Мне б хацелася распачаць цытатаю з брата Ражэ, заснавальніка Тэзэ, які ў сваім апошнім перад сваёй смерцю ў 2005 г. пасланні да моладзі пад назвай “Будучыня міру” напісаў:
“Малітва не адводзіць нас ад праблем свету. Наадварот, няма нічога больш адказнага, чым малітва: чым болей мы жывем простай і сціплай малітвай, тым болей мы кіруемся любоўю і выказваннем яе ў нашым жыцці”.
Тады праваслаўны тэолаг Аліўе Клеман напісаў у сваёй кнізе “Тэзэ: Сэнс жыцця” наступныя словы:
“Істотаю сустрэч у Тэзэ, якія на працягу многіх гадоў грунтуюцца на тэме «духоўнае жыццё і міжчалавечая салідарнасць», з’яўляецца менавіта сувязь паміж глыбокім духоўным вопытам і творчай адкрытасцю на свет. І менавіта да такога хрысціянства мы павінны імкнуцца, таму што чым больш мы становімся людзьмі малітвы, тым больш мы становімся людзьмі адказнымі.
Малітва не вызваляе нас ад абавязкаў гэтага свету: яна робіць нас яшчэ больш адказнымі. Няма нічога больш адказнага, чым маліцца. Нам вельмі неабходна ўсвядоміць гэта і даць усвядоміць моладзі. Малітва – гэта не забава; гэта не нейкі нядзельны наркотык, яна ўцягвае нас у таямніцу Айца, у сілу Святога Духа, прыцягвае да Аблічча, якое адкрывае нам кожнае аблічча і ў канчатковым рахунку робіць нас слугамі кожнага аблічча”.
Я не вырашаюся развіваць гэтую тэму далей у тэарэтычным плане. Існуе рызыка, што трапім у пастку добрых намераў і слоў, далёкіх ад досведу людзей, якія апынуліся ў сітуацыях, дзе ім пагражае нянавісць. Спакуса заключаецца ў тым, каб прапанаваць лёгкія рашэнні, суцяшэнне на хвіліну, што ў доўгатэрміновай перспектыве рызыкуе ўзмацніць пачуццё забытасці і пакінутасці, неабходнасці змагацца сам-насам супраць ворага, які спараджае нянавісць.
Таму мне б хацелася запрасіць вас выслухаць некаторыя сведчанні, з якімі цягам апошніх некалькіх месяцаў я сустрэўся у Тэзэ ды ў іншых месцах. Як сказаў Аліўе Клеман, малітва “ўцягвае нас у таямніцу Айца, у сілу Святога Духа, прыцягвае да Аблічча, якое адкрывае нам кожнае аблічча і ў канчатковым рахунку робіць нас слугамі кожнага аблічча”. Спрабуйма адкрыць для сябе гэтыя абліччы, якія Аблічча адкрывае нам.
Падчас травеньскага візіту ва Ўкраіну з двума маімі братамі, Вярхоўны Арцыбіскуп Грэка-Каталіцкай Царквы ўладыка Святаслаў Шаўчук, у прысутнасці сваёй Канферэнцыі Біскупаў у санктуарыі ў Зарваніцы сказаў нам: “Малітва адкрывае прастору, якая дазваляе атрымаць аздараўленне”.
Мяне вельмі ўразіла гэтая заўвага. Зыходзячы з пазіцыі чалавека, які пастаянна сутыкаецца з болем свайго народа, ён бачыць, што паранены чалавек адбудоўвае сябе ў духоўным жыцці. Гэта працэс, які не абавязкова дае імгненныя вынікі, але які, магчыма, у суправаджэнні іншых сродкаў, адкрывае шлях да пераадолення таго, што спарадзіла ўнутры нас боль.
Людзям, якія не могуць маліцца, простае ўсведамленне таго, што ёсць іншыя, якія моляцца за іх, дапамагае пераадолець перашкоды, якія ўяўляе сабой вайна. Прыяцель з Украіны, у якога мы таксама былі ў траўні, напісаў:
“Мне 32 гады. Траціна майго жыцця прысвечана штодзённым размовам, думкам і малітвам аб расейска-ўкраінскай вайне. Дзесяць гадоў майго жыцця. Часам мне здаецца, што маё сэрца памерам з планету: столькі болю ад страт, але яшчэ больш надзеі на свабодную Украіну. Калі ласка, маліцеся за нас. Маліцеся за нашу свабоду”.
Гэтым летам у Тэзэ маладая азіятка падзялілася з намі такімі роздумамі:
“Цягам трох гадоў у краіне ўспыхнулі шматлікія канфлікты. Тысячы дамоў былі спалены, а людзі забітыя. Значна ўзрасла колькасць пераселеных асоб, як і колькасць ахвяр мінаванняў ці іншых парушэнняў правоў чалавека. Надаль багата безабаронных людзей, да якіх не можа дабрацца гуманітарная дапамога.
Я працую ў Caritas, каб дапамагаць гэтым людзям. Час ад часу я наведваю іх разам з членамі маёй каманды і выслухоўваю іх гісторыі. Я (...) не магу задаволіць усе іх патрэбы. Тым не менш, тое, што я перабываю з імі і выслухоўваю іх ад усяго сэрца, суцяшае іх, дае ім адчуванне бяспекі і супакойвае.
Я ніколі нікога ні аб чым не прасіла, таму што Бог даў мне ўсё неабходнае ў дастатку, перш чым я аб тым прасіла. Я атрымала добрую адукацыю, атрымала добрую працу, і я дапамагаю людзям, якія маюць патрэбу ў дапамозе; ёсць людзі, якія захапляюцца мной і хочуць быць падобнымі да мяне. На што мне скардзіцца? Я дабраславёная! Так, я дабраславёная.
Бог ніколі не пакідаў свайго народу і заўсёды стрымлівае свае абяцанні. Ён заўсёды побач з кожным з нас, калі мы маем у ім патрэбу.
Калі ласка, маліцеся за краіну і горад, дзе зараз трывае канфлікт; многія людзі пераехалі ў іншыя гарады, дзе, як яны думаюць, яны ў бяспецы, але мая сям’я ўсё яшчэ ў горадзе”.
Як тое магчыма, што гэтая маладая жанчына можа мець такое радаснае сэрца і не патануць у нянавісці? Шмат у чым таму, што малітвы іншых ды яе ўласная малітва вядуць яе наперад і адкрываюць яе для свайго народа, каб яна магла намацальна дапамагчы ім у цяперашнім стане вайны.
Малітва дазваляе нам выстаяць перад абліччам самых складаных сітуацый. Гэта спосаб затрымаць хвалю расчаравання, калі ўсё здаецца цьмяным. Нам напісала адна палестынская маці, якая цяпер знаходзіцца ўва Францыі, але сям’я якой знаходзіцца ў Газе:
“Любоў, якая нясе параненага, кволага, дае новыя сілы. Гэта прымушае мяне ўзгадваць пра паралізаванага чалавека, якога нясуць яго сябры ды іх вера. Малітва – таксама спосаб супраціўлення, і гэта для мяне важна.
“Але я чалавек: пасля паведамлення аб забойстве двух членаў маёй сям’і мяне ахапіла злосць, я крычала, плакала... Калі я апрытомнела, зразумела, што Бог побач, калі мы пакутуем і распачаем, і што Ён нясе нас. Яго любоў супакойвае гэтыя цярпенні, над якімі Ён працуе ў маёй малітве. Я перакананая ў гэтым. Ён з імі, з імі ўсімі”.
Гэтым летам падчас наведвання Тэзэ гэтая палестынка сказала нам: “Кожную раніцу я малюся, каб знайсці сілы любіць, а не ненавідзець”. Яе словы для нас нібы лямпа на дарозе.
7 сакавіка гэтага года мы здзейснілі 34-кіламетровы шпацыр у інтэнцыі супакою паміж Тэзэ і мястэчкам Жыўры. Адлегласць ад Газы да Рафаха складае 33 км. 33 км таксама нагадваюць нам пра 33 гады, якія Езус пражыў на зямлі, перш чым аддаць сваё жыццё за ўсіх, каб стаць нашым спакоем і знішчыць варожасць, якая раздзяляла народы (Эф 2,13-14); акрамя таго мы ўзгадалі, што паводле талмудычнай традыцыі ў кожным пакаленні ёсць 36 праведнікаў, якія схаваны і нават не ведаюць, што яны належаць да праведнікаў. Свет трымаецца на іх плячах. Наш шпацыр наблізіўся да гэтае лічбы.
Мы таксама хацелі ўзгадаць, што Тэзэ паўстала падчас вайны, што ў тыя першыя гады сфармавалася Абшчына, а брат Ражэ прымаў бежанцаў, некаторыя з якіх былі габрэямі; ужо пасля вызвалення быў наладжаны кантакт з ваеннапалоннымі. Наш шпацыр праходзіў праз дэмаркацыйную лінію, якая да 1942 года аддзяляла свабодную зону ад акупаванае зоны ўва Францыі.
Падчас чатырох прыпынкаў-стацый мы выслухалі сведчанні і маліліся, што наблізіла нас да тых, хто пакутуе ў Газе і на Заходнім беразе, да закладнікаў і іх сем’яў, да народа М’янмы, да ахвяр вайны ў Судане і да тых асоб ва Ўкраіне, якія змагаюцца за сваё існаванне. Малітва заступніцтва дапамагала нам таксама маліцца за тых, хто ва ўмовах рэпрэсіўных рэжымаў змагаецца за справядлівасць і мір.
На пачатку маршу кожны ўдзельнік атрымаў каменьчык з імем чалавека, які пражывае ў зоне канфлікту. Мы былі запрошаныя несці гэтага чалавека з сабой у думках падчас шпацыру і маліцца за яго. Гэтае абяцанне павінна было працягвацца таксама й пасля заканчэння шпацыру. Шпацыр пачаўся з гэтае малітвы, словамі якой я хацеў бы завяршыць:
“Верны Божа, Божа пілігрым, Ты заўсёды крочыш наперадзе нас. Будзь прысутны з усімі намі на працягу гэтага дня, калі мы падарожнічаем ідучы, молячыся або разважаючы. Дзе б мы ні былі, на сцежках, у храмах ці ў нашых пакоях, менавіта Ты будзеш гаварыць з намі праз сведчанні, якія мы пачуем. Адкрый нашыя сэрцы, каб пачуць плач нявінных, якія пакутуюць ад вайны, з якой яны сутыкнуліся. Спашлі Твайго Святога Духа, каб ён суправаджаў нас і нагадваў нам, што Твой Сын, Езус Хрыстус, ёсць нашым спакоем. Праз яго ты заўсёды будзеш дабраслаўляць нам. Учыні з нас пілігрымаў супакою”.