Вельмі цешуся, што магу прывітаць вас на гэтым тыдні ў Тэзэ! Вы прыбылі з самых розных краін: ад Партугаліі па Ўкраіну, ад Эстоніі па Італію, а таксама прыбылі групы са Славеніі, Сербіі і Вугоршчыны. У Хрысце мы заўсёды імкнемся ісці разам, каб слухаць адно аднаго і жыць у адзінстве, якое ўжо дадзена ў Ім.
Таксама нам усцешна прывітаць больш за 330 маладзёнаў з розных куткоў Гішпаніі, у тым ліку 170 з Мадрыда. Учора прыбыў іх арцыбіскуп, кардынал Хасэ Коба, які пажадаў правесці гэтыя дні тут з імі, у Тэзэ. Гэта так цудоўна, калі лідары Царквы слухаюць моладзь. Дзякую вам за прыбыццё!
Сёння, 25 ліпеня, свята Апостала Якуба. Сорак гадоў таму ў гэты дзень я быў у Сант’яга-дэ-Кампастэла, пілігрымкавым месцы ў Галісіі, прысвечаным гэтаму святому, на паўночным захадзе Гішпаніі. Святы Якуб быў апекуном англіканскае парафіі ў Ангеліі, дзе якой я вырас. Наш святар папрасіў мяне памаліцца на магіле апостала за нашу парафію.
Гэта быў жэст, які зрабіў на мяне ўражанне і даў мне ўяўленне аб непадзельнай Царкве, дапамог мне зразумець прыгажосць паўсюднасці Хрыста, нашай веры, якая перадаецца ад часоў апосталаў да нашых дзён.
У пэўным сэнсе гэтая вера заўсёды крохкая. Штодня мы павінны прымаць дар даверу Богу. Сёння ў вечаровым чытанні мы пачулі, як святы Павел сказаў нам, што сітуацыі, з якімі мы сутыкаемся, часта ўзрушаюць нас. Мы нясем прысутнасць Хрыста ў гліняных начыннях нашае чалавечнасці.
Але Павел тлумачыць нам, што менавіта дзякуючы гэтаму становіцца ясна, што ззянне паходзіць ад Божай любові, а не ад нас. Менавіта такім чынам праз Святога Духа мы можам жыць гэтае любоўю да іншых. Сваім жыццём мы можам перадаць тое нешматлікае, што зразумелі з Евангелля.
Наследаваць Хрыста не значыць быць моцным па-чалавечы. Гэта азначае прыняць веру ў тое, што Хрыстус адданы нам такімі, якімі мы ёсць, каб мы маглі падарожнічаць з Ім дзень за днём.
У суботу вечарам, падчас вечаровае малітвы, у нас будзе вялікая радасць з нагоды прыняцця новага брата да нашай Абшчыны. Яго завуць Адам, ён паходзіць з Польшчы. У верасні мінулага года ён прыехаў да Тэзэ як валанцёр і ўжо месяц жыве ў нашым доме.
Адам ужо выказаў жаданне стаць братам, і некалькі дзён таму я спытаў яго, ці гатовы ён прыняць адпаведнае адзенне. З шырокай усмешкай ён адказаў «так», такім чынам становячыся новым братам сярод нас і пачынаючы час распазнання, які падрыхтуе яго да разумення таго, што значыць прысвяціць сябе нашай Супольнасці на ўсё жыццё.
Калі ласка, маліцеся за Адама ў гэтыя дні. Нягледзячы на тое, што ён застанецца тут, пытанне да яго і да кожнага з маіх братоў такое ж, як і да вас, якія неўзабаве пакінуць Тэзэ: Як я ў сваім штодзённым жыцці магу адказаць на заклік Езуса “Прыходзь і ідзі за Мною”?
Тым, хто будзе весці нас на гэтым шляху, будзе Святы Дух, але ў бліжэйшыя тыдні перачытайце ўрывак з сённяшняга вечаровага чытання з Другога паслання да Карынцянаў 4, 7-14. Гэта дапаможа вам прыняць скарб прысутнасці Хрыста ў тых выкліках, якія перад нашым абліччам ставіць жыццё.
Напрыканцы хачу адзначыць прысутнасць групы, якая прыехала на гэтым тыдні з Украіны. Гэта так важна, каб вы былі сярод нас. З двума маімі братамі ў траўні я быў у гэтае краіне, дзе мы бачылі як пакуты, так і мужнасць гэтага народа. Мы не забыліся пра вас.
Гэтым вечарам разам з намі Астап ды Аксана.
Астапе, што мы можам зрабіць, каб заставацца побач з вамі ў гэты ваенны час?
“Дзякуй за магчымасць паразмаўляць сёння з усімі вамі. Я хачу сказаць вялікі дзякуй за падтрымку з розных краін, з розных абшчын, з боку розных людзей.
Вялікі дзякуй братам, сёстрам і кожнаму чалавеку, якія тут, у Тэзэ, моляцца за мір ва Ўкраіне.
Ва Ўкраіне жудасныя тэракты працягваюцца. Два тыдні таму дзіцячы шпіталь ва ўкраінскай сталіцы, Кіеве, і некалькі гарадоў вакол былі абстраляныя расейскімі ракетамі. Прынамсі 36 чалавек загінулі і больш за 140 атрымалі раненні. Кожны дзень, а нават зараз, гінуць і пакутуюць людзі, але нам не патрэбны жаль, нам патрэбныя сябры, нам патрэбныя людзі, якія з намі. Нам патрэбна адчуванне, што мы не адны.
Не будзьце абыякавымі, пытайцеся больш пра вайну ва Украіне, будзьце ў курсе. Нам патрэбныя салідарнасць, суперажыванне, малітва – бо мы адчуваем вашую падтрымку і малітвы.
Падтрымліваць сувязь з украінцамі можна рознымі спосабамі, напрыклад, праз сацыяльныя сеткі, лістамі, тэлефанаваннямі. Дзякуй.”
Аксана, ты была на Еўрапейскае сустрэчы ў Любляне ў пачатку гэтага года. Чаму для цябе гэта было важна?
“Аднойчы, а менавіта гэтай зімой, у мяне была выдатная магчымасць быць часткаю Тэзэ ў Любляне.
Гэта сапраўды быў унікальны вопыт у маім жыцці. Некалькі тысяч чалавек сабраліся ў адным месцы на малітву – гэта сапраўды нешта неверагоднае. Калі мы сустрэліся разам, трымаючы ў руках свечкі, было адчуванне, што знаходзімся на іншай планеце з вялікай колькасцю маленькіх крыніц святла, якое паходзіць з сэрцаў усіх прысутных, было адчуванне нечага неверагоднага, і пасля мы пачалі маліцца. Я мяркую, што гэта быў той момант, калі я асаблівым чынам адчула прысутнасць Святога Духа паміж намі, напэўна, трэці раз у маім жыцці. Гэта цяжка апісаць, гэта трэба адчуць.
Любляна мне запомнілася асабліва людзьмі, сёстры Дар’я і Марыэта сустрэлі нас з неверагоднай цеплынёй.
Ведаю, што тут таксама ёсць людзі са Славеніі, таму, калі вы ведаеце сясцёр Дар’ю і Марыету, перадайце ім шчырыя прывітанні і падзяку ад украінцаў.”
Напрыканцы гэтага года ў эстонскай сталіцы, Таліне, адбудзецца нашая Еўрапейская сустрэча. Мы хочам прыехаць туды, каб памаліцца ў інтэнцыі супакою. Мы зможам разам адчуць знак еднасці ў Хрысце, а таксама адкрытай і гасціннай для ўсіх Еўропы. Прыязджайце і далучайцеся да нас з 28 снежня па 1 студзеня!
Заўтра ўвечары ж прыходзьце а 20-й гадзіне ў Храм. Як і кожную пятніцу вечарам, у цішыні мы будзем маліцца за мір ва ўсіх зонах канфліктаў у нашым свеце. Мы часта не ведаем, як рэагаваць, калі сутыкаемся з цярпеннямі, якія людзі нясуць іншым, але малітва ў цішыні дазваляе нам пакласці ўсё перад Богам, абуджаючы ў нас прагненне стаць пілігрымамі супакою, куды б нас ні паставіў Бог.
Дзякуем вам за тое, што прыехалі на гэтым тыдні ў Тэзэ, а Божае дабраслаўленне няхай будзе з усімі вамі падчас падрыхтоўкі да вяртання дадому.