Сёння мы прынялі ўдзел у вялікім спартыўным мерапрыемстве. Упершыню ў гісторыі нашае вёскі праз Тэзэ праехаў Тур дэ Франс. Дзякую ўсім ахвотным паўдзельнічаць у гэтым.
Гэта была цудоўная нагода супольнага падарожжа з жыхарамі нашае вёскі і нашага рэгёна. Калі хрысціяне пакідаюць сваё звычайнае асяроддзе і выходзяць на сустрэчу з іншымі членамі грамадства, якія, магчыма, мала звязаны з верай, калі-некалі могуць адбывацца цудоўныя рэчы.
Мы адкрываем нашую супольную чалавечнасць. Узмацняюцца сяброўства і давер. Калі мы супольна працуем над праектам, часцяком мы выходзім па-за рамкі ўяўленняў, якія мы мелі адно пра аднаго. Перад намі адкрываецца шлях еднасці.
Ці ж не пакліканыя мы быць як закваска ў цесце грамадства? Езус выкарыстоўвае гэты вобраз, каб распавядаць пра Божае Валадарства.
Паколькі закваска вельмі малая, часта даводзіцца пагаджацца з тым, што як хрысціяне нас не так шмат і мы не лепшыя за іншых. Але нам ёсць чым падзяліцца ў навядзенні мастоў, у збліжэнні людзей, у ахвяраванні сябе за іншых, падобна да таго, як Езус аддаў сябе за нас.
І, магчыма, мы адкрыем, што нам ёсць чаму павучыцца й у людзей з па-за царкоўнага асяроддзя, якія ангажуюцца ў грамадскія справы.
Сёння ў другой палове дня мы спрабавалі выказаць пачуццё салідарнасці з дапамогай розных банераў і выставы. Хіба гэта не становіцца ўсё больш важным у сучасным свеце? Ці здольныя мы зрабіць выбар, які датычыць не толькі нас саміх, але таксама й тых, хто знаходзіцца на ўзбочыне грамадства?
Мы не хочам забываць і заставацца абыякавымі да людзей, якія пакутуюць у сітуацыі вайны. Мы не можам грэбаваць пакутамі нашае планеты, агульнага дома, які мы дзелім з усім стварэннем. Кожны з нас сваім выбарам можа зрабіць свой унёсак у паляпшэнне жыцця кожнага.
Гэтымі тыднямі, падчас вечаровае малітвы, мы слухалі Нагорнае казанне, зборнік навучання Езуса, які мы знаходзім у Евангеллі паводле Мацвея. Гэтым вечарам мы пачулі некаторыя складаныя словы, якія могуць прамовіць да нас у гэтыя часы, калі шмат хто з нас стаіць перад даканнем выбару ў нашых розных краінах.
Езус вучыць не назапашваць скарбы на зямлі, але ў небе, інакш кажучы, у Богу. Вобраз скарбу прымушае задумацца: што істотна для мяне? Чаго я хачу на самой справе? Як я трачу час і энергію? Адказы на гэтыя пытанні раскрываюць нешта пра тое, кім я з’яўляюся на самой справе, раскрываюць нашае сапраўднае я («сэрца»).
Па чым Езус вельмі драматычна гаворыць пра нашае вока. На чым мы робім акцэнт? Паўтаруся, гэта пытанне прыярытэтаў і разумення вытокаў таго, што мы робім. “Здаровае” вока – простае, непадзеленае. Простае вока шчодрае, а не зайздроснае.
Нарэшце, Езус гаворыць аб немагчымасці служэння двум гаспадарам: мы стала будзем знаходзіцца ва ўнутраным канфлікце. Ён выкарыстоўвае прыклад таго, як цяжка служыць і багаццю, і Богу.
Такім чынам, у гэты час здзяйснення выбару, ці будзем мы гатовыя дазволіць Нагорнай пропаведзі дапамагчы нам знайсці дарогу. Пакідаючы Тэзэ, магчыма, на працягу наступных тыдняў вы зможаце прачытаць 5 і 6 раздзелы Евангелля паводле Мацвея. Гэта ваша хатняе заданне!
Заўтра ўвечары далучайцеся да нас а 20:00 ужо ў Храме, каб маліцца разам з намі ў цішыні за мір у нашым свеце, як мы тое робім кожную пятніцу. Мы часта не ведаем, што сказаць, калі бачым пакуты людзей ва Ўкраіне, Газе, Гаіці, Нікарагуа ды шэрагу іншых месцаў, не забываючыся на тых, хто ў розных сітуацыях апынуўся закладнікам.
Застаючыся ў цішыні перад Богам, мы выказваем нашую салідарнасць з тымі, хто не можа гаварыць, і, магчыма, словы ўздымуцца ў нашых сэрцах, каб паказаць нам, якія маленькія жэсты мы можам зрабіць, каб рэалізаваць гэтую салідарнасць на практыцы.