TAIZÉ

Еднасць, якая не ведае межаў

 
Чацвер, 10 красавіка 2025 г.

Шчыра вітаем усіх вас, хто прыехаў у Тэзэ на гэтым тыдні, асабліва з Францыі і Нямеччыны, а таксама з іншых краін. Вялікай радасцю з’яўляецца перабыванне сярод нас валанцёраў з Інданезіі, Калумбіі, Кітая, Японіі, ЗША...

Самі таго не ўсведамляючы, вы з’яўляецеся знакам еднасці, якая не ведае межаў у Хрысце, якая не знішчае нашае асабовасці, нашых культур і нашых моў, але выходзіць па-за іх межы, каб мы зразумелі, што Бог любіць усіх нас.

Мы знаходзімся на пачатку Вялікага тыдня, падчас якога крок за крокам пойдзем за Езусам дарогаю дару Яго жыцця. Чаму Ён мусіў быў памерці? Чаму Ён так моцна пакутаваў? Гэта цяжкія пытанні, але калі мы глядзім на Евангелле, мы бачым, што Ён ніколі не пераставаў служыць і любіць, нават нягледзячы на непрыняцце ды несправядлівае асуджэнне.

Такім чынам Езус паказвае нам аблічча Бога. Ён не займае ўладную пазіцыю, якая была б Яму належная, але аддае сябе без разліку, нават коштам уласнага жыцця. Ён дае нам зразумець, што нішто не можа аддзяліць нас ад Божае любові. Менавіта гэта мы й будзем святкаваць на Вялікдзень.

А неўзабаве, у Вербную нядзелю, мы зможам адчуць прадсмак пасхальнае радасці. Усе разам мы сустрэнемся ізноў а 9-е гадзіне раніцы ля крыніцы святога Стэфана, дзе ў прыгожым жэсце еднасці ў Хрысце сястрой-пратэстанткай і каталіцкім святаром будуць асвечаныя галінкі.

Падчас Эўхарыстыі я буду маліцца наступнымі словамі:

“Езу Хрысце, лагодны і пакорны сэрцам, Ты ніколі не шукаў трыумфу. І ўсё ж, калі натоўп вітаў Цябе, калі Ты ў Вербную нядзелю ўваходзіў у горад міру, нават ведаючы, што набліжаецца час, калі Табе трэба будзе пайсці да канца любові, якую Ты прыйшоў паказаць нам, Ты вітаў іх радасць. Нам, хто часта сутыкаецца з сітуацыямі гвалту і бездапаможнасці, дай нам дар распазнаць знакі Тваёй радасці, Тваёй прысутнасці, нават калі надыходзіць ноч. Такім чынам, давер веры кажа нам, што ў Тваёй сітуацыі пакуты ніколі не будуць мець апошняга слова”.

Як мы можам распазнаць знакі прысутнасці Хрыста ў той час, калі мы так узрушаны тым, што адбываецца ў свеце? Гэта выклік, які паўстане перад вамі пасля вашага побыту ў Тэзэ. Гэта будзе нялёгка, але разам, у вашых душпастырствах і моладзевых групах, вы можаце падтрымаць адно аднаго.

Хачу падзяліцца з вамі сустрэчай, якая адбылася з людзьмі іншага веравызнання з нашага рэгіёна. Я папрасіў Ёсуке, адну з асобаў з нашае валанцёрскае моладзі, распавесці нам, што адбылося:

Мяне разам з іншымі запрасілі наведаць мячэць Эсалем у Маконе, непадалёк адсюль. І калі мы прыехалі, адразу мною было адчута, што я магу ахарактарызаваць так: нас цалкам прынялі. 
 
Яны з гонарам паказалі нам сваё месца культу і навучання, а нават запрасілі нас далучыцца да іх падчас іх малітвы. Не дзеля таго, каб удзельнічаць у іх малітве, але каб проста перабываць з імі, таму што яны хацелі падзяліцца з намі гэтае інтымнае прастораю. І хаця іх традыцыі ды звычаі вельмі адрозніваюцца ад таго, што мы маем тут, была магчымасць адчуць, як усё гэта паходзіць з таго ж месца любові, надзеі і дабрыні.
 
Яны падзяліліся з намі, што для іх ушаноўваць гасцей – гэта ўшаноўваць Бога. Найлепей тое было мною зразумета, калі яны падзяліліся з намі сваёй ежай. Асабліва тое, што нават падчас Рамадана яны знайшлі час, каб прыгатаваць цудоўную ежу з мноствам розных страў. Гэта было так добра, значна лепей, чым тое, што мы можам прыгатаваць для ўсіх вас на Вялікай кухні ў Тэзэ.
 
Для іх ушаноўваць гасцей – гэта ўшаноўваць Бога. І так, мною была пачутая сапраўдная пашана.

А ў мінулую суботу група з гэтай мячэці прыехала ўжо да нас сюды, у Тэзэ. Прысутнасць гэтых сяброў-мусульман з Макона была святам. У атмасферы ўзаемнага выслухоўвання і дзялення мы зразумелі, што акрамя адрозненняў, якія існуюць паміж намі, у нас ёсць супольная чалавечнасць, якая дазволіць нам пабудаваць штосьці разам.

У Евангеллі Езус сустракаў людзей іншых рэлігій. Ён выслухоўваў іх і часам вучыўся ад іх. Такім чынам, гэтая сустрэча прывяла нас да прысутнасці Хрыста, які адкрывае нас на камунію з усімі, што прывядзе нас да прыняцця супакою, які Ён нам прапануе. Ці вы ўжо дасведчылі такія перажыванні? Ці можаце вы ўвасобіць у рэальнасць такія сяброўскія сустрэчы?

Прыходзьце і далучайцеся да нас у пятніцу ўвечары а 20:00, калі мы будзем маліцца ў цішыні за супакой у нашым свеце. Мы не можам забываць пра пакуты ў краінах, дзе шалее вайна. Нашыя браты толькі што вярнуліся з Украіны, а паездкі туды будуць працягвацца. Іншыя ж пасля Вялікадня скіруюцца ў Ліван, Ізраіль і на Заходні бераг Ярдану. Нашы суданскія сябры нагадваюць нам пра жахі, якія адбываюцца ў іх краіне, і заўтра па ініцыятыве руху «Pax Cristi» адбудзецца дзень малітвы за Судан. Малітва ў цішыні з’яўляецца знакам нашага прагнення гэтага доўгачаканага міру.

А напрыканцы ж года, з 28 снежня па 1 студзеня, вас усіх чакаюць у Парыжы і рэгіёне Іль-дэ-Франс на Еўрапейскую сустрэчу па запрашэнні арцыбіскупа Парыжа і біскупаў рэгіёну, а таксама пратэстанцкіх і праваслаўных лідэраў. Гэтая Сустрэча таксама будзе й знакам нашага жадання міру і братэрства ў чалавечае сям’і, сапраўды, надзеі звыш усялякае надзеі.

Апошняе абнаўленне: 19 April 2025