Вельмі многія з вас прыехалі з розных куткоў Нямеччыны, каб быць з намі на гэтым тыдні, калі мы святкуем Спасланне Святога Духа ў дзень Пяцідзясятніцы. Ёсць з намі й моладзь з іншых краін.
Асаблівае прывітанне тым, хто прыбыў з Аландскіх астравоў, архіпелага выспаў паміж Фінляндыяй і Швецыяй, а таксама маладзёнам, якія нядаўна прыбылі з больш далёкіх краін: з Нікарагуа, Мексікі, Перу, Кеніі, Інданезіі, Індыі ды Тайланда. Малазійцам жа, якія перабывалі з намі цягам апошняга месяца, мы кажам “Бывайце!”.
Вы прачыталі ў лісце «Спадзеючыся звыш усялякае надзеі», як было для мяне важна выслухаць маладзёнаў з Украіны, Лівана, Заходняга берага Ярдану ды М’янмы, якія жывуць ва ўмовах вайны, каб зразумець, што значыць надзея перад велізарнымі выклікамі вакол іх.
Вельмі ўразіла пачуць, як вера ва Ўваскрасенне Езуса адыграла для іх істотную ролю. Для таго, каб паверыць ва Ўваскрасенне Езуса, патрэбна шмат мужнасці і адвагі. Гэта азначае імкнуцца не дазволіць смерці ды разбурэнням, якія нас сёння атачаюць, спаралізаваць нас.
Я памятаю, як адна маладая жанчына з М’янмы казала мне, што ведала: Бог ніколі не пакіне яе і што, жывучы сённяшнім днём, Святы Дух суцяшае яе і пазбаўляе ад непатрэбных клопатаў.
Яна працягвала: “Я магу сказаць усё ў малітве, і гэта дазваляе мне змагацца за надзею”. Мяне вельмі ўразіла гэтая ідэя «барацьбы за надзею». Калі мы бачым, што адбываецца сёння ў некаторых частках свету, ці гатовыя мы ўзяць на сябе гэтую барацьбу?
На мінулым тыдні французская даследчыца Бібліі [1] правяла курс для нашых братоў. Яна распавяла пра тое, што назвала «супраціўленнем надзеі». Ці ж не з’яўляецца надзея актам супраціву, нават бунту, які робіць нас здольнымі бачыць дабро, якое існуе сярод усіх супярэчнасцей?
Апостал Павел пісаў Рымлянам: “Надзея не асароміць, таму што любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам” (Рым 5, 5). Святы Дух дае нам надзею, нагадваючы нам, што нішто ніколі не можа адлучыць нас ад любові Бога, аб’яўленай нам у Езусе.
Праз некалькі дзён вы вернецеся дадому. Што са свайго побыту ў Тэзэ вы забераце з сабою? Чаго вы даведаліся пра малітву, абшчыннае жыццё і слуханне Божага слова?
Шлях наперад можа быць няпростым, але калі вы зможаце працягваць супольнае падарожжа, вашая надзея адновіцца. Зазірніце ў свае школы, парафіі і студэнцкія групы, каб убачыць, што магчыма зрэалізаваць.
Заўтра ўвечары, калі ласка, далучайцеся да нас а 20-й гадзіне тут, у храме, каб у цішыні памаліцца за супакой у нашым свеце. Гэтая малітва можа стаць знакам салідарнасці з людзьмі ва Ўкраіне і ў Сектары Газа, пра якіх мы не павінны забывацца. Мы таксама памятаем пра народы Судана, Гаіці і Нікарагуа.
Калі ласка, працягвайце маліцца аб міры, вяртаючы надзею. Няхай у гэты час Пяцідзясятніцы павее Дух міру, даючы мужнасць і сілу тым, хто знаходзіцца ў зонах ваенных дзеянняў, і натхняючы на смелыя і крэатыўныя крокі тых, хто ва ўладзе, для справядлівых і трывалых рашэнняў.
Арцыбіскуп Парыжа і біскупы рэгіёна Іль-дэ-Франс, а таксама пратэстанцкія і праваслаўныя лідары запрасілі нас на нашую штогадовую Еўрапейскую сустрэчу з 28 снежня па 1 студзеня. Гэтая Сустрэча будзе знакам нашага імкнення да міру і братэрства ў чалавечае сям’і, да надзеі звыш усялякае надзеі. Далучайцеся да нас у Парыжы!
І апошняе: у суботу маладзён з Нямеччыны, якога завуць Мануэль, падчас вечаровае малітвы атрымае малітоўную рызу нашае Супольнасці. Правёўшы тут час у якасці валанцёра, а таксама падрыхтаваўшы Еўрапейскую сустрэчу ў Ростаку некалькі гадоў таму, ён вярнуўся дадому, каб скончыць навучанне. Сёлета, у лютым, ён папрасіў вярнуцца ў Тэзэ, каб паразважаць над магчымасцю стаць братам нашае Абшчыны.
У суботу Мануэль зробіць першы крок на шляху да таго, каб прысвяціць усё сваё жыццё наследаванню Хрыста. Мы з радасцю прымаем яго! Калі ласка, маліцеся за яго.