TAIZÉ

Апошнія навіны

Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян

Штогод з 18 па 25 студзеня хрысціяне ўсяго свету ўдзельнічаюць у Тыдні малітваў аб еднасці. Сёлета гэты тыдзень малітваў падрыхтавала Рада Цэркваў Блізкага Ўсходу. Ніжэй вашае ўвазе некалькі спосабаў прыняць удзел у гэтым тыдні праз лучнасць з Тэзэ.

Супольная малітва з Радай Цэркваў Блізкага Ўсходу

Сёлетняя тэма, якая была абрана Радай Цэркваў Блізкага Ўсходу: “Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму”. Прапанаваная тэма, у прыватнасці чытанні з Бібліі і малітоўныя інтэнцыі, даступны ў сеціве пад гэтае спасылкаю.

Прачытайце або перачытайце “Прапановы на 2022 год”

Тытул сёлетніх Прапаноў Тэзэ на 2022 год: “Становячыся стваральнікамі адзінства”. Хрысціянскага адзінства асабліва тычыцца пятая з Прапаноў. Поўны тэкст Прапаноў знаходзіцца па гэтае спасылцы.

Перажыванне малітвы аб еднасці разам з Тэзэ

У аўторак 18 студзеня а 18-е гадзіне ў Тэзэ ў прысутнасці прадстаўнікоў розных канфесій адбылася малітва, на якую былі запрошаныя нашыя сябры з наваколіц. Запіс гэтае малітоўнае трансляцыі можна паглядзець на відэа.

Праслухайце падкаст з Тэзэ

Падкаст на гэтым тыдні ўяўляе сабой інтэрв’ю (на французскай мове) з пастарам Ан-Лораю Дане, адказнай за адносіны паміж хрысціянскімі Цэрквамі ў Пратэстанцкай федэрацыі Францыі. Гэтае інтэрв’ю можна паслухаць з асноўных падкаст-платформаў.

Прачытайце пасланні ўдзельнікам Сустрэчы ў Турыне

Як і кожны год, каталіцкія, праваслаўныя і пратэстанцкія лідэры дасылалі вітальныя пасланні удзельнікам Еўрапейскае Сустрэчы.

Паслухайце лекцыю брата Алоіса пра адзінства

Летась брат Алоіс быў запрошаны выступіць з працяглай прамовай аб адзінстве ў рамках серыі сустрэч, арганізаваных Папскім універсітэтам святога Тамаша Аквінскага, таксама вядомым як Ангелікум, у Рыме. Гэтую канферэнцыю можна знайсці ў сеціве па гэтае спасылцы (выступленне адбываецца па-італьянску; даступныя напісы па-французску).

Паведамленне брата Алоіса

Аддаючы даніну павагі Дэсманду Туту

Дарагія родныя і сябры,

у гэты дзень, калі арцыбіскуп Дэсманд Туту адыйшоў да вечнасці, мне б хацелася выказаць сваю сімпатыю, а таксама прыхільнасць усёй Супольнасці Тэзэ да вас, якія таварышылі яму падчас ягонага жыцця і змагання на працягу амаль шасцідзесяці пяці гадоў.

Дух Уваскрослага Хрыста зрабіў яго крыніцаю мудрасці і мужнасці для Паўднёвае Афрыкі ды рэшты свету ў самыя змрочныя гадзіны апартэіду, а таксама на працягу ўсяго шляху да справядлівасці і прымірэння ў вашае краіне.

Мы ўдзячныя за сяброўства, якое звязвала арцыбіскупа з нашае Супольнасцю больш за сорак гадоў. Ад часу візіту брата Ражэ ў Ёханэсбург у 1978 г. ды ягонага асабістага наведвання Тэзэ ў 1979 г. мы заставаліся з’яднаныя праз малітву, падзяляючы той самы запал адносна абуджэння новых пакаленняў маладых людзей да веры ў Хрыста. У 1980 годзе, калі ў вашае краіне была высокая напружанасць, ён арганізаваў падарожжа 144 маладых жыхароў Паўднёвае Афрыкі рознага паходжання, канфесій і сацыяльнае прыналежнасці ў пілігрымцы прымірэння да Тэзэ. З тых часоў ён аддана падтрымліваў сотні маладых жыхароў Паўднёвае Афрыкі, аддэлегаваных іх Цэрквамі, каб прадстаўляць сваю краіну на розных этапах Пілігрымкі Даверу, арганізаванай Тэзэ. Два гады таму яму вельмі хацелася далучыцца да ўдзельнікаў міжнароднае сустрэчы, якую мы падрыхтавалі ў Кейптаўне.

У сваім вітальным пасланні да ўдзельнікаў пілігрымкі Тэзэ ў Ёханэсбургу ў 1995 годзе ён напісаў: “Малітва стварае клімат, у якім мы можам сустракацца і ўзрастаць да ўзаемнае любові”.

Супольна з жанчынамі і мужчынамі добрае волі ва ўсім свеце, і асабліва з моладдзю з афрыканскага кантынента, мы дзякуем за яго жыццё і служэнне. Ён будзе працягваць натхняць тых, хто шукае справядлівасці і міру.

Брат Алоіс, прыёр Супольнасці Тэзэ

Падчас Сустрэчы Тэзэ ў Кейптаўне, 2019 г.

Зварот брата Алоіса на распачацце Сінадальнага шляху ў Рыме

У суботу, 9 кастрычніка 2021 г., брата Алоіса запрасілі выступіць у Рыме з прамоваю на распачацце каталіцкага Сіноду Біскупаў на тэму сінадальнасці, які будзе трываць цягам двух наступных гадоў. Ніжэй мы публікуем тэкст звароту.

Дзякуй, Святы Ойча, за скліканне гэтага сінода. У Тэзэ мы былі вельмі кранутыя, што нас запрасілі на адкрыццё. Дзякуй таксама за традыцыю запрашаць дэлегатаў з іншых Цэркваў. Будзе вельмі істотна пачуць ад іх аб іх уласнае практыцы сінадальнасці з яе моцнымі бакамі, але й абмежаваннямі.

Гэты сінадальны працэс надыходзіць у вырашальны момант, калі мы з’яўляемся сведкамі дзвюх супярэчлівых падзей. З аднаго боку, чалавецтва ўсё больш выразна ўсведамляе, што ўсе мы звязаны адно з адным ды з усім стварэннем. З іншага боку, у сацыяльнае, палітычнае і этычнае сферах нарастае палярызацыя, што выклікае новыя падзелы ў грамадстве, паміж краінамі, а нават у сем’ях.

На жаль, паміж нашымі Цэрквамі, а таксама ўнутры іх, прагледжваецца тэндэнцыя да пераўтварэння існуючых розніц у палярызацыю, якая дзеліць людзей, і менавіта ў гэты час нашае сведчанне міру набывае жыццёва важнае значэнне.

Якім чынам мы можам прасоўваць хрысціянскае адзінства наперад? Наконадні я запытаўся пра тое ў пастара Лары Мілера, былога генеральнага сакратара Сусветнага хрысціянскага форуму. Ён адказаў: “Нядобра пачынаць са слоў: ‘Вось, кім мы з’яўляемся, і таму мы маем рацыю’. Будзе лепей прызнацца да ўласных слабасцяў і папрасіць іншыя Цэрквы дапамагчы нам атрымаць тое, чаго нам бракуе - гэта ўспрымальны экуменізм, які дазваляе нам прымаць тое, што зыходзіць ад іншых”. Ці ж бы гэты пастар не бачыў усё правільна? Усе мы нясем скарб Хрыста ў гліняных начыннях, і, бадай, ён прамянее больш выразна, калі мы пакорліва прызнаем тое, чаго нам не стае.

У самым нутры Каталіцкага Касцёла сінод выявіць вялікую разнастайнасць. Сінод будзе яшчэ больш плённым, калі адначасова паглыбіцца пошук еднасці. Тое неабходна не дзеля таго, каб пазбегнуць або схаваць канфлікты, але дзеля таго, каб узмацніць дыялог, які нас паяднае.

Каб заахвоціць да гэтага, на маю думку, пажадана, каб у Сінадальным шляху былі моманты, каб перавесці дыханне, нібы невялікія перапынкі, для таго каб запрыкмеціць адзінства, якое ўжо дасягнута ў Хрысце, зрабіць яго бачным.

У сувязі з гэтым, Святы Ойча, паколькі ты запрасіў нас памарыць, я хацеў бы падзяліцца з вамі марай. Ці існуе мажлівасць, што ў пэўны момант, падчас сінадальнага працэсу, на вялікі экуменічны сход могуць быць запрошаныя не толькі дэлегаты, але і ўвесь народ Божы, не толькі католікі, але вернікі з розных Цэркваў? Бо праз хрост і паводле Святога Пісання мы з’яўляемся сёстрамі і братамі ў Хрысце, аб’яднанымі ў супольнасці, якая пакуль яшчэ недасканалая, але ўжо цалкам рэальная, нават калі існуюць пакуль багаслоўскія пытанні, якія трэба будзе вырашыць.

Такі сход - тут, у Рыме, і адначасова ў іншых месцах на свеце - мог бы мець у цэнтры ўрачыстую цэрэмонію выслухання Божага Слова, з доўгай хвілінай маўчання і малітваю вернікаў у інтэнцыі супакою. Ці можна было б паверыць тое моладзі? Ці тая ўрачыстасць магла б быць працягнутая часам дзялення паміж удзельнікамі з розных канфесій? Тое магло б выявіць, што, з’яднаўшыся ў Хрысце, мы становімся міратворцамі.

Да гэтае прапановы мяне натхніла нашае дасвядчэнне з Тэзэ. У нашае Абшчыне, якая складаецца з розных канфесій, мы жывем пад адным дахам. Ужо больш за шэсцьдзесят гадоў мы прымаем маладзёнаў з розных Цэркваў, а таксама й тых, хто перабывае ў пошуках сэнсу свайго жыцця. Захоўваючы дыстанцыю да нейкага найбольш агульнага назоўніка, мы ўвесь час імкнемся ісці да крыніцы Евангелля, да ўваскрослага Хрыста, які праз Святога Духа вядзе нас разам да Таго, хто з’яўляецца Айцом усіх людзей без выключэння.

Здымак: Цілен Чэбуль (Tilen Čebulj)

Прэс-рэліз | Лета скончылася, але Пілігрымка Даверу працягваецца

Панядзелак, 20 верасня 2021

Сёлета, ад пачатку чэрвеня, тыдзень за тыднем, Тэзэ наведала больш за 7000 гасцей. Хоць упершыню з пачатку пандэміі ў Абшчыне было выкрыта некалькі выпадкаў заражэння Covid-19 (у жніўні), адпаведны пратакол, унесены ў органы аховы здароўя, азначаў, што Тэзэ можа заставацца адкрытым. Міжнародныя сустрэчы працягваюцца, і наступным іх важным момантам будуць шматлікія групы французскіх старшакласнікаў, якіх чакаюць у Тэзэ на восеньскіх канікулах у канцы кастрычніка-пачатку лістапада.

З 28 снежня 2021 г. па 1 студзеня 2022 г. плануецца наступная Еўрапейская Сустрэча моладзі ў італьянскім Турыне. Цягам апошніх дзён тры браты Супольнасці адправіліся ў Італію, каб далучыцца да моладзі горада і кіраўнікоў розных Цэркваў, якія ўжо пачалі абуджаць свядомасць неабходнасці прыняць у парафіях і мясцовых супольнасцях маладых людзей, якія будуць удзельнічаць у Сустрэчы. Некаторыя мерапрыемствы гэтае падзеі будуць транслявацца ў сеціве, што дазволіць паўдзельнічаць у Сустрэчы моладзі з усяго свету.

Брат Алоіс дадае: “У складаным кантэксце, абумоўленым пандэміяй, многія людзі з трывогаю глядзяць у будучыню. Акрамя таго грамадства становіцца ўсё больш палярызаваным. Таму так істотным для нас была магчымасць сустрэцца, маліцца разам, дзяліцца ў групах, а таксама слухаць адно аднаго. Таму мы вельмі ўдзячныя, што гэтым летам у Тэзэ ўсё прайшло добра”.

Агляд навінаў

  • Цэрквы ў Глазга запрасілі Абшчыну Тэзэ падрыхтаваць і ўзначаліць гарадское чуванне для студэнтаў і моладзі падчас сустрэчы COP26. З 7 па 12 лістапада два браты Тэзэ будуць удзельнікамі гэтае падзеі.
  • Цягам апошніх некалькіх месяцаў на нашае старонцы даступныя Падкасты. Яны ўключаюць у сябе запісы супольнае малітвы, біблійныя медытацыі і разважанні, інтэрв’ю з рознымі людзьмі з Тэзэ альбо звязаных з нашае Супольнасцю.

Падпіска

Калі вы з’яўляецеся журналістам і жадаеце атрымліваць прэс-рэлізы, якія тройчы на год дасылаюцца з Тэзэ, напішыце нам на гэты адрас.

З “братэрскім візітам” у Тэзэ

Напрыканцы жніўня браты Супольнасці сутыкнуліся з цалкам новым і асаблівым дасвядчэннем - “братэрскім візітам”. Брат Алоіс распавядае пра дэталі.

Апошнім часам мы спрабуем задумацца над пытаннем: «У гэты час вялікіх змен у свеце і ў Царкве чаго чакае Бог ад нашае Супольнасці?». Таму сярод нас зарадзілася ідэя: было б няблага больш грунтоўна распавесці пра нашае жыццё і нашую будучыню пэўным людзям з па-за нашае Абшчыны.

З гэтае нагоды мы запрасілі дзвюх жанчын і двух мужчын з розных канфесій і розных царкоўных абавязкаў адбыць у нас шасцідзённы “братэрскі візіт”. Яны перабываюць з намі напрыканцы жніўня, каб бліжэй разабрацца ў шэрагу аспектаў нашае Супольнасці. Кожны з братоў, які пажадае, могуць асабіста сустрэцца з імі, каб мець магчымасць сказаць, як яны бачаць абшчыннае жыццё альбо паведаміць аб любых зменах, якія, на іх думку, варта разгледзець. Акрамя таго ў сеціве будзе час абмену таксама з тымі братамі, якія жывуць у невялікіх абшчынах па ўсім свеце. І ўжо потым чатыры асобы, што правялі з намі час, падзеляцца сваімі ўражаннямі.

Мы выступілі з такою ініцыятываю не для таго, каб вырашаць нейкія канкрэтныя або тэрміновыя пытанні, але таму, што нам здаецца, што такі знешні погляд на жыццё Супольнасці пойдзе нам на карысць.

Што тычыцца прыёму моладзі, дык падобны знешні погляд існуе даўно, дзякуючы Камандзе прыёму, куды ўваходзяць сябры Супольнасці і якая кіруе ўсімі матэрыяльнымі пытаннямі, звязанымі з сустрэчамі ў Тэзэ. Аднак візіт менавіта такога кшталту ўнутры самой Абшчыны адбыўся ўпершыню.


 [1]

Прэс-рэліз | У Тэзэ пачалося лета

Серада, 14 ліпеня 2021 г.

Пасля такога цяжкага года з-за пандэміі ў Тэзэ (французскі дэпартамент Сона і Луара) аднавіліся міжнародныя моладзевыя сустрэчы. Сумесна з уладамі быў створаны пратакол аховы здароўя, які гарантуе, што “медыка-санітарныя меры” будуць выконвацца ўсімі прысутнымі. Такім чынам, штотыднёва некалькі соцень чалавек змогуць прыняць удзел у прапанаваных мерапрыемствах - супольных малітвах, малых групах дзялення, семінарах, практычных абавязках.

Сярод мерапрыемстваў летняе праграмы, мы хацелі б адзначыць, у прыватнасці:

Навіны сцісла

  • Кожнага дня адбываецца аўдыё-трансляцыя вечаровае малітвы на старонцы Тэзэ, а штосуботы вечаровая малітва транслюецца на YouTube-канале Тэзэ.
  • У апошнія месяцы браты распрацавалі новыя прадукты, такія як печыва “Квадрацікі з Тэзэ” ды хатнія травяныя гарбаты, якія прадаюцца ў краме Супольнасці ў Тэзэ, а таксама ў віртуальнае краме.
  • Для зацікаўленых журналітсаў даступныя чатыры кнігі на французскай мове ў выглядзе медыя-пакета. Знайсці апісанне прадукту ды скласці замову можна тутака.

Акрэдытацыя

Дзеля таго, каб зрабіць справаздачу, атрымаць фотаздымкі высокае якасці, запытацца пра магчымасць інтэрв’ю з адным з братоў альбо валанцёрамі, напішыце нам па адрасе.

Падпіска

Калі вы журналіст і хочаце атрымліваць прэс-рэлізы ад Тэзэ, якія рассылаюцца тры разы на год, пішыце нам па гэтым адрасе.

Брат Алоіс: «Мы сумавалі па вас!»

На пачатку гэтага лета мы, браты, вельмі радыя магчымасці цёпла прывітаць тых з вас, хто рыхтуецца прыехаць у Тэзэ цягам бліжэйшых тыдняў. Разам з манашкамі, якія прысутнічаюць у Тэзэ і Аменьі, валанцёрскае моладдзю, якая жыве ў Тэзэ апошнія некалькі месяцаў мы можам сказаць: “Мы сумавалі па вас!”

Безумоўна, гэтае лета надаль будзе адзначана вельмі няпростым санітарным кантэкстам, звязаным з пандэміяй каранавірусу. Нам трэба будзе дакладна выконваць санітарныя правілы і не думаць, што ўжо ўсё па-за намі. У нашых думках надаль застаюцца ўсе людзі, якія дасведчылі альбо былі аслабленыя мінулым перыядам, а таксама мы працягваем маліцца за тых, хто апякуецца хворымі ды знаходзіцца пад пагрозаю.

Пасля столькіх складаных месяцаў цешымся, што мы ізноў у стане сабрацца разам! Штотыднёва летам у Тэзэ будзе некалькі сотняў маладзёнаў, у асноўным індывідуальных гасцей ці невялікіх груп знаёмых, таксама дарослыя асобы ды сем’і. Мы вельмі цешымся з нагоды супольнае малітвы разам з вамі ў нашым Храме Паяднання, а таксама магчымасці выслухаць вас.

Мы цудоўна ведаем, што з некаторых краін надаль немагчыма далучыцца да нас ува Францыі. З гэтае прычыны мы будзем працягваць аўдыятрансляцыю штодзённых вечаровых малітваў, а таксама відэатрансляцыю вечаровае малітвы з суботняга вечара. Кожную суботу ўдзень будзе ладзіцца семінар, які таксама будзе транслявацца ў сеціве наўпрост з Тэзэ.

З надыходам летняга сезона мне б хацелася нарэшце падзякаваць тым, хто падтрымліваў прыём у Тэзэ на працягу апошніх некалькіх месяцаў, а таксама шматлікім людзям, якія выказалі падзяку Супольнасці за распаўсюджванне малітваў у сеціве ці за іншыя прыкметы еднасці паміж намі.

Сардэчна запрашаем - мы чакаем на вас у Тэзэ!

бр. Алоіс

Разважанні на Вялікі тыдзень і Вялікдзень з Тэзэ

На гэтае старонцы змешчаны ўсе даступныя ў сацыяльных медыях Тэзэ разважанні на Вялікі тыдзень і Вялікдзень.

Як і заўсёды, кароткі фрагмент сённяшняга чытання з Бібліі можна знайсці на нашае старонцы, акрамя таго на гэтае старонцы можна знайсці словы брата Алоіса з малітвы апоўдні.

Вербніца, 28 сакавіка

Здымкі з малітвы ля крыніцы св. Стэфана


Разважанне на дзень | брат Сцівен


Панядзелак, 29 сакавіка

Разважанне на дзень | сястра Габі


Трансляцыя малітвы апоўдні


Аўторак, 30 сакавіка

Разважанне на дзень | брат Франк


Трансляцыя малітвы апоўдні


Серада, 31 сакавіка

Разважанне на дзень | брат Себасцьен


Трансляцыя малітвы апоўдні


Чысты чацвер, 1 красавіка

Разважанне на дзень | брат Жан


Малітва апоўдні з абмыццём ног


Адмысловая праграма, прыгатаваная валанцёрскае моладдзю


Вялікая пятніца, 2 красавіка

Разважанне на дзень | сястра Клэр


Малітва апоўдні і працэсія з крыжам


Адмысловая праграма, прыгатаваная валанцёрскае моладдзю


Вялікая субота, 3 красавіка

Разважанне на дзень | брат Андраш


Малітва апоўдні


Адмысловая праграма, прыгатаваная валанцёрскае моладдзю


Вялікодная нядзеля, 4 красавіка

Пасхальная літургія


Адмысловая праграма, прыгатаваная валанцёрскае моладдзю


Памяці Лукі Атанасіа

Даведаўшыся пра вестку аб трагічнай смерці амбасадара Італіі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга Лукі Атанасіа, брат Алоіс напісаў спачуванне яго сям’і, арцыбіскупу Мілана і арцыбіскупу Кіншасы.

У юнацкім узросце Лука некалькі разоў прыязджаў у Тэзэ, каб прыняць удзел у міжнародных моладзевых сустрэчах. Ён таксама актыўна ўдзельнічаў у сваёй парафіі Лімб’ятэ падчас Еўрапейскае сустрэчы ў Мілане. У газеце L’Avvenire яго былы парафіяльны святар сказаў: “Мне здаецца, што ягонае рашэнне паехаць у Афрыку было прынята напрыканцы снежня 2005 г., калі ён арганізаваў прыём маладзёнаў, якія прыехалі ў Мілан для ўдзелу ў экуменічнай сустрэчы Тэзэ”.

Брат Алоіс, які наведаў Паўночнае Ківу ў 2017 годзе, склаў наступную малітву ў памяць аб трох ахвярах гэтае трагічнае атакі [2]:

Духу Святы, Cуцяшальнік, ты прыйшоў, каб прасвятліць наша жыццё і суцешыць тыя сэрцы, якія адчуваюць боль. Мы даручаем табе трагічна загінулых Луку Атанасіа, Віторыа Яківачы, Мустафу Міламба, а таксама молімся аб супакоі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. Святло ў цемры, ты напаўняеш нас надзеяй, а сваім жыццём мы адважваемся засведчыць: “Хрыстос уваскрос!”

Брат Сільвен (1933-2021)

У аўторак, 2 лютага, адыйшоў у вечнасць брат Сільвен. Да апошніх дзён ён перабываў у добрай форме, але пасля сумеснай вячэры з братамі знянацку пачуў сябе блага. Ён памёр амаль адразу. Яму было 87 гадоў.

Урастыстасці ў яго памяць адбыліся апоўдні ў пятніцу, 5 лютага, у Храме Паяднання ў Тэзэ.


 [3]

Малітва брата Алоіса

Хвала табе, Божа ўсяго чалавецтва, за нашага брата Сільвена, за доўгае жыццё, якое ты яму даў на зямлі, і за яго сціплую і разважлівую прысутнасць сярод нас.

На працягу ўсяго яго жыцця ты падтрымліваў яго Духам Святым, нават калі ён быў занадта малады, калі страціў маці, і яму давялося ўзяць на сябе адказнасць па клопаце за сястрою і братам. Ён навучыўся захоўваць бадзёры настрой і пачуццё гумару нават у часе выпрабаванняў, выпраменьваючы дух даверу адносна тых, каго ты паставіў поруч з ім.

Мы дзякуем табе асабліва за тое, што ты суправаджаў яго на працягу сарака гадоў, калі ён жыў з братамі ў малых абшчынах на Філіпінах, Японіі і Карэі. Разам з імі ды так, як яны, дзякуючы Хрысту і Евангеллю, ён імкнуўся быць побач з найбольш уразлівымі і будаваць з вялікай прастатой масты паміж рознымі культурамі, рознымі абліччамі чалавецтва.

Ты даў яму нарадзіцца ў старой сям’і гугенотаў у гарах Ардэш. Зыходзячы са сваіх каранёў, ён развіў глыбокую любоў да Святога Пісання і біблейскіх гісторый: яны сілкавалі яго ўнутранае жыццё, а дзякуючы сваім мастацкім талентам ён ведаў, як адлюстраваць іх у сваіх малюнках, а таксама у прыгожым убранстве сабора ў Аране.

Мы дзякуем табе, Божа жывы, за тое, што ты падараваў яму спакойную смерць і прымаеш яго зараз да сябе.

 [4]

Нарада ў Супольнасці: малітва брата Алоіса

Як і кожны год, сёлета з 26 па 31 студзеня браты правялі сваю супольную нараду. Ніжэй заключная малітва брата Алоіса.

 [5]

Хвала табе, Божа жыцця. Мы звяртаемся да цябе падчас вялікіх выпрабаванняў, якія перажывае чалавецтва. Дазволь нам спакойна прыняць наш удзел у гэтых выпрабаваннях.

Нашае заступніцтва становіцца яшчэ больш палымяным: пакажы сваю прысутнасць тым, хто пакутуе ад каранавірусу, іншых формаў хвароб, экалагічных бедстваў, несправядлівасці і гвалту, а таксама тых, хто вымушаны пакінуць свае краіны. Будзь з тымі, хто ўжо не дае сабе рады.

Зноў і зноў мы давяраем табе таксама тых, хто стаў ахвярай злоўжывання ўладай альбо даверам, асабліва тых, хто ў мінулым падвяргаўся сексуальнаму гвалту з боку каго-небудзь з нас. Будзь з тымі, хто аднаўляецца пасля такіх выпрабаванняў.

Мы праслаўляем цябе за ўсіх, хто сярод пакут свету дапамагае загойваць раны, хто шчодра аддае сябе за іншых. Яны - знакі надзеі; яны вядуць чалавецтва наперад.

У гэты час вялікіх перамен ты заклікаеш нас да навяртання. Нам хацелася б, каб нас зноў захапіла твая ласкавая прысутнасць, нібы Майсея перад палаючым кустом, нібы вучняў па дарозе ў Эмаус ды многіх іншых. Мы б хацелі зрабіць усё магчымае, каб нашае жыццё стала знакам тваёй будучыні і тваёй вернасці.

Ты дазваляеш нам аднавіць нашую асабістую і супольную малітву. Няхай ў цэнтры нашага жыцця будзе агонь любові Хрыста, а не нашыя клопаты, як бы сур’ёзныя яны ні былі.

Хвала табе за шматлікія сведчанні падтрымкі, якія мы атрымліваем, якія з’яўляюцца выдатным выразам лучнасці Царквы. Дазволь нам не спыняцца на шляху ў кірунку да бачнага адзінства ўсіх, хто любіць Хрыста.

Мы дзякуем табе, Божа жывы, за наша супольнае жыццё. За апошні год яно стала глыбей і прасцей; і на працягу апошніх дзён ты зноў адкрыў нам вочы на прыгажосць гэтага вялікага дару, які ты даеш нам. Хрыстус называе нас сваімі братамі, і ён давярае нас адно аднаму як братоў. Дзякуйма Святому Духу за тое, што дазваляе нам дзень за днём бачыць разнастайнасць сярод нас як крыніцу багацця і трываць у дабрыні і братэрстве. Праз усё гэта мы можам спрыяць росту братэрства і сястрынства ў свеце.

Хвала табе за тое, што абудзіў у нас больш дакладнае ўсведамленне нашай адказнасці аб клопаце пра стварэнне. Хвала табе за маладзёнаў, якія звяртаюць на тое нашую ўвагу, а таксама за навукоўцаў і палітыкаў, якія імкнуцца прыняць неабходныя рашэнні.

Божа супакою, мы пакуль не бачым новых рэчаў, якія прыходзяць з болем нараджэння, што перажывае чалавецтва ў цяперашні час. Няхай твой Дух Святы зменіць наш погляд, каб распазнаць новы гарызонт і зразумець, чаго ты чакаеш ад нас у гэты час.

Такім чынам, нібы пакорныя пілігрымы даверу, мы зноў выправіліся ў шлях. Нават з вельмі абмежаванымі сродкамі няхай нас стымулюе дух свята.

Але ўжо зараз мы праслаўляем і спяваем табе, вечны Божа. Мы выказваем табе нашую падзяку за жыццё; мы верым, што ты працуеш у кожным з нас, у нашае Супольнасці і ў сённяшнім свеце, праз Хрыста, які з намі, і праз твайго Духа Святога, які будзе натхняць нас.

А зараз мы супольна заспявайма Святому Духу, а потым тыя з братоў, якія прысвяцілі Богу ўсё сваё жыццё, будуць ляжаць у позе прастрацыі на зямлі ў якасці напаміну аб сваім ахвяраванні.


Перыяд Адвэнту

  • Звонку Храма Паяднання, як тое было заўсёды ў папярэднія гады ў часе Адвэнту, ля дарогі былі ўсталяваны яслі. З тыдня на тыдзень, па меры набліжэння Калядаў, у іх будуць дадавацца чарговыя элементы.


  • Штотыдзень цягам Адвэнту на канале Абшчыны ў YouTube будзе размяшчацца біблійнае разважанне брата (з напісамі па-французску).

  • Малітву, якая чытаецца братам Алоісам падчас супольнае малітвы апоўдні, можна знайсці, як звычайна, кожнага дня на гэтае старонцы па-ангельску. Таксама даступныя нямецкая і французская версіі гэтае інтэнцыі.

Covid-19 і сустрэчы ў Тэзэ

Сёлета, па прычыне эпідэміі, выкліканай Covid-19, у Францыі былі ўведзеныя абмежаванні, спачатку навесну, а потым ва Урачыстасць Усіх Святых. Паміж гэтымі дзвюма датамі - ад 14 чэрвеня да 30 кастрычніка - Абшчына Тэзэ магла арганізоўваць сустрэчы моладзі ў сябе на ўзгорку. Акрамя таго, намі быў складзены пратакол аховы здароўя, які ўключае пяцьдзесят мер, і накіраваны мясцовым уладам.

За апошнія месяцы каля шасці тысяч чалавек перабывалі ў Тэзэ для ўдзелу ў штотыднёвых сустрэчах, а некалькі сотняў чалавек прыбывалі да Тэзэ на кароткі прамежак часу, без закватаравання. Перад сваім прыездам, а таксама на распачацце свайго побыту ўсе ўдзельнікі былі паінфармаваныя аб неабходнасці паважаць “бар’ерныя сродкі”, якія з’яўляюцца жэстамі ўвагі да іншых і асабліва да найбольш уразлівых.

Супольна маліцца ці сустракацца з іншымі, маючы маску і захоўваючы сацыяльную дыстанцыю, не так ужо й проста. Дзякуючы намаганням усіх прысутных, сустрэчы прайшлі добра, а Тэзэ не стала крыніцаю захворванняў.

За гэтыя чатыры з паловай месяцы некаторыя ўдзельнікі сустрэчы падчас свайго знаходжання ў Тэзэ ведалі, што кантактавалі з людзьмі, якія мелі станоўчы тэст на Covid-19. У адпаведнасці з рэкамендацыямі французскіх уладаў гэтыя “выпадкі кантактаў” былі вылучаныя і паддазеныя праверцы. З іншага боку, у некалькіх людзей выявіліся сімптомы хваробы, таму яны таксама прайшлі дыягностыку. У большасці гэтых людзей тэст на Covid-19 быў адмоўны. Аднак сярод іх былі таксама й станоўчыя вынікі тэсту (гл. спіс ніжэй).

Браты Тэзэ і валанцёрская моладзь, якія кантактавалі з групамі, што прыехалі да нас падчас выходных Урачыстасці Усіх Святых, у пачатку лістапада правялі тыдзень каранціну - ніхто не захварэў.

Мы хацелі б падзякаваць усім, хто прыехаў да Тэзэ ў гэты перыяд і хто ўдзельнічаў у сустрэчах у гэтых вельмі асаблівых варунках.

Спіс усіх выпадкаў, пра якія нам паведамілі

Вось што мы ведаем пра тых людзей, якія перанеслі хваробу, выкліканую вірусам Covid-19 на працягу апошніх некалькіх месяцаў:

  • Кабета, якая была ў Тэзэ 5-6 верасня, паведаміла нам, што, напэўна, заразілася вірусам раней. Мы змаглі высветліць асобы тых людзей, якія кантактавалі з гэтым чалавекам у Тэзэ, і яны не захварэлі.
  • Спадар, які ўдзельнічаў у Днях Дыяцэзіі 4 кастрычніка ў Тэзэ. Праз некалькі дзён нам паведамілі, што пасля ён прайшоў тэст, вынік якога быў станоўчы, але ён не ведае, ці быў носьбітам віруса падчас яго перабывання ў Тэзэ.
  • Чатыры чалавекі, якія разам падарожнічалі машынаю і заставаліся ў Тэзэ на выходных 3-4 кастрычніка. Праз некалькі дзён яны атрымалі станоўчы вынік тэстаў. Адзін з братоў Тэзэ, які кантактаваў з тымі асобамі, прайшоў тэст - вынік быў адмоўны.
  • Маладая жанчына, якая знаходзілася ў Тэзэ з 11 па 14 кастрычніка і да прыезду была ў цесным кантакце з хворым чалавекам. Шэсць чалавек, якія яе ведалі, павінны былі быць ізаляваныя на месцы, але тэст на Covid-19 ва ўсіх быў адмоўны.
  • Жонка апякуна групы моладзі, што знаходзілася ў Тэзэ 23-24 кастрычніка, атрымала станоўчы вынік тэсту на Covid-19 (сама жанчына не была ў групе суправаджэння). Пра іншых інфекаваных людзей з той групы нам нічога невядома.
  • Асоба, якая суправаджала групу моладзі, што перабывала ў Тэзэ з 22 па 26 кастрычніка, якія мелі хворых у выніку заражэння Covid-19 сваякоў. Пра іншых інфекаваных людзей з той групы нам нічога невядома.
  • Падчас свайго знаходжання ў Тэзэ 26-30 кастрычніка малады чалавек даведаўся, што адзін з яго бацькоў атрымаў станоўчы вынік на Covid-19. Яго ізалявалі, зрабілі тэст, вынік якога атрымаўся таксама станоўчым. У выніку гэтага яго бліжэйшыя сябры былі ізаляваныя, а, вяртаючыся дадому, не былі ў кантакце са сваёй групай і прайшлі тэсты ўжо ў сябе дома. Адзін з прыяцеляў таго маладзёна таксама атрымаў станоўчы вынік тэсту, аднак тыя асобы, што жылі з ім у тым самым бараку, атрымалі адмоўныя вынікі на Covid-19.
  • У аднаго з маладзёнаў вялікае групы, якая знаходзілася ў Тэзэ з 26 па 30 кастрычніка, па вяртанні дадому былі сімптомы, выкліканыя Covid-19, таму ён прайшоў тэст; вынік быў станоўчы. Тэсты таксама зрабілі іншым удзельнікам групы, якія мелі з ім цесныя кантакты, у прыватнасці тым, хто жыў з імі у адным бараку, але вынік быў адмоўным. Акрамя таго, той маладзён удзельнічаў у пасілку з братамі Абшчыны, таму брат, які сядзеў поруч з хлопцам, таксама прайшоў тэст, але вынік быў адмоўны. Праз некалькі дзён па вяртанні з Тэзэ трое маладых людзей з гэтае ж групы страцілі пачуццё смаку і пах; вынікі іх тэсту аказаліся станоўчымі. Мы не ведаем, ці вірус у гэтых маладзёнаў ужо быў падчас іх побыту ў Тэзэ, але ў якасці меры засцярогі тыя, хто застаўся ў тых самых бараках, прайшлі тэсты, вынікі якіх былі адмоўнымі.

Covid-19 | Тэзэ зноў закрытае для наведвання

Сутыкнуўшыся з аднаўленнем пандэміі Covid-19 у Францыі, улады прынялі рашэнне аб увядзенні абмежаванняў ва ўсёй краіне ад пятніцы, 30 кастрычніка.

Такім чынам, Тэзэ будзе закрытае для наведвальнікаў, хутчэй за ўсё, прынамсі да 1 снежня.

Усераду вечарам брат Алоіс прамаўляў да французскае моладзі, якая зараз перабывае ў Тэзэ. Напрыканцы ён дадаў: “Апошняя важная ўвага: пакуль мы збіраліся тут на малітву, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон выступаў з прамовай, у якой абвясціў аб новых мерах ва ўмовах пагаршэння сітуацыі са здароўем. Самай сур’ёзнай мераю, якая непасрэдна ўплывае на нас, з’яўляецца рашэнне аднавіць нацыянальны каранцін у Францыі, пачынаючы з паслязаўтра, то бок пятніцы, 30 кастрычніка. (...)

Са свайго боку, мы збіраемся праверыць, ці зможам мы як мага хутчэй аднавіць відэатрансляцыю вечаровае малітвы з Тэзэ, як мы ўжо гэта робім кожную суботу ўвечары, як і ўвесь перыяд каранціну ўвесну бягучага года”.

Двайны юбілей у Тэзэ

На гэтым тыдні ў Тэзэ адзначаецца двайны юбілей: 80-я гадавіна першага прыезду брата Ражэ да Тэзэ (20 жніўня 1940 г.), а таксама 15-я гадавіна яго смерці (16 жніўня 2005 г.).

Слова брата Алоіса

Дата 20 жніўня нагадвае нам пра пачатак паўстання пэўнае фундацыі, ідэя якой ужо спела ў сэрцы брата Ражэ цягам папярэдніх некалькіх гадоў, і якая пакрысе, крок за крокам, пераўтварылася ў пошукі, з багацьма памылкамі і спробамі, ваганняў і сумневаў, таго, што стала вырашальным для некалькіх братоў на Вялікдзень 1949 г. - манаскімі зарокамі. Той фундатарскі дынамізм брата Ражэ пазней праяўляўся цягам усяго ягонага жыцця, асаблівым чынам у напісанні “Règle”, а пазней й “Sources de Taizé”.

Варта паразважаць пра той спосаб захавання брата Ражэ, інспіруючыся ім: калі ён пакідаў свой край, каб прыбыць да Тэзэ, не меў загадзя задуманага плана, не ведаў, чаго Бог чакае ад яго на больш доўгую перспектыву, адзінае, што ён ведаў, што мусіць пачаць і быў гатовы здзейсніць першы крок. Робячы першы крок, мы адкрываем наступны, пасля чаго паступова працягваем шлях: гэта менавіта той працэс, які вёў яго праз усё жыццё, і акурат тое можа сімвалізаваць для нас дата 20 жніўня.


Малітва з 20 жніўня

Як і штодзённа, на нашае старонцы публікуецца малітва брата Алоіса.

Божа жывы, гэтага дня мы праслаўляем цябе за пакліканне, якое ты скіраваў да нашага брата Ражэ. 80 гадоў таму ён прыехаў да Тэзэ, маючы прагненне распачаць духоўнае жыццё ў рэгіёне, дзе мужчыны і жанчыны былі ахвярамі аднаго з пераломаў свету. Услед за ім ты запрашаеш нас быць сведкамі еднасці, каб хрысціяне маглі аб’яднацца і зрабіць свой унёсак, каб твой свет заззяў у чалавецтве.


Некаторыя артыкулы, вартыя ўвагі

Па-французску

  • Інтэрвью брата Алоіса старонцы Каталіцкага касцёла ўва Францыі
  • Артыкул для старонкі France 3 Bourgogne
  • Артыкул для старонкі cath.ch

Па-італьянску

Па-ангельску

Зварот брата Алоіса да беларусаў

Дарагія беларускія сябры,

з вялікаю ўвагаю мы ў Тэзэ сочым за навінамі з вашае ўкаханае краіны. Памятайце, што ў гэтую хвіліну мы вельмі блізкія з вамі. Мы ўзгадвалі пра вашу краіну падчас супольнае малітвы, і разам з маімі братамі я малюся за вас наступнымі словамі:

Уваскрослы Хрысце, Ты ведаеш нашы клопаты і выпрабаванні. І нястомна Ты кажаш нам: нічога не бойцеся, Я тут. Хрысце, мы даручаем Табе беларускі народ, у прыватнасці тых, хто змагаецца за справядлівасць і свабоду. Пакажы Сваю прысутнасць тым, якія церпяць ад гвалту і лютасці. У Табе наш супакой.

Шчыра з усімі вамі ў цеснае супольнасці, па-братэрску

брат Алоіс

Дадзены тэкст таксама можна пабраць у фармаце PDF.

Зварот брата Алоіса ў сувязі з выбухам у порце Бейрута

Серада, 5 жніўня 2020 г., Taizé

Шаноўныя сябры,

выявы ўчорашніх выбухаў у порце Бейрута дайшлі да нас у Тэзэ. Мы глыбока ўзрушаныя гэтымі падзеямі, якія зноў паставілі ваш народ пад вялікі цяжар пасля таго, як цягам апошніх некалькіх месяцаў сітуацыя ў краіне адзначылася эканамічнае і сацыяльнае крызаю і пандэміяй.

Я прагну выказаць вам, наколькі мы блізкія да вас, на знак салідарнасці з вашымі пакутамі, аб’яднаныя ў малітве.

У час малітвы апоўдні разам з братамі і ўсімі маладзёнамі, якія прысутнічаюць на гэтым тыдні ў Тэзэ, мы молімся за вас такімі словамі:

Божа супакою, многія людзі на зямлі церпяць пакуты. У гэты дзень мы асабліва молімся за вас, жыхары Лівану, якія на працягу апошніх месяцаў і ўчора зноў адчулі страшныя выбухі ў порце Бейрута. Мы молімся за вас, ахвяр і іх сваякоў, за сем’і, якія страцілі так шмат, і даручаем іх табе, Божа ўсяго чалавецтва.

З усёю нашаю братэрскаю любоўю.

Брат Алоіс

Тэзэ і сетка “зялёных Цэркваў”

У 2019 годзе Тэзэ далучылася да сеткі “зялёных Цэркваў” - экуменічнае ініцыятывы пад эгідай Рады хрысціянскіх Цэркваў Францыі.

Дадзены тэкст паходзіць са старонкі ініцыятывы.

Дзеля чаго этыкетка “зялёнай Царквы”?

  • Таму што мы верым, што Бог аб’яўляе сябе праз сваю працу і даручыў тое ж людзям, якія павінны гэта культываваць і захоўваць,
  • Таму што жыццё на зямлі - дабраславенне, якое паказвае Божую любоў, а дзейнасць у мэтах ягонага захавання - гэта спосаб любіць бліжняга і дзейнічаць у імя справядлівасці,
  • Таму што экалагічны крызіс падштурхоўвае нас пачуць крык зямлі, якая “стогне і нараджае ў пакутах” (Рым 8, 22), і выбіраць са спадзяваннем стыль жыцця, які рыхтуе ўзнікненне новага стварэння зараз і па-за яго межамі,
  • Таму што Божы народ можа маліцца і дзейнічаць, каб несці гэтую надзею ў свеце,
  • Таму што мы ведаем, што менавіта шляхам навяртання разам мы зможам пабудаваць больш справядлівы і экалагічны свет, неабходны для выжывання чалавецтва.

Вялікдзень 2020

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Велікодная ранішняя малітва з Тэзэ


Велікоднае пасланне

Велікоднае пасланне брата Алоіса можна прачытаць на гэтае старонцы.


Малітва брата Алоіса

Божа любові, скіруй свой позірк на сваю сям’ю. Прыбудзь з дапамогаю нашаму чалавецтву, пацярпеламу ад столькіх пакут. Суцеш тых, хто плача, падтрымай тых, хто смела прымае выклік салідарнасці. Праз ўваскрасенне Хрыста ты адкрываеш для нас гарызонт яшчэ нязведанага, дзе з’яўляецца новае святло. І так, як і ў велікодную раніцу, мы зноў можам знайсці надзею і засведчыць сваім жыццём: “Хрыстос уваскрос!” — “Так, Ён сапраўды ўваскрос!”


Віртуальны хор спявае “In resurrectione tua”

Сёння днём на старонцы YouTube, а таксама на старонцы Тэзэ ў Facebook з’явілася відэа. 50 маладзёнаў з усяго свету, выканаўцы і музыкі, са свайго ўласнага дому дзеляцца спевам «In resurrectione tua».


 [6]

Брат Дэніс (1934-2015)

Некалькі тыдняў таму брат Дэніс вярнуўся з кенійскае фратэрніі ў Найробі, каб быць шпіталізаваным у Ліёне. Там было выяўлена, што ён пакутуе на незваротную пухліну галаўнога мозгу. Пасля чаго 10 лістапада ён вярнуўся да Тэзэ. У ноч з пятніцы на суботу 28 лістапада, напярэдадні пачатку Адвэнту, падчас сну ён адыйшоў да вечнага жыцця.

Крыху больш за паўстагоддзя таму брат Дэніс, які быў архітэктарам, спраектаваў храм Паяднання ў Тэзэ. Іншым будынкам, для якіх ён склаў планы, напрыклад, быў касцёл святога Юзафа Рамесніка ў кенійскім мястэчку Кангэмі, якое наведаў папа Францішак у пятніцу 27 лістапада 2015 г. падчас свайго Апостальскага візіту ў Афрыку.

Цягам 2015 года брат Дэніс стварыў іконы з драўлянае кары на тэму “Евангельскі Шлях” ўздоўж сцежкі ля крыніцы святога Стэфана, а таксама часовую выставу сваіх мастацкіх прац, якая была цягам некалькіх месяцаў прадстаўленая ў Тэзэ.


На пачатку Эўхарыстыі, якая цэлебравалася напамін брата Дэніса ў аўторак 1 снежня, брат Алоіс прачытаў наступную малітву:

Хрысце Езу, мы даручаем Табе Дэніса, нашага брата, якога Ты прыняў да Сябе на вечнае жыццё, блізкага Табе. Са сціплай верай і шчырым сэрцам ён паверыў у Цябе і адгукнуўся на Твой заклік, ахвяруючы вялікія творчыя дары, якія ён атрымаў, у службе для Цябе. З братамі, ці тое адбывалася ў Тэзэ ці ў фратэрніях, ён сведчыў аб Тваёй любові. Ён любіў Афрыку, любіў тых, з кім жыў у Кеніі і ў Сенегале. Мы дзякуем Табе за ягонае жыццё пасярод нас і даручаем яго Тваёй любові. Духу Святы, напаўняй нас надзеяй, як ты напоўніў нашага брата, Дэніса, і нават калі наша вера вельмі малая, мы асмельваемся казаць сваім жыццём: “Хрыстос уваскрос!”

у 2008 годзе ў Найробі