TAIZÉ

Ліст брата Мэцью на 2024 год

Сумеснае падарожжа

 

Цягам апошніх 18 месяцаў нашая Абшчына Тэзэ перажыла прыгоду веры. Супольна з партнёрамі з рухаў, суполак і арганізацый з шэрагу хрысціянскіх Цэркваў мы рыхтавалі «Сход народа Божага» пад назвай «Разам» [1]. Інтуіцыя, выказаная братам Алоісам [2] на адкрыцці каталіцкага Сінода Біскупаў па сінадальнасці, ды падрыхтоўка «Разам» падштурхнула нас да таго, каб больш прыслухоўвацца да іншых, шукаючы дароў, прысутных у розных царкоўных групах, а таксама сярод людзей добрай волі ў грамадстве.

На запрашэнне папы Францішка экуменічнае малітоўнае чуванне, якое праходзіла на плошчы Святога Пятра ў Рыме, сабрала больш за 20 розных царкоўных іерархаў, а таксама ўсіх удзельнікаў XVI Звычайнай генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў Каталіцкага Касцёла ды 18 000 чалавек усіх узростаў з усяго свету, у тым ліку 4 000 маладзёнаў, якія прыехалі на праграму выходнага дня і былі прынятыя ў парафіях Рыма. Адначасова падчас гэтага чування ў 222 розных месцах па ўсёй планеце людзі сустрэліся, каб з’яднацца ў малітве.

Аглядаючыся назад, як мы можам зразумець гэты досвед? Якую будучыню тое адкрывае для сумеснага падарожжа сярод хрысціян? „Адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы – браты” (Мацвея 23, 8), кажа Езус. Ці ж не ўсе хрысціяне з’яўляюцца братамі і сёстрамі, з’яднанымі ў камуніі, якая пакуль недасканалая, але ўсё ж рэальная? Ці ж не Хрыстус кліча нас і паказвае нам шлях, каб разам з Ім мы, нібы спадарожнікі, маглі крочыць наперад разам з тымі, хто жыве на ўзбочыне нашага грамадства? На гэтым шляху, праз дыялог, які прымірае, памятайма, што мы патрэбны адно аднаму не для таго, каб навязваць сваё меркаванне, але каб спрыяць міру ў чалавечай сям’і [3].

У падзяку за гэта ўзрастаючае пачуццё еднасці нам варта адшукаць неабходны імпэт, каб супрацьстаяць сучасным выклікам, такім як енк зямлі ці палярызацыя, якія разбураюць чалавечую сям’ю. Падарожнічайма ж разам нібы Божы народ шляхам сустрэчы і ўзаемнага выслухоўвання.

Што для нас значыць нанова адкрыць для сябе выслухоўванне іншых людзей? Ці гатовыя мы замест адпрэчвання зразумець асцярогі, якія могуць быць выказаны?

Па дарозе з Рыма ў Тэзэ я затрымаўся ў славенскай сталіцы, Любляне, месцы правядзення 46‐ае Еўрапейскае моладзевае Сустрэчы Тэзэ [4], каб сустрэцца з міжнароднай падрыхтоўчай групай маладых валанцёраў, братамі Тэзэ, сёстрамі супольнасці Святога Андрэя ды славенскімі сябрамі. Ніжэйшае разважанне на тэму «Сумеснае падарожжа» ў значнае частцы з’яўляецца плёнам нашых тагачасных размоў.

Дзякую маім братам, асобам, якія спрычыніліся да падрыхтоўкі гэтага Паслання, і ўсім, хто будзе ўдзельнічаць у гэтым падарожжы.

З самымі найлепшымі пажаданнямі для вас усіх,

брат Мэцью

У Любляне я пачуў, як нехта сказаў: „Сёння бяздомнасць у грамадстве – гэта пытанне не толькі дома матэрыяльнага. Для многіх людзей гэта рэальнасць духоўнага кшталту. Аднак пошук ўнутранае бяспекі можа часам прывесці да разумовых працэсаў, якія яшчэ больш вядуць да ізаляцыі”. Нехта іншы спытаў: „Калі мы сумесна падарожнічаем, колькі ўзаемнае згоды нам трэба, каб вырушыць у дарогу? Існуе небяспека пустых фраз, якія хаваюць тое, што мы выключна церпім іншага. Адкрываючыся ж на дыялог, мы рызыкуем”. Куды нас вядуць гэтыя пытанні?

Выслухоўваючы

У аснове кожнага дыялогу – выслухоўванне. Майсей сказаў народу Божаму: „Шма Ізраэль” – „Слухай, Ізраэль” (Другазаконня 6, 4); і гэтыя словы далі назву іхняй штодзённай малітве. Некалькі стагоддзяў пазней св. Бэнэдыкт з Нурсіі [5] сваё манаскае правіла пачаў са слоў «Слухай уважліва».

Слуханне – гэта акт любові. У аснове любых даверлівых адносін ляжыць выслухоўванне. Без гэтага мала што можа ўзрастаць або развівацца. Без гэтага аніякія адносіны не могуць функцыянаваць. Калі мы бескарысліва слухаем іншага, мы даем яму прастору для існавання. Мы даем яму магчымасць выказаць тое, што трэба выказаць, часам нават тое, што немагчыма выказаць словамі.

Сэрцам выслухоўвання ж з’яўляецца цішыня [6]. У Бібліі шмат таму прыкладаў. Ілля сустракае Бога ў шуме ціхага ветру, а не ў землятрусе, ветры ці агні (1 Валадарстваў 19, 11‐13). Марыя, сястра Марты, сядзіць ля ног Езуса і слухае Яго (Лукі 10, 39) [7]. „Вушы мае Ты мне расчыніў”, гаворыцца ў старадаўняй біблейскай малітве (Псальм 40, 7).

Сёння ў нас часта складваецца ўражанне, што дасягае поспеху той, хто гучней крычыць. Здаецца, гвалт узрастае ў такой колькасці месцаў, што мы ўжо не ведаем, куды падацца. Але Бог ніколі не з’яўляецца стваральнікам гвалту [8], ніколі не навязвае сябе. „Паслухаю, што гаворыць Пан Бог. Ён спакой абвяшчае народу і святым сваім” (Псальм 85, 9).

Ці спроба выслухаць і зразумець іншага не будзе такім шляхам наперад? „Разумнае сэрца” (1 Валадарстваў 3, 9) не толькі не чыніць нас паслухмянымі і не перашкаджае нам выказвацца перад абліччам несправядлівасці, але дазваляе нам прымаць смелыя і крэатыўныя рашэнні, укаранёныя ў глыбіні нашых унутраных перакананняў, дзе Бог бліжэй да нас, чым мы адважваемся спадзявацца...


Ідучы

Ідучы па жыцці, мы з’яўляемся турыстамі ці пілігрымамі? Мы ідзем выключна, толькі каб назіраць звонку, ці, можа, yнутры нас хаваецца прага, якая цягне нас наперад? Пілігрым, нават не бачачы канчатковага пункта прызначэння, шукае сэнс на кожным кроку свайго шляху, інтуітыўна адчуваючы кірунак. Але шлях без мэты можа пераўтварыцца ў бязмэтнае блуканне [9].

Калі такое адбудзецца, ці ўзгадаем мы, як Езус сказаў: „Я – дарога, і праўда, і жыццё” (Яна 14, 6)? Ісці з Ім азначае трымаць гэтыя тры рэальнасці разам. Сам Езус – гэта шлях, якім мы крочым; мы можам давяраць таму, што Ён кажа; Ён вядзе нас да паўнаты, якой мы нават не маглі сабе ўявіць.

Езус нікога не выключыў са свайго шляху. Укаранёны ў лучнасці з Богам, Ён дзяліўся сваім жыццём з усімі, хто да Яго прыходзіў, з праведнымі і няправеднымі людзьмі. Ён распазнаваў Божую прысутнасць у тых, хто знаходзіўся на ўзбочыне грамадства, у грэшніках ды ізгоях, а нават у тых, хто не належаў да Яго народа. Езус аддаваў тое, што меў, але таксама й атрымліваў ад тых, каго сустракаў. Яны былі выклікам у Ягоным жыцці, але адначасова Ягонае ж жыццё й узбагачалі.

Ці ж Езус, лагодны і пакорны сэрцам [10], не запрашае нас на гэткі шлях? Ці мы гатовыя шукаць велікадушнай пакоры [11], каб прыняць тое, што нам могуць даць іншыя на гэтым шляху?

Сумеснае падарожжа – гэта жыццё Царквы і грамадства. Але, тым не менш, кожнаму чалавеку патрэбна прастора, каб можна было праявіць сваю творчасць ды ідэі. Тое дадзена для таго, каб тым дзяліцца, каб разам будаваць нашае жыццё ў Царкве, у чалавечае сям’і. Гітарныя струны знаходзяцца побач, але калі на іх граць разам, яны выдаюць прыгожы гук…


Перабываючы з іншымі

Быць разам з іншымі не заўсёды лёгка. У кожнага з нас уласныя раны. Часам мы ранілі адно аднаго.

Быць з людзьмі – гэта значыць слухаць іх. Даць ім час і прастору, каб яны змаглі распавесці нам сваю гісторыю [12]. Выслухаць – значыць прымаць іх y іхняй разнастайнасцi. Мы можам не пагаджацца альбо нават прытрымлівацца іншага светапогляду. Але дзіўна тое, што, калі мы насамрэч слухаем, калі дазваляем ім распавесці сваю гісторыю, часцей за ўсё, мы адкрываем нашу супольную чалавечнасць. Розніца не такая вялікая, як мы сабе ўяўлялі. Еднасць у разнастайнасці сапраўды магчымая [13]. І, магчыма, тыя з нас, хто прагне быць паслядоўнікамі Езуса, будуць здзіўлены, выявіўшы, што адзінства, якое пераўзыходзіць нашыя чаканні, ужо існуе ў Богу і ў Хрысце (Яна 17, 21‐23).

Але калі іншыя распавядаюць нам, наколькі яны зраненыя, ці нават як іх зранілі мы, ці мы адважымся прыняць іх слова блізка да сэрца? Мы можам так лёгка ўпасці ў механізмы самаабароны. І мы перастаем слухаць, спрабуючы абараніць сябе ці свой пункт гледжання. Ці спагада сэрца не азначае сур’ёзнай гатоўнасці ўспрымаць пакуты іншага? Магчыма, часам сумесныя пакуты могуць адкрыць шлях, на якім мы можам быць разам, нават калі мы не ў стане пакінуць гэтыя пакуты за сабою [14].

Часамі нам трэба пагадзіцца на тое, каб зрабіць крок назад. У гэтыя хвіліны мы можам даверыць сябе Святому Духу і прасіць Яго навучыць нас таму, што нам трэба ведаць [15]. Гэта азначае, што мы настолькі пакорныя, каб не мець жадання навязваць уласных ідэалаў, але прыняць тое, што нам прапануе іншы чалавек [16].

І мы ніколі не павінны адмаўляцца ад надзеі [17]. Апостал Павел, уражаны бясконцай любоўю ўваскрослага Езуса пасля таго, як жорстка супрацьстаяў Яму, запэўнівае нас, што Божая любоў вылілася ў нашыя сэрцы праз дадзенага нам Святога Духа (Рымлянаў 5, 5). Мы можам спадзявацца на гэтую далікатную прысутнасць, нават калі яе не адчуваем. Ці ж не адродзіцца тады ў нас давер, хай сабе й далікатны, даючы роўна столькі святла, каб мы маглі зрабіць наступны крок разам з Богам і з даверанымі нам людзьмі?


Застаючыся з Богам, застаючыся з іншымі

Падарожжа патрабуе часу – нават цэлага жыцця – гэтак жа, як выслухоўванне патрабуе часу, каб адносіны маглі развівацца. Бадай, у такой сітуацыі лічацца цярплівая вытрымка і захаванне вернасці.

Падарожнічаючы з іншымі, вандруем з Богам. Для многіх з нас гэтыя рэчаіснасці непадзельныя. Нам патрэбны абедзве [18].

Падобна да галінак, што вырастаюць з вінаграднай лазы, Езус запрашае нас заставацца ў Ім, як Ён застаецца ў нас (гл. Яна 15). Заставацца азначае мець працяг у часе. Тое, чаго Ён просіць ад нас, – гэта не толькі імгненнае прысвячэнне, але трыванне ў Ім на ўсё жыццё. Толькі трываючы, мы можам працягваць расці і прыносіць плён.

Што ўяўляе сабой гэты плён? Езус працягне гаварыць, „каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх”. Крочыць гэтым шляхам азначае рызыкнуць аддаць усё, каб ісці за Езусам, каб ва ўсёй свабодзе мы маглі любіць да канца. Евангельская любоў – гэта не проста пачуцце, але дараванне сябе іншым. Гэта шлях нашага жыцця, на якім мы змяняем свой статус – ад слуг да сяброў Хрыста.

Плён прыносіцца ў выніку пражытага паўнавартаснага жыцця. Тое адбываeцца натуральным чынам, калі мы застаемся ў Хрысце і жывём Яго жыццём, як галінкі, каторыя атрымліваюць жыццё ад вінаграднай лазы. Калі мы прымаем выклікі Евангелля, мы можам адкрыць для сябе поўную радасць. Ці мы гатовыя да гэтага?


Сумеснае падарожжа ў сучасным свеце

Сутыкаючыся з сучаснымі праблемамі і ўласнае слабасцю, як ўжо было сказана раней, некаторыя людзі часам адчуваюць сябе “бяздомнымі”. Мы бачым зраненае Божае Стварэнне, часткай якога з’яўляецца нашая зраненая чалавечая сям’я. Сярод народаў, якія падвяргаліся эксплуатацыі і знявазе, пакуты могуць перадавацца праз пакаленні. Мы ведаем сем’і, раз’яднаныя канфліктамі і вайной. Мы таксама ўсведамляем, што сярод тых, хто прычыніў шкоду, ёсць людзі, якія вызнаюць імя Хрыста ў Царкве, некаторыя належаць да нашай Абшчыны Тэзэ [19].

Тым не менш, ці ж няма закліку супрацьстаяць гэтым выклікам разам? Афрыканская прымаўка кажа: „Тое, што робіць доўгае падарожжа кароткім, – гэта факт, што мы крочым разам”. Падчас „Вялікага перасялення” дзікіх жывёл паміж Сэрэнгэці і Масаі‐Мара маладыя цяляты павінны спадзявацца на моц дарослых, каб перасекчы раку і ўскараскацца на бераг. У нас таксама бываюць моманты, калі мы патрабуем, каб нас неслі. Або такія, што вымагаюць ад нас змірыцца з тым, што цябе нясуць...

Калі ж супольнымі намаганнямі мы супрацьстаім гэтакім выклікам, мы можам атрымаць досвед прыгажосці ды трансцэндэнтнасці, які дапаможа нам адкрыць іскру, каторая прымушае нас вырушыць у шлях з новай жыццёвай сілай [20].

У дзень уваскрасення Езуса двое яго сяброў пакідаюць Ерузалем, дзе Ён быў забіты (Лкуі 24, 13‐35). Але калі яны ішлі, да іх далучыўся незнаёмы чалавек. Калі пазней ён сядзеў з імі за сталом, яны зразумелі, што дасведчылі Езуса. Чужынцы могуць дапамагчы нам распазнаць прысутнасць Хрыста, каб яшчэ раз зразумець, што Ён заўсёды з намі.

„Не бойцеся”, – шэпча Ён у нашых сэрцах, – „Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку” (Мацвея 28, 20). Ці мы прыслухаемся да гэтага абяцання?

Як закваска, замешаная ў муку (Мацвея 13, 33), хоць бедныя і, магчыма, адчуваючы сябе малымі, ці мы адважымся зноў вырушыць не ў самотную вандроўку, але з іншымі, узаемна ўзбагачаючыся, падарожнічаючы разам?

Апошняе абнаўленне: 27 December 2023

Footnotes

[1Гэтае чуванне адбылося 30 верасня 2023 г. Падрабязную інфармацыю можна знайсці на together2023.net.

[2Брат Алоіс, прыёр Тэзэ ад смерці брата Ражэ 16 жніўня 2005 г. да 2 снежня 2023 г. Як мы можам выказаць яму ўдзячнасць за гэтыя 18 гадоў у якасці Слугі Еднасці ў нашае Супольнасці, яго пастаянную экуменічную дзейнасць і жаданне заўсёды шукаць шляхоў салідарнасці з людзьмі ў патрэбе?

[3Які заклік Бог кіруе да нас, якія сутыкнуліся з пакутамі, выкліканымі канфліктамі ва Украіне, Палестыне і Ізраэлі, Афганістане, М’янме, Пакістане, Гаіці, Нікарагуа, Судане і многіх іншых месцах сённяшняга свету?

[4З 28 снежня 2023 г. па 1 студзеня 2024 г.

[5Святы Бэнэдыкт з Нурсіі (каля 480‐каля 547) быў родапачынальнікам манаства на Захадзе. Напісанае ім правіла было прынята па ўсёй Еўропе па меры развіцця манастыроў і паўплывала на шэраг пазнейшых манаскіх правілаў.

[6Падчас чування «Разам» папа Францішак казаў пра маўчанне: „Гэтым вечарам мы, хрысціяне, захоўвалі маўчанне перад крыжам святога Даміяна, нібы вучні, якія слухаюць перад крыжам – тронам Настаўніка. Тое не было пустым маўчаннем, але хвілінай, напоўненай верай, чаканнем і гатоўнасцю. У свеце, напоўненым шумам, мы больш не прызвычаеныя да цішыні; сапраўды, часам мы змагаемся з гэтым, таму што маўчанне прымушае нас звярнуцца тварам да Бога і да сябе. Тым не менш, гэта ляжыць у аснове слова і жыцця (…) Цішыня ў супольнасці Царквы чыніць магчымымі братэрскія зносіны”.

[7У многіх культурах сядзенне ў нагах чалавека або дакрананне да яго ног – гэта спосаб ушанавання. Што сядзенне ля ног Езуса можа азначаць для нас?

[8Смерць Езуса на крыжы паказвае нам, што Бог з тымі, хто пакутуе, і ніколі не на баку тых, хто тыя пакуты выклікае. Езус плакаў пры смерці свайго сябра Лазара; Яго ж уваскрасенне паказвае нам, што за смерцю і пакутамі ніколі не будзе апошняга слова.

[9Часам мы перажываем такія моманты ў нашым жыцці, калі па розных прычынах не бачым ніякай мэты. Бываюць моманты, калі нам даводзіцца змірыцца з тым, што мы знаходзімся на ‘нічыйнай зямлі’.

[10Гл. Мацвея 11, 30. Калі нашае сэрца становіцца больш лагодным, ці ж гэта не знак таго, што мы ідзем поруч з Езусам? Супрацьлегласцю любові з’яўляецца не гнеў і нават не нянавісць, але зацвярдзенне сэрца...

[11Пакора не мае нічога агульнага з падпарадкаваннем або прыніжэннем. Наадварот, яна патрабуе значнае ўнутранае моцы і ніколі не знішчае дароў і рысаў чалавека.

[12“Адзіны спосаб пазнаёміцца з нашымі гісторыямі – гэта пазнаёміцца з людзьмі, і тады яны могуць распавесці вам гісторыю. (...) Гісторыі, а асабліва песні, дапамагаюць нам запамінаць. Вось чаму я распавядаю гісторыі і спяваю на сваёй мове адняматана, бо гэта дапамагае мне памятаць, кім я ёсць. Гэта дапамагае мне памятаць, што я створана паводле вобраза Божага і што Бог як Творца стварыў усё. І я гэта памятаю”. Цётка Дэніз Чапман, Старэйшына адняматана і пастар Аб’яднанай Царквы ў Паўднёвай Аўстраліі. З кнігі Yarta Wandatha © 2014 Denise Chapman.

[13Гл. пастар Ан‐Лор Данэ: “Падзелы – гэта не тое самае, што разнастайнасць. Гаворка не ідзе пра разнастайнасць Цэркваў. Тое цалкам нармалёва, а нават неабходна, бо ўлічвае нашыя адпаведныя ідэнтычнасці: культурныя, гістарычныя, сацыяльныя, этнічныя, сексуальныя і інш. Калі гэтыя ідэнтычнасці другасныя, таму што ў Хрысце “няма ўжо ні юдэя, ні грэка; няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчыны, ні жанчыны” (Гал 3, 28), яны існуюць і менавіта ў іх увасабляецца існаванне вернікаў. Ад моманту, калі яны становяцца другаснымі, яны пераўтвараюцца ў багацце, дапускаючы пэўную порыстасць. (...) Яны не згладжваюць тоеснасці, але ўмацоўваюць і ўдасканальваюць яе, не раздзяляючы, (...) але, наадварот, распазнаючы ў іншых дары і дзеянне Духа Святога. Такім чынам, яны робяць магчымым кшталтаванне агульнае ідэнтычнасці. Гэта яшчэ адзін крок у экуменічным руху, які перайшоў ад еднасці ў разнастайнасці (адмаўляючы ўсе формы аднастайнасці) да еднасці ў прыміранай разнастайнасці”. (Пераклад з “La diversité en Église, de la division à l’enrichissement mutuel” // Contacts, Revue Française de l’Orthodoxie, №282, Красавік‐Чэрвень 2023).

[14Гл. св. Максім Вызнаўца: “Праяўляйма спагаду адно да аднаго і аздараўляйма адно аднаго пакорай” (Аскетычнае жыццё, 41).

[15Падчас экуменічнага малітоўнага чування «Разам» мы заклікалі Святога Духа, выкарыстоўваючы старажытную малітву Adsumus Sancte Spiritus (Стаім перад Табою, Духу Святы), якой з самых ранніх часоў маліліся перад Сусветнымі Саборамі, каб прасіць Святога Духа падказаць шлях. Гл. https://tinyurl.com/Adsumus

[16“«Божае Валадарства» не з’яўляецца аб’ектам ідэальнага бачання, але ўкараняецца ў «рэальнасці». … Бачанне, не ўкаранёнае ў рэальнасць гэтага свету, з’яўляецца ілюзіяй. Ілюзія паўстае ў выніку няздольнасці або нежадання сутыкнуцца з жыццёвымі праблемамі”. Чон‐Сэн Сон, тайваньскі багаслоў, у кнізе Jesus and the Reign of God, Fortress Press, 1993, с. 77.

[17У сваім тэксце Аб’яўлення Джуліян з Норвіча, ангельская анахарэтка з XIV ст., пісала: (Бог) жадае, каб мы ведалі, што Ён клапоціцца не толькі пра шляхетныя і найвялікшыя рэчы, але Ён таксама звяртае ўвагу на малыя і дробныя, нізкія і простыя, аднолькава дбаючы як пра адно, так й пра іншае. Вось што мелася на ўвазе, калі Ён сказаў: «Усё будзе добра»; бо Ён хоча, каб мы ведалі, што найменшае не будзе забыта...

[18“Нашае адчуванне Божае прысутнасці будзе скажоным, калі мы не зможам убачыць Божае рэчаіснасці з пункту гледжання рэчаіснасці нашага бліжняга. Але й нашае адчуванне рэчаіснасці нашага бліжняга будзе знявечана, калі не разглядаць яго з пункту гледжання Божае рэчаіснасці”. Касуке Кояма, японскі пратэстантскі багаслоў, у кнізе Water Buffalo Theology, Orbis Books, 1974, с. 91.

[19Гл. “Пытанні бяспекі”. Мы прызнаем, што гэта няспынны працэс навучання, падчас якога мы слухаем тых, хто пацярпеў, прызнаем іх цярпенне і робім усё магчымае, каб учыніць асяроддзе бяспечным для кожнага.

[20Св. Аўгусцін пісаў: „Позна я палюбіў цябе, о, Прыгажосць, такая старая і такая новая, вельмі позна я палюбіў цябе. І бачыш, Ты быў унутры, а я быў у знешнім свеце і шукаў Цябе там, і ў маім непрывабным стане я пагрузіўся ў тыя створаныя рэчы, якія Ты стварыў. Ты быў са мною, але мяне не было з Табою. (...) Ты дакрануўся да мяне, і я запальваюся, каб дасягнуць Твайго супакою” (Confessiones 10.27.38).

Увесь тэкст у фармаце PDF

PDF - 336.5 kb