TAIZÉ

Разважанне брата Мэцью

Госпадзе, пакажы мне шлях

 
Чацвер, 8 жніўня 2024 г.

Мы вельмі радыя вітаць вас на гэтым тыдні ў Тэзэ з так багатай колькасці краін. Вы прыехалі ў вялікае колькасці, асабліва са Швецыі і Нямеччыны, а таксама з Партугаліі, Італіі, Францыі, Вугоршчыны, Румыніі, Сербіі, Чэхіі ды розных куткоў Гішпаніі. Таксама мы ўдзячныя за прысутнасць сярод нас моладзі з Украіны.

Гэты тыдзень выдаўся асабліва насычаным. Хацелася б сказаць пра дзве асаблівыя падзеі, якія сталі адметнымі для нас у гэтыя дні.

Па-першае, у аўторкавы вечар наш брат Маціяс склаў манаскія зарокі прыналежнасці да Абшчыны да канца жыцця. Якая ж гэта была радасць для нас, у тым ліку радасць з нагоды, каб прывітаць яго сям’ю! Пасля перыяду валанцёрства ў Тэзэ ён пачаў працаваць настаўнікам, але папрасіўся вярнуцца сюды, бо адчуў пакліканне стаць братам у нашае Абшчыне.

Раней на гэтым тыдні мы размаўлялі, і я сказаў яму, што сёння ўвечары хачу сказаць некалькі слоў пра спеў Herre visa mig vägen, які мы выконваем па-шведску, бо вас зараз тут багата менавіта са Швецыі. Ён усміхнуўся і сказаў, што гэта быў адзін з новых спеваў у 2018 годзе, калі ён вярнуўся ў Тэзэ, і што з таго часу ён суправаджаў яго.

Гэтыя словы святой Брыгіты, шведкі, якая жыла ў XIV стагоддзі, вельмі прыгожыя і рыхтуюць нас да таго, каб прысвяціць сваё жыццё Хрысту, штодня крочыць за Ім. Яна моліцца: «Госпадзе, пакажы мне шлях і ўчыні, каб я крочыла ім, дай мне спакой сэрца».

Брыгіта была жанчынай, якая любіла Касцёл і пакутавала з-за падзелаў у ім, якія Касцёл перажываў у тыя часы. У яе было сэрца для адзінства, яна была жанчынай-пілігрымам, якая падарожнічала ў Сант’яга-дэ-Кампастэла, а таксама ў Рым, што было велізарнымі высілкам.

А ці зможа кожны з нас цягам наступных некалькіх месяцаў маліцца гэтымі словамі? Калі мы будзем маліцца гэтымі словамі, магчыма, мы больш выразна ўбачым, чаго Бог прагне ад нас. Мы можам стаць пілігрымамі еднасці і супакою, як Брыгіта, а Святы Дух дасць нам адвагу, неабходную, каб рызыкнуць сказаць «так» Хрысту ўсім нашым жыццём.

Кожны чалавек мае пакліканне. Богу патрэбныя людзі, якія будуць сведчыць любоўю, аб’яўленай у Езусе, ва ўсіх сферах жыцця. Няма вышэйшага і ніжэйшага паклікання. Але ці будзе гатовы кожны з нас знайсці час, каб шукаць або, магчыма, аднавіць адданасць Хрысту ў сваім жыцці? Датычыць тое не толькі знаходжання ў Тэзэ, але й кожнага дня нашага жыцця, дзекольвек нас пакліча Бог.

Па-другое, на працягу ўсяго гэтага тыдня мы маем магчымасць пачуць голас вернікаў праваслаўнай традыцыі. Сумеснае падарожжа з хрысціянамі рознага паходжання з’яўляецца істотным крокам на шляху да адзінства ўсіх, хто любіць Хрыста.

Падарожнічаючы па праваслаўных краінах, мяне часта ўражвала прыгажосць богаслужэнняў, калі мы адчуваем нешта ад Божае таямніцы непахіснай веры ва Уваскрэсенне Хрыстова.

На гэтым тыдні сярод нас перабывае група з Праваслаўнай Царквы ва Ўкраіне ў суправаджэнні епіскапа Кіеўскага Яфрэма. Поруч мяне Анастасія, у якой я хачу спытаць: «Што значыць жыць Царквой у час вайны?»

Анастасія: “Сёння, як Праваслаўная Царква ва Ўкраіне, мы шукаем форму служэння падчас вайны. Адным з галоўных пытанняў у межах гэтага пошуку было адкрыццё разумення абшчыны як саюза, здольнага не толькі дзяліцца радасцю, але й разам перажываць пакуты.

Гэта азначае стала практыкавацца ў выслухоўванні іншага, нягледзячы на інтэнсіўнасць голасу ўнутранага болю. Гвалт вядзе да сваркі і маўчання, але абшчына, як форма служэння, на гэта не дазваляе; яна спараджае цярплівасць, любоў і дае месца Слову.

Для праваслаўных вернікаў Украіны абшчына Тэзэ сёння з’яўляецца месцам, дзе нашыя першыя крокі становяцца больш упэўненымі.

Заўтра ўвечары з Парыжа прыедзе мітрапаліт Эладскай Праваслаўнай Царквы Дзімітрый, каб разам з намі адслужыць тут, у Храме Паяднання, Літургію ў той час, калі мы звычайна маем вечаровую малітву. Ён некалькі разоў наведваў Тэзэ і з’яўляецца вельмі сціплым, шчодрым слугой Бога.

Для многіх з вас гэта будзе новы досвед, магчыма, няпросты для зразумення, але ўслухайцеся ў векавую традыцыю спяванай малітвы і таямніцы літургіі. Для нас гэта таксама будзе час малітвы з хрысціянамі ў праваслаўных краінах, дзе ідуць войны або абмежаваная свабода.

Калі нашы праваслаўныя сёстры і браты будуць прымаць прычашчэнне, мы, браты з Тэзэ, усім астатнім прысутным будзем раздаваць асвечаны хлеб. Нягледзячы на ​​тое, што мы не можам падзяліцца адным і тым самым келіхам, Хрыстус прымае нас жэстам, калі Ён накарміў натоўп на пустыні. Нашае жаданне адзінства выяўляецца праз нашую супольную малітву.

Перад праваслаўнай Літургіяй, калі ласка, далучайцеся да нас ужо а 20:00 у Храме, каб у цішыні, як мы робім тое ўвечары кожнае пятніцы, памаліцца за мір у нашым свеце, дзе так шмат канфліктаў. Мы молімся за месцы, дзе ідзе вайна, як ва Ўкраіне ці ў Газе, але таксама за тыя мясціны, дзе існуе вялікая напружанасць, як у Ліване ці Бангладэш.

Цягам шэрагу гадоў у Бангладэш існуе нашая малая фратэрнія. На гэтым тыдні пасля шматлікіх дэманстрацый і смерцяў змяняецца ўрад, але сітуацыя ўсё яшчэ застаецца нявызначанай. Часцей за ўсё ў такія часы больш за ўсё пакутуюць этнічныя і рэлігійныя меншасці.

Нарэшце, напрыканцы года мы збярэмся ў эстонскім Таліне на нашую штогадовую Еўрапейскую сустрэчу. Туды вас жадае запрасіць Наталі:

Маё імя Наталі, я з Эстоніі. Я нарадзілася і гадавалася на Саарэмаа, самай вялікай з нашых 2000 выспаў. Каб запрасіць вас у Талін на маючую адбыцца Еўрапейскую сустрэчу, мне трэба пачаць са свайго досведу 2-гадовай даўніны, калі Тэзэ змяніла маё жыццё.

Гэта быў мой першы раз у Тэзэ, і я прыехала сюды, уцякаючы як ад хаосу ў свеце, так і ад уласнага жыцця. Я стамілася і не ведала, што далей.

У Тэзэ я знайшла супакой у сабе, іншых і ў супольнасці. Я закахалася ў гэтае месца, поўнае спагады, надзеі і нашага агульнага даверу да Бога. Але Тэзэ – гэта нашмат больш, чым фізічнае месца, паколькі кожны тыдзень гэта мы ствараем яго.

Таму я запрашаю вас адправіцца ў падарожжа ў гэтую нерэлігійную краіну паўночна-ўсходняй Еўропы з насельніцтвам усяго 1,3 мільёна чалавек. У гэтыя паўсюдна няпэўныя часы вы нам патрэбны. Нам патрэбны ваш досвед, каб пабудаваць верную і адкрытую Еўропу. Сустрэньмася ж ізноў разам у Таліне ў снежні гэтага года.

Што ж, да сустрэчы ў Таліне! А зараз, як у кожны вечар года, мы працягнем нашую малітву спевам.


Апошняе абнаўленне: 17 August 2024