1-ая нядзеля Адвэнту | Разважанне брата Мэцью
Мы зноў знаходзімся на пачатку перыяду Адвэнту, які запрашае нас падрыхтавацца да свята Нараджэння Езуса. Але ў ранішнім Евангеллі нічога не кажацца аб тым, што мы звычайна звязваем з Раством.
Езус гаворыць аб сваім прыходзе напрыканцы часоў. Ён прадстаўляе карціну свету, які знаходзіцца ў мітусні і вялікай нестабільнасці. Чалавецтва і ўсё стварэнне ў небяспецы краху. Ніякая сіла, ані зямная, ані нябесная, не ў сілах перамагчы гэтае выпрабаванне. Безнадзейнасць, пачуццё поўнага бяссілля.
І ўсё ж, сярод гэтага ўсеагульнага ўзрушэння, прысутнічае вестка надзеі. Бо словы Езуса з’яўляюцца не столькі абвесткаю будучых падзей, колькі ўсвядомленым поглядам на свет, такі, які ён ёсць. Ягоны ж позірк углядаецца так глыбока, што Ён бачыць у падзеях свету небывалую навізну. Бог верны і ніколі не перастае ствараць штосьці новае.
“Сын Чалавечы, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і вялікай славаю”. Загадкавы тытул «Сын Чалавечы», які любіць выкарыстоўваць Езус, паходзіць з бачання ў кнізе прарока Даніэля, чалавека, які настолькі з’яднаны з Богам, што падзяляе Ягонае валадарства і Яго славу. Гэта Божае збаўленне, якое прыносіць Езус. Хоць здаецца, што ўсё ідзе не так, Бог не пакідае свайго стварэння, якое любіць.
Словы Езуса з’яўляюцца падбадзёрваннем для цяперашняга часу. Перад абліччам складанасці жыцця і свету Ён заклікае нас заставацца вернымі таму, што мы зразумелі з Евангелля, і абавязацельствам, якія мы ўзялі на сябе дзеля Хрыста. І з гэтай вернасці нараджаецца нешта неспадзяванае. Смакоўніца пускае парасткі. Словы Езуса не прамінуць.
Езус дае дзве парады. Першая: «Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца вашае адкупленне». Не дазваляйма сабе падаць духам! Адважвайцеся жыць па-сапраўднаму, рыхтуйцеся прыняць з удзячнасцю абяцанае Богам. Хрыстус надыходзіць.
А другая парада наступная: «Таму чувайце і маліцеся ўвесь час». Як так? Бываюць моманты, калі нашая ўвага нібы цалкам захоплена: прыгажосцю пейзажу, альбо слуханнем таго, як нехта з перакананнем гаворыць на тэму, якая нас захапляе.
Але вельмі простыя рэчы таксама могуць прыцягнуць нашую поўную ўвагу: усмешка, нечаканы жэст добразычлівасці. Гэтыя моманты захаплення, рэзанансу і нават камуніі могуць стаць формай малітвы.
Калі ўся нашая ўвага засяроджана на Езусе, Які любіць нас і які мае надыйсці, тады й мы чуваем. Чаканне Яго ў малітве дае нам сілы, каб стаць перад Сынам Чалавечым і супрацьстаяць шматлікім выклікам нашага часу.
Іншага шляху няма. У Хрысце ўся вернасць і ўся навізна. Адважмася без страху звярнуцца да Яго і ўзрадуймася Ягонаму прыходу. Мараната, прыйдзі, Езусе, прыйдзі!
2-ая нядзеля Адвэнту | Разважанне брата Раймона
Як і ў мінулую нядзелю, сённяшняе ранішняе Евангелле зноў не нагадвае пра тое, што мы звычайна атаясамліваем з Раством. На гэта ёсць свая прычына. Мы перажываем перыяд Адвэнту. Слова «адвэнт» паходзіць ад лацінскага adventus (што азначае «прыход»), і з’яўляецца перакладам новазапаветнага грэцкага слова parousia. Гэтае грэцкае слова азначае другое прышэсце Езуса Хрыста ў канцы часоў. Нягледзячы на тое, што parousia можа здавацца абстрактным паняццем, яна глыбока звязана з нашым штодзённым жыццём як хрысціян, заклікаючы нас жыць у сталае падрыхтоўцы, з надзеяй і навяртаннем. У гэтым сэнсе Раство – гэта не толькі ўспамін Нараджэння Езуса ў Бэтлееме, але перадусім святкаванне прыйсця Хрыста ў свет. Прыйсце Хрыста таксама азначае прыйсце Божага Валадарства. Узгадайма словы апостала Паўла: «Валадарства Божае – гэта (...) справядлівасць, спакой і радасць у Духу Святым» (Рымлянаў 14, 17). А таксама аб тым, як мы молімся: «Прыйдзі Валадарства Тваё».
У 3-м раздзеле Евангелля паводле Лукі пералічаныя найбольш важныя ўладары тагачасных Галілеі ды Юдэі. Гэтыя імёны былі нечым большым, чым проста гістарычнымі дэталямі. Для сучаснага чытача Евангелля паводле Лукі яны адлюстроўваюць асаблівую грамадска-гістарычную сітуацыю таго часу. Яно апісвае кантэкст улады, небяспекі і нестабільнасці. У такім кантэксце Бог прамаўляе сваё слова і абвяшчае прыход абяцанага караля: не кароль, які кіруе моцай, але «Князь Спакою», які ўсталюе справядлівасць.
Сапраўды, Бог прыносіць збаўленне не абстрактным ці тэарэтычным спосабам, але праз канкрэтныя падзеі, сапраўдных людзей, у рэальных гістарычных месцах. Каб усвядомлена святкаваць Раство, мы павінны быць уважлівымі да сітуацыі ў сучасным свеце. Менавіта з гэтае нагоды мне падабаецца ўпрыгожанне, падрыхтаванае ў нашым агульным пакоі групаю новых братоў. Яно нагадвае мне пра сітуацыю ва Ўкраіне, Сірыі, Ліване, Ізраэлі і Палестыне, М’янме, Нікарагуа, Судане...
Існуе вялікі кантраст паміж уладай апісаных тут рымскіх пасадоўцаў а ўразлівасцю Яна, сына Захарыі. У той час як вяльможныя людзі займаюць уладныя пасады, Слова Божае дасягае Яна, які жыве на пустыні (Лукі 3, 2; Лукі 1, 80). Гэта сведчыць аб тым, што Бог часта дзейнічае праз тых, каго адкінуў свет. Нават пры браку ў нас сацыяльнага або палітычнага капіталу, мы надаль здольныя да таго, каб падрыхтаваць шлях для Хрыста, які ўсталюе новае неба і новую зямлю. Сапраўды, кожны можа паспрыяць усталяванню справядлівасці ды супакою праз малыя і звычайныя чыны.
Служэнне Яна мае месца на пустыні на берагах Ярдана. Менавіта там ён абвясціў пра хрост навяртання. З аднаго боку, абодва месцы былі моцна звязаны з гісторыяй Зыходу, вызвалення з рабства, блуканняў па пустыні і пераходу праз Ярдан у Зямлю Абяцаную. З іншага боку, у прароцкае традыцыі пустыня часцяком згадваецца як месца, дзе Ізраэль упершыню сустрэў Бога і верна Яму адказаў (Осія 2, 14; Ерамія 2, 2-3). Такім чынам, пустыня становіцца месцам навяртання.
Навяртанне – гэта нешта большае, чым рытуал. Гэта падрыхтоўчая праца народа. Тут навяртанне, разварот, крочанне да Бога з’яўляюцца часткаю падрыхтоўкі да Божага прыйсця. Гэта дазваляе Божае волі больш праяўляцца ў кожным з нас. Для некаторых з нас тое можа стаць ключавым момантам у прыняцці рашэнняў і жыццёвым выбары – мы задаемся пытаннем: які шлях дазваляе нам прадбачыць прыход Божага Валадарства? Тое прадугледжвае змену стаўлення, адкрытасць на новую Божую справу ў гэтым свеце.
Такім чынам, калі мы адказваем на заклік Яна, мы чынім значна больш, чым толькі пасіўна чакаючы. Мы становімся агентамі міру і паяднання для Князя Спакою. Мы становімся «дарогаю Пана», на якой «убачыць кожнае цела
Божае збаўленне».
3-яя нядзеля Адвэнту | Разважанне сястры Мурыэль
Што мы павінны рабіць? Я заўважаю прагрэс у адказах Яна Хрысціцеля. Падзяліцеся сваім адзеннем: ну, я хацеў бы падарыць паліто, я прызнаю, што ў мяне ёсць 2! усё яшчэ ў парадку. Але ці скажыце мытнікам: нічога больш за
вызначанае вам не спаганяйце!? Гэта смела! Таму што, калі праца перастала прыносіць прыбытак, які тады сэнс? А потым, на што мы будзем жыць? Як тое разумець?
А яшчэ мацней прамаўляй да жаўнераў: аніякага гвалту ані чынам, ані словам. Але ж гвалт для жаўнера – гэта амаль што неабходнасць! Больш ніякага гвалту: але што гэта значыць для жаўнера? Што застанецца ад гэтае прафесіі? Як нам гэта ўчыніць??
Быццам бы Хрысціцель прасіў іх на галовах хадзіць! А яны не ведаюць, як гэта зрабіць! Гэта разварот, паварот на 180°. Адным словам, навяртанне!
Акрамя таго, у мінулую нядзелю Ян Хрысціцель казаў аб навяртанні... Але навяртанне не можа быць «малым», абмежаваным: па вызначэнні, навяртанне ахоплівае ўсю істоту, а не толькі паверхню рэчаў, дзейнасці, адносін і г.д., гэта датычыць глыбіні быцця, нутра.
Гэтыя моцныя словы Яна захапляюць людзей: народ чакаў, народ прагнуў яшчэ большага. Але чаго хоча ён? Іншых больш-менш немагчымых, недасягальных словаў? Ці чакае нейкіх інструкцый? Даведацца, як тое ўчыніць, што кажа Хрысціцель, што здаецца крыху вар’яцкім?
Але цяперака Ян не абвяшчае нешта, ён абвяшчае Некага, большага, мацнейшага, і гэта Добрая Навіна, гэта значыць Новая. І ён будзе хрысціць Духам і агнём.
Магчыма, тое накшталт «як гэта ўчыніць»: навяртанне – гэта не толькі дзеянне, гэта таксама прыняцце, гасціннасць Духа, гэта прысутнасць Бога «больш блізкая да нас, чым мы самі», агонь, які спаліць у нас тое, што Яму не адпавядае, нашыя няўзгодненасці, наш эгаізм, нашыя страхі, нашыя ўцёкі, недахоп упэўненасці, веры. і г.д. Прысутнасць Госпада, які сам жадае жыць унутры нас. Ці ж тое нечувана?
Фактычна гэта тое, што ўжо прарок Сафонія абвясціў народу Ізраэля: Пан пасярод цябе. Некаторыя перакладаюць фразу «пасярод цябе» як у тваіх нетрах; тады мы можам зразумець, што гэта датычыць не толькі Бога пасярод свайго народа, у сэнсе геаграфічным, накшталт братоў тут, пасярэдзіне сходу, гэта й таксама Бог сярод кожнага, кожнае з нас, Бог прысутны ў глыбіні душы, у сэрцы, у нутры!
І вось, прарок і Хрысціцель сыходзяцца разам: тое азначае, што Гасподзь дараваў табе, і табе, і табе, кожнаму, гэта зроблена! Такім чынам ён аднаўляе свой народ, а таксама кожнага паасобку: ён дэманструе сваю любоў да ўсіх, зноў і зноў, пасярод няўдач і памылак, дзеля таго, каб быць з ім творчым і дзяліцца адзеннем, ежай, працай, а, мо, нават й хадзіць на галаве!
А прарок Сафонія дадае, што абнаўленне ўсіх – гэта радасць Бога, аж да таго, што ён радуецца і нават, паводле некаторых перакладаў, танчыць ад радасці для вас: ці можаце вы сабе ўявіць, што Бог танчыць ад радасці асабіста для вас? Таму што вы прымаеце яго ў сваіх нетрах, глыбока ўнутры сябе, таму што вы прымаеце яго радасць, яго навізну для вас? Такім чынам яго агульная радасць разляцелася па ўсім свеце... Бадай, гэта й ёсць Валадарства Божае.
4-ая нядзеля Адвэнту | Разважанне брата Ульрыха
Перад Раством у евангельскіх чытаннях часта гаворыцца пра Яна Хрысціцеля. Яго гісторыя і гісторыя Езуса, Месіі, ідуць паралельна. Сёння мы толькі што пачулі, як дзве маці пазнаёміліся перад нараджэннем сыноў. Альжбета, будучая маці Яна Хрысціцеля, відавочна занадта старая, каб мець дзіця, вельмі шчаслівая, бо, як яна кажа, «вызвалена ад сораму». З іншага боку, калі для грамадства сітуацыя Марыі з’яўляецца таксама ганьбай, таму што яна занадта юная, каб быць цяжарнай, бо нават не пазнала мужчыны, то прывітанне Альжбеты пацвярджае, што яна атрымала асаблівую Божую ласку.
Не магу сабе ўявіць, каб гэтая незвычайная сустрэча гэтых дзвюх жанчын не стала пачаткам сяброўства, якое працягнулі іх сыны: верагодна, Езус і Ян размаўлялі адзін з адным пазней, і, магчыма, яны таварышылі адзін аднаму ў маладосці. Але ў нейкі момант іхнія шляхі разышліся: Ян Хрысціцель вёў суровы і аскетычны лад жыцця, прыняў радыкальнае рашэнне і сышоў жыць у пустыню. Тым, хто хацеў яго пабачыць і паразмаўляць, трэба было прыкласці намаганні. Узамен кожны атрымліваў яснае навучанне, прыстасаванае да яго жыцця. У мінулую нядзелю мы чулі некалькі прыкладаў гэтага. У дадатак да гэтага, Ян не саромеецца публічна папракнуць караля ў яго амаральных паводзінах, якія ў канчатковым выніку прывядуць да яго смерці.
Езус не прытрымліваўся радыкальнае пазіцыі Яна, ці, прынамсі, Евангелле не згадвае пра гэта. Спачатку здаецца, што Езус застаецца пасіўным. Калі ён нарэшце наведвае Яна ў пустыні, каб прыняць хрост, чуецца «голас з нябёсаў», які прамовіў: “Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў”. Але гэты голас скіраваны да Езуса! Ян Хрысціцель аддаў сваё жыццё ў непараўнальна іншы спосаб; на яго месцы іншыя ўспрынялі б гэтыя словы з неба як аплявуху.
Бог знаходзіцца па-за ўсім. Ён пераўзыходзіць усё, што мы можам сабе ўявіць, і лёгка можа нас ашаламіць. Евангелле спрабуе сказаць нам, што ў Езусе Бог прыходзіць на зямлю з вялікай стрыманасцю, не навязваючы сябе. Вось чаму я задаюся пытаннем: ці не ўтрымлівае жыццё Яна Хрысціцеля схаванага паслання? Евангелле прадстаўляе нам гэта вельмі падрабязна, каб мы зразумелі адно: радыкалізм жыцця Езуса – гэта нешта зусім іншае!
Вігілія Нараджэння Пана | Разважанне брата Паоло
Святы Лука ўжо казаў нам, што павінна здарыцца нешта немагчымае – дзева народзіць дзіця. Цяпер, ва ўрыўку, што мы толькі што пачулі, ён падрабязна апісвае час і месца гэтай падзеі. Лука хоча, каб мы ведалі, што гэта сапраўды адбылося, што гэта не проста ідэя або ўяўная карціна, якую ён нам апісвае.
Калі амаль 50 гадоў таму я прыбыў сюды ў якасці валанцёра, збіраючыся далучыцца да Супольнасці, я не вельмі думаў пра Езуса. Я заставаўся побач з Царквою з-за мерапрыемстваў, у якіх удзельнічаў, з беднымі сем’ямі, з бяздомнымі і з імігрантамі. Не ведаю, ці многія людзі вырашаюць далучыцца да рэлігійнае абшчыны, не маючы дакладнага ўяўлення аб тым, хто такі Езус, але я быў адным з такіх людзей.
Аднойчы пасля ранішняе малітвы, калі я сыходзіў з Храма ў бок жытла валанцёраў і якраз перад тым, як дабрацца да званіцы, я зразумеў, што я сапраўды веру, што Езуса нарадзіла дзева, – і таксама, што Ён уваскрос з памерлых. Чаму? – Бо я ведаў, што Бог дзейнічае так: чыніць рэальныя рэчы, але такім стрыманым спосабам, што пакідае людзям волю прымаць тое ці не. Я вельмі ўсцешаны, што спыніўся на імгненне, каб звярнуць увагу на гэта ўсведамленне, бо яно было настолькі пазбаўлена пачуццяў і эмоцый, што інакш я мог бы пра тое забыць.
Пасля таго, як анёл абвясціў пастухам, што Месія, каго чакае ўвесь народ, нарадзіўся побач з імі, паведамленне становіцца крыху ўскосным, і гэта мне заўсёды падабалася. Анёл не кажа: “Шукайце нованароджанага, які ляжыць у карыце, з якога звычайна ядуць жывёлы. Ён – той адзіны! Пакланяйцеся яму!”. Наадварот, анёл кажа: “Нарадзіўся Хрыстос Гасподзь. І гэта знак для вас: вы знойдзеце нованароджанае дзіця, якое ляжыць у яслях”. І на гэтым анёл завяршае. У далейгым працягу гісторыі, чым тая, якую мы чытаем сёння ўвечары, самі пастухі вырашаюць пайсці і паглядзець; не анёл сказаў ім, што трэба.
Такім чынам: Бог сапраўды дзейнічае. І Бог пакідае нас свабоднымі. Завастрым жа нашую ўвагу, каб заўважыць, як у нас і вакол нас нараджаецца жыццё Бога. І давайце супрацоўнічаць з ім: гэта можа змяніць ход гісторыі. Я скончу малітвай, якую брат Ражэ напісаў шмат гадоў таму:
Пане Хрысце, Ты з кожным з нас, кожны дзень, да канца часоў. А ў нашым жыцці кожная маленькая, схаваная падзея, адносна якой мы маем тугу, паходзіць з жывое крыніцы: дабрыня сэрца, забыццё пра сябе, а таксама тая ўнутраная гармонія, якая паходзіць ад жыцця Твайго Духа, які прысутнічае ў нас.