TAIZÉ

Апошнія навіны

Вялікдзень у Тэзэ

Ранак дня пачаўся з ранішняе малітвы на адкрытым паветры пад слабым дожджыкам. Пасхальны агонь быў запалены, калі мы чыталі тэксты з першае часткі Бібліі, дзе апавядаецца пра Божыя ўчынкі стварэння, вызвалення і збаўлення Бога – прадвобраз бязмежнай еднасці і паўнаты жыцця, абяцанай праз Уваскрасенне Езуса.

Вясковыя жанчыны з вёскі і манашкі з розных супольнасцяў, прысутных у Тэзэ, узялі велікоднае святло з вогнішча і ўзначалілі працэсію да Храма Паяднання. А 08.00 яны тройчы пастукалі ў дзверы Храма і пад спеў Mshiha qam (Месія жыве) Святло Уваскрасення ўвайшло ў Храм, а з вуснаў гучаў шэпт, які абвяшчаў «Ён жывы».

Калі ж запальвалася пасхальная свечка, праспявалі Lumen Christi (Святло Хрыста), на што ўсе адказалі Deo gratias (Дзякуем Богу), і святло разлілося па ўсім Храме. І не толькі святло, але й тая радасць, якая ўсплывае ў нашых сэрцах, калі мы спяваем пра Ўваскрасенне.

У канцы набажэнства на 20 розных мовах вуснамі і сэрцамі было абвешчана:
- Хрыстос уваскрос!
- Сапраўды ўваскрос!


Некалькі здымкаў з урачыстасці

 [1]


Спасылка на трансляцыю ўрачыстасці

Водгукі Вялікага тыдня ў Тэзэ

На гэтай старонцы будуць апублікаваны водгукі Вялікага тыдня і Вялікадня ў Тэзэ. За вечаровай супольнай малітваю па-ранейшаму можна сачыць у жывым аўдыя-эфіры праз гэтую старонку.

Вербніца

Лютэранскі біскуп Фрэдрык Модэус са шведскага Векшэ і сястра Дэлія з пратэстанцкай супольнасці дыяканіс у швейцарскім Рыэне дабраславілі аліўкавыя галінкі. Ніжэй малітвы, напісаныя абодвума з гэтай нагоды.

- Ад біскупа Фрэдрыка:

Хрысце, Ты ідзеш шляхам любові да нас і перад намі. Калі мы вагаемся, Ты чакаеш цярпліва. Сёння мы стаім на парозе таямніцы. Дазволь нам ісці за Табою ў даверы, любові і паслухмянасці і ўваскрэснуць да жыцця вечнага. Амэн.

- Ад сястры Дэліі:

Езу Хрыстэ, Ты ўвайшоў у Ерузалем з лагоднасцю і пакорай сэрца. Ты прыйшоў не для таго, каб служылі Табе, але каб служыць і аддаць жыццё за нас. І аддаючы Сябе, Ты прымаеш нас. У нашай радасці, у нашых спевах Ты адчуваеш нашу тугу па Табе. Мы спадзяемся на Цябе. На працягу гэтага Вялікага тыдня дай нам магчымасць прыняць Тваю любоў. Амэн.

Узгадваючы ўваход Езуса ў Ерузалем, з галінкамі ў руках прысутныя накіраваліся адтуль да Храма Паяднання.


Вялікі чацвер

На велікодныя выходныя да нас далучыліся чарговыя 700 чалавек, у тым ліку больш за 200 італьянцаў. Апоўдні брат Мэцью звярнуўся са словамі наступнае малітвы:

“Бог, не ведаючы як яшчэ больш праявіць сваю любоў, паслаў Цябе, Хрысце Езусе, пасяліцца сярод нас. І нават, калі мы адчуваем спакусу аддаліцца ад Цябе, Ты паказваеш нам шлях большае любові да такой ступені, што нашыя сэрцы спяваюць і радуюцца Табе: Ты будзеш з намі назаўсёды”.

Падчас жа вечаровае малітвы, пасля прачытання ўрыўка з Евангелля ад Яна (13 раздзел), браты ўзгадвалі ўчынак Езуса, які абмыў ногі сваім сябрам, што з’яўляецца выразам той большай любові, якая сягае аж да ахвяравання ўласнага жыцця. У першым нартэксе Храма Паяднання колам былі пастаўлены 50 зэдлікаў, а ўсе жадаючыя маглі прыйсці, сесці і прыянць удзел у абрадзе абмыцця ног.

Пасля адбылася цэлебрацыя Эўхарыстыі, падчас якой узгадвалася Апошняя Вячэра Езуса з Яго сябрамі перад распачаццем Яго Мукі.


- Сафія з Нямеччыны

“Абмыццё ног падалося мне асаблівым. У той момант я пачулася заўважанаю і цалкам прынятаю такою, якая я ёсць. Паколькі браты выконвалі тое самае служэнне, што й Езус у Евангеллі, я ўпершыню змагла зразумець, што адчувалі вучні ў Вялікі чацвер”.

Вялікая пятніца

- Мары з Нямеччыны

“Час, праведзены ў Тэзэ падчас Вялікага тыдня, быў нібы павевы свежага вятрыска ў маім сэрцы, яшчэ больш умацоўваючы маю веру. Найбольш асаблівы момант быў у Вялікую пятніцу, калі прагучаў звон, а ўсе моўчкі затрымаліся на месцы. Для Езуса сотні, а нават тысячы людзей спынілі тое, што яны рабілі! Для мяне тое было вялічэзным пачуццём супольнасці і веры”.

На пачатку пятнічнае вечаровае малітвы браты, да якіх далучыліся маладзёны і дзеці, у працэсіі вынеслі абраз крыжа. Гэта ўвяло нас у ноч малітвы, калі многія людзі прыйшлі даверыць Езусу на крыжы свае ўласныя цяжары і цяжары чалавечае сям’і.


Вялікая субота

Храм Паяднання ў гэты дзень Вялікага Маўчання быў пазбаўлены ўсяго свайго ўбранства: былі прыбраныя свечкі, абразы і каляровыя кафлі з хораў. Падчас паўдзённае малітвы прагучалі словы наступнай літаніі:

- Прыйдзіце, паразважаем пра Жыццё нашае, якое спачывае ў магіле, каб ажывіць тых, хто ў магілах ляжыць мёртвым. Ты, што аддаў сябе за нас, слава Табе, Пане!

- У гэты дзень у магіле спачывае Той, хто трымае на далонях сваіх усё стварэнне, слава Табе, Пане!

- Спіць жыццё і царства мёртвых дрыжыць. Ты даў супакой вечны: уваскрасенне Тваё з мёртвых, слава Табе, Пане!

- Магіла, што прыняла Стварыцеля, які спачыў, ты сталася скарбам жыцця дзеля нашага збаўлення, слава Табе, Пане!

- Жыццё ўсіх было прынятае, каб быць пакладзеным у магіле. Ён ператварае яе ў крыніцу абнаўлення, слава Табе, Пане!

- Няхай радуецца ўсё стварэнне, хай радуюцца ўсе жыхары зямлі, бо са смерці знята страшная маска, слава Табе, Пане!

- І дабраславіў Бог дзень сёмы, дзень адпачынку, у які ўмілаваны Сын Божы адпачыў ад усіх спраў Сваіх, слава Табе, Пане!

- Праз пакутную смерць Збаўца захаваў мір Божы ў плоці, а праз Уваскрасенне дараваў нам жыццё вечнае, слава Табе, Пане!


Падчас суботняга разважання брата Мэцью украінка Іванка, адказваючы на пытанне, падзялілася некалькмі словамі адносна сваіх чаканняў ў справе падтрымкі ейнага народа:

- Іванка з Украіны:

Вайна вельмі знясільвае, і некаторыя людзі адчуваюць сябе вельмі прыгнечанымі, таму, калі ласка, заставайцеся бачным знакам надзеі для нас, украінцаў. Будзьце з намі вернымі да канца. Маліцеся і гаварыце не толькі аб міры, але не забывайцеся й пра справядлівасць. Абвяшчайце праўду пра злачынствы і не бойцеся называць зло па імені.

Юле, дыяканіса з Эстоніі, запрасіла маладзёнаў прыняць удзел у Еўрапейскае сустрэчы ў Таліне напрыканцы гэтага года:

- Юле з Эстоніі:

Нам будзе ўсцешна прывітаць вас у Эстоніі. Гэта маленькая краіна з вялікім сэрцам. Прыязджайце, каб дапамагчы нам сведчыць пра Езуса нашай моладзі. Прыязджайце, каб маліцца ў інтэнцыі супакою. Будуйма адкрытую, бяспечную і брацкую Еўропу ўжо сёння.

Брат Мэцью прыняты на прыватнай аўдыенцыі ў папы Францішка

У панядзелак, 18 сакавіка, брат Мэцью, упершыню пасля таго, як ён стаў прыёрам Супольнасці Тэзэ, быў прыняты на прыватнай аўдыенцыі папам Францішкам.

Падчас абмену думкамі брат Мэцью падзякаваў папе Францішку за яго служэнне ў якасці біскупа Рыма і падзяліўся глыбокае ўдзячнасцю многіх хрысціян з розных Цэркваў за сустрэчу “Разам” | Сход народа Божага 30 верасня, у прыватнасці за апошняе дабраслаўленне, якога пантыфік удзяліў сумесна з дваццаццю духоўнымі лідарамі.

Акрамя таго згадваліся Еўрапейскія сустрэчы ў Любляне напрыканцы снежня 2023 г. і сустрэча, якая цяпер рыхтуецца ў эстонскім Таліне напрыканцы снежня 2024 г., а таксама запрашэнне брата Мэцью ў гэты перыяд вялікіх пакут у многіх месцах свету стаць «пілігрымамі супакою».


Дайджэст навін

□ Перад прыбыццём у Рым у Асізі брат Мэцью разам з двума іншымі братамі з Супольнасці ўдзельнічаў у экуменічнай канферэнцыі на тэму «Свята стварэння, таямніца стварэння», падчас якой ён выступіў падчас першай панэлі пад назвай «Экуменічны кайрос — урадлівая глеба для свята стварэння».

□ У мінулую сераду брат Мэцью і Супольнасць прымалі ў Тэзэ біскупаў Евангелічна-Лютэранскай Царквы Фінляндыі, якія знаходзіліся ў Жэневе з экуменічным візітам.

□ У рамках акцыі «пілігрымы супакою» моладзь, сёстры святога Андрэя і браты з Тэзэ ў чацвер, 7 сакавіка, прайшлі 34 км пешшу з Тэзэ, каб сімвалічна адзначыць адлегласць паміж гарадамі Газа і Рафах, молячыся падчас чатырох стацый за тых, хто пакутуе ў розных месцах свету.


Інфармацыя для СМІ

  • ·Падчас свайго знаходжання ў Рыме брат Мэцью сустрэнецца з журналістамі на нефармальным сняданку. Калі вы хочаце прыняць удзел, вы можаце напісаць як мага хутчэй на адрас secretariat taize.fr.
  • · Калі вы жадаеце атрымліваць прэс-рэлізы, якія дасылаюцца журналістам і СМІ чатыры разы на год, падпішыцеся, напісаўшы на адрас media taize.fr.

Лютэранскія біскупы Фінляндыі наведалі Тэзэ

У сераду, 13 сакавіка 2024 г., брат Мэцью і Супольнасць былі рады прывітаць у Тэзэ біскупаў Евангелічна-Лютэранскай Царквы Фінляндыі.

Біскупы знаходзіліся ў Жэневе ў рамках экуменічнае азнаямленчае паездкі. Яны прысутнічалі на паўдзённае малітве ў Тэзэ і абедалі з Абшчынаю. У другой палове дня яны разважалі з братамі на тэмы царкоўнага адзінства, выслухоўвання і дыялогу, а таксама будучае Еўрапейскае сустрэчы ў Таліне – горадзе, які знаходзіцца ў 82 км ад Хельсінкі, у двух гадзінах падарожжа на пароме.

Нарада ў Супольнасці | Малітва брата Мэцью

Як і кожны год, на мінулым тыдні браты адбылі нараду ў Супольнасці.
Нарада завяршылася нядзельным вечарам супольнае малітваю са знакам ахвяравання ўласнага жыцця, якім браты ўспамінаюць дзень сваіх манаскіх зарокаў. На пачатку брат Мэцью прачытаў наступную малітву.


Заключная малітва

Хвала табе, верны Божа.

Мы дзякуем табе за тое, што ты заклікаеш нас – братоў у нашае Абшчыне – супольна крочыць, з нашай беднасцю, але таксама поўных радасці з-за разнастайнасці нашых дароў, нашага паходжання і спадчыны.

Мы дзякуем табе, што ты чуваеш над намі ў гэты пераходны перыяд нашага супольнага жыцця.

У гэты вечар мы асабліва дзякуем табе за гэты тыдзень цішыні, малітвы і разважанняў падчас нарады, якую ты даў нам перажыць.

Мы дзякуем табе за жыццё нашых братоў П’ер-Іва, Паскаля і Марка, якія далучыліся да цябе ў святле вечнасці. Мы дзякуем табе за новых братоў, якія сёлета далучыліся да нас, і за братоў, якія склалі манаскія зарокі, узяўшы на сябе абавязак на ўсё жыццё. Мы даручаем табе ўсіх нашых братоў, дзе б яны ні былі на сваім шляху. Будзь нашай надзейнай падтрымкай.

Дзе б мы ні былі, у Тэзэ ці дзе-небудзь яшчэ, спашлі на кожнага з нас твайго Святога Духа, каб усё больш і больш адраджаць запал да еднасці, унутранае перакананне, якое падсілкоўваецца малітвай Езуса за сваіх сяброў: каб яны былі адно, каб свет мог паверыць.

Дапамажы нам зразумець заклік, які ты сёння скіраваў да нас, і быць сведкамі еднасці ў нашым супольным жыцці, у камуніі Цела Хрыста, якім з’яўляецца Царква, і ў параненым Стварэнні, часткай якога з’яўляюцца падзелы чалавецтва.

Учыні, каб кожны з нас знайшоў уласцівы баланс у сваім жыцці і падтрымліваў адзін аднаго ў братэрскай любові.

Учыні, каб мы заўсёды ішлі шляхам малых, крочылі за Езусам, які дзень за днём ідзе перад намі, каб крочыць разам з Ім.

Дабраславёны ты, верны Божа, крыніца жыцця.


Запіс малітвы ў простым эфіры