жадаючыя могуць прыйсці і памаліцца, паклаўшы чола на крыж, і такім чынам перадаць Хрысту свае ўласныя цяжары і цяжары іншых. Гэта знак таго, што ўваскрослы Хрыстус далучаецца да нас у нашым смутку і выпрабаваннях.

Апошняе абнаўленне: 8 August 2023