Мы перабываем наконадні Пяцідзясятніцы. Мы збіраемся святкаваць дар Святога Духа. Сёння вечарам у Евангеллі паводле святога Яна мы пачулі словы Езуса, дзе Ён запрашае ўсіх, хто адчувае смагу, прыходзіць да Яго, а тых, хто давярае Яму, запрашае піць.
Мы ўсе нечага прагнем. Магчыма, мы прагнем Бога не насамрэч. Магчыма, мы прагнем поспеху, сяброўства або прызнання. Але калі мы будзем шчырымі з нашымі невялікімі жаданнямі, яны прывядуць нас да Езуса.
Дзеля таго, каб дабрацца да вытоку, нам трэба рухацца ўверх па плыні. Гэта не значыць падаўляць свае жаданні. Наадварот, нашая вера вызваляе нашыя прагненні і жаданні, адкрываючы іх сапраўдную мэту.
Такім чынам, няхай нашае прагненне вядзе нас да Езуса і чэрпае з Яго крыніцы. П’ючы з гэтае крыніцы, ці ж не ўваходзім мы ў своеасаблівае чаканне таго, што Ён нам дасць?
Тут мы далучаемся да вучняў Езуса, Яго сяброў, якія пасля таго, як Ён уваскрос з памерлых, сабраліся на малітву ў Ерузалеме з Марыяй і, магчыма, іншымі, чакаючы моцы Святога Духа, якую Ён абяцаў ім і якая дасць ім магчымасць, каб даваць сведчанне Яго любові.
Заўтра мы будзем чытаць апавяданне з Дзеяў Апосталаў, дзе спаўняецца абяцанне Езуса. Быў дзень аднаго з вялікіх святаў, і раптам сябры Езуса пачулі нешта падобнае на моцны вецер. Потым полымя, падобнае да языкоў агню, спачыла на кожным з іх. Яны пачалі прамаўляць рознымі мовамі.
Пётр, поўны адвагі, узнімаецца і распавядае ім пра Езуса. Яны разумеюць, што Бог іх прымае, любіць і што для іх ёсць месца ў супольнасці разам з іншымі, хто шукае Бога.
Такім чынам спаўнялася абяцанне Езуса. Пётр стаў сведкам дзякуючы дару Святога Духа. У гэтым сведчанні да яго далучацца і іншыя сябры Езуса.
Неўзабаве вы пакінеце Тэзэ. Якім чынам вы будзеце працягваць збірацца з тымі, хто шукае Бога, на ўзор таго, як вы тое чынілі на гэтым тыдні, каб чакаць Бога і слухаць абяцанні Езуса?
Ці гатовыя мы ўзяць на сябе рызыку адмовіцца ад уласнага “я”, каб слухаць і вывучаць тое, што кажа нам сёння Дух? Быць патрывожаным, узрушаным і сутыкнуцца з выклікам? А што б сталася, калі б Бог стварыў у нашых супольнасцях нешта зусім новае?
Як мы можам гаварыць пра Езуса на мове, зразумелай іншым? Дар Духа Святога заахвочвае нас сустракацца з людзьмі там, дзе яны знаходзяцца, каб перадусім выслухаць іх.
Толькі так мы можам вывучыць іх мову. І толькі тады мы можам перадаць тое, што зразумелі пра Езуса, найперш праз уласнае жыццё.
Такім чынам для ўсіх нас становіцца магчымым стаць сведкам Езуса, Яго любові.
Я толькі што вярнуўся з Украіны. З двума іншымі братамі мы наведалі гарады Львоў, Цярнопаль, Жытомір і Кіеў, а таксама іншыя месцы.
Мы ехалі туды не маючы іншага плану, акрамя як толькі выслухаць людзей, памаліцца з імі і выказаць знак салідарнасці, сказаць ім, што мы не забыліся пра іх.
На кожнай сустрэчы мы сустракалі людзей, поўных адвагі, якія любяць сваю краіну і гатовыя аддаць усё, каб застацца свабоднымі.
Нават калі ў многіх месцах жыццё здаецца нармальным, як і ў іншых еўрапейскіх краінах, трывога ніколі не існуе здалёк, а нават узрастае пасля двух гадоў вайны. Вайна ўсё яшчэ працягваецца.
Рэгулярна ўключаюцца папераджальныя сірэны, бываюць адключэнні электраэнергіі, і калі вы ідзяце на могілкі, вы не можаце не заўважыць новыя магілы, якія былі закладзены, каб прыняць часта вельмі маладых салдат.
Для многіх іх вера з’яўляецца вялікай падтрымкай, якая дазваляе захоўваць надзею і дапамагаць тым, хто знаходзіцца ў патрэбе. Людзі сустракалі нас велікодным віншаваннем: «Хрыстос уваскрос!». А мы адказвалі: «Сапраўды ўваскрос!»
Потым на твары людзей вярнулася ўсмешка, і нават калі не заўсёды лёгка паверыць ва Ўваскрасенне, мы зразумелі моц гэтага прывітання. Пакута ніколі не будзе мець апошняе слова.
Ці мог бы я папрасіць вас не забывацца пра ўкраінскі народ, маліцца за яго, каб у яго краіне панавалі мір, справядлівасць і свабода? Такім чынам, як і мы, вы станеце пілігрымамі супакою, падтрымліваючы тых, чыёй будучыні пагражае вайна.