TAIZÉ

Талін 2024-2025

Атрыманыя пасланні

 
На гэтае старонцы публікуюцца звароты царкоўных і палітычных лідэраў да ўдзельнікаў 47-ае Еўрапейскае сустрэчы Тэзэ ў Таліне.

Францішак, Біскуп Рыма, Патрыярх Захаду
Барталамей I°, Архіепіскап Канстанцінопаля – Новага Рыма, Сусветны Патрыярх
правялебны д-р Стывен Котрэл, англіканскі арцыбіскуп Ёрка, прымас Англіі
вялебны Джэры Пілэй, Генеральны сакратар Сусветнае Рады Цэркваў
вялебная Анне Бургхардт, Генеральны сакратар Сусветнае лютэранскае федэрацыі
біскуп Дэбра Уоллес-Паджэт, Прэзідэнт Сусветнае метадысцкае рады
вялебны д-р Элія М. Браўн, Генеральны сакратар Сусветнага баптысцкага альянсу
вялебны Самуэль ван дэр Маас, Экуменічны афіцэр Сусветнага евангелічнага альянсу
сп. Антоніа Гуцьерэш, Генеральны сакратар ААН
спн. Урсула фон дэр Ляен, старшыня Еўрапейскае камісіі
сп. Алар Карыс, Прэзіжэнт Эстонскае Рэспублікі


Папа Францішак

Дарагая моладзь,

менавіта на беразе Балтыйскага мора, у Таліне, сёлета вы збіраецеся на 47-ую Еўрапейскую сустрэчу, якую ўзначальвае Супольнасць Тэзэ. Папа Францішак перадае самыя цёплыя вітанні вам, братам Супольнасці, лідэрам розных хрысціянскіх канфесій Эстоніі, а таксама ўсім людзям добрай волі, якія прымаюць вас напрыканцы гэтага года.

Падчас свайго Апостальскага падарожжа ў тры краіны Балтыі ў 2018 г. Святы Айцец сустрэўся з моладдзю ў лютэранскай кірсе Каарлі ў Таліне, дзе прамовіў такія словы, якія таксама апісваюць тое, што вы перажываеце гэтымі днямі: «Заўсёды прыемна сустракацца, дзяліцца сваімі жыццёвымі гісторыямі, дзяліцца адно з адным сваімі думкамі і спадзяваннямі; таксама цудоўна, што мы сабраліся разам як вернікі Езуса Хрыста» (Экуменічная сустрэча з маладзёнамі, 25 верасня 2018 г.).

Яднацца ў духу дзялення і сяброўства: гэта асабліва важна ў сучасным кантэксце, калі наш свет перажывае сур’ёзныя выпрабаванні. Багата краін змагаюцца з гвалтам і вайной, многія людзі становяцца ахвярамі бесчалавечнага абыходжання, а яшчэ іншыя дэзарыентаваны няроўнасцю ў нашых грамадствах і сур’ёзнымі экалагічнымі небяспекамі.

Гэтымі днямі ў Таліне хочацца «спадзявацца звыш усялякае надзеі», як гаворыцца ў загалоўку ліста, які брат Мэцью, прыёр Тэзэ, напісаў на наступны год. Гэты заклік, сугучны тэматыцы Юбілейнага Года, які будзе адзначацца ў 2025 годзе, скіраваны таксама да кожнага з вас: «Крочце ў надзеі! Надзея перамагае кожную стому, кожны крызіс і кожную трывогу, даючы моцную матывацыю, каб ісці наперад. Надзея з’яўляецца дарам, які Бог нам дае, які напаўняе нашае жыццё сэнсам, асвятляе наш шлях і паказвае нам яго канчатковы кірунак і мэту» (Пасланне на 39-ы Сусветны дзень моладзі, 24 лістапада 2024 г.).

Дарагая моладзь, Святы Айцец спадзяецца на вас і яшчэ раз пацвярджае давер Касцёла да вас, таму што паўсюдны Касцёл патрабуе ўсіх вас, каб сёння абвяшчаць добрую навіну Божае любові. Гэта таксама сэнс сінадальнага працэсу, распачатага Каталіцкім Касцёлам, які прывёў да добрага прагрэсу ў экуменічным сяброўстве з нашымі братамі і сёстрамі розных хрысціянскіх веравызнанняў.

Давяраючы кожнага з вас і вашыя сем’і Пану праз заступніцтва Панны Марыі, папа Францішак ад усяго сэрца ўдзяляе вам сваё апостальскае дабраслаўленне і даручае сябе вашым малітвам.

кардынал П’етра Паралін
Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці

Патрыярх Барталамей I°

Дарагая моладзь,

З вялікае радасцю і глыбокае любоўю мы дасылаем вам гэтае пасланне з нагоды Еўрапейскае сустрэчы, арганізаванай Супольнасцю Тэзэ ў цудоўным горадзе Таліне. Гэтая падзея, якая збірае маладзёнаў з розных народаў і хрысціянскіх традыцый, з’яўляецца жывым сведчаннем еднасці ў Хрысце і нашага агульнага закліку жыць як вучні Ўваскрослага Госпада.

Тэма, абраная для гэтае Сустрэчы, «Спадзеючыся звыш усялякае надзеі», заклікае нас паглыбляць нашую веру ў Бога, які з’яўляецца асноўнаю крыніцаю надзеі. Гэтая надзея, укаранёная ва ўваскрасенні Хрыста, заклікае нас глядзець па-за выклікі сучаснасці. Як піша апостал Павел: “Ён насуперак надзеі паверыў з надзеяй” (Рымлянаў 4, 18). Гэта пасланне нагадвае нам, што вера ўказвае дарогу там, дзе, здавалася б, яе няма.

У свеце, пазначаным падзеламі, канфліктамі і няўпэўненасцю, вы з’яўляецеся носьбітамі новае надзеі. Збіраючыся разам, каб маліцца, дзяліцца і разважаць, вы паказваеце рэальнасць Божае любові, якая пераўзыходзіць межы і яднае сэрцы ў сапраўднае камуніі. Сваім прыкладам вы паказваеце, што хрысціянская вера з’яўляецца пераўтваральнай сілай, здольнай прынесці супакой і надзею нават у самыя змрочныя часы. Таму мы запрашаем вас асаблівым чынам маліцца за краіны і рэгіёны, ахопленыя вайной і канфліктамі, асабліва за Ўкраіну і Блізкі Ўсход.

У гэтыя дні горад Талін з яго багатай духоўнай і культурнай гісторыяй становіцца знакам святла для Еўропы і свету. Вашая прысутнасць тут з’яўляецца сведчаннем таго святла, якім з’яўляецца Хрыстос, “святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет” (Яна 1, 9). Гэтае святло заклікае вас быць міратворцамі, слугамі Божай справядлівасці і пасламі паяднання. У свеце, часта азмрочаным абыякавасцю і непаразуменнем, вашая прыхільнасць з’яўляецца агеньчыкам надзеі.

Мы жадаем выказаць нашую ўдзячнасць Супольнасці Тэзэ, і асабліва брату Мэцью, за няспынную прыхільнасць хрысціянскаму адзінству. Вашае сведчанне нагадвае нам, што еднасць – гэта не далёкая мара, але рэальнасць, якую мы можам адчуць тут і цяпер, у пакоры і ўзаемнае любові. Праца Абшчыны Тэзэ натхняе тысячы людзей ва ўсім свеце і нагадвае нам, што мы ўсе пакліканы працаваць дзеля трывалага прымірэння.

Дарагая моладзь, заахвочваем вас да паглыблення вашае веры, пастаяннага пошуку Божае волі і жыцця паводле евангельскага навучання. Будзьце вестунамі хрысціянскае надзеі ў вашых сем’ях, абшчынах і грамадствах. Як пісаў апостал Павел: “Усё ў вас няхай робіцца ў любові” (1 Карынцянаў 16, 14). Гэты ўрывак нагадвае нам, што любоў павінна быць у цэнтры ўсяго, што мы робім, бо менавіта праз любоў мы адлюстроўваем аблічча Хрыста ў свеце.

У гэтым духу мы запрашаем вас культываваць адносіны, заснаваныя на выслухоўванні і ўзаемнае павазе. Кожная сустрэча, кожны дыялог – гэта магчымасць адкрыць для сябе багацце іншых і даць сведчанне прыгажосці Божага стварэння. Вы пакліканыя быць будаўнікамі еднасці, будаваць масты там, дзе ёсць муры, і асвятляць свет сваімі ўчынкамі ды словамі.

Молімся, каб гэтая Еўрапейская сустрэча стала крыніцай натхнення, духоўнага аднаўлення і багатых ласкаў для кожнага з вас. Няхай Пан накіроўвае і ўмацоўвае вас на вашым шляху веры і сведчання. Спадзяёмся, што гэты досвед умацуе вашае жаданне шчодра і аддана служыць Царкве і грамадству ў наступным годзе.

Ваш руплівы заступнік перад Богам

Стывен Котрэл, арцыбіскуп Ёрка

Дарагія сёстры і браты ў Хрысце,

з вялікай радасцю дасылаю вітанне, калі вы сабраліся ў Таліне на Міжнародную сустрэчу еўрапейскае моладзі, арганізаваную Тэзэ. Гэтая сустрэча з’яўляецца цудоўнаю нагодаю для маладых удзельнікаў ды іх гаспадароў распачаць новы год, будучы з’яднанымі ў малітве, сяброўстве і надзеі.

Я заахвочваю кожнага з вас скарыстацца гэтай магчымасцю быць пілігрымамі надзеі і супакою. Адпраўляючыся ў гэтае супольнае падарожжа, будзьма несці ў сабе дух Тэзэ, дух, які заклікае нас да еднасці, паяднання і любові.

Калі я ўпершыню прыехаў у Тэзэ больш за трыццаць гадоў таму, мяне ўразіў храм, дзе тройчы на дзень мы збіраемся на набажэнства. У ім некалькі ўваходаў і выхадаў, якія нагадваюць нам, што мы можам наблізіцца – ці нават сысці – рознымі спосабамі, бо Хрыстус нас збірае і пасылае рознымі спосабамі і ў розных напрамках. Але ў цэнтры – Хрыстус і Яго запрашэнне прыйсці да Яго, каб знайсці надзею і супакой для нашага жыцця і для свету.

Калі вы апынуліся тут, не ўпэўненыя ў тым, чым гэта з’яўляецца і навошта вы сюды прыехалі, ведайце, што вы ў добрым таварыстве. Як і Пётр, мы часта стаім перад Езусам з радасцю і адначасова з трывогай, але лепшага месца няма, бо тут мы знаходзім словы вечнага жыцця. Няхай яны кіруюць вамі ў наступныя дні. І няхай Хрыстус кіруе вашым жыццём.

Калі мы шукаем Божага дабраслаўлення на новы год, я малюся, каб гэтае падарожжа натхніла кожнага з вас вярнуцца дадому з адноўленым абавязацельствам будаваць адзінства і працаваць на карысць паяднання. Гэта дары, якія так патрэбны нашаму свету і Царкве.

З супакоем і надзеяй

Джэры Пілэй, Ген. сакратар Сусветнае Рады Цэркваў

Дарагія маладыя пілігрымы даверу,

ад імя Сусветнае Рады Цэркваў (СРЦ), супольніцтва з 352 Цэркваў, я з радасцю і ўдзячнасцю вітаю тых, хто прыехаў у Талін на 47-ю Еўрапейскую моладзевую Сустрэчу, арганізаваную Абшчынаю Тэзэ. Вашая Пілігрымка Даверу і Пілігрымка Справядлівасці, Паяднання і Адзінства СРЦ глыбока пераплецены. Абедзве заклікаюць нас супольна падарожнічаць як людзі веры, жывучы пераўтваральнай моцай Евангелля ў свеце, які прагне аздараўлення і аднаўлення. Справядлівасць вымагае чынаў, паяднанне вымагае аздараўлення, а адзінства вымагае пакоры – намацальных праяваў веры, якія ўвасабляюць абедзве пілігрымкі. Вашая прыхільнасць як маладых пілігрымаў прыўносіць новую энергію, крэатыўнасць і рашучасць у гэтую сумесную місію.

Канцэпцыя пілігрымкі – гэта больш, чым фізічнае падарожжа; гэта пераўтваральнае падарожжа веры, парадыгма хрысціянскага жыцця. Яна заклікае нас супольна ісці, як спадарожнікі, шукаючы Божае волі ў свеце, які прагне аздараўлення і надзеі. Будучы экуменічным падарожжам, парадыгма пілігрымкі нагадвае нам, што мы не адасобленыя вернікі, але спадарожнікі на супольнае дарозе. Нас аб’ядноўвае нашая вера ў Хрыста, нават сярод нашай разнастайнасці традыцый і выразаў.

Пілігрымка даверу заклікае вас выйсці з верай, пераадольваючы падзелы і спрыяючы адносінам, адзначаным узаемнай павагай, разуменнем і любоўю. Гэта запрашэнне выйсці па-за межы зоны камфорту, каб сустрэцца адно з адным ва ўразлівасці і аўтэнтычнасці, ды пабудаваць будучыню, заснаваную на надзеі і супольнай мэце. Гэта сутнасць экуменізму – супольна падарожнічаць як цела Хрыста, адзначаючы нашыя адрозненні як дары ды імкнучыся жыць паводле малітвы Езуса, каб мы «усе былі адно» (Яна 17, 21).

Гэтая сустрэча набывае асаблівую значнасць, бо прымеркавана да пачатку новага 2025 года. Пералом года сімвалізуе парог – момант, калі мы можам аднавіць сябе на гэтым экуменічным шляху. Гэта заклікае нас аднавіць нашую адданасць таму, каб быць сведкамі Божай справядлівасці і супакою ў свеце. Як пілігрымка – гэта не заўсёды лёгкі шлях, так і справа прымірэння і еднасці не з’яўляецца лёгкім. Тым не менш, калі мы крочым разам у даверы, мы знаходзім сілу адно ў адным ды ў нязменнай прысутнасці Бога.

Калі гэтымі днямі вы будзеце разважаць, маліцца і дзяліцца, адчуйце абдымкі сусветнай хрысціянскай супольнасці, якая крочыць побач з вамі. Няхай вашыя сэрцы будуць натхнёныя ўсведамленнем таго, што вы з’яўляецеся часткай большага руху – руху, сфармаванага Святым Духам, які імкнецца зрабіць бачным Божае валадарства любові і міру.

Няхай гэтая пілігрымка даверу адновіць ваш погляд на будучыню і паглыбіць вашую прыхільнасць супольна крочыць да свету, пазначанага справядлівасцю, прымірэннем і еднасцю.

З дабраслаўленнем на пераўтваральную сустрэчу і напоўнены надзеяй новы год.

Ваш у Хрысце

Анне Бургхардт, Ген. сакратар Сусветнае лютэранскае федэрацыі

Дарагая моладзь, сабраная супольнасцю Тэзэ ў Таліне,
дарагія пілігрымы надзеі і супакою!

Шчыра вітаю ўсіх вас ад імя Сусветнае лютэранскае федэрацыі, сусветнае супольнасці лютэранскіх цэркваў, калі вы сабраліся ў гэты калядны час, у час, калі мы святкуем святло, якое прыходзіць у свет праз Езуса Хрыста. Істотна, каб асабіста сустракацца, уважліва выслухоўваць, весці дыялог, перамяняцца праз сустрэчы. Калі мы збіраемся ў імя Бога, у канчатковым выніку менавіта Бог перамяняе нас праз сустрэчы. Мы не можам змяніць сябе самастойна. Перамяненне – гэта Божая справа, Святы Дух заўсёды кшталтуе нас, фармуючы з нас людзей супакою, асоб надзеі і ў супольнасці паяднання і справядлівасці.

Перамяненне вымагае часу і патрабуе настойлівасці ды цярпення. Як паслядоўнікі Хрыста, мы не павінны прыстасоўвацца да гэтага свету, але, як Павел кажа ў Пасланні да Рымлянаў, мы павінны быць пераменены праз абнаўленне нашага розуму (пар. Рым 12, 2). Святы Дух заклікае нас да гэтае сталае трансфармацыі нашых уласных розумаў, сэрцаў і поглядаў, якая затым уплывае на супольнасці, да якіх мы належым, каб яны таксама сталі супольнасцямі надзеі ў нашым свеце.

Супольнасць надзеі бачыць брата і сястру ў кожным чалавеку. Супольнасць сур’ёзна ставіцца да таго, што Святое Пісанне вучыць аб сустрэчы з Езусам Хрыстом у кожным патрабуючым чалавеку (Мц 25, 31-40). Яна выступае супраць несправядлівасці, каб як вада цякло правасуддзе, і справядлівасць, як вечны паток (пар. Ам 5, 24). Яна падтрымлівае дары ўсіх сваіх членаў незалежна ад этнічнай прыналежнасці або полу (пар. Гал 3, 28). І сур’ёзна ставіцца да догляду Божага стварэння (пар. Быц 2, 15).

Усё гэта – дзеянне Духа Святога ў нас і праз нас, у нашых супольнасцях і праз іх. Мы з’яўляемся сведкамі гэтае надзеі, якая пераўзыходзіць усялякую надзею, надзеі, якая перамяняе свет.
Няхай Бог абдорыць вас багатым дабраслаўленнем, каб вы маглі быць дабраслаўленнем для іншых.

У хрысце

Дэбра Уоллес-Паджэт, Прэзідэнт Сусветнае метадысцкае рады

Дарагі браце Мэцью і еўрапейская моладзь,

я вітаю вас ад імя Сусветнае метадысцкае рады, калі вы сабраліся на беразе Балтыйскага мора ў эстонскім Таліне, на вашую Еўрапейскую моладзевую Сустрэчу.

Мяне натхняе вашае рашэнне ўвайсці ў Новы год перабываючы на малітве і камунікуючы з іншымі хрысціянамі. Ведайце, што я далучуся да вас сэрцам і духам, молячыся ў 2024 годзе і ў 2025 годзе з 23:30 да апоўначы ў навагоднюю ноч.

У нашым свеце цяпер цяжкі час з-за войнаў, голаду, змены клімату і шмат чаго іншага. Акрамя таго, многія людзі змагаюцца з асабістымі праблемамі са здароўем, з адносінамі, духоўнасцю, эмацыянальным станам ці праблемамі эканамічнага характару. Тым не менш хрысціяне з’яўляюцца людзьмі надзеі дзякуючы нашае веры ў Езуса Хрыста. Нашая надзея схаваная ва Ўваскрослым Хрысце, які прапануе нам новае жыццё, што распачынаецца зараз і працягваецца вечна. Як сказана ў Другім пасланні да Карынцянаў 5, 17: “Таму, калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне; даўняе мінула, вось сталася новае”.

Тэма «Спадзеючыся звыш усялякае надзеі» адлюстроўвае хрысціянскі дух у той час, калі мы падарожнічаем па гэтым жыцці. Акрамя таго, што мы з’яўляемся людзьмі надзеі, мы з’яўляемся прыладамі Божага супакою праз нашыя словы і ўчынкі. Зычу, каб праз гэты досвед малітвы і сяброўства вы ўзраслі ў сваёй тоеснасці «пілігрымаў надзеі, пілігрымаў супакою».

Мае малітвы з вамі, калі вы сустракаецеся, моліцеся і атрымліваеце асалоду ад таварыства адно аднаго з нагоды гэтае важнае падзеі. Дабраславення вам, калі вы «спадзяецеся звыш усялякае надзеі», цяпер і заўсёды.

У хрысце

Элія М. Браўн, Ген. сакратар Сусветнага баптысцкага альянсу

Як сям’я Сусветнага баптысцкага альянсу, мы збіраемся разам, каб адсвяткаваць і падзяліцца радасцю вашае сустрэчы гэтай зімой, падчас якой вы распачнеце Новы год у малітве і хрысціянскіх стасунках. Гэтую сустрэчу мы разглядаем як глыбокае выражэнне адзінства ў Хрысце.

Сусветны баптысцкі альянс (BWA) – гэта міжнародная хрысціянская супольнасць, якая была заснавана ў 1905 годзе і якая абапіраецца на больш чым 400-гадовую сумесную гісторыю; сёння прысутная ў 134 краінах, у якой прадстаўлены больш за 51 мільён ахрышчаных вернікаў. Будучы распаўсюджаным ва ўсіх частках свету, BWA існуе як выраз істотнай еднасці баптыстаў у Госпадзе Езусе Хрысце. Разам мы падзяляем супольнае вызнанне веры ў Езуса Хрыста і злучаныя любоўю Бога падтрымліваць, заахвочваць і ўмацоўваць адно аднаго, абвяшчаючы і жывучы Евангеллем Езуса Хрыста ў моцы Святога Духа перад абліччам загубленага і пакутлівага свету.

Вашыя адданасць і прыхільнасць нашай агульнай веры сапраўды натхняюць. Калі вы збіраецеся разам, мы разглядаем вашыя намаганні як сведчанне каштоўнасцяў, што з’яўляюцца ключавымі для BWA – каштоўнасці палкага жыцця Евангеллем і падтрымкі духоўнага жыцця Наступнага Пакалення Хрысціян. Нягледзячы на прыналежнасць да розных культур хрысціянскую супольнасць злучаюць супольная вера, запавет сумеснага перамянення ў Езусе Хрысце, супольныя адносіны і сумесны ўдзел у Божае місіі.

Зараз, сярод выпрабаванняў і трагедый нашага часу, якія абцяжарваюць чалавецтва, мы прапануем пасланне надзеі ўсім, хто прымае ўдзел у гэтае сустрэчы, маладым удзельнікам і гаспадарам. Разам заахвочваем вас, каб вы былі «пілігрымамі надзеі, пілігрымамі супакою». Разважаючы пра выклікі, з якімі сутыкаецца наш свет, мейма надзею, што вас таксама падбадзёраць абяцанні Хрыста, які заклікае нас быць міратворцамі і носьбітамі Яго надзеі. Няхай гэты час адновіць вашу сілу і перакананасць, каб увасабляць гэтую надзею ва ўсіх кутках вашага жыцця, супольнасці і па-за яе межамі.

Няхай у вас з’явяцца новае натхненне і сілы. BWA тут, каб падтрымаць і стаць побач з вамі, калі мы супольна падарожнічаем з нашым Панам Езусам Хрыстом.

Мы молімся, каб Божая ласка і надалей вяла вас.


Самуэль ван дэр Маас, Экуменічны афіцэр Сусветнага евангелічнага альянсу

“Таму, мае ўмілаваныя браты, будзьце моцнымі, непахіснымі, заўсёды будзьце цалкам адданымі справе Пана і ведайце, што не дарэмная праца ваша ў Пану”. (1 Кар 15, 58)

Дарагія сябры,

у гэтыя змрочныя дні можна лёгка ўпасці ў адчай, бачачы, што людзі робяць адно аднаму і стварэнню. Тым не менш, наш Пан Езус прыйшоў на гэты свет, каб выправіць тое, што зламана, каб даць перспектыву замест безнадзейнасці, каб навучыць і даць магчымасць тым, хто крочыць за Ім, жыць Любоўю замест эгаізму і нянавісці – паспрыяць, каб магчымым быў мір.

Вы так падбадзёрваеце ўсіх нас, укладваючы час, фінансы і энергію з гэтай найважнейшай матывацыі: каб усё больш быць «пілігрымамі надзеі, пілігрымамі супакою». Дзякуй вам за тое, што вы не здаваліся, а распаўсюджвалі гэтую перспектыву і гэтую рэальнасць, якая сёння патрэбна свету.

Бачачы ўсё, што адбываецца, бачачы столькі болю паўсюль, вы можаце падумаць, што вашыя намаганні не могуць шмат што змяніць.

Але будзьце ўпэўненыя: вашая інвестыцыя ніколі не бывае марнай у Госпадзе!

З падзякай,
у Яго ласцы і абдымках

Антоніа Гуцьерэш, Генеральны сакратар ААН

Я перадаю вам самыя цёплыя прывітанні з нагоды 47-ае Еўрапейскае моладзевае Сустрэчы.

Будучы на сустрэчы Тэзэ ў маю бытнасць студэнтам, мяне натхнілі каштоўнасці вашай супольнасці: супакой, спагада і салідарнасць. Сёлетняе пасланне «Спадзеючыся звыш усялякае надзеі» патрэбна як ніколі.
Па ўсім свеце бушуюць канфлікты, паглыбляецца няроўнасць, мова нянавісці раздзірае тканку грамадства, а паўсюль вакол нас кліматычная катастрофа.

Але ў маладзёнах па ўсім свеце, якія вядуць прым у закліках да пераменаў, я бачу надзею. Хто ж іншы, як толькі захавальнік заўтрашняга дня, мае большую зацікаўленасць у пракладванні шляху да лепшае будучыні. І Арганізацыя Аб’яднаных Нацый кожны дзень імкнецца, каб развіваць і падсілкоўваць гэтую надзею.

Менавіта таму Пакт для будучыні і Дэкларацыя аб будучых пакаленнях, прынятыя дзяржавамі-членамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у верасні, уключаюць абавязацельствы па ўзмацненні паўнавартаснага ўдзелу моладзі ў прыняцці рашэнняў на нацыянальным і глабальным узроўнях.

Дзякуй за вашу прыхільнасць па прасоўванню міру, устойлівага развіцця і правоў чалавека ва ўсім свеце. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый падтрымлівае вас і ўсіх людзей у імкненні пабудаваць больш справядлівы, здаровы і інклюзіўны свет. Жадаю вам усяго самага найлепшага з нагоды сёлетняе сустрэчы.


Урсула фон дэр Ляен, старшыня Еўрапейскае камісіі

Дарагі браце Мэцью,
дарагія сябры Тэзэ,

я ўпэўнена, што гэтая штогадовая сустрэча пакіне ў вас незабыўнае ўражанне – гэтак жа, як і ў мяне, калі я прысутнічала на ёй два гады таму. Я да гэтага часу захоўваю памяць пра тыя дні. Веру і запал маладых людзей, якіх я сустрэла. Моманты цішыні і моманты спеваў. Але таксама мудрыя словы брата Алоіса і многіх іншых. Тады тэмай, якую вы абралі, была «Становячыся стваральнікамі адзінства». Тое было ідэальна дапасавана з прычыны росту палярызацыі. Сёлетняя тэма, абраная братам Мэцью, зноў з’яўляецца люстэркам часу, у якім мы жывём. Часы вайны і смутку, але таксама часы, калі надзея супрацьстаіць усяму – надзея па-за ўсякай надзеяй.

Падумайце аб падзеях, якія разгортваюцца ў Сірыі – краіне, з якой ваша супольнасць асабліва звязана. Пасля чатырнаццаці гадоў грамадзянскай вайны і паўмільёна ахвяраў цяпер ёсць магчымасць распачаць новы шлях. Новы пачатак, падобны да таго, як уяўляў сабе тое айцец Паола Даль’Ольё, які, як і вы, прысвяціў усё сваё жыццё дыялогу паміж канфесіямі і быў за гэта выкрадзены тэрарыстамі ІД. Некаторыя з вас ведаюць яго гісторыю: айцец Паола лічыў, што адзінства ўсіх сірыйцаў не можа быць дасягнута праз рэпрэсіі – але толькі праз прымірэнне. Ён верыў, што пасля дыктатуры можа паўстаць новая дэмакратычная Сірыя. Дасягнуць гэтай мары будзе няпроста. Многія сірыйцы – у тым ліку ў хрысціянскіх супольнасцях – занепакоеныя будучыняй. Нам трэба дбаць пра тое, каб усе меншасці былі абаронены, а ўсе рэлігіі паважаліся. Але ж праз столькі часу і столькі болю ў Сірыю вярнулася надзея.

Як напісаў брат Мэцью, у надзеі няма пасіўнасці. Па сутнасці, надзея – гэта актыўная барацьба з бясчыннасцю. Нідзе гэта не відаць больш, чым ва Ўкраіне. Кожны дзень на ўкраінскія гарады працягваюць падаць бомбы, і кожны дзень народ Украіны ўзнімаецца і працягвае супраціўляцца агрэсару. Яны ведаюць, што бясчыннасць не прывядзе да міру, а прывядзе толькі да страты свабоды. І ім патрэбная наша падтрымка, каб падтрымліваць полымя надзеі. Супраціў, а не бясчыннасць, – гэта адзіны шлях да справядлівага і трывалага міру.

У гэты час года хрысціяне ўсяго свету святкуюць нараджэнне Надзеі. Няхай гэтая штогадовая сустрэча дасць усім вам сілы працягваць «спадзявацца звыш усялякае надзеі». Зычу вам і вашым сем’ям мірнага Раства і шчаслівага Новага году.

З павагай

Алар Карыс, Прэзідэнт Эстоніі

Шаноўная моладзь Тэзэ!

Я вельмі ўсцешаны, што вы сабраліся ў Таліне, самай паўночнай сталіцы, якая калі-небудзь прымала навагоднюю сустрэчу моладзі ў Тэзэ ў Еўропе. Сёлетняя сустрэча таксама ўвойдзе ў гісторыю як найбуйнейшая сустрэча маладых хрысціян спасярод тых, што праводзіліся ў Эстоніі.

Дэвіз сустрэчы – Пілігрымка Даверу – адсылае да таго, чаго часта не хапае ў сучасным свеце, а менавіта даверу паміж людзьмі, краінамі і народамі. Вы, моладзь, можаце ўнесці значны ўклад у тое, каб у будучыні было больш даверу, чым мы маем тое сёння. Давер – гэта аснова ўсяго, таму важна, каб мы не толькі размаўлялі пра гэта, але й дзейнічалі кожны ў адпаведнасці са сваімі магчымасцямі. Давер таксама выхоўвае ўпэўненасць у сабе і адвагу, неабходныя дзецям, моладзі і дарослым. Давяраючы адно аднаму і працуючы разам, мы таксама можам спадзявацца, што Еўропа будучыні будзе мець ваш твар і будзе створана вамі. І будзе яна адзіная і моцная.

Спадзяюся, што акрамя праграмы Сустрэчы, вы таксама знойдзеце час, каб агледзець Талін і славутасці былога ганзейскага горада, які на працягу стагоддзяў аб’ядноўваў людзей з розных куткоў свету. Эстонія вядомая ў свеце як лічбавая дзяржава і краіна аднарогаў (тэрмін для інавацыйнай тэхналагічнай кампаніі коштам больш за $1 мільярд), але нам яшчэ шмат чаго трэба ўбачыць і перажыць.

Сардэчна вітаем у Таліне, вітаем у Эстоніі!

Апошняе абнаўленне: 2 January 2025