TAIZÉ

Апошнія навіны

Нарада ў Супольнасці: малітва брата Алоіса

Як і кожны год, сёлета з 26 па 31 студзеня браты правялі сваю супольную нараду. Ніжэй заключная малітва брата Алоіса.

 [1]

Хвала табе, Божа жыцця. Мы звяртаемся да цябе падчас вялікіх выпрабаванняў, якія перажывае чалавецтва. Дазволь нам спакойна прыняць наш удзел у гэтых выпрабаваннях.

Нашае заступніцтва становіцца яшчэ больш палымяным: пакажы сваю прысутнасць тым, хто пакутуе ад каранавірусу, іншых формаў хвароб, экалагічных бедстваў, несправядлівасці і гвалту, а таксама тых, хто вымушаны пакінуць свае краіны. Будзь з тымі, хто ўжо не дае сабе рады.

Зноў і зноў мы давяраем табе таксама тых, хто стаў ахвярай злоўжывання ўладай альбо даверам, асабліва тых, хто ў мінулым падвяргаўся сексуальнаму гвалту з боку каго-небудзь з нас. Будзь з тымі, хто аднаўляецца пасля такіх выпрабаванняў.

Мы праслаўляем цябе за ўсіх, хто сярод пакут свету дапамагае загойваць раны, хто шчодра аддае сябе за іншых. Яны - знакі надзеі; яны вядуць чалавецтва наперад.

У гэты час вялікіх перамен ты заклікаеш нас да навяртання. Нам хацелася б, каб нас зноў захапіла твая ласкавая прысутнасць, нібы Майсея перад палаючым кустом, нібы вучняў па дарозе ў Эмаус ды многіх іншых. Мы б хацелі зрабіць усё магчымае, каб нашае жыццё стала знакам тваёй будучыні і тваёй вернасці.

Ты дазваляеш нам аднавіць нашую асабістую і супольную малітву. Няхай ў цэнтры нашага жыцця будзе агонь любові Хрыста, а не нашыя клопаты, як бы сур’ёзныя яны ні былі.

Хвала табе за шматлікія сведчанні падтрымкі, якія мы атрымліваем, якія з’яўляюцца выдатным выразам лучнасці Царквы. Дазволь нам не спыняцца на шляху ў кірунку да бачнага адзінства ўсіх, хто любіць Хрыста.

Мы дзякуем табе, Божа жывы, за наша супольнае жыццё. За апошні год яно стала глыбей і прасцей; і на працягу апошніх дзён ты зноў адкрыў нам вочы на прыгажосць гэтага вялікага дару, які ты даеш нам. Хрыстус называе нас сваімі братамі, і ён давярае нас адно аднаму як братоў. Дзякуйма Святому Духу за тое, што дазваляе нам дзень за днём бачыць разнастайнасць сярод нас як крыніцу багацця і трываць у дабрыні і братэрстве. Праз усё гэта мы можам спрыяць росту братэрства і сястрынства ў свеце.

Хвала табе за тое, што абудзіў у нас больш дакладнае ўсведамленне нашай адказнасці аб клопаце пра стварэнне. Хвала табе за маладзёнаў, якія звяртаюць на тое нашую ўвагу, а таксама за навукоўцаў і палітыкаў, якія імкнуцца прыняць неабходныя рашэнні.

Божа супакою, мы пакуль не бачым новых рэчаў, якія прыходзяць з болем нараджэння, што перажывае чалавецтва ў цяперашні час. Няхай твой Дух Святы зменіць наш погляд, каб распазнаць новы гарызонт і зразумець, чаго ты чакаеш ад нас у гэты час.

Такім чынам, нібы пакорныя пілігрымы даверу, мы зноў выправіліся ў шлях. Нават з вельмі абмежаванымі сродкамі няхай нас стымулюе дух свята.

Але ўжо зараз мы праслаўляем і спяваем табе, вечны Божа. Мы выказваем табе нашую падзяку за жыццё; мы верым, што ты працуеш у кожным з нас, у нашае Супольнасці і ў сённяшнім свеце, праз Хрыста, які з намі, і праз твайго Духа Святога, які будзе натхняць нас.

А зараз мы супольна заспявайма Святому Духу, а потым тыя з братоў, якія прысвяцілі Богу ўсё сваё жыццё, будуць ляжаць у позе прастрацыі на зямлі ў якасці напаміну аб сваім ахвяраванні.


Перыяд Адвэнту

  • Звонку Храма Паяднання, як тое было заўсёды ў папярэднія гады ў часе Адвэнту, ля дарогі былі ўсталяваны яслі. З тыдня на тыдзень, па меры набліжэння Калядаў, у іх будуць дадавацца чарговыя элементы.


  • Штотыдзень цягам Адвэнту на канале Абшчыны ў YouTube будзе размяшчацца біблійнае разважанне брата (з напісамі па-французску).

  • Малітву, якая чытаецца братам Алоісам падчас супольнае малітвы апоўдні, можна знайсці, як звычайна, кожнага дня на гэтае старонцы па-ангельску. Таксама даступныя нямецкая і французская версіі гэтае інтэнцыі.

Covid-19 і сустрэчы ў Тэзэ

Сёлета, па прычыне эпідэміі, выкліканай Covid-19, у Францыі былі ўведзеныя абмежаванні, спачатку навесну, а потым ва Урачыстасць Усіх Святых. Паміж гэтымі дзвюма датамі - ад 14 чэрвеня да 30 кастрычніка - Абшчына Тэзэ магла арганізоўваць сустрэчы моладзі ў сябе на ўзгорку. Акрамя таго, намі быў складзены пратакол аховы здароўя, які ўключае пяцьдзесят мер, і накіраваны мясцовым уладам.

За апошнія месяцы каля шасці тысяч чалавек перабывалі ў Тэзэ для ўдзелу ў штотыднёвых сустрэчах, а некалькі сотняў чалавек прыбывалі да Тэзэ на кароткі прамежак часу, без закватаравання. Перад сваім прыездам, а таксама на распачацце свайго побыту ўсе ўдзельнікі былі паінфармаваныя аб неабходнасці паважаць “бар’ерныя сродкі”, якія з’яўляюцца жэстамі ўвагі да іншых і асабліва да найбольш уразлівых.

Супольна маліцца ці сустракацца з іншымі, маючы маску і захоўваючы сацыяльную дыстанцыю, не так ужо й проста. Дзякуючы намаганням усіх прысутных, сустрэчы прайшлі добра, а Тэзэ не стала крыніцаю захворванняў.

За гэтыя чатыры з паловай месяцы некаторыя ўдзельнікі сустрэчы падчас свайго знаходжання ў Тэзэ ведалі, што кантактавалі з людзьмі, якія мелі станоўчы тэст на Covid-19. У адпаведнасці з рэкамендацыямі французскіх уладаў гэтыя “выпадкі кантактаў” былі вылучаныя і паддазеныя праверцы. З іншага боку, у некалькіх людзей выявіліся сімптомы хваробы, таму яны таксама прайшлі дыягностыку. У большасці гэтых людзей тэст на Covid-19 быў адмоўны. Аднак сярод іх былі таксама й станоўчыя вынікі тэсту (гл. спіс ніжэй).

Браты Тэзэ і валанцёрская моладзь, якія кантактавалі з групамі, што прыехалі да нас падчас выходных Урачыстасці Усіх Святых, у пачатку лістапада правялі тыдзень каранціну - ніхто не захварэў.

Мы хацелі б падзякаваць усім, хто прыехаў да Тэзэ ў гэты перыяд і хто ўдзельнічаў у сустрэчах у гэтых вельмі асаблівых варунках.

Спіс усіх выпадкаў, пра якія нам паведамілі

Вось што мы ведаем пра тых людзей, якія перанеслі хваробу, выкліканую вірусам Covid-19 на працягу апошніх некалькіх месяцаў:

  • Кабета, якая была ў Тэзэ 5-6 верасня, паведаміла нам, што, напэўна, заразілася вірусам раней. Мы змаглі высветліць асобы тых людзей, якія кантактавалі з гэтым чалавекам у Тэзэ, і яны не захварэлі.
  • Спадар, які ўдзельнічаў у Днях Дыяцэзіі 4 кастрычніка ў Тэзэ. Праз некалькі дзён нам паведамілі, што пасля ён прайшоў тэст, вынік якога быў станоўчы, але ён не ведае, ці быў носьбітам віруса падчас яго перабывання ў Тэзэ.
  • Чатыры чалавекі, якія разам падарожнічалі машынаю і заставаліся ў Тэзэ на выходных 3-4 кастрычніка. Праз некалькі дзён яны атрымалі станоўчы вынік тэстаў. Адзін з братоў Тэзэ, які кантактаваў з тымі асобамі, прайшоў тэст - вынік быў адмоўны.
  • Маладая жанчына, якая знаходзілася ў Тэзэ з 11 па 14 кастрычніка і да прыезду была ў цесным кантакце з хворым чалавекам. Шэсць чалавек, якія яе ведалі, павінны былі быць ізаляваныя на месцы, але тэст на Covid-19 ва ўсіх быў адмоўны.
  • Жонка апякуна групы моладзі, што знаходзілася ў Тэзэ 23-24 кастрычніка, атрымала станоўчы вынік тэсту на Covid-19 (сама жанчына не была ў групе суправаджэння). Пра іншых інфекаваных людзей з той групы нам нічога невядома.
  • Асоба, якая суправаджала групу моладзі, што перабывала ў Тэзэ з 22 па 26 кастрычніка, якія мелі хворых у выніку заражэння Covid-19 сваякоў. Пра іншых інфекаваных людзей з той групы нам нічога невядома.
  • Падчас свайго знаходжання ў Тэзэ 26-30 кастрычніка малады чалавек даведаўся, што адзін з яго бацькоў атрымаў станоўчы вынік на Covid-19. Яго ізалявалі, зрабілі тэст, вынік якога атрымаўся таксама станоўчым. У выніку гэтага яго бліжэйшыя сябры былі ізаляваныя, а, вяртаючыся дадому, не былі ў кантакце са сваёй групай і прайшлі тэсты ўжо ў сябе дома. Адзін з прыяцеляў таго маладзёна таксама атрымаў станоўчы вынік тэсту, аднак тыя асобы, што жылі з ім у тым самым бараку, атрымалі адмоўныя вынікі на Covid-19.
  • У аднаго з маладзёнаў вялікае групы, якая знаходзілася ў Тэзэ з 26 па 30 кастрычніка, па вяртанні дадому былі сімптомы, выкліканыя Covid-19, таму ён прайшоў тэст; вынік быў станоўчы. Тэсты таксама зрабілі іншым удзельнікам групы, якія мелі з ім цесныя кантакты, у прыватнасці тым, хто жыў з імі у адным бараку, але вынік быў адмоўным. Акрамя таго, той маладзён удзельнічаў у пасілку з братамі Абшчыны, таму брат, які сядзеў поруч з хлопцам, таксама прайшоў тэст, але вынік быў адмоўны. Праз некалькі дзён па вяртанні з Тэзэ трое маладых людзей з гэтае ж групы страцілі пачуццё смаку і пах; вынікі іх тэсту аказаліся станоўчымі. Мы не ведаем, ці вірус у гэтых маладзёнаў ужо быў падчас іх побыту ў Тэзэ, але ў якасці меры засцярогі тыя, хто застаўся ў тых самых бараках, прайшлі тэсты, вынікі якіх былі адмоўнымі.

Covid-19 | Тэзэ зноў закрытае для наведвання

Сутыкнуўшыся з аднаўленнем пандэміі Covid-19 у Францыі, улады прынялі рашэнне аб увядзенні абмежаванняў ва ўсёй краіне ад пятніцы, 30 кастрычніка.

Такім чынам, Тэзэ будзе закрытае для наведвальнікаў, хутчэй за ўсё, прынамсі да 1 снежня.

Усераду вечарам брат Алоіс прамаўляў да французскае моладзі, якая зараз перабывае ў Тэзэ. Напрыканцы ён дадаў: “Апошняя важная ўвага: пакуль мы збіраліся тут на малітву, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон выступаў з прамовай, у якой абвясціў аб новых мерах ва ўмовах пагаршэння сітуацыі са здароўем. Самай сур’ёзнай мераю, якая непасрэдна ўплывае на нас, з’яўляецца рашэнне аднавіць нацыянальны каранцін у Францыі, пачынаючы з паслязаўтра, то бок пятніцы, 30 кастрычніка. (...)

Са свайго боку, мы збіраемся праверыць, ці зможам мы як мага хутчэй аднавіць відэатрансляцыю вечаровае малітвы з Тэзэ, як мы ўжо гэта робім кожную суботу ўвечары, як і ўвесь перыяд каранціну ўвесну бягучага года”.

Двайны юбілей у Тэзэ

На гэтым тыдні ў Тэзэ адзначаецца двайны юбілей: 80-я гадавіна першага прыезду брата Ражэ да Тэзэ (20 жніўня 1940 г.), а таксама 15-я гадавіна яго смерці (16 жніўня 2005 г.).

Слова брата Алоіса

Дата 20 жніўня нагадвае нам пра пачатак паўстання пэўнае фундацыі, ідэя якой ужо спела ў сэрцы брата Ражэ цягам папярэдніх некалькіх гадоў, і якая пакрысе, крок за крокам, пераўтварылася ў пошукі, з багацьма памылкамі і спробамі, ваганняў і сумневаў, таго, што стала вырашальным для некалькіх братоў на Вялікдзень 1949 г. - манаскімі зарокамі. Той фундатарскі дынамізм брата Ражэ пазней праяўляўся цягам усяго ягонага жыцця, асаблівым чынам у напісанні “Règle”, а пазней й “Sources de Taizé”.

Варта паразважаць пра той спосаб захавання брата Ражэ, інспіруючыся ім: калі ён пакідаў свой край, каб прыбыць да Тэзэ, не меў загадзя задуманага плана, не ведаў, чаго Бог чакае ад яго на больш доўгую перспектыву, адзінае, што ён ведаў, што мусіць пачаць і быў гатовы здзейсніць першы крок. Робячы першы крок, мы адкрываем наступны, пасля чаго паступова працягваем шлях: гэта менавіта той працэс, які вёў яго праз усё жыццё, і акурат тое можа сімвалізаваць для нас дата 20 жніўня.


Малітва з 20 жніўня

Як і штодзённа, на нашае старонцы публікуецца малітва брата Алоіса.

Божа жывы, гэтага дня мы праслаўляем цябе за пакліканне, якое ты скіраваў да нашага брата Ражэ. 80 гадоў таму ён прыехаў да Тэзэ, маючы прагненне распачаць духоўнае жыццё ў рэгіёне, дзе мужчыны і жанчыны былі ахвярамі аднаго з пераломаў свету. Услед за ім ты запрашаеш нас быць сведкамі еднасці, каб хрысціяне маглі аб’яднацца і зрабіць свой унёсак, каб твой свет заззяў у чалавецтве.


Некаторыя артыкулы, вартыя ўвагі

Па-французску

  • Інтэрвью брата Алоіса старонцы Каталіцкага касцёла ўва Францыі
  • Артыкул для старонкі France 3 Bourgogne
  • Артыкул для старонкі cath.ch

Па-італьянску

Па-ангельску

Зварот брата Алоіса да беларусаў

Дарагія беларускія сябры,

з вялікаю ўвагаю мы ў Тэзэ сочым за навінамі з вашае ўкаханае краіны. Памятайце, што ў гэтую хвіліну мы вельмі блізкія з вамі. Мы ўзгадвалі пра вашу краіну падчас супольнае малітвы, і разам з маімі братамі я малюся за вас наступнымі словамі:

Уваскрослы Хрысце, Ты ведаеш нашы клопаты і выпрабаванні. І нястомна Ты кажаш нам: нічога не бойцеся, Я тут. Хрысце, мы даручаем Табе беларускі народ, у прыватнасці тых, хто змагаецца за справядлівасць і свабоду. Пакажы Сваю прысутнасць тым, якія церпяць ад гвалту і лютасці. У Табе наш супакой.

Шчыра з усімі вамі ў цеснае супольнасці, па-братэрску

брат Алоіс

Дадзены тэкст таксама можна пабраць у фармаце PDF.

Зварот брата Алоіса ў сувязі з выбухам у порце Бейрута

Серада, 5 жніўня 2020 г., Taizé

Шаноўныя сябры,

выявы ўчорашніх выбухаў у порце Бейрута дайшлі да нас у Тэзэ. Мы глыбока ўзрушаныя гэтымі падзеямі, якія зноў паставілі ваш народ пад вялікі цяжар пасля таго, як цягам апошніх некалькіх месяцаў сітуацыя ў краіне адзначылася эканамічнае і сацыяльнае крызаю і пандэміяй.

Я прагну выказаць вам, наколькі мы блізкія да вас, на знак салідарнасці з вашымі пакутамі, аб’яднаныя ў малітве.

У час малітвы апоўдні разам з братамі і ўсімі маладзёнамі, якія прысутнічаюць на гэтым тыдні ў Тэзэ, мы молімся за вас такімі словамі:

Божа супакою, многія людзі на зямлі церпяць пакуты. У гэты дзень мы асабліва молімся за вас, жыхары Лівану, якія на працягу апошніх месяцаў і ўчора зноў адчулі страшныя выбухі ў порце Бейрута. Мы молімся за вас, ахвяр і іх сваякоў, за сем’і, якія страцілі так шмат, і даручаем іх табе, Божа ўсяго чалавецтва.

З усёю нашаю братэрскаю любоўю.

Брат Алоіс

Тэзэ і сетка “зялёных Цэркваў”

У 2019 годзе Тэзэ далучылася да сеткі “зялёных Цэркваў” - экуменічнае ініцыятывы пад эгідай Рады хрысціянскіх Цэркваў Францыі.

Дадзены тэкст паходзіць са старонкі ініцыятывы.

Дзеля чаго этыкетка “зялёнай Царквы”?

  • Таму што мы верым, што Бог аб’яўляе сябе праз сваю працу і даручыў тое ж людзям, якія павінны гэта культываваць і захоўваць,
  • Таму што жыццё на зямлі - дабраславенне, якое паказвае Божую любоў, а дзейнасць у мэтах ягонага захавання - гэта спосаб любіць бліжняга і дзейнічаць у імя справядлівасці,
  • Таму што экалагічны крызіс падштурхоўвае нас пачуць крык зямлі, якая “стогне і нараджае ў пакутах” (Рым 8, 22), і выбіраць са спадзяваннем стыль жыцця, які рыхтуе ўзнікненне новага стварэння зараз і па-за яго межамі,
  • Таму што Божы народ можа маліцца і дзейнічаць, каб несці гэтую надзею ў свеце,
  • Таму што мы ведаем, што менавіта шляхам навяртання разам мы зможам пабудаваць больш справядлівы і экалагічны свет, неабходны для выжывання чалавецтва.

Паўторнае адкрыццё крамы ў Тэзэ

Ад панядзелку 11 траўня ў адпаведнасці з планамі французскіх уладаў адносна паступовага аслаблення абмежаванняў, крама ў Тэзэ (“L’Exposition”) ізноў адчынена. Першапачаткова яна будзе працаваць штодня ад 14:30 да 19:00 (гадзіны працы тут будуць рэгулярна абнаўляцца).

Звонку стаіць намёт, дзе брат павітае ўсіх наведвальнікаў, якія маюць замер наведаць краму. Мы клапоцімся, каб не пускаць унутр адначасова занадта шмат людзей. “Бар’ерныя сродкі” і сацыяльная дыстанцыя кемліва паважаюцца. Кожнага мы просім заходзіць у масцы.

Ахвотныя асабіста таксама могуць моўчкі памаліцца ў Храме паяднання альбо ў раманскім касцёле ў вёсцы. Захоўваецца абмежаванне па адначасовым перабыванні ў краме толькі 10 чалавек і выключна ў гадзінах працы крамы.

Гэтыя палажэнні з’яўляюцца часткаю набору з 35 захадаў, якія прымаюцца Супольнасцю падчас першапачатковага аслаблення рэжыму абмежаванняў, дзеля забеспячэння захавання правілаў аховы здароўя і гарантавання для ўсіх максімальнае абароны.

Браты Тэзэ жывуць толькі з уласнае працы: кніг, відэа, плытак, керамікі, эмалі на медзі, ікон ды іншых артыкулаў. Рамесныя вырабы ды іншыя тавары можна ўбачыць і набыць у Тэзэ, таксама як й на старонцы віртуальнае крамы.
Вялікдзень 2020

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Велікодная ранішняя малітва з Тэзэ


Велікоднае пасланне

Велікоднае пасланне брата Алоіса можна прачытаць на гэтае старонцы.


Малітва брата Алоіса

Божа любові, скіруй свой позірк на сваю сям’ю. Прыбудзь з дапамогаю нашаму чалавецтву, пацярпеламу ад столькіх пакут. Суцеш тых, хто плача, падтрымай тых, хто смела прымае выклік салідарнасці. Праз ўваскрасенне Хрыста ты адкрываеш для нас гарызонт яшчэ нязведанага, дзе з’яўляецца новае святло. І так, як і ў велікодную раніцу, мы зноў можам знайсці надзею і засведчыць сваім жыццём: “Хрыстос уваскрос!” — “Так, Ён сапраўды ўваскрос!”


Віртуальны хор спявае “In resurrectione tua”

Сёння днём на старонцы YouTube, а таксама на старонцы Тэзэ ў Facebook з’явілася відэа. 50 маладзёнаў з усяго свету, выканаўцы і музыкі, са свайго ўласнага дому дзеляцца спевам «In resurrectione tua».


 [2]

Брат Дэніс (1934-2015)

Некалькі тыдняў таму брат Дэніс вярнуўся з кенійскае фратэрніі ў Найробі, каб быць шпіталізаваным у Ліёне. Там было выяўлена, што ён пакутуе на незваротную пухліну галаўнога мозгу. Пасля чаго 10 лістапада ён вярнуўся да Тэзэ. У ноч з пятніцы на суботу 28 лістапада, напярэдадні пачатку Адвэнту, падчас сну ён адыйшоў да вечнага жыцця.

Крыху больш за паўстагоддзя таму брат Дэніс, які быў архітэктарам, спраектаваў храм Паяднання ў Тэзэ. Іншым будынкам, для якіх ён склаў планы, напрыклад, быў касцёл святога Юзафа Рамесніка ў кенійскім мястэчку Кангэмі, якое наведаў папа Францішак у пятніцу 27 лістапада 2015 г. падчас свайго Апостальскага візіту ў Афрыку.

Цягам 2015 года брат Дэніс стварыў іконы з драўлянае кары на тэму “Евангельскі Шлях” ўздоўж сцежкі ля крыніцы святога Стэфана, а таксама часовую выставу сваіх мастацкіх прац, якая была цягам некалькіх месяцаў прадстаўленая ў Тэзэ.


На пачатку Эўхарыстыі, якая цэлебравалася напамін брата Дэніса ў аўторак 1 снежня, брат Алоіс прачытаў наступную малітву:

Хрысце Езу, мы даручаем Табе Дэніса, нашага брата, якога Ты прыняў да Сябе на вечнае жыццё, блізкага Табе. Са сціплай верай і шчырым сэрцам ён паверыў у Цябе і адгукнуўся на Твой заклік, ахвяруючы вялікія творчыя дары, якія ён атрымаў, у службе для Цябе. З братамі, ці тое адбывалася ў Тэзэ ці ў фратэрніях, ён сведчыў аб Тваёй любові. Ён любіў Афрыку, любіў тых, з кім жыў у Кеніі і ў Сенегале. Мы дзякуем Табе за ягонае жыццё пасярод нас і даручаем яго Тваёй любові. Духу Святы, напаўняй нас надзеяй, як ты напоўніў нашага брата, Дэніса, і нават калі наша вера вельмі малая, мы асмельваемся казаць сваім жыццём: “Хрыстос уваскрос!”

у 2008 годзе ў Найробі

Вялікі тыдзень і Вялікдзень з Тэзэ

У сувязі з эпідэміяй COVID-19, а таксама са сродкамі па стрымліванні хваробы ды закрыццём прыёму ў Тэзэ, браты хацелі б запрапанаваць некалькі сустрэч для ўдзелу ва ўрачыстасцях Вялікага тыдня і Вялікадня з Тэзэ.
  • Як і кожны вечар пачаўшы з 16 сакавіка, а 20:30 (а 21:30 па беларускім часе), будзе адбывацца трансляцыя вечаровае малітвы праз Facebook Live, а таксама на старонцы Тэзэ. Да таго ж штовечар (акрамя Вялікай суботы) будзе адбывацца працяг трансляцыі гэтае ж малітвы на Нацыянальнай антэне RCF, а падчас моманту маўчання будзе перадавацца разважанне брата.
  • Штораніцы падчас Вялікага тыдня а 10-ае гадзіне (11-ая гадзіна беларускага часу) будзе публікавацца відэа з кароткім біблійным разважаннем брата.
  • У велікодную раніцу а 11-ае гадзіне (12-ая гадзіна беларускага часу) будзе арганізавана спецыяльная малітва з разважаннем брата Алоіса.

 [3]

Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў

Як штогод, з 18 па 25 студзеня будзе праходзіць Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў. Усіх сяброў з наваколля і здалёк мы запрашаем прыбыць у Тэзэ ў суботу 18 студзеня на супольную малітву а 18-ае гадз., а пазней застацца на вячэру.

Перад гэтым, а 17-ае гадз., у залі №15 адзін з братоў Тэзэ запрашае ўсіх жадаючых сустрэцца на спатканні вакол тэмы нядаўняе Пілігрымкі Даверу ў Паўднёвую Афрыку.

Увага: з гэтае нагоды супольная малітва ў суботу ўвечары перанесена на 18:00 замест 20:30, як тое адбываецца звычайна.

 [4]

Праваслаўны дзень у Тэзэ

Супольнасць братоў Тэзэ ды праваслаўны прыход Сэнт-Сезар і Сэнт-Марсэль у г. Шалон-сюр-Сон па дабраслаўленні епіскапа Лукі, біскупа Сербскае епархіі ў Заходняй Еўропе, запрашаюць да ўдзелу ў дні сустрэч і канферэнцый, што адбудуцца ў Тэзэ.

Субота, 23 лістапада 2019 г., пачатак а 9:30

Дзень будзе прысвечаны тэматыцы:
«Прысутнасць жанчын у Праваслаўнае царкве»

«Бо, як жанчына ад мужчыны, так і мужчына праз жанчыну, а ўсё ад Бога» (1 Кар 11,12)
Менавіта ў гэтым духу і з гэтага цвярозага сцверджання апостала народаў мы ўвойдзем у гэты чацвёрты праваслаўны дзень у рамках Супольнасці братоў Тэзэ.

Праграма

10:00 Літургія гадзін (тэрцыя і сэкста) + споведзь.
10:30 Боская Літургія (да Св. камуніі могуць падыходзіць толькі праваслаўныя хрысціяне).
12:15 Супольная малітва з братамі Абшчыны Тэзэ.
13:00 Пасілак (кошт 7 €, аплата на месцы).

14:00: уводзіны ў дзень; а. Рамэн Ру, рэктар прыхода ў г. Шалон-сюр-Сон.

14:15 Дзімітра Кукура, прафесар гамілетыкі Тэалагічнага факультэта ў Тэсалоніках: «Праваслаўныя жанчыны сведчаць пра Евангелле ў сучасным грамадстве».

15:15 Сандрын Канэры, доктар багаслоўя, запрошаны выкладчык праваслаўнага інстытута Святога Сергія па патрыстычнай экзегезе, старшыня C.O.D.J. (Праваслаўныя хрысціяне ў дыялогу з габрэямі) ды ўпаўнаважаная праз l’A.E.O.F. (Асамблея праваслаўных біскупаў Францыі) да спраў юдэа-хрысціянскага дыялогу: «Жаноцкасць і сямейнае жыццё ў яўрэйскай і візантыйскай традыцыях».

16:15 Вячэра.
16:45 Вітанне брата Алоіса, прыёра Абшчыны братоў Тэзэ .
17:00 Круглы стол і канферэнцыі.

18:00 Заканчэнне праграмы.


Кантакты

Jean-Luc Plastrier-Pitteloud,
Тэл. : 06.61.67.43.13
E-mail

Нарада ў Супольнасці: малітва брата Алоіса

Як і штогод, сёлета браты зноў сабраліся на сваю Нараду ў Супольнасці, якая праходзіла з 5 па 10 лютага. Нараду завяршыла ў нядзелю супольная вечаровая малітва, прыканцы якой адбыўся жэст прастрацыі - узгадванне моманту манаскіх зарокаў, якія браты складаюць на ўсё жыццё. Перад тым брат Алоіс прамовіў сваю малітву:

Малітва на заканчэнне

Божа ўсяго чалавецтва, узносім хвалу ўсім тым, якія штодзённа прымаюць нас. Праз Езуса Хрыста вы з’яднаныя ў прыгожай разнастайнасці паміж намі, а таксама ў зносінах з нашымі братамі, якія зараз жывуць у Бразіліі, Кубе, Сенегале, Бангладэшы, ды з нашым братам Жакам у шпіталі.

Нібы Панна Марыя, нам бы хацелася выслухаць Твайго голасу і прыняць жыццё, якое Ты нам даеш, у даверы, які Ты даеш нам.

Езу Хрыстэ, кажучы наўпрост, Тваё імя ўжо нагадвае нам пра прысутнасць Ўваскрослага. На кожным этапе жыцця Ты аднаўляеш нашую гатовасць крочыць за Табою, у радасці і сціпласці мы йдзем ад пачатку да пачатку.

Мы пачулі Твой заклік не забывацца на гасціннасць. Праз Твайго Святога Духа Ты даеш нам магчымасць здзейсніць тое на практыцы. Ад Цябе, Хрыстэ, мы атрымліваем гэты імпульс сэрца, які стварае ў нас паставу гасціннасці. Мы дзякуем за гэты вопыт, які можам здейсніць: прымаючы адзін адно, мы атрымліваем болей, чым даем. Твая любоў чыніць нас вольнымі, вольнымі ісці насустрач адзін аднаму з нашаю ўразлівасцю, без боязі. Лагодны і пакорны сэрцам, дай нам мужнасць пакоры, каб ведаць, што мы маем патрэбу адно аднаго.

Дзякуючы гэтай нарадзе, гэтым супольна праведзеным дням Ты аднавіў дабрыню паміж намі, гэта дар, які з’яўляецца каштоўнаю перлінаю. Няхай гэтая добразычлівасць узрастае паміж намі, няхай яна ўзрастае ва ўсёй Тваёй Царкве, каб хрысціяне яшчэ больш упэўнена маглі крочыць далей у кірунку паяднання і еднасці.

Калі Царква выпраменьвае Тваю добразычлівасць, яна перадае Евангелле, яна выконвае сваю місію, што адлюстроўваецца ў дабрыні для найбяднейшых, выключаных, мігрантаў, адлюстравоўваецца ў зычлівасці для стварэння. Зрабі ж нас уважнымі да тых, хто не знаходзіць свайго месца ў мясцовай царкве.

Праз нашае жыццё ў супольнасці Ты запрашаеш нас, каб мы былі знакам Тваёй прысутнасці, асабліва ў стасунку да маладзёнаў, якіх Ты нам даверыў. У часы, калі на ўсіх узроўнях узмацняецца пастава «кожны для сябе», нам бы хацелася стаць часткаю больш глыбокае плыні, якая пранізвае чалавецтва, прагнення сяброўства і вялікадушнасці.

Праз Святога Духа Ты заўсёды клапацішся пра свет. У падзяцы за Тваю любоў, якая ніколі не скончыцца, няхай нашае жыццё заспявае Табе хвалу! У Тэзэ ды ў нашых абшчынах на розных кантынентах будзьма ж сведкамі прыгажосці жыцця!


 [5]

Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян

Паміж 18 а 25 студзеня адбываецца Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян. У Тэзэ ў пятніцу, 18 студзеня, а 18-ае гадзіне ў прысутнасці каталіцкіх, праваслаўных, пратэстанцкіх і евангелікальных духоўных лідараў з мясцовых цэркваў адбудзецца супольная малітва, на якую запрашаюцца ўсе ахвочыя.


 [6]

Праваслаўны дзень у Тэзэ

Супольнасць братоў з Тэзэ ды праваслаўны прыход св. Кесарыя і св. Марсэля ў г. Шалон-сюр-Сон па дабраслаўленні біскупа Лукі, ардынарыя Заходнееўрапейскае епархіі Сербскае праваслаўнае царквы, запрашаюць на дзень сустрэч і канферэнцый, што пройдзе ў Тэзэ.

Субота, 10 лістапада 2018, ад 09:30 раніцы

У гэты дзень асноўная ўвага будзе нададзена тэматыцы:
«Праўдзівая малітва паходзіць з нашага сэрца»

«Праўдзівая малітва выходзіць з сэрца, суцішнага і пакорнага, з глыбіні нашае істоты ды нашага радыкальнага ўбоства перад Богам. Але таксама прыходзіць з поўнай упэўненасці ў палымянае любові Бога да нас, ва ўсёй Ягонай міласэрнай моцы». У гэтым духу мы й увойдзем у трэці праваслаўны дзень у Абшчыне Тэзэ.

Праграма

  • 10:00 Ютрань (Трэцяя і Шостая гадзіны) ды споведзь.
  • 10:30 Боская Літургія (да камуніі могуць прыступаць толькі і выключна праваслаўныя хрысціяне пасля асабістае падрыхтоўкі - споведзь і эўхарыстычны пост).
  • 12:15 Супольная малітва разам з братамі з Абшчыны Тэзэ.
  • 13:00 Абед (кошт 7 € аплачваецца на месцы).
  • 14:15 Вітальнае слова Брата Алоіса, прыёра Супольнасці братоў Тэзэ ды ўводнае слова ў тэматыку а. Рамэна Ру (P. Romain Roux), настаяцеля праваслаўнага прыходу з Шалона-сюр-Сона.
  • 14:30 айцец Жэрар Рэйно (Gérard Reynaud), прыход св. Панцеляймона ў Манбрызоне: «Асабістая і літургічная малітва: іх адрозненні і ўзаемадапаўняльнасць».
  • 15:15 айцец Іосіф Паўлінчук (Joseph Pavlinciuc), прыход Покрыва Прасвятой Багародзіцы ў Ліёне: «Малітва, медытацыя і кантэмпляцыя: іх кшталты і адрозненні».
  • 16:00 Вячэра
  • 16:30 Норман Расэл (Norman Russel), патролаг, спецыяліст па грэцкіх Айцах Царквы: «Малітва Святога Імя, яе асаблівасць і практыка».
  • 17:15 Юлія Відавіч (Julija Vidovic), багаслоў, спецыяліст па біяэтыцы: «Малітва «Ойча Наш», дар ад Пана для ўсіх хрысціянаў».

Кожнае выступленне цягнецца каля 30 хвілін, пасля чаго запланаваныя 15 хвілін на пытанні і адказы.


Кантактныя дадзеныя

Jean-Luc Plastrier-Pitteloud,
Тэл. : 06.61.67.43.13
E-mail

Брат Алоіс на Сінодзе Біскупаў у Рыме

Ад 3 кастрычніка ў Рыме ў прысутнасці папы Францішка зноў сабраўся Сінод Біскупаў. Біскупы з усяго свету, эксперты, моладзь ды дэлегаты з розных Цэркваў сабраліся вакол тэмы “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”. У якасці “спецыяльнага госця” нарады ў сінодзе прымае ўдзел Брат Алоіс.

Малітвы са спевамі Тэзэ

З нагоды Сіноду ў кастрычніку ў Рыме адбудуцца дзве малітвы са спевамі Тэзэ, якія будуць адкрытыя для ўсіх ахвочых – больш інфармацыі на гэтае старонцы.


Выступ Брата Алоіса на Сінодзе

Адказваючы на духоўнае прагненне моладзі ды іх пошук яднання

Артыкул 68 ды 69 Instrumentum Laboris адлюстроўвае прагненне “больш рэляцыйнага” Касцёла, які здольны “запрашаць, не асуджаючы загадзя”, “блізкага і сяброўскага” Касцёла.

Мае браты і я часцяком здзіўленыя, чуючы маладзёнаў, якіх мы запрашаем да Тэзэ, якія кажуць, што пачуваюцца ў нас “як дома”, а мы задумваемся, чаму ж так. Можа, таму што, каб быць сапраўды сабою, яны маюць адчуваць сябе карыснымі, каб заахвоціць іх да творчасці, атрымаць абавязкі.

Затым абуджаецца іх духоўнае прагненне, таму важна цярпліва ісці разам з імі да крыніцаў веры. Яны ведаюць, што іх запрашае супольнасць, перадусім у супольнае малітве, дзе ўсе ўдзельнікі актыўныя праз спевы, выслуханне кароткага біблійнага чытання, даўжэйшы момант цішыні. І часцяком яны паглыбляюць асабістую повязь з Хрыстом.

Мы павінны быць упэўненыя, што літургічныя знакі пазбаўленыя фармалізму, але разам з тым сціплыя і прыгожыя. Напрыклад, мы бачым, як маладзёны глыбока ўдзельнічаюць штопятніцы ўвечары ў малітве вакол крыжа, кладучыся перад Хрыстом, што даволі цяжка для іх.

Мы кажам адзін аднаму: нібы Хрыстус, выслухайма іх нашымі сэрцамі, нагадваючы сабе, што Ён ужо дзейнічае ў іх жыцці, – і будзьма ж паважаць святыню іх свядомасці. Тыя, хто слухае, маюць суправаджаць адно аднаго. У Касцёле бракуе суправаджэння: ці магла б паслуга выслухоўвання быць даверанаю не толькі святарам, мужчынам і жанчынам у статусе духоўных, але таксама й свецкім асобам, мужчынам і жанчынам?

У Тэзэ маладзёны таксама адкрываюць, што Царква - гэта супольнасць. Без стварэння арганізаванага руху, мы заўсёды пасылаем моладзь назад, у іх парафіі і месцы іх штодзённага жыцця. Так багата хто з іх любіць супольна маліцца з іншымі людзьмі рознае веры. Яны разумеюць, можа толькі ўскосна, заклік Хрыста да яднання без затрымкі.

Наконадні мы дасведчылі такой супольнасці ў часе азіяцкае Сустрэчы Моладзі ў Ганконгу, этапу нашае Пілігрымкі Даверу. Сярод маладых удзельнікаў 700 прыехалі з Кітая - тое была радасць Святога Духа.

А зараз мне б хацелася зрабіць канкрэтную прапанову. Часцяком ужываныя словы і спосаб прамовы з’яўляюцца перашкодаю, якая замінае шмат каму з моладзі пачуць, што кажа Царква. Ці не мог бы фінальны дакумент быць у выглядзе кароткага ліста, напісанага простаю моваю, адрасаванага да маладога чалавека, які шукае значэння ў яго ці яе жыцці?

Мне б хацелася падсумаваць тое, што я толькі што сказаў, некалькімі словамі з Брата Ражэ, які быў засноўнікам нашае супольнасці:

“Калі Царква слухае, лечыць, пагаджае, яна становіцца тым, чым ёсць у сваёй найбольш светлай камуніі любові, спагады, суцяшэння, выразнага адлюстравання Ўваскрослага Хрыста. Ніколі не далёкая, ніколі не абараняецца, вольная ад усялякага грубіянства, яна можа выпраменьваць сціплы давер веры наўпрост у нашыя чалавечыя сэрцы”.

Ліст брата Алоіса да Сусветнай рады Цэркваў

З нагоды 70-ае гадавіны Сусветнае рады Цэркваў брат Алоіс напісаў пасланне да Генеральнага Сакратара вялебнага Олафа Фюксе-Твейта, у якім нагадаў пра доўгае сяброўства паміж Тэзэ й Радаю.

Дарагі Олаф,

Сусветная рада Цэркваў ды Супольнасць Тэзэ нарадзіліся ў той самы час, Тэзэ - ў пачатку другой сусветнай вайны, Рада - адразу ж пасля яе заканчэння. У палове дваццатага стагоддзя іх адпаведныя ініцыятары былі натхнёныя тым самым запалам хрысціянскае еднасці. Яны мелі бачанне для падзеленых Цэркваў у новым перыядзе, які распачынаўся, перыядзе еднасці і братэрства паміж хрысціянамі, перыяду па садзейнічанні супакою на зямлі сярод канфліктаў, што разрывалі свет на кавалкі. У іх святле мы імкнемся падтрымліваць гэтае полымя адзінства.

Таму я шчаслівы ў гэтую гадавіну Экуменічнае Рады запэўніць цябе, што мы, браты з Тэзэ, блізкія да вас. Мы дзякуем Богу за тую працу, што вы робіце, і мы молімся, каб Святы Дух працягваў весці вас экуменічнаю дарогаю.

Ваш першы генеральны сакратар Вілем Віссэр ’т Хуфт ды наш засноўнік Брат Ражэ ведалі адзін аднаго, праводзячы дыялог з 1940-ых гг. Цягам дзясяцігоддзяў браты нашае Супольнасці розным чынам супрацоўнічалі з СРЦ, як у тэалагічнае працы, так й у галіне пошуку справядлівасці і супакою. Брат Ражэ прымаў удзел у Генеральнай Асамблеі ўва Упсале ды Ванкуверы, асабіста я ў дзвюх апошніх, у Порту-Алегры ды Бусане. Геаграфічная блізкасць паміж Жэневаю ды Тэзэ спрычынілася да шматлікіх кантактаў; большасць Генеральных Сакратароў СРЦ не аднойчы наведвалі нас. Тваё асабістае падарожжа да Тэзэ ашчаслівіла нас, а я быў вельмі крануты тваім цёплым прыёмам падчас майго візіту ў Жэневе разам з братамі і моладдзю.

Кажу табе, дарагі Олаф, як й усяму персаналу Сусветнае рады Цэркваў: з Юбілеем! І яшчэ: няхай нашае супольнае падарожжа працягваецца!

Брат Алоіс

Вялебны Олаф Фюксе-Твейт у Тэзэ, 16 жніўня 2015 г.

Вясна 2018

Вялікі тыдзень у Тэзэ

Пальмовая нядзеля

У Пальмовую нядзелю Царква ўзгадвае ўваход Езуса ў Ерузалем. Гэта таксама сімвалічны пачатак Вялікага тыдня. У Тэзэ, як тое ўжо склалася цягам апошніх некалькіх гадоў, гэтая ўрачыстасць распачалася на ўскрайку крыніцы св. Эцьена, дзе сабраліся браты, валанцёры, сябры з наваколля ды моладзь, што перабывае ў Тэзэ. Сёлета ўсім прысутным таварышыў Бэнуа Рыўер (фр. Benoît Rivière), біскуп Атун.

Клара, Бельгія

Для мяне тое было такім цудоўным адчуваннем быцця часткаю ўсяго стварэння, й тое чыніла мяне вельмі шчасліваю і радаснаю. Табе насамрэч хочацца цэлебраваць тое, што Езус быў тут, разам з намі. Ніколі раней я не дасведчыла такой Пальмовай нядзелі як гэта!


Панядзелак-Серада

У часе Вялікага тыдня супольныя малітвы раніцаю й увечары былі адзначаныя адмысловымі спевамі і словамі, два браты наперамен чыталі са Слова ў розных мовах вытрымкі з Евангелля наконт Мукі Пана.

У панядзелак падчас вечаровае малітвы былі адчытаныя дзве спецыяльныя інтэнцыі: адна за ахвяраў трагічнага пажару ў гандлёвым цэнтры ў сібірскім Кемераве, другая за ахвяраў тэрарыстычнае атакі ў Каркасоне ды Трэбе, што мела месца некалькмі днямі раней на поўдні Францыі. Штовечар былі чытаныя іншыя інтэнцыі з нагоды складаных сітуацый у свеце.

Роб, Ірландыя

Маё перабыванне ў Тэзэ значна адрозніваецца ад таго, чаго я спадзяваўся. Гэта насамрэч згуртаваная супольнасць. Мне падабаецца ўдзельнічаць у малітоўных набажэнствах, хаця спачатку я быў не занадта ў захапленні ад іх, але тое сапраўды паўплывала на мяне, і тое відавочна цікава ды прывабна.


Вялікі чацвер

Вечаровая малітва ў гэты дзень была адзначаная абмыццём стопаў. Зараз, як й падчас шматгадовае традыцыі, браты праходзілі праз храм, абмываючы стопы ўсім жадаючым. Пасля чаго напамін апошняе вячэры Пана была цэлебраваная Эўхарыстыя. Гэта быў першы дзень Пасхальнага Трыдуум.

Юсуф, Егіпет

Будучы копцкім дыяканам, дзе малітвы падчас Вялікага тыдня вельмі багатыя і насычаныя, я таксама знайшоў тое ж самае ядро тут, пакору, любоў, што паходзіць ад Бога, а таксама накіравана да Бога. Вялікі чацвер - гэта той дзень, калі Езус, Эмануэль, Бог, што ўцелавіўся пасярод нас і даў Сваё цела і кроў для нас ... за ўсіх нас, каб мы былі адным у Ім і разам з Ім. Вучні за тым сталом не былі ўсе такія самыя, так як мы тут у храме Паяднання сапраўды вельмі розныя. Розныя краіны, розныя веры, розныя культуры, розныя традыцыі, але ўсе мы аб’яднаныя пакораю і любоўю Бога Айца ў Езусе Хрыстусе праз Духа Святога, такая супольнасць ніколі не можа быць зламаная.

Une publication partagée par Taizé (@taize) le


Вялікая пятніца

А 15-ае гадзіне ўзгорак на некалькі хвілін занурыўся ў цішыню, пакуль гучаў адзін са званоў, прыгадваючы людзям пра момант смерці Езуса на крыжы (паводле Лукі 23, 44-45). У тую хвіліну кожны спыніўся і адклаў усе свае працы на непрацяглы час цішыні.

Увечары ў храме Паяднання адбылася працэсія з крыжам. На пачатку малітвы ўсе браты сабраліся за алтаром, пасля чаго праз храм працэсійна быў пранесены крыж у таварыстве тысяч маладзёнаў, што на той момант перабывалі там. Пасля чаго малітва працягвалася вакол крыжа цягам усяе ночы.


Вялікая субота

Апоўдні да Тэзэ прыбываюць апошнія ўдзельнікі Пасхальных урачыстасцяў. Увечары браты перанеслі ікону “Зыход Езуса да адхлані” ў канец храма Паяднання, да ягонага пашырэння, якое было цалкам адкрыта з-за вялікае колькасці прысутных.

У той жа вечар, перад тым, як у храме распачалося малітоўнае чуванне, перарываемае чытаннем прароцкіх тэкстаў са Старога Запавету, Брат Алоіс звярнуўся з ягоным штотыднёвым разважаннем.


Велікодная нядзеля

Сёлета Пасхальная цэлебрацыя распачалася а 6:30 ў вялікім, цалкам напоўненым храме, калі навокал усё яшчэ было цёмна. Пакуль дзяўчынка грала ўрывак на віяланчэлі, а жаночы хор праспяваў па-сірыйску ды ў іншых мовах пасхальны спеў, чатыры сястры крочылі праз храм і неслі ліхтар з агнём - святлом Уваскрасення, - а таксама кавалкам белае тканіны, сімвалам плашчаніцы, у якой быў пахаваны Езус.

Ад гэтага ліхтара была запаленая пасхальная свяча і затым - упершыню - сёстры ды жанчыны з вёскі Тэзэ перадалі Пасхальнае пламя ўсім навокал. Такім чынам было падкрэслена, што менавіта жанчыны, Марыя Магдалена і некаторыя іншыя, былі першымі, хто паверыў у змёртвыхпаўстанне Езуса.

Цягам Пасхальнае ўрачыстасці некалькімі братамі ў шасці мовах была адчытаная літургічная малітва Exultet, якая абвяшчае пра ўваскрасенне. Брат з Францыі ў прысутнасці ягонае сям’і склаў свае манскія зарокі ў Супольнасці, пасля чаго з радасцю была цэлебраваная Эўхарыстыя.

Апошняю падзеяю ўрачыстасці пад гукі біцця званоў было пракламаванне, зноў жа жанчынамі, пасхальнага вітання, традыцыйнага для Праваслаўнае царквы, на дваццаці мовах: “Хрыстос Уваскрос!”, пасля чаго кожны з прысутных адказваў на сваёй мове “Сапраўды Ўваскрос!”.

Велікодны буклет

PDF - 4 Mb

Цім, Нідэрланды

Я адчуў багата радасці цягам гэтых дзён. Я шаную рытм, а структура малітваў дазваляе мне засяродзіцца на Вялікадню: спачатку ты адчуваеш сябе сціснутым, але затым адчуваеш паступовы ўдзым у кірункі Пасхі. Пасля службы я адчуў столькі радасці сярод людзей, якія разам цэлебравалі ўрачыстасць шчасця. Дні праведзеныя тут дапамаглі мне адкрыць надзею для народаў усяе Еўропы, супольна цэлебраваць тую ўрачыстасць ды паверыць, што гэтае святло Вялікадня будзе перададзена па ўсім свеце - такім чынам, паўстае яшчэ адно вымярэнне.

Новыя дэкарацыі ў храме: працяг працы

Цягам апошніх некалькіх тыдняў была перароблена дэкарацыйная частка хораў у храме Паяднання ў Тэзэ. Усходняе храмавае частцы патрэбная ўнутраная цеплаізаляцыя, таму было вырашана таксама пераасэнсаваць й аздабленне. Больш сарака гадоў аздобнаю часткаю алтара былі комінавыя цэглы, а каля дваццаці гадоў - ветразі памаранчавага колеру.

Зараз на палатно былі нанесеныя простакутнікі натуральных адценняў (20см x 20см), пры роспісе якіх выкарыстоўваліся больш трыццаці колераў; яны маюць адлюстроўваць разнастайнасць тых, хто штодня тройчы прыходзіць сюды маліцца. Яны таксама могуць адлюстроўваць нас і ўсё тварэнне. Свечы мы ўзнялі такім чынам, каб яны маглі быць больш відочнымі ў храмавых пашырэннях.

Зяленіва на дадзены момант часу прадстаўленая памаранчавымі дрэвамі, што могуць расці ва ўмовах нізкае асветленасці. Мы таксама размясцілі эпіпрэмнум залацісты (epipremnum aureum) - эндэмічную расліну з Саламонавых выспаў.

Й калі зараз аздабленне выглядае крыху недаробленым, тое таму так з той прычыны, што надаль трываюць працы! Працы па ўладкаванні ўнутранае цеплаізаляцыі будуць скончаныя паміж Пасхаю ды Троіцаю, пасля чаго мы перамалюем усе хоры з вапнавым мыццём. Спадзяемся, што да лета ўсё будзе выглядаць больш менш прыстойна.


Люты 2018

Навіны ад мігрантаў, якіх прынялі ў Тэзэ

Ад 2015 г. Еўропа апынулася ў міграцыйнае крызе беспрэцэдэнтнага маштабу. Сутыкаючыся з гэтымі зменамі і пры падтрымцы ды шчырасці шматлікіх нашых суседзяў, Супольнасць працягвае адкрываць свае дзверы, каб прыняць мігрантаў.

Цэнтры прыёму і партнёрскія праграмы

У лістападзе 2015 г. дзеля прыёму мігрантаў з Кале ў Тэзэ пачаў дзейнічаць т.зв. CAO (Цэнтр прыёму і арыентацыі). Гэтае месца магло размясціць трынаццаць маладых мужчын ва ўзросце ад 19 да 40 гадоў, усе яны мусульмане, што паходзяць з Судану і Афганістану. Дзевяць з іх, якія атрымалі статус бежанца, зараз працуюць альбо стажыруюцца ў рэгіёне вакол Тэзэ. Адзін з іх, удавец, у Судане меў 13-гадовага сына. З нагоды свайго візіту ў гэтую краіну ў мінулым годзе брат Алоіс забраў дзіцяці з сабою да ягонага бацькі. Зараз дзіцяці ходзіць у школу, а ягоны бацька працуе ў мясцовай ліцейнай вытворчасці.

У лістападзе 2016 г. Супольнасць адкрыла CAOMI (цэнтр прыёму і дарадства для непаўнагадовых), каб часова прыняць тут васямнаццаць непаўнагадовых з Кале, якія жадалі дабрацца да Англіі. Сямёра з іх вырашылі застацца ў Тэзэ, дзеля падрыхтавання іх дакументаў на атрыманне статусу бежанца. Адзін з іх зараз у адукацыйным цэнтры каля Тэзэ, а чацвёра бежанцаў надаль жывуць у вёсцы, шукаючы месца пасялення ў наваколлі.

Сем’і

У апошнія гады Супольнасць таксама прыняла чатыры сям’і бежанцаў з Іраку і Сірыі. Пасля некалькіх месяцаў у Тэзэ, якія дазволілі ім ачуняць і распачаць працэс сацыялізацыі ва Францыі, дзве з гэтых сем’яў пасяліліся ў іншым месцы, падтрымліваючы з Супольнасцю ледзь не сямейныя адносіны.

Чаканне на абарону

У мінулым верасні Супольнасць запрасіла трох маладых мігрантаў ва ўзросце 20-28 гадоў з Паўднёвага Судану і Судану. Гэтыя маладзёны ўсё яшчэ пакуль не ведаюць, ці будуць яны ў стане скласці унёсак пра статус бежанца ва Францыі з-за правілаў Дублінскага пагаднення. Тым часам, ад моманту, калі яны не маюць дазволу на працу, яны вывучаюць французскую мову, займаюцца валанцёрствам ды ўдзельнічаюць у абменах на тэму прычын і цяжкасцяў іх міграцыйнае вандроўкі.

Спонсарскія сем’і

Кожны малады мігрант, якога прынялі ў Тэзэ, узяты на парукі адной з мясцовых сем’яў. Рэгулярна наведваючы свае спонсарскія сем’і, гэтыя маладзёны атрымліваюць дапамогу па добрай інтэграцыі ў французскую культуру, а таксама атрымліваюць неацэнную падтрымку. Адзін з маладзёнаў нядаўна сказаў: “Французы больш клапоцяцца пра мне, чым маці клапоціцца пра ўласнага сына!”

Заняткі французскай мовы

Калі Супольнасць адкрыла свае дзверы для моладзі з Кале, адразу ж частка мясцовых жыхароў прадэманстравала вялікую гасціннасць. Сёння ў Тэзэ чатыры дні на тыдзень адбываюцца заняткі французскае мовы, а ў справу заангажаваныя дзясяткі валанцёраў. Крысцін, выкладчыца французскае мовы для замежнікаў (FLE), піша: “Я вельмі здзіўленая, але й вельмі задаволеная, бачучы матывацыю тых, хто жадае атрымаць статус бежанца, іх пастановы навучыцца французскае мовы, нягледзячы на ўсе іх іншыя праблемы”. Акрамя трох мігрантаў, што ўдзельнічаюць у моўных курсах, дзясяткі замежнікаў з розных краін, якія жывуць у рэгіёне, таксама атрымліваюць карысць ад гэтых заняткаў.

Абмен

Мігранты, якіх прынялі ў Тэзэ, былі запрошаныя Вышэйшай школай св. Юзафа (г. Шатобрыян, Брэтань), каб правесці дзень, прысвечаны рэфлексіі на тэму міграцыі. У лістападзе 2017 г. трое з ніх былі там, а студэнты былі ўражаныя гісторыяй гэтых маладзёнаў, якія перасяклі Сахару, пекла ў Лівіі, а потым Міжземнае мора. Мігранты таксама былі ўражаныя ўвагаю слухачоў і сур’ёзнасцю студэнтаў.

У самім Тэзэ мігранты часам удзельнічаюць у варштатах, якія арганізаваныя для маладых пілігрымаў, дзе яны могуць падзяліцца сваімі дасвядчэннямі і матывацыямі.

У Еўрапейскім парламенце

У студзені 2018 г. група маладых мігрантаў наведала Еўрапейскі парламент. У часе сустрэчы з Еўрапейскай Камісіяй да спраў міграцыі, з чальцамі розных партый і прадстаўнікамі розных краін, а таксама з генеральным дырэктарам OFPRA (Французскае бюро па абароне бежанцаў і асобаў без грамадзянства) мігранты мелі магчымасць паразмаўляць пра сваё дасвядчэнне ў Еўропе ды іх канкрэтныя сітуацыі: статус уцекача, асоба, што шукае прытулку, “дублінскія” мігранты, а таксама непаўнагадовыя асобы без нагляду дарослых, узрост якіх не быў прызнаны.

Чалец Еўрапейскага парламенту выслаў нам запіс з гэтага візіту, зроблены Клаўдзія Кутарэлі, адносна Дублінскага пагаднення:

Каб прагледзець даўжэйшае відэа з гэтае сустрэчы, перайдзіце на гэтую старонку.

Валантарыят

Мігранты, якіх прынялі ў Тэзэ, заўсёды цешацца, калі могуць прапанаваць фізічную дапамогу і пачуваюцца карыснымі ў выкананні паслугі для іншых. Іх чалавечая годнасць аднаўляецца, калі яны могуць даць нешта іншым.

Эдыт, казначэй каманды Каталіцкай агенцыі дапамогі з Клюні, піша, што “трое маладых мігрантаў-валанцёраў прыходзяць, каб прапанаваць рукі для дапамогі. Яны ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах, такіх як выраб стэнду і арганізацыя штогадовага вялікага абеду, дзе яны былі адзначаныя ўсімі з нагоды якасці выкананых абавязкаў”.

Мігранты таксама атрымліваюць задавальненне, перабываючы поруч з маладымі пілігрымамі, што наведваюць Супольнасць. Гансала, малады партугалец, нядаўна напісаў: “Супрацоўніцтва з трыма маладымі мігрантамі было незвычайным дасвядчэннем. Яны былі добра інтэграваныя з нашаю камандаю, а мы дзяліліся некаторымі аспектамі нашых абедзвюх культур. Яны распавялі нам пра сваё дасвядчэнне і свае пошукі міру”.

Мінулым летам многія маладзёны адгукнуліся на заклік салідарнасці з мігрантамі, уносячы ахвяраванні на Тэзэ. З валанцёрам Орсі трое маладых мігрантаў паехалі ў лістападзе да Кале з мэтаю перадаць мясцовае Каталіцкае агенцыі дапамогі спальныя мяшкі, гелі для душу, шампуні, зубную пасту і шчоткі. Цягам дзвюх начэй іх прымалі ў Доме Марыі Скабцовай, дзверы якога адкрытыя для найбольш уразлівых уцекачоў. Орсі піша: “Нашыя тры сябры з Тэзэ бачылі такое ж няшчасце цягам іх уласнага падарожжа праз шэраг краін, пустныю, Міжземнае мора, таму яны зразумелі, праз што прайшлі маладыя людзі з Кале”.

Нарада ў Супольнасці: малітва брата Алоіса

23-28 студзеня браты адбылі сваю штогадовую супольную нараду. Нарада скончылася ўвечары нядзелі вечаровае малітваю, якая ўключала між іншым паставу "прастрацыі", калі браты прыгадвалі сабе дзень сваіх манаскіх зарокаў. Перад тым Брат Алоіс прамовіў у малітве наступнае:

Завяршальная малітва

Мы праслаўялем Цябе, Хрысце Езу, бо Ты ўваскрос з памерлых. Ты дазваляеш нам крочыць за Табою, таму мы можам станавіцца сведкамі Божае радасці ды несці супакой, дзе б мы ні былі: у Тэзэ, у іншых краінах ці ў дарозе.

Мы славім Цябе за нашых братоў, што жывуць у Карэі, Бангладэшы, Сенегале, за тых, хто скіраваўся ў Паўднёвую Афрыку, за тых, хто жыве ў Бразіліі, на Кубе і ў Эльзасе, а таксама за тых, хто цягам гэтага года будзе ў Ганконгу.

Мы славім Цябе, Хрысце Езу, што цягам нашае нарады корміш нас Тавім словам і Тваёю Эўхарыстыяю. Мы праслаўляем Цябе за радасць братэрскае любові, асабліва ў гэтыя дні. Ты таксама аднаўляеш нашую сціпласць.

Духу Святы, Ты чыніш з нас маленькі сусвет Царквы, да якой кожны дадае новы камень свайго жыцця. Ты наноў абуджаеш у нас прагненне еднасці з Целам Хрыста, Ягонаю Царквою. Ты вучыш нас цешыцца з разнастайнасці шляхоў быць хрысціянінам. Мы ўжо з’яднаныя ў Табе, разам з тым перабываючы ў салідарнасці з Цэрквамі, якія ўсё яшчэ надаль падзеленыя.

Божа жывы, ад усяго нашага сэрца мы прагнем праявіць Тваю любоў праз нашае жыццё ў Супольнасці. Таму мы прыслухоўваемся да Твайго закліку ўдасканальваць агульнае стварэнне. Гэта так, як вы б самі казалі кожнаму з нас пэўныя словы з нашых невялікых манаскіх правілаў: “Ад гэтага часу тваё пакланенне і твая служба будуць адбывацца ў супольнасці братоў, усталяванай у целе Царквы ... Ты будзеш натхнёны імпэтам супольнага жыцця. Ты не будзеш больш самотны. Ты маеш лічыцца з братамі ва ўсіх рэчах”.

Ты запрашаеш нас ахвяраваць нашае агульнае стварэнне ў службе тым, хто даверыўся нам ва ўсіх кутках на зямлі. Мы молімся за ўсіх тых, каго мы носім у нашых сэрцах.

За ўдзельнікаў Еўрапейскае Сустрэчы ў Базэлі. Няхай праз іх радасць і супакой, якія былі там дасведчаныя, працягваюць зіхацець у свеце нібы іскрынкі надзеі.

За жыхароў нашага рэгіёну, за хрысціянаў, што жывуць тут, за тых, хто перабывае ў шпіталях і дамах апекі, за бяздомных, мігрантаў, за ўсіх тых, хто дапамагае найбяднейшым і тых, хто бярэ на сябе абавязацельствы для супольнага дабра.

За тых на свеце, якія сумуюць, за тых, хто пакутуе ад гвалту, войнаў, несправядлівасці і голаду.

Захоўвайце ж ад занікання ўнутры вас спеў, нават у нашыя ночы, гэты спеў, псальм які мы спявалі сёння ўвечары. Разам з псальмістам мы жадаем супольна сабраць нашыя чаканні і ўсе нашыя прагненні ў руху да Цябе, Божа сусвету. “Шчаслівыя тыя, хто мае сваю моц у Табе. Шчаслівыя тыя, чые сэрцы скіраваныя ўгару”, гэтыя моманты прыватнае радасці ў Тваёй прысутнасці. А праз прысутнасць Твайго Святога Духу нават даліна слёз можа пераўтварыцца ў месца вытокаў шляхоў нашае пілігрымкі, крыніцаю лагоднае радасці.

Божа жывы, дзякуем Табе за тое, што праявіў сябе, за тое, што прыйшоў да нас у Хрысце Езусе. Ён палюбіў нас і аддаў самога сябе за кожную чалавечую істоту. Ён прысутнічае сёння ў Ягоным Святым Духу. Няхай радасць Ягонага ўваскрослага жыцця будзе знанаю ўсім. Няхай тое будзе крыніцаю братэрства і супакою сярод разбітасці нашага параненага чалавецтва і сярод усяго Твайго стварэння.


А зараз, пасля супольнага спявання, тыя браты, што цалкам прысвяцілі сваё жыццё Супольнасці, будуць ляжаць на зямлі, каб прыгадаць сабе сваё пасвячэнне Богу.

Навіны ў сацыяльных сетках

Навіны з Тэзэ рэгулярна з’яўляюцца ў розных сацыяльных сетках.

Ніжэй некаторыя прыклады тых публікацый.

Facebook


YouTube


Twitter


Instagram

Une publication partagée par Taizé (@taize) le

Прыёр Тэзэ ў Паўднёвым Судане ды Судане

Цягам апошніх двух гадоў Тэзэ прымае бежанцаў з Судану, таму прыёр Супольнасці, брат Алоіс, наконадні правёў тыдзень у Джубе і Румбеку ў Паўднёвым Судане, а таксама тыдзень у Хартуме, сталіцы Судану, дзеля таго, каб лепш зразумець сітуацыю гэтых дзвюх краін, каб сустрэцца з мясцовымі актывістамі, а таксама памаліцца сярод тых, хто найбольш пакутуе ў нашыя часы.

Ён разам з яшчэ адным братам з Супольнасці наведаў розныя цэрквы, назіраючы іх працу па навучанні, салідарнасці, па догдядзе за хворымі ды выключанымі, маючы шмат дачынення з глыбока пакрыўджаным грамадствам. Акрамя таго браты наведалі лагер для перасяленцаў у выніку аперацыі ААН, у тым ліку багата дзяцей, што згубілі й ніколі не знайшлі сваіх бацькоў у сувязі з бурлівымі падзеямі ў гэтае краіне.


Брат Алоіс у Джубе, Паўднёвы Судан, у лагеры для перасяленцаў

Гэтым візітам Брат Алоіс таксама хацеў выказаць удзячнасць багатае колькасці людзей, што ўцягнутыя ў працу на месцы: супрацоўнікам гуманітарных місій, людзям Царквы ды дыпламатам, служачым мясцовых супольнасцяў і аддзелу адукацыі, сельскае гаспадаркі, інфраструктуры, службам, а таксама супрацоўнікам аддзелу прамавання культуры. Па вяртанні ён сказаў: “Асаблівым чынам я быў уражаны сітуацыяю жанчын і дзяцей. Маткі, часцяком вельмі юныя, нясуць на сабе большую частку пакутаў, выкліканых гвалтам. Многія з іх у вельмі цяжкае сітуацыі. Але яны застаюцца служыць сваім жыццём. Дзеці ад наймалодшых мусяць удзельнічаць у значнае частцы паўсядзённых абавязкаў, але яны надаль прагнуць хадзіць да школы. Мужнасць і надзея матак і дзяцей з’яўляецца выключным сведчаннем”.

Па выніках свайго візіту ў Афрыку прыёр Тэзэ зробіць канкрэтныя прапановы, якія будуць апублікаваныя з нагоды 40. Еўрапейскай Сустрэчы Моладзі ў Базэлі, што пройдзе сёлета з 28 снежня па 1 студзеня.


Брат Алоіс наведвае вёску пракажоных ля Румбеку, Паўднёвы Судан.