TAIZÉ

Інтэрв’ю з талінскае моладдзю

 
Інтэрв’ю, якое было праведзена ў Тэзэ ў траўні 2024 г. з настаўніцаю і чатырма вучнямі талінскае сярэдняе школы Kaarli Kool Мацільдай, Міхкелем, Яагупам, Лукасам і Маргэ.

1. Якое месца ў Эстоніі самае прыгожае/цікавае?
  • Міхкель: Талінская панарама над залівам, якую я бачу кожную раніцу, ідучы з майго дома ў Віймсі ў цэнтр горада.
  • Маргэ: Балота Меенікунно.
  • Яагуп: Першае, што прыходзіць на розум, – гэта мора, таму што яно проста такое прыгожае. Яшчэ адно месца, якое прыходзіць на розум, гэта Ныва, у раёне Ляэнемаа. Тут прыгожая прырода, ёсць шмат лясных сцежак, па якіх можна прайсціся. Тут таксама знаходзіцца самая старая драўляная царква на мацерыковай частцы Эстоніі, якую пабудавалі рыбакі пасля таго, як яны выратаваліся ад жудаснага шторму ў моры, а іх малітва была пачута.
  • Лукас: Для мяне, я думаю, гэта была б выспа Хіюмаа. Тут цудоўная прырода і выдатныя пляжы. І тое датычыць не толькі летняга перыяду. Калі зіма досыць халодная і маецца дастаткова лёду, можна праехаць па моры з порта Рахукюла ў порт Хельтэрмаа. Таксама вельмі цікавым падарожжам з’яўляецца паездка праз лёд на пароме.
  • Мацільда: Курэсаарэ на выспе Саарэмаа. Гэта крыху як дом, таму што адтуль мае карані. Большая частка выспы пакрыта лесам, таму зімой тут усё вельмі прыгожа, а мясцовыя жыхары любяць ладзіць снежныя баі.

2. Якое месца ў Таліне з’яўляецца самым значным і чаму?
  • Маргэ: Квартал Ротэрмана. Новы раён, забудаваны старымі заводамі, са стыльнай сучаснай архітэктурай, кватэрамі, офісамі, буцікамі…
  • Яагуп: Відавочны адказ – стары горад Таліна, таму што ён такі прыгожы і круты. Стары горад настолькі добра захаваўся, што шпацыраваць па ім усё роўна, што вярнуцца ў мінулае. Даследваць яго можна гадзінамі. Іншым адказам будзе вуліца Рэйдзі, якая выконвае функцыю «праменады». Гэта прыемнае месца на шпацыр па-над морам, дзе вы таксама можаце назіраць за паромамі, якія прыбываюць у Талін і пакідаюць яго, а прыканцы вуліцы адкрываецца выдатны від на Талінскую панараму. Акрамя таго, адтуль можна будзе лёгка трапіць у прыгожы парк Кадрыёру.
  • Лукас: Я таксама пагаджуся з Яагупам у тым, што стары горад Таліна – гэта славутасць. З яго цікавай гісторыяй і гісторыямі пра прывідаў, якія з гэтым звязаныя. Яшчэ адно цудоўнае месца, якое трэба ўбачыць, – гэта пайсці на аглядныя пляцоўкі, з якіх бачны Талін. У старым горадзе таксама можна пайсці ў розныя паркі і сады, такія як Сад дацкага караля або паглядзець на бронзавыя фігуры трох манахаў у Старым горадзе вышынёй 2,5 метра, якія стаяць у гэтым садзе: манах Амбросій, які чакае, манах Барталамей, які моліцца, і манах Клаўдзій, які назірае. Статуі суправаджаюцца светлавым рашэннем і інфармацыйным шчытом на гарадскіх мурах. Менавіта з імі звязана шмат гісторый пра прывідаў.
  • Міхкель: Родны пляж і абрысы горада, якія я бачу з першых гадоў жыцця.
  • Мацільда: Палац Кадрыёрг, афіцыйная сядзіба нашага прэзідэнта. А вакол яго вельмі прыгожы парк. Таксама побач ёсць класны мастацкі музей. 

3. Што з’яўляецца найпрыгажэйшым культурным творам эстонскага народа за ўсю яго гісторыю, а што сёння?
  • Усе вучні разам: Песенны фестываль, а таксама рукадзелле.
  • Міхкель: Парад да Дня Незалежнасці 24 лютага.
  • Лукас: Як на маю думку, я таксама спачатку ўзгадваю пра песенны фестываль, але яшчэ адна вельмі прыгожая рэч адбываецца 24 лютага, у Дзень нашае незалежнасці. Людзі з усяго Таліна і некаторыя з больш аддаленых раёнаў прыходзяць вельмі рана раніцай, калі сонца ўжо ўзыходзіць, да вежы Доўгі Герман, каб убачыць узняцце сцяга побач з узыходзячым сонцам. Падчас узняцця сцяга ўсе спяваюць гімн. Усё гэта займае каля 40 хвілін і ўключае ў сябе чытанне Маніфеста аб Незалежнасці і выкананне патрыятычных песень. Гэта сапраўды стварае пачуццё супольнасці і прыналежнасці, калі суграмадзяне збіраюцца разам і святкуюць.
  • Яагуп: Нашая культура саўны. Калі вы наведваеце саўну, вы ачышчаеце сваё цела, але таксама ачышчаеце й душу. Гэта тое месца, дзе вы можаце ўпэўнена размаўляць з іншымі людзьмі, але й тое месца, дзе вы можаце сядзець у цішыні і быць сам-насам са сваімі думкамі. Раней было спаборніцтва: хто даўжэй прасядзіць у саўне? Рэкардсменам быў эстонец, які прабыў 16 хвілін у саўне з тэмпературай 140°C, дзе кожныя 30 секунд на гарачыя камяні палівалася вада. Аптымальнай для саўны звычайна лічыцца тэмпература 70-90°C. Эстонская кампанія распрацавала саўны-іглу, якія прадаюцца па ўсім свеце.
  • Мацільда: У нас таксама ёсць культура акунання ў ледзяеую ваду, што звычайна адбываецца адразу пасля выхаду з саўны, каб узрушыць нашае цела. Я таксама лічу, што Балтыйскі шлях [1] – гэта вельмі магутная рэч, якая да сённяшняга дня адыгрывае вялікую ролю ў нашае культуры і жыцці.
  • Міхкель: Яшчэ адным унікальным культурным творам нашага народа з’яўляецца наш сумна вядомы Kalevipoeg, галоўны герой эстонскага фальклору. Kalevipoeg – гэта моцная і мужная постаць, якую часта малююць у выглядзе гіганта, які распачаў эпічныя пошукі і змагаўся са звышнатуральнымі ворагамі, каб абараніць свой народ. Паколькі Kalevipoeg – такі эпічны герой, мяркую, што большасць эстонскіх хлопчыкаў імкнуцца быць падобнымі на яго. Тое бязмерна падтрымлівае і захоўвае нашую культуру.

4. Што Эстонія хацела б унесці і чым падзяліцца для пабудовы агульнае будучыні ў культуры, навуцы, тэхніцы?
  • Лукас: Кампанія Bolt была заснавана ў Эстоніі двума братамі Маркусам і Марцінам Вілігамі. Дагэтуль у Эстоніі нарадзілася 10 аднарогаў (кампаній, якія каштуюць больш за 1 мільярд даляраў): Skype, Playtech, Wise, Bolt, Pipedrive, Zego, ID.me, а таксама Gelato, Veriff ды Glia.
  • Мацільда: Аўтобусы з аўтаномным кіраваннем, якія знаходзяцца ў нашых універсітэцкіх гарадках. 
  • Яагуп: Вэб-прыкладанне і мабільнае прыкладанне Pipedrive – гэта інструмент кіравання ўзаемаадносінамі з кліентамі ў сферы продажу. Кампанія мае больш за 1000 супрацоўнікаў у васьмі офісах па ўсёй Еўропе і двух офісах у ЗША. Ім карыстаецца больш за 100 000 кліентаў па ўсім свеце.
  • Маргэ: Робата-дастаўкі. Узімку людзі дапамагаюць робатам, калі тыя загразнуць у снезе або калі яны разгубіліся і не могуць перайсці вуліцу.
  • Міхкель: Эстонцы вядомыя як самыя інавацыйныя людзі ў Еўразвязе. У нас на мільён жыхароў прыпадае 1090 стартапаў. Асабіста мне хацелася б узбагачаць нашую краіну, будуючы сябе і будучы сабой. Я таксама хачу стаць вядомай у свеце асобай. Быць прызнаным – гэта адно, але што яшчэ больш важна – быць паважаным. Я хачу, каб мой народ ганарыўся мной. Мая місія: натхняць, вучыць і развівацца ўвесь час да канца сваіх дзён.

5. З якімі найбольш важнымі праблемамі сёння сутыкаецца эстонская моладзь?
  • Міхкель: Асабіста гэта была школа і, што яшчэ больш важна, пошук самога сябе. Дагэтуль я змагаўся з тым, каб быць самім сабой і будаваць сваю ўласную ідэнтычнасць.
  • Яагуп: Я думаю, што даволі вялікай праблемай для многіх маладзёнаў у Эстоніі з’яўляецца залежнасць. Многія маладыя людзі ў вельмі маладым узросце становяцца залежнымі ад рэчаў, якія для іх не карысныя (напрыклад, нікаціну або алкаголю).
  • Мацільда: Трывога, дэпрэсія і залежнасць – гэта тое, ад чаго сёння пакутуе большасць маладых людзей. У асноўным таму, што людзі адчуваюць патрэбу быць выдатнымі ў розных галінах, і яны не могуць сканцэнтравацца на чымсьці адным толькі для таго, каб авалодаць менавіта гэтым.
  • Некалькі вучняў: Боязь вайны.
  • Лукас: Актуальнай праблемай з’яўляецца змяненне сістэмы адукацыі, асабліва для расейскамоўнага насельніцтва (а гэта 26% ад агульнае колькасці папуляцыі), таму што палітыкі жадаюць цалкам перайсці на навучанне на эстонскай мове. Таксама нядаўна быў артыкул пра тое, што расейскія бацькі скардзяцца, што ня могуць дапамагчы дзецям са школьнымі заданнямі, бо яны на незнаёмай для іх мове, а настаўнікаў, якія валодаюць эстонскай мовай, бракуе.

6. Якія людзі вакол вас можна назваць святлом, бо яны робяць жыццё іншых прыгожым?
  • Яагуп: Мая сям’я. Яны заўсёды побач, калі маю ў тым патрэбу. Яны мяне заўсёды падтрымліваюць, што б я ні рабіў.
  • Мацільда: Мае сёстры, яны заўсёды побач, каб выслухаць мяне. Я не баюся нечым дзяліцца з імі. Яны ведаюць, што сказаць і калі. 
  • Маргэ: Мае людзі з царкоўнай абшчыны. Паколькі я адзіная хрысціянінка ў маёй сям’і, гэта больш мая царкоўная абшчына, з якой я магу падзяліцца жыццём.
  • Лукас: Што тычыцца мяне, то я б у першую чаргу думаў пра сваіх братоў і сясцёр. Паколькі я найстарэйшы, я магу падтрымліваць іх, і жыву са свядомасцю, што ствараю ўспаміны з імі, і хачу, каб яны запамяталі мяне як кахаючага і клапатлівага. За намі таксама багаты досвед задавальнення і выдатных успамінаў адно з адным.
  • Міхкель: Два мае браты. Яны могуць пасябраваць з кожным. Яны нават маглі прымусіць хрысціяніна і сатаніста паразмаўляць адно з адным.

7. Калі б Езус прыйшоў сёння ў Талін, каго б Ён наведаў у першую чаргу, каб абвяшчаць сваю надзею, аздараўленне і свабоду?
  • Некалькі галасоў: Ён паехаў бы ў Ластнамаэ і наведаў лодку з тысячамі бежанцаў з Украіны.
  • Яагуп: Я думаю, што Ён бы пайшоў у парк Тамсаарэ. Багата людзей праходзіць праз яго, таксама там тусуецца шмат моладзі.
  • Мацільда: Я бачу, як ён ідзе ў Коплі, каб дапамагчы ўсім наркаманам і бяздомным. Шмат людзей, якія там перабываюць, вядуць барацьбу.
Апошняе абнаўленне: 18 June 2024

Footnotes

[1Мірная акцыя “Балтыйскі ланцуг” у Прыбалтыйскіх ССР, праведзеная 23 жніўня 1989 года, калі каля двух мільёнаў жыхароў Летувы, Латвіі ды Эстоніі сталі ў жывы ланцуг даўжынёй амаль у 600 км (прыкладна 25% насельніцтва трох прыбалтыйскіх рэспублік на той час), такім чынам аб’яднаўшы тры сталіцы.