TAIZÉ

Разважанне брата Мэцью

Прадсмак вясны ў Тэзэ

 
Чацвер, 15 лютага 2024 г.

Вельмі ўсцешна прымаць вас на гэтым тыдні ў такой вялікай колькасці. У многіх з вас было доўгае падарожжа з Партугаліі. Вы абуджаеце нас ад зімы, каб прынесці цяпло поўдня і паскорыць прыход вясны ў нашыя паўночныя краі! Вы сярод першых, хто сёлета завітаў да нас, і такім чынам вы рыхтуеце нас да Вялікадня і летніх сустрэч. Дзякуй за тое, што вы тут, і дзякуй усім вашым лідэрам і настаўнікам, якія прысвяцілі свой вольны час, каб суправаджаць вас. Дзякую таксама Антоніу Мануэлю Мойтэйру Рамасу, біскупу Авейру, за тое, што быў з намі ў гэтыя дні.

Памятаю, як я ўпершыню паехаў у Партугалію. Мне было 18, і я толькі што быў у Сант’яга-дэ-Кампастэла са школьным сябрам. Мы прыехалі ў горад Порту ў канцы ліпеня, але, на жаль, заблукалі і не ведалі, як знайсці моладзевы інтэрнат, дзе хацелі правесці ноч. Мы папрасілі мінака дапамагчы нам, але не знайшлі супольнай мовы, таму ён паклікаў іншага, які потым паклікаў іншых. Неўзабаве нас атачыла з дзясятак людзей, якія хацелі дапамагчы нам дабрацца да месца прызначэння. Я не магу забыць дабрыню і добразычлівасць гэтых незнаёмцаў у дачыненні да двух згубленых ангельскіх хлопцаў. Гэта было маё першае ўражанне ад Партугаліі, і я ведаю, што ў вас усё яшчэ захоўваецца глыбокае пачуццё ветлівасці і гасціннасці.

Мінулым летам шмат хто з вас прымаў удзел або гасціў удзельнікаў Сусветных дзён моладзі, якія праходзілі ў Лісабоне. Нашыя браты былі там, і мы пачулі толькі добрыя словы пра гэтую падзею, якая дазволіла такой колькасці маладых людзей з усяго свету паглыбіць веру ў Хрыста і падтрымаць адно аднаго. А хто ж можа забыць заклік папы Францішка, каб «Усе, усе, усе» маглі знайсці месца ў Царкве?

Калі вы прыбылі ў Тэзэ, вы атрымалі ліст, напісаны на гэты год, пад назвай «Сумеснае падарожжа». Жыць верай у самотнасці ў паўсядзённым жыцці няпроста: мы патрэбныя адно аднаму. На гэтым тыдні ў вас быў вопыт выслухоўвання і абмену думкамі. Ці дапамагло гэта некаторым з вас адкрыць або паглыбіць сваё разуменне таго, што значыць давяраць Богу і давяраць іншым?

Некаторыя асобы застаюцца ў Тэзэ даўжэй, чым на тыдзень. Са мной у гэты вечар Марджары, адна з нашых валанцёрак з Бразіліі. Марджары, што для цябе значыць жыць у Тэзэ ў якасці валанцёра? Што для цябе найбольш важна тут у тваім досведзе?

Марджары: Самым важным момантам для мяне ў якасці валанцёра было адкрыццё і насамрэч адчуванне Божае любові да мяне такой, якая я ёсць. У Бразіліі я вырасла ў грамадстве, дзе ёсць значны ціск, каб мець рэчы і дасягнуць прафесійнага поспеху. Такім чынам, я думала, што спосаб на тое, каб быць кімсьці, каб я неяк спадабалася людзям, ляжыць праз статус, праз тое, што я раблю.
 
Калі я прыехала у Тэзэ, я збіралася правесці тут усяго тыдзень. Я не зусім разумела, чым з’яўляецца такое жыццё тут, у Абшчыне. І хоць я мала што разумела, праз некалькі дзён у мяне з’явілася жаданне застацца тут даўжэй і я стала валанцёрам.
 
Ніколі раней я не жыла у абшчыне, але адчувала, што тут мяне прымаюць. Я адчувала, што не мушу адпавядаць стандарту. Я пачувалася вольнаю. Каштоўнымі былі моманты малітвы ў Храме, асабістая малітва, размовы на працягу дня. Часта самыя глыбокія і нечаканыя размовы адбываюцца тады, калі мы робім простыя рэчы… Мыццё посуду, прыбіранне ў душавых пакоях або продаж блінцоў у Oyak. І менавіта ў гэтых адносінах з іншымі, з працай і з самою сабою я пазнала свае адносіны з Богам і гэтую глыбокую любоў, якая паходзіць ад Яго, і гэта змяніла нешта ўнутры мяне. І менавіта з гэтай любоўю сёння, нават з маімі страхамі і няўпэўненасцю, я адчуваю сябе больш свабоднаю быць сабою. Каб паспрабаваць знайсці шлях, які сапраўды мае для мяне сэнс.

Большасць з вас неўзабаве пакінуць Тэзэ. Як вы збіраецеся працягваць гэтае падарожжа, вярнуўшыся дадому? На працягу дзён, якія засталіся ў Тэзэ, вы можаце паспрабаваць задаць сабе пытанне: «Што я адкрыў цягам гэтага тыдня?» Затым, падчас малітвы проста прасіце Бога паказаць вам, як прымяняць гэта на практыцы ў паўсядзённым жыцці. Гэта нялёгкая справа, але ці можа Святы Дух дадаць вам сілы і адвагі працягваць развіваць гэтае адкрыццё?

Падчас сённяшняга вечаровага чытання Езус сказаў нам гэтыя дзіўныя словы: “Хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго” (Лукі 9, 24). Пытанне не ў тым для кожнага з нас, каб трымацца вопыту, каб яго захаваць, але ў тым, каб дазволіць нашаму вопыту навярнуць нас да Хрыста, каб Ён мог перамяніць нашае жыццё. У пэўным сэнсе нам трэба забыць назву Тэзэ, каб гэтая трансфармацыя магла адбыцца. Штодзённае жыццё ў нашае сям’і, у школе, на вучобе ці на працы нялёгкае, але ці гатовыя мы рызыкаваць, аддаючы сваё жыццё, каб ісці за Хрыстом? Ці маглі б вы захаваць гэтае пытанне ў сваім сэрцы на гэты час Вялікага посту?

Пятнічным вечарам прыходзьце і далучайцеся да нас а 20-й гадзіне ў Храме на малітве ў цішыні ў інтэнцыі супакою. У нашых грамадствах і ў свеце так шмат лютасці. Нявінныя людзі пакутуюць ад несправядлівасці вайны. Мы можам узгадаць пра Украіну, Газу, М’янму, закладнікаў ды іх сем’і... Трывалы мір немагчымы без справядлівасці для ўсіх, асабліва для тых, хто пакутуе. Сутыкнуўшыся з такімі сітуацыямі, мы часта не ведаем, што рабіць, але маўчанне перад Богам можа быць знакам салідарнасці з гэтымі людзьмі і нашага жадання аддаць за іх сваё жыццё. І хто ведае, магчыма, падчас гэтае цішыні мы атрымаем разуменне, якое падштурхне нас жыць гэтае салідарнасцю на практыцы, стаць пілігрымамі супакою.

Цяпер, як кожны вечар, працягнем нашую малітву спевамі.


Апошняе абнаўленне: 17 February 2024