TAIZÉ

Разважанне брата Мэцью

Для Бога няма нічога немагчымага

 
Чацвер, 15 жніўня 2024 г.

Сёння ўрачыстасць Марыі, Маці Езуса. Сёння раніцай падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі мы пачулі песню праслаўлення Марыі з Евангелля паводле Лукі. Гэтая песня, якую мы часта называем Magnificat, таму што яна пачынаецца словамі «Велічае душа мая Пана», выходзіць з вуснаў Марыі пасля дзвюх падзей.

Па-першае, Марыя атрымала вестку аб тым, што яна павінна нарадзіць сына, пасланага Богам для выратавання чалавецтва. Нягледзячы на тое, што ёй цяжка было зразумець, як гэта магло быць магчыма, яна прыслухалася і пачула словы: «Для Бога няма нічога немагчымага».

Паступова яе давер узрастаў, і яна змагла сказаць: «Няхай мне станецца паводле твайго слова». Марыя змагла сказаць так таму, чаго ад яе чакаў Бог. Дзякуючы выслухоўванню, так набыло канкрэтную форму ў яе жыцці.

Па-другое, Марыя скіравалася наведаць сваю стрыечную сястру Альжбету, якая таксама чакала сына. Убачыўшы яе, Альжбета ўсклікнула: «Шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам». Яе стрыечная сястра запэўнівае давер, які Марыя адчувала ў сваім сэрцы.

Такім чынам, Марыя можа толькі дзякаваць і праслаўляць Бога. Яна нагадвае пра вернасць Бога, любоў і Божую міласэрнасць на працягу стагоддзяў, а таксама пра тое, як Бог узвышае пакорлівых і зрынае моцных, каб запанавала Божая справядлівасць. Яе хвала паказвае, чаго прагнем усе мы.

Калі мы разумеем, чаго Бог чакае ад нас, не заўсёды лёгка адразу сказаць так. Падобна Марыі, мы не заўсёды можам усвядоміць, якім чынам можна адказаць станоўча. Вось чаму нам патрэбен хтосьці, хто можа ісці з намі, як Альжбета, патрэбная не для таго, каб казаць нам, што рабіць, але каб запэўніць нас і даць нам прастору, каб нашае так магло ўзрастаць.

Калі нашае так становіцца падзякай і хвалой за ўсё, што мы атрымалі ад Бога, тады мы можам з радасцю крочыць наперад. Тое, што нам, магчыма, давядзецца пакінуць ззаду, здаецца малым у параўнанні з прыгажосцю шляху, які нас чакае.

Учора вечарам наш брат Хунбінь склаў манаскія зарокі жыць у нашае абшчыне. У 2015 годзе ён быў валанцёрам, скіраваны сюды ягонай абшчынай з Кітая, а пасля вяртання дадому выказаў жаданне вярнуцца ў Тэзэ ў 2016 годзе, каб паглыбіць разуменне Божага паклікання ў сваім жыцці.

Наш брат Хунбінь пакінуў ззаду сябе Кітай і ўсё, што яму было знаёма, каб далучыцца да нашае супольнасці ў 2018 годзе, а гэтыя мінулыя гады падрыхтавалі яго да таго, каб цяпер сказаць так Хрысту ў нашым пакліканні, сведкамі якога былі вы. Тое, што можа здацца немагчымым з пункту гледжання чалавека, становіцца магчымым, калі мы разумеем, як Бог кажа нам так, адкуль бы мы ні былі, незалежна ад нашай культуры і паходжання.

Нашая супольнасць з радасцю прымае брата Хунбіня і запэўнівае яго ў пакліканні. Цяпер ён будзе штодзённа працягваць казаць так, калі яго пакліканне аднаўляецца. Наперадзе нас чакае цудоўная прыгода веры ў супольнасці, у Царкве і ўсюды, куды нас пасылае Бог!

Наш заснавальнік, брат Ражэ, чый дзень смерці мы ўзгадваем заўтра, 16 жніўня, часта казаў нам, што мы не тыя, якія сягнулі канцавога пункта. Ён любіў цытаваць Рыгора Нісскага, хрысціяніна з IV стагоддзя, які казаў: «Мы ідзем ад пачатку да пачатку, а тым пачаткам няма канца».

Мы заўсёды падарожнічаем, але калі мы падарожнічаем супольна, ці тое ў грамадскім жыцці, у сям’і, у царкоўнай абшчыне або проста сярод сяброў, тады нашыя крокі становяцца лягчэйшымі, калі мы падтрымліваем і запэўніваем адно аднаго.

Вяртаючыся дадому, адважвайцеся шукаць магчымага для Бога. Гэта будзе няпроста, таму што жыццё моцна адрозніваецца ад таго, што вы дасведчылі ў Тэзэ цягам апошніх некалькіх дзён. Але такім чынам вы можаце адправіцца ў гэтую прыгоду веры, шукаючы падтрымкі адно аднаго, а таксама ў мясцовых царкоўных абшчынах.

Чаго Хрыстос просіць ад нас, тое й дае нам. Як мы можам прынесці Яго супакой туды, куды Ён нас скіроўвае? Якім чынам мы можам стаць пілігрымамі супакою?

Заўтра ўвечары прыходзьце ўсе а 20:00, каб у цішыні памаліцца за мір у нашым свеце, дзе так шмат канфліктаў. Не забываймася пра народ Украіны і пра тых, хто пакутуе ў Газе, Ліване, М’янме, Нікарагуа ды іншых месцах.

Акрамя таго мы можам сустрэцца ізноў, у Таліне, сталіцы Эстоніі, маленькай краіны ў паўночна-ўсходняй Еўропе, з 28 снежня па 1 студзеня на нашай чарговай Еўрапейскай моладзевай Сустрэчы. Мы будзем там, каб маліцца за мір і быць знакам Еўропы, адкрытай і гасціннай для ўсіх. Будзем рады вас там убачыць!

Апошняе абнаўленне: 25 August 2024