TAIZÉ

Апошнія навіны

Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў

Як штогод, з 18 па 25 студзеня будзе праходзіць Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў. Усіх нашых сяброў з наваколля мы запрашаем прыбыць у Тэзэ ў чацвер, 18 студзеня, на супольную малітву а 18-ае гадз., а пазней застацца на пачастунак.

Перад гэтым, а 17:00 у пак. №15 усе ахвотныя запрашаюцца на сустрэчу з братам Мэцью, прыёрам Абшчыны Тэзэ.

Увага: з гэтае нагоды супольная вечаровая малітва 18-га студзеня перанесена на 18:00 замест 20:30, як тое адбываецца звычайна.

 [1]

Разважанне бр. Мэцью на Раство Хрыстова

Сардэчна вітаем усіх вас, хто ў гэтую калядную ноч прыехаў з наваколля Тэзэ, калі мы святкуем Нараджэнне Езуса. Разам з братамі мы вельмі цешымся прывітаць вас тут, у Храме Паяднання. Напрыканцы Эўхарыстыі нашыя свечкі мы запалім святлом, якое прыбыло з Бэтлеема і якое гарыць зараз у гэтым ліхтары. Потым выйдзем на вуліцу і заспявайма перад яслямі каля Храма.

Мы толькі што пачулі Евангелле аб нараджэнні Езуса. Гэта добра вядомая гісторыя для многіх з нас, але што яна павінна сказаць нам сённяшнім вечарам? Для мяне гэта гісторыя, якая прапануе нам некалькі калядных падарункаў. Я магу прыгадаць тры дары, якія мы можам атрымаць, слухаючы гэта, дары, якія Бог дае кожнаму з нас. Магчыма, вы адкрыеце таксама іншыя, калі будзеце перачытваць тую гісторыю.

Першы дар – «радасць». Там пастухі; яны не прывілеяваныя людзі; ім даводзіцца начаваць на вуліцы са сваімі авечкамі. Гэтым бедным людзям анёл, пасланнік Бога, абвяшчае «вялікую радасць» не толькі для іх, але і для ўсіх людзей: добрую навіну, якою можна падзяліцца. Пастухі, у сваю чаргу, стануць пасланцамі Бога.

Гэтая «вялікая радасць» будзе таксама радасцю сяброў Езуса напрыканцы Евангелля. Яна напоўніць іх сэрцы пасля смерці і ўваскрасення Хрыста. Радасць можа прыйсці на свет, калі мы праходзім праз цяжкасці. Якую радасць гэтымі днямі атрымліваю я? Як падзяліцца гэтым з іншымі?

Другі дар называецца «мір». Убачыўшы Божага пасланца, пастухі былі ахоплены вялікім страхам. Так і мы, можам быць ашаломлены, калі ўсведамляем, што Бог поруч. Але анёл кажа: «Не бойцеся». І тады цэлае неба спявае аб супакоі, які Бог прапануе ўсім жыхарам зямлі, якіх Ён любіць, без выключэння.

Супакой, які пастухі атрымліваюць у сваіх сэрцах, павінен ззяць вакол іх. Адзін з ранніх сведак Хрыста сказаў: “Пачніце працу супакою ўнутры сябе, каб, знайшоўшы супакой, вы маглі прынесці супакой іншым”. Разважаючы пра насілле ўнутры нас саміх, у нашых грамадствах і ў нашым свеце, на чым палягае мая адказнасць за гэты супакой, які Бог абвяшчае і давярае нам?

Трэці дар я б назваў «навізной». Нараджэнне Езуса – гэта нешта абсалютна новае ў гісторыі чалавецтва. І самае дзіўнае для нас, як і для пастухоў, тое, што Бог выбірае сустрэчу з намі ў той сітуацыі, у якой мы знаходзімся. Бог ужо не далёкі, але побач з намі. Бог прысутны, вельмі слабы, сціплы і бедны ў Дзіцяці Езусе, які залежыць ад Марыі, Яго маці, ад Юзафа ды іншых асоб вакол Яго. І ён таксама давярае сябе нашай апецы.

Калі штосьці новае, то яно часта бывае нетрывалым. Тое неабходна прыняць, клапаціцца аб гэтым і падтрымліваць. І ўсё ж кожная новая рэч з’яўляецца часткаю гісторыі. Не выпадкова евангеліст пачынае сваё апавяданне аб нараджэнні Езуса з размяшчэння яго сярод надзённых падзей таго часу. У нашым досведзе жыцця, у якім мы запрошаны распазнаць сляды Бога, узнікае нешта новае.

Чым жа з’яўляецца навізна, якую Бог просіць нас прыняць у гэтую ноч Нараджэння Пана і падчас гэтага Раства? Нават калі яна далікатная, як мы можам стварыць прастору, дзе можам падсілкоўваць яе і даць ёй магчымасці ўзрастання?

Прымем жа гэтыя тры дары ад Бога: радасць, мір і навізну. Пасля гэтага мы можам прапанаваць іх таксама й іншым; сваім уласным узорам жыцця. Магчыма, гэта можа быць той выклік, які Раство ставіць перад усімі намі...


Трансляцыя ўрачыстай цэлебрацыі з Тэзэ

Ніжэй запіс Эўхарыстыі з вігіліі Нараджэння Пана, трансляцыя якой мела месца нядзельным вечарам, 24 снежня, а 20:30 (а 22:30 часу беларускага).

Брат Мэцью заняў пасаду прыёра Супольнасці

У Супольнасці Тэзэ новы прыёр! У суботу, 2 снежня, у прысутнасці прадстаўнікоў некалькіх Цэркваў, шматлікіх сяброў Абшчыны і маладзёнаў, якія зараз знаходзяцца ў Тэзэ, брат Алоіс перадаў свае абавязкі брату Мэцью.

Пяцёра царкоўных іерархаў прачыталі малітву з нагоды інаўгурацыі брата Мэцью ў якасці «Слугі Супольнасці»: Бэнуа Рыўер, каталіцкі біскуп дыяцэзіі Атун, Шалон і Макон; праваслаўны мітрапаліт Максім з Канстанцінопальскага Патрыярхата (прадстаўніцтва ў Жэневе); біскуп Рэдынга Алівія Грэхэм, біскуп-суфраган Англіканскай Царквы; англіканская біскуп Хадэрсфілда Мадху Сміта Прасадам; пастар Ларан Шлюмбержэ, былы прэзідэнт Аб’яднанай пратэстанцкай царквы Францыі (фр. Église Protestante Unie de France). Таксама прысутнічалі пастар Крысціян Крыгер, прэзідэнт Пратэстанцкай федэрацыі Францыі, ды біскуп Рыгі Рынальдс Грантс з Латвійскай евангелічна-лютэранскай царквы.

Запіс малітвы

Вы можаце запазнацца з запісам прамой трансляцыі:


Здымкі самых важных момантаў

Здымкі: Tamino Petelinsek

Па здымкі ў высокім раздзяленні, калі ласка, пішыце на адрас media taize.fr.

Новы фільм

Тэзэ, вёска свету (фр. Taizé, village monde)

Агляд

У той час як браты Тэзэ ўдзельнічаюць у арганізацыі экуменічнага малітоўнага чування ў Рыме 30 верасня, гэты фільм прапануе акунуцца ў іх паўсядзённае жыццё ў Бургундыі. Цягам 80 гадоў Супольнасць Тэзэ аб’ядноўвала мужчын-пратэстантаў, англікан і католікаў, якія вырашылі жыць разам паводле запаведзяў Евангелля. Адметнасць месца: кожнае лета да іх далучаюцца тысячы гасцей з усяго свету, у асноўным моладзь, якая шукае духоўнасці. Згодна з традыцыяй гасціннасці, браты далучаюць маладзёнаў да сваіх штодзённых малітваў тройчы на дзень, запрашаючы да паўтаральных і шматмоўных спеваў... Мэта: каб кожны знайшоў сваё месца ў Тэзэ, каб лепш шукаць Божае прысутнасці ва ўласным жыцці.

Сумесная вытворчасць KTO / COSMOPOLITIS / MARJAC PRODUCTIONS 2023 - Рэжысёр Флоранс Гаяр

Поўная версія фільма

Біскупы Шведскай лютэранскай царквы ў Тэзэ

З 22 па 29 красавіка брат Алоіс і Абшчына Тэзэ былі вельмі радыя гасціць у Тэзэ Канферэнцыю Біскупаў Шведскай лютэранскай царквы ў часе іх рэкалекцый, якія праводзяцца раз на два гады. Тыдзень біскупы правялі ў цішыні і малітве, прымаючы ўдзел у супольных малітвах ды вывучэнні Бібліі, якія вялі браты з Тэзэ.

Падчас нядзельнае Эўхарыстыі лютэранскі арцыбіскуп Упсалы, прымас Швецыі Марцін Модэус прамовіў казанне, прысвечанае гісторыі вучняў па дарозе ў Эмаус. Яго заключныя словы былі: “Езус запрашае нас разам з Ім глядзець на свет вачыма жыцця і любові. У нашае пілігрымцы нас там, можа, й няма. Але Ён побач, глядзіць на нас вачыма зіхатлівымі любоўю” (поўны тэкст казання на гэтае старонцы).

Адносіны паміж Тэзэ і лютэранскай Царквой Швецыі налічваюць шмат гадоў, але пасля сустрэчы моладзі ў Лінчэпінгу ў 1990 г. па запрашэнні біскупа Марціна Лёнэба, які памёр 27 красавіка 2023 г., калі біскупы былі ў Тэзэ, павялічвалася колькасць моладзі, якая прыязджала са Швецыі. Вялікая лічба моладзевых лідэраў збіраецца разам са сваімі зборамі, каб прыняць удзел у сустрэчах у Тэзэ падчас Вялікадня, летам і ў часе вакацый ва ўрачыстасць Усіх Святых.

JPEG - 884.6 kb

Выступ брата Алоіса на Сінадальным шляху ў Франкфурце

“О, чалавек, сказана табе, што ёсць дабром, і чаго патрабуе ад цябе Пан: паступаць справядліва, любіць міласэрнасць і пакорна хадзіць перад тваім Богам” (Міх 6, 6-8).

“Дарагія браты і сёстры ў Хрысце,

так, менавіта сёстры і браты ў Хрысце, нават калі ў Царкве не ўсе мы атрымалі аднолькавыя абавязкі.

Дзякуй, што дазволілі мне правесці гэты дзень з вамі. У Тэзэ мы ад пачатку крочым сінадальным шляхам. Мы адчуваем глыбокую сувязь з Царквою ў Нямеччыне. Штогод тысячы людзей, у асноўным маладзёнаў, прыязджаюць з Нямеччыны, каб далучыцца да нас. Рэгулярна нас запрашаюць на Katholikentag [2] і Kirchentag [3]. Некалькі Еўрапейскіх моладзевых Сустрэч, якія мы арганізуем ужо 45 гадоў, адбыліся ў Нямеччыне – апошняя прайшла два з паловай месяцы таму ў Ростаку. Гэта дазволіла нам убачыць знутры канкрэтнае становішча Цэркваў на секулярызаваным паўночным усходзе Нямеччыны.

У Тэзэ мы хочам сур’ёзна паставіцца да слоў прарока, якія мы прачыталі: “О, чалавек, сказана табе, што ёсць дабром, і чаго патрабуе ад цябе Пан: паступаць справядліва, любіць міласэрнасць і пакорна хадзіць перад тваім Богам”. Бог чакае ад нас справядлівасці. І трэба прызнацца, што мы не заўсёды так рабілі. Нашая Супольнасць таксама ўзрушаная выпадкамі злоўжыванняў, якія прымушаюць нас адважыцца пачаць усё спачатку. Гэта азначае размеркаванне большае колькасці абавязкаў паміж намі. “Паступайце справядліва” ды “любіце міласэрнасць” – мы таксама жадаем з добразычлівай лагоднасцю ва ўзаемаадносінах падысці да неабходных змен у арганізацыі нашага супольнага жыцця.

Шмат моладзі, якая прыязджае да Тэзэ, падбадзёрвае нас. Гэта вялікі дар, калі вы можаце суправаджаць іх у іх пошуках. У наш час многія пэўныя факты руйнуюцца, а ўсе мы зноў сутыкаемся з фундаментальнымі пытаннямі: для чаго варта жыць? Што падтрымлівае нас? Што не дазваляе нам падаць духам?

У Тэзэ прыязджаюць не толькі адданыя хрысціяне, але таксама багата людзей, якія сталі абыякавымі да Царквы. Яны таксама шукаюць сэнсу ў сваім жыцці і асабістага заангажавання. Часцяком мы здзіўляемся таму, наколькі важная для іх супольнасць і наколькі натуральна яны ўдзельнічаюць у супольнае малітве. Некаторыя знаходзяць там давер, а часам нават жывыя адносіны з Богам. Мы адчуваем, што Святы Дух здзяйсняе як унутранае аздараўленне, так і новую адкрытасць адно да аднаго палчас супольнае малітвы.

Гэты досвед заахвоціў мяне зрабіць прапанову два гады таму, падчас сустрэчы перад адкрыццём Сіноду па сінадальнасці ў Рыме: час ад часу супольна затрымлівацца. У адваротным выпадку, як мы можам, як кажа прарок Міхей, хадзіць «пакорна перад Богам»? У сінадальным працэсе непазбежна выказваюцца супрацьлеглыя пазіцыі. Але калі мы супольна спяваем, молімся і перабываем у цішыні, мы таксама перажываем сапраўдную еднасць у Хрысце, больш глыбокую, чым любы кансэнсус ці рознагалоссе.

Мая прапанова распачаць кастрычніцкі Сінод менавіта такім момантам паўзы і супольнага звароту да Хрыста здабыла прыхільнасць не толькі ў Рыме, але таксама ў праваслаўных Цэрквах і пратэстанцкіх супольнасцях, абшчынах і рухах. Такім чынам, праект набывае ўсё большыя абрысы. Ягоным дэвізам стала фраза “Разам | Сход народа Божага”. Такім чынам, кастрычніцкі Сінод распачнецца экуменічнай малітвай увечары 30 верасня на плошчы Святога Пятра, на якую запрашаюцца ўсе ахвотныя. Удзел у ёй возьме пантыфік і прадстаўнікі розных Цэркваў. Будзе вельмі сціпла: са спевамі з Тэзэ, чытаннем Святога Пісання, цішынёй і малітвай вернікаў, падобна як падчас «ночы святла», арганізаванай у шэрагу абшчын Нямеччыны, а таксама падчас Адвэнту. Моладзь ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў запрашаецца не толькі да ўдзелу ў вечаровае малітве, але й да ўдзелу ў мерапрыемствах цягам выходных у парафіях і рэлігійных супольнасцях Рыма.

Папа Францішак абвясціў гэтую экуменічную вячэрнюю малітву 15 студзеня, кажучы з гэтае нагоды: “Шлях да адзінства хрысціянаў і сінадальны шлях Касцёла ўзаемазвязаныя”. Праз некалькі дзён пасля гэтага на прэс-канферэнцыі пастар Крысціян Крыгер, прэзідэнт Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў і Пратэстанцкай федэрацыі Францыі, падкрэсліў, наколькі новым для экуменізму з’яўляецца тое, што Касцёл перад прыняццем важных рашэнняў просіць іншых аб падтрымцы і заступніцтве.

Я вельмі сардэчна запрашаю вас, як удзельнікаў Сінадальнага шляху, на гэты «Сход народа Божага». Ваш удзел быў бы моцным сведчаннем нашае узаемазалежнасці. Я ўсведамляю, наколькі насычанамі з’яўляюцца вашыя планы, а перад абліччам усіх надзённых праблем у Касцёле і ў свеце пілігрымка ў Рым з супольнае вечаровае малітваю могуць падацца смешнымі. Але, магчыма, нам патрэбна менавіта тое, што не мае непасрэднае мэты, дзеля таго, каб адкрыцца на нешта істотнае. Хто ведае? Святы Дух можа здзівіць нас.

Няхай Бог дабраслаўляе тую велізарную працу, якую вы здзейснілі на Сінадальным шляху. Зараз я хацеў бы запрасіць вас затрымацца перад абліччам Божае прысутнасці і ўшанаваць тыя некалькі хвілін супольным маўчаннем.

Я быў бы ўсцешаны ўсім сэрцам, калі б вы прынялі маё запрашэнне і калі б мы зноў сустрэліся ў Рыме”.

“Сярод тых, хто стаў ахвярай злоўжыванняў і кантролю ў Царкве, ёсць і такія асобы, каторыя пацярпелі ад гвалту з боку братоў у нашае Супольнасці. На Сінадальным шляху ў Франкфурце прысутнасць «Рады ахвяр» (Betroffenen Beirat) яшчэ раз паказала мне, наколькі істотна размяшчэнне голасу зацікаўленых людзей у цэнтры ўвагі. Без іх сведчанняў, таксама ў Тэзэ, мы б ніколі не даведаліся аб сур’ёзнасці пакут людзей, якіх гэта датычыць. Мы ўдзячныя ім за тое, што яны знайшлі ў сабе смеласць расказаць пра гэта. Я хацеў яшчэ раз паўтарыць тое, таму што ў маім выступе гэта было выказана недастаткова выразна”.

Пра любую агрэсію, даўняю ці нядаўняю, здзейсненую супраць непаўнагадовага або дарослага, ці то з боку брата, які злоўжываў сваім маральным статусам, ці то з боку якой-небудзь іншай асобы, можна паведаміць на адрас электроннай пошты protection taize.fr, або ў асацыяцыю пацярпелых, або на нацыянальны нумар тэлефона, кантактныя дадзеныя якога пададзены на гэтае старонцы.

Здымак: Synodaler Weg / Maximilian von Lachner

Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі брата Алоіса

У чацвер раніцай, 9 сакавіка, наконадні дзясятай гадавіны свайго пантыфікату папа Францішак на прыватнай аўдыенцыі ў Апостальскім палацы прыняў брата Алоіса. Між іншым яны абмеркавалі падрыхтоўку мерапрыемства «Разам | Сход народа Божага», якое адбудзецца 30 верасня ў Рыме напярэдадні Сіноду Біскупаў Каталіцкага Касцёла.

Чарговы этап па падрыхтоўцы гэтага беспрэцэдэнтнага экуменічнага мерапрыемства, у якім ужо ўдзельнічаюць каля шасцідзесяці партнёраў з розных канфесій, адбудзецца з 12 па 15 сакавіка ў Рыме. Абвяшчаючы мерапрыемства 15 студзеня, папа Францішак запрасіў «братоў і сясцёр усіх хрысціянскіх канфесій узяць удзел у гэтым «Сходзе народа Божага» (поўны тэкст).

Перад тым, як прыехаць у Рым, у панядзелак 6 сакавіка брат Алоіс наведаў у Жэневе Генеральнага сакратара Сусветнай рады Цэркваў вялебнага Джэры Пілэя, а таксама Генеральную сакратар Сусветнае лютэранскае федэрацыі вялебную Анне Бургхардт. Яму таварышылі каля шасцідзесяці маладзёнаў, якія зараз знаходзяцца на валантарыяце ў Тэзэ.

У мінулую пятніцу ўвечары, 12 сакавіка, брат Алоіс выступіў на пятай і заключнай асамблеі нямецкага Сінадальнага шляху ў Франкфурце; разважанне, дало яму магчымасць падкрэсліць духоўнае вымярэнне сінадальнага працэсу.

Інфармацыя для прэсы

Больш дэталёвую інфармацыб пра сустрэчу «Разам | Сход народа Божага» можна атрымаць, пішучы на адрас.
Інфармацыю наконт Абшчыны Тэзэ можна атрымаць, пішучы на адрас.


Здымак (C) Vatican Media

Нарада ў Супольнасці: малітва брата Алоіса

З 30 студзеня па 4 лютага ў Тэзэ браты правялі сваю штогадовую Нараду ў Супольнасці. Ніжэй тэкст заключнай малітвы, якую брат Алоіс прамовіў вечарам у суботу, 4 лютага.

Адвечны Божа, хвала табе! Ты заклікаеш нас крочыць за Езусам Хрыстом. Ты прагнеш, каб праз нашае братэрскае жыццё мы былі ўзорам той еднасці, якую Хрыстус прынёс усяму чалавецтву.

Мы давяраем Табе усё, што мы абмяркоўвалі цягам апошніх некалькіх дзён – дабрыню, так неабходную для нашага супольнага жыцця, сумесную адказнасць і супрацоўніцтва паміж намі, жаданне пашыраць нашыя сяброўскія адносіны, каб спрыяць пошуку новага аблічча Царквы. Мы молімся, каб Ты абдарыў нас сэрцамі, адкрытымі на тое, каб гэтыя размовы прынеслі плён.

Мы дзякуем Табе за нашых братоў у фратэрніях, у жыцці якіх Евангелле прысутнічае ў самых розных сітуацыях. Пакажы нам, як нашыя брацтвы могуць развівацца ў зменлівым свеце і ў адпаведнасці са зменамі, якія перажывае нашая Супольнасць.

Навучы нас лепш прыслухоўвацца да шэпту Твайго Святога Духа, які гучыць унутры нас і ў нашым абшчынным жыцці. Умацуй нашую веру ў прысутнасць і моц Твайго Духа, які заўсёды ажыўляе нашае пакліканне. Твой Дух – крыніца, якая не перасыхае. Дапамажы нам чэрпаць з гэтае крыніцы адважныя рашэнні, якія дазволяць заўсёды абнаўляць спадчыну нашае Супольнасці ў нашым імкненні дасягнуць супольнае справы, якая падтрымліваецца ўсімі братамі.

Твой Святы Дух вядзе нас да выслухоўвання адно аднаго. Ты даў нам магчымасць перажыць гэта ў гэтыя дні нашае Нарады. Праз слуханне адно аднаго Ты даеш нам новыя ідэі і мужнасць прымяняць іх на практыцы.

Мы давяраем Табе ўсё, што будзе часткаю нашага абшчыннага жыцця ў гэтым годзе, з упэўненасцю, што Ты будзеш кіраваць намі ў будучыні, як й рабіў тое дагэтуль. Захоўвай нас у радасці і ў духу шчодрасці.

Мы даручаем табе ўсю Царкву, праект “Разам – Сход народа Божага”, паездкі братоў у інтэнцыі дасягнуць моладзі на розных кантынентах, сустрэчы ў Тэзэ, Любляне ды іншых месцах, а таксама душпастырскія ініцыятывы, якія нашы браты будуць прадпрымаць у фратэрніях.

І мы горача давяраем Табе ўсіх тых, хто нясе цяжкія раны, ахвяр вайны ва Украіне і ў іншых месцах, ахвяр сексуальнай агрэсіі і духоўнага гвалту, мігрантаў, тых, хто пакутуе ад змены клімату, хворых і ўсіх тых, пра каго забыліся ў нашых грамадствах.

Божа любові, у Хрысце Ты даеш нам жывую надзею. Учыні, каб мы былі вернымі сведкамі гэтага.


Відэа з гэтай вечаровай малітвы:

Смерць папы-сеньёра Бэнэдыкта XVI

31 снежня 2022 г. да братоў і ўдзельнікаў Еўрапейскай сустрэчы ў Ростаку дайшла вестка, што папа-сеньёр Бэнэдыкт XVI адыйшоў да вечнасці. На пачатку малітвы брат Алоіс прамовіў некалькі слоў пашаны, запрашаючы ўсіх прысутных на хвіліну роздумаў. Ніжэй размешчаныя некаторыя ўспаміны, звязаныя з адносінамі пантыфіка з Тэзэ.
Смерць папы-сеньёра Бэнэдыкта XVI кранае нашыя сэрцы ў Тэзэ, таму што нашая Супольнасць трывала ў адносінах з ім больш за паўстагоддзя. Па сутнасці, Ёзэф Ратцынгер і брат Ражэ ведалі адзін аднаго ўжо з часоў Другога Ватыканскага сабору, дзе адзін з іх быў вучоным экспертам (peritus), а другі – назіральнікам.
 
Памятаю, як я жыў з братам Ражэ ў доме тэолага, які стаў арцыбіскупам Мюнхена, падчас моладзевае сустрэчы, якую мы падрыхтавалі ў гэтым горадзе. Ён гасцінна прыняў нас у сваім доме.
 
Пазней, калі брат Ражэ штогод ездзіў у Рым на сустрэчу з папам Янам Паўлам ІІ, ён часта наведваў кардынала Ратцынгера, у той час прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння, каб мець магчымасць глыбокага абмена думкамі з кардыналам.
 
Апошні ліст, напісаны братам Ражэ за тры дні да яго забойства, быў адрасаваны новаму пантыфіку Бэнэдыкту XVI, каб паведаміць яму, што яго – брата Ражэ – сталы ўзрост не дазваляе яму паехаць на СДМ у Кёльн, але што ён як мага хутчэй прыбудзе да Рыму, каб прывітаць яго. Гэты ліст Папа трымаў у руках падчас агульнай аўдыенцыі ў сераду, калі са смуткам паведаміў аб трагічнай смерці заснавальніка нашай Супольнасці. Ён вельмі паважаў брата Ражэ, а праз пяць гадоў пасля яго смерці напісаў: “Няхай яго сведчанне аб экуменізме святасці натхняе нас на нашым шляху да адзінства”.
 
Асабіста я вельмі ўдзячны за той прыём, які аказаў мне Бэнэдыкт XVI, калі я скіраваўся на сустрэчу з пантыфікам праз некалькі месяцаў пасля пачатку маёй новай паслугі ў якасці прыёра нашае Абшчыны. У тым жа 2005 годзе памёр і Ян Павел ІІ, і брат Ражэ. Як будуць развівацца адносіны нашае Супольнасці з новым пантыфікам? Ужо з моманту першай аўдыенцыі я зразумеў, што атрымалася заваяваць ягоны давер да нас, а я штогод змагу ездзіць да яго. Тады ён сказаў мне: “У Тэзэ вы маеце спевы ды цішыню, вы ідзяце з моладдзю да істотнага, да асабістых адносін з Богам”. І для яго, і для нас гэта было вельмі важна.
 
Кульмінацыяй адносін з ім стала супольная малітва, якую мы арганізавалі ў яго прысутнасці 29 снежня 2012 г. падчас нашае Еўрапейскай моладзевае Сустрэчы ў Рыме. Звяртаючыся да тысячаў маладзёнаў, якія сабраліся на плошчы св. Пятра, Бэнэдыкт XVI між іншым сказаў: “Запэўніваю вас у непарушным абавязацельстве Каталіцкага Касцёла працягваць пошукі шляхоў прымірэння, каб дасягнуць бачнага адзінства хрысціянаў”.
 
Праз некалькі тыдняў ён пакінуў трон апостала Пятра, а я ў наступным годзе вырашыў сустрэцца з ім ужо на пенсіі, каб падзякаваць яму за нязменную падтрымку, якую ён заўсёды аказваў нашай Абшчыне ў яе пакліканні.


Здымак: (C) Servizio Fotografico dell’Osservatore Romano | Vatican Media

Урсула фон дэр Ляен у Тэзэ

Тэзэ • Прэс-рэліз | Пятніца, 19 жніўня 2022 г.

Пасля двух гадоў перыяду пандэміі міжнародныя сустрэчы ў Тэзэ вярнуліся да свайго звычайнага рытму. Ад Вялікадня больш за 20 000 маладых людзей пабывалі ў вёсцы, каб тыдзень за тыднем удзельнічаць у прапанаваных намі мерапрыемствах: супольных малітвах, малых дыскусійных групах, тэматычных семінарах, практычных заданнях.

Канец лета адзначаны выключным візітам: у суботу, 27 жніўня, з афіцыйным візітам Абшчыну Тэзэ наведвае спадарыня Урсула фон дэр Ляен, старшыня Еўрапейскае камісіі. Падчас свайго візіту яна адбывае сустрэчу з братамі ды вядзе дыялог з моладдзю, прысутнай на гэтым тыдні ў вёсцы. У суботу, 27 жніўня, а 17:30 адбываецца яе публічная лекцыя аб еўрапейскіх справах.

На гэтым адмысловым тыдні для маладых людзей ад 18 да 35 гадоў нашыя госці вядуць спецыяльныя тэматычныя семінары. Сярод выступоўцаў эксперты ў розных галінах, навукоўцы, палітычныя лідэры — поўную праграму спецыяльнага тыдня можна знайсці на нашае старонцы. Для жадаючых у межах спецыяльнага тыдня прапанаваная адмысловая праграма па захаванні біяразнастайнасці.

Кажа брат Алоіс: “Нашым прагненнем як Супольнасці ёсць тое, каб усе маладыя людзі, якія прыязджаюць у Тэзэ, маглі адчуць, што давер Богу дапамагае знайсці ім сэнс свайго жыцця ды ўзяць на сябе адказнасць па вяртанні дадому. Візіт Урсулы фон дэр Ляен з’яўляецца важным момантам, які сведчыць аб тым, што памкненні і абавязацельствы маладога пакалення пачутыя і прынятыя да ўвагі палітычнымі лідэрамі ды інстытутамі. З гэтае перспектывы дадзены візіт, ва ўмовах сур’ёзных крызісаў цяперашняга часу, варта лічыць за знак надзеі”.

Коратка аб іншых навінах:

  • • У суботу, 20 жніўня, у рамках “Тыдня абмену думкамі ды сведчання аб праваслаўнае веры” ў Тэзэ мае месца спецыяльны дзень: з Парыжа прыбывае мітрапаліт Дзімітрый, каб а 9-ае гадзіне раніцы цэлебраваць у Храме Паяднання Боскую Літургію.
  • • Мы працягваем надаваць аўдыё-трансляцыю з вечаровае супольнае малітвы штодня ў простым эфіры на старонцы Тэзэ, а таксама суботнюю вечаровую малітву ў відэа-фармаце.

Акрэдытацыя СМІ

Дзеля таго, каб атрымаць здымкі з моладзевых сустрэч гэтым летам у Тэзэ альбо запытаць аб магчымасць інтэрв’ю з братамі Абшчыны ці валанцёрамі, пішыце нам на адрас media taize.fr.