У нядзелю, 15 студзеня, у Рыме на заканчэнне малітвы Анёл Панскі папа Францішак абвясціў, што працы чарговай Генеральнай Асамблеі Сіноду Рымска-Каталіцкага Касцёла будзе папярэднічаць экуменічнае малітоўнае чуванне ў суботу, 30 верасня, на рымскай плошчы Святога Пятра:
Шлях да адзінства хрысціянаў і сінадальны шлях Касцёла ўзаемазвязаныя. Таму я карыстаюся гэтай нагодаю, каб абвясціць, што ў суботу 30 верасня на плошчы Святога Пятра адбудзецца Сусветнае малітоўнае чуванне, з дапамогай якога мы даверым Богу працу ХVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў. Для моладзі, якая прыбудзе на чуванне ў гэтыя выходныя, Супольнасцю Тэзэ будзе арганізаваная спецыяльная праграма. Я ўжо цяпер заклікаю братоў і сясцёр усіх хрысціянскіх канфесій узяць удзел у гэтым “Сходзе народа Божага”.
Гэтую Сустрэчу народа Божага на працягу апошніх месяцаў рыхтавалі прадстаўнікі каля пяцідзесяці царкоўных груп з розных канфесій.
Панядзелак, 23 студзеня
Пасля абвяшчэння папам Францішкам праекта “Сходу народа Божага” яго падрыхтоўка ўвайшла ў новы этап.
23 студзеня адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная прэзентацыі праекта, на якой выступілі некалькі прамоўцаў: старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE), арцыбіскуп Люксембуржскі кардынал Жан-Клод Олерыш; прыёр Супольнасці Тэзэ брат Алоіс; арцыбіскуп Іен Эрнэст, асабісты прадстаўнік Арцыбіскупа Кентэрберыйскага пры Апостальскай Сталіцы і дырэктар Англіканскага цэнтра ў Рыме; архіепіскап Хаджаг Барсамян, прадстаўнік Армянскай Апостальскай Царквы (Эчміядзінскі каталікасат) пры Апостальскай Сталіцы; ды пастар Крысціян Крыгер, прэзідэнт Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў і Пратэстанцкай федэрацыі Францыі. Гэтую прэс-канферэнцыю можна паглядзець на канале Vatican News.
З гэтае нагоды ў сеціве была запушчана адпаведная старонка www.together2023.net.
Кожны маладзён, які жадае дапамагчы ў падрыхтоўцы, альбо ў Рыме, альбо ў адной з дзесяці працоўных груп, якія ствараюцца для ахопу ўсіх аспектаў падрыхтоўкі, можа напісаць на скрынку volunteers together2023.net.
Адна з рабочых груп датычыцца камунікацыі. Мы шукаем валанцёраў з навыкамі графічнага дызайну, сацыяльных сетак, камунікацыі і медыя. Калі вы можаце дапамагчы з гэтым, смела пішыце на скрынку media together2023.net.