TAIZÉ

Разважанні Брата Алоіса

 
Кожнага вечару ў часе Еўрапейскае Сустрэчы брат Алоіс прамаўляе да ўдзельнікаў. Запіс ягоных прамоваў будзе публікаваны на гэтае старонцы пад час трывання Сустрэчы.

Брат Алоіс, Базэль, вечар нядзелі, 31 снежня 2017 г.

Толькі што ў Евангеллі мы пачулі, што Езус пастыр добры, што ў Яго ёсць іншыя авечкі, і што надыйдзе толькі адна аўчарня і адзін пастыр. Ён прыйшоў на зямлю не толькі дзеля малое групы, але каб з’яднаць усю чалавечую сям’ю. Таму нашая надзея на супакой палягае ў гуманнасці. З гэтае нагоды сёння ўвечары мы з вялікаю надзеяю будзьма маліцца ў інтэнцыі супакою.

Гэта праўда, што супакой знаходзіцца пад пагрозаю, таму я хацеў бы прыгадаць дзве з найбольш значных зменаў, што сёння найбольш уплываюць на чалавецтва.

Першая прадстаўлена мноствам мужчын, жанчын ды дзяцей, якія паўсюль на зямлі вымушаныя пакідаць свае месцы паходжання. Прычыны, што кіруюць іх да гэтага, даволі разнастайныя: тое можа быць вайна ці небяспека, гэта можа быць крайняя галеча і адсутнасць якой-кольвек будучыні, альбо кліматычныя зрывы.

Людзі патрабуюць салідарнасці ў іх горы, і, як тое мы засведчылі ў Тэзэ, яны могуць стаць нашымі сябрамі. Бо, калі Езус запрашае нас пераадольваць нашыя страхі ды нашыя забабоны, калі Ён кажа нам: “Я Пастыр усяго чалавецтва. Я памёр за ўсіх, былі яны хрысціянамі ці не. Таму вы можаце стаць іх сябрамі”.

Другая змена паходзіць з нашае планеты, што таксама безабаронная. Слухайце крык Зямлі. Перад абліччам экалагічных катастроф, асабліва ў найбяднейшых рэгіёнах, краіны Захаду нясуць гістарычную адказнасць.

На розных узроўнях узнімаюцца разнастайныя ініцыятывы. Але яны застаюцца недастатковымі. Ад імя усіх нас тут асмельваюся заклікаць усіх з палітычнае ці гаспадарчае адказнасцю: для патрэбных зменаў існуе дастаткова матэрыяльных сродкаў. Дык няхай яны будуць скіраваныя на выкараненне галечы ды клопат пра навакольнае асяроддзе.

Гэтыя дзве велізарныя змены пагражаюць супакою, але тое не павінна нас бянтэжыць. Цягам гэтых дзён мы ўшчыльную наблізіліся да крыніцаў радасці, што ніколі не скончыцца. Варта спрабаваць дазволіць гэтае крыніцы ўзняцца ў нашых сэрцах. Тое дасць усім і кожнаму ахвоту заангажавання там, дзе тое магчыма, робячы ўнёсак, нават нейкі малы, для пошуку выйсця.

Рыхтуючы супакой, мы прагнем садзейнічаць уздыму братэрства. Таму так істотна адкрыцца на іншыя культуры і светапогляды. Часам гэта можа завесці нас вельмі далёка. Перад паездкаю ў Паўднёвы Судан і Судан мы былі ў іншае частцы Афрыкі, дзе таксама дасвядчаюць цяжкасці. Разам з двума маімі братамі мы былі на Сустрэчы моладзі ў Егіпце.

Сотня маладзёнаў прыехала з Еўропы, Паўночнае Амерыкі, Афрыкі і Блізкага Усходу. Іх прымала сотня маладых коптаў з Каіру, Александрыі і Верхняга Егіпту. Цягам пяці дзён мы адкрывалі доўгую і багатую копцкую арыентальную традыцыю Царквы ў Егіпце.

Праз усё лета ў Тэзэ мы прымалі маладых арабаў-хрысціянаў: коптаў з Егіпту, католікаў і праваслаўных з Лівану, Іарданіі, Іраку ды Палестыны. Іх трохмесячны побыт на нашым узгорку наблізіў нам Блізкі Усход. Яны перадалі нам сваё прагненне супакою. Але мы жадаем быць яшчэ бліжэйшымі да маладых арабскіх хрысціянаў.

Праз некалькі месяцаў мы здзейснім чарговую пілігрымку. Тое будзе занадта далёка для большасці, каб прыняць у ёй удзел, таму тое будзе звычайны візіт, але ён паглыбіць сувязі з Праваслаўнае царковю. Тое мае ўсцешыць расейцаў, што сёння сабраліся ў St. Jakob-Arena. З 16 па 19 траўня з некаторымі з маіх братоў мы будзьма ўдзельнічаць у праваслаўных урачыстасцях Унебаўшэсця ў далёкае Сібіры, у Кемераве.

Садзейнічаць росту братэрства гэта тое, што можа далёка нас завесці, але тое распачынаецца поруч з намі, адразу за нашымі дзвярыма. Вярнуўшыся дадому, спрабуйма выходзіць па-за падзелы, абменьваючыся з тымі, хто думае інакш, чым мы, будаваць масты – паміж рэлігіямі, паміж рэгіёнамі, паміж еўрапейскімі краінамі, паміж кантынентамі.

Давайце пойдзем да тых, што найбольш безабаронныя. Напрыклад, выслухайма жыццёвых гісторый бяздомных, альбо інвалідаў, хворых ці бежанцаў. Пасля мы ўбачым нашыя сэрцы адкрытымі, больш шчырымі, мы станем больш гуманнымі, а нават адкрыем радасць.

Таму забярэм з гэтае Сустрэчы ў Базэлі адно апошняе слова: кожная чалавечая істота паклікана да радасці, а радасць – гэта не нешта, што мае быць затрымана для нас саміх, ёй варта дзяліцца. Радасць, што мае сваю крыніцу ў Божае любові, радасць, якая ніколі не спыніцца, – гэта таямнічая крыніца абавязацельства ад імя іншых, якая ніколі не аслабне, ніколі не пацерпіць паразу.

Брат Алоіс, Базэль, вечар суботы, 30 снежня 2017 г.

Цягам двух апошніх дзён я дзяліўся з вамі некаторымі роздумамі наконт майго і аднаго з братоў візіту да найбяднейшых людзей на свеце ў Паўднёвым Судане і Судане; гэты візіт пакінуў ува мне шэраг пытанняў. У Евангеллі Езус упрост кажа нам: “Дабрашчасныя ўбогія духам, бо ваша ёсць Валадарства Божае”. Што Ён меў на ўвазе ў гэтых словах?

У Паўднёвым Судане ў лагеры для перасяленцаў мяне кранула мужнасць жанчын. Адна з іх распавяла мне, якім чынам яна імкнецца быць творцам прабачэння і супакою. Вада там нармаваная. Часам паблізу помпаў узнікаюць сваркі. Таму паўстала група жанчын, якія вырашылі справядліва размяркоўваць ваду. Тая кабета сказала мне: “Дзелячыся вадою і выходзячы па-за межы паняцця ‘кожная за сябе’, мы будуем супакой”.

Тая жанчына разумее, што супакой распачынаецца ў нас саміх, братэрства будуецца вакол нас, паводле канкрэтных рэчаў, штодзённага жыцця.

Мы, хто сабраліся вакол Хрыста, ведаем, што Евангелле нясе вестку паўсюднага братэрства. Еднасць, якую прынёс Хрыстус паміж Богам і чалавечымі істотамі вядзе да прымірэння чалавека з самім сабою – супакой у сэрцы; да прымірэння паміж усімі людзьмі – супакой на зямлі; і да прымірэння чалавечае сям’і са стварэннем.

Многія імкнуцца да хрысціянскага адзінства, каб тая вестка братэрства не была больш прыхаванаю. Калі хрысціяне падзеленыя, навіна з Евангелля губляе сваё ззянне. Нашая братэрская еднасць можа быць знакам еднасці і супакою паміж чалавечымі істотамі.

Менавіта таму, калі ў мяне ўзнікае такая магчымасць, я задаюся пытаннем: ці не надыйшоў час розным Цэрквам сабрацца разам пад адным дахам, без далейшых затрымак, нават да таго, калі будзе дасягнута пагадненне па ўсіх багаслоўскіх пытаннях?

Але як нам сабрацца пад адным дахам? Робячы супольна ўсё тое, што можа быць зроблена супольна: вывучаючы Біблію, займаючыся сацыяльнай ці душпастырскай апекаю, катэхезаю. Не здзяйсняць нічога без меркавання іншых. Чынячы супольныя жэсты перад абліччам галечы ды іншых пакут, клапоцячыся аб навакольным асяроддзі. Часцей супольна прыходзячы да Бога, слухаючы Ягонае Слова, у цішыні ды малітве.

У такім духу, які быў прадэманстраваны тут у Базэле ды наваколлі цягам доўгага часу хрысціяне з розных Цэркваў збіраліся разам – пратэстанты, католікі і праваслаўныя, – рыхтуючыся прыняць нас. Мы ўдзячныя за іх запрашэнне. Мы ўдзячныя кожнаму, хто адчыніў свае дзверы, каб цёпла прывітаць нас. Дзякуем таксама ўладам, якія супрацоўнічалі пры гэтым.

Дзеля спрыяння большаму прагрэсу ў кірунку хрысціянскага адзінства мне б хацелася паўтарыць пытанне, якое я скіраваў у траўні ў Вітэнбергу – горадзе Лютэра, – і якое я таксама ўзняў нядаўна ў Жэневе – горадзе Кальвіна.

Год таму, наведваючы лютэран у шведскім Лундзе з нагоды 500-ае гадавіны Рэфарацыі, папа Францішак выразіў у малітве словы, якія раней ніколі не былі пракламаваныя пантыфікамі. Ён сказаў: “Духу Святы, дазволь нам з радасцю прыняць дары, што атрымаў Касцёл праз Рэфармацыю”.

Ці такія словы не заклікаюць да роздуму і адказу? Ці не забракне нам шчырасці, каб падзякаваць Богу перадусім не за тыя дары, якія Ён даў нам, але за дары, што ад Яго атрымалі іншыя, а праз іх можам атрымаць мы? Без розніцы, да якога вызнання мы прыналежым, ці будзьма мы здольныя распазнаць вартасці, якімі Бог абдарыў іншых?

Прымірэнне паміж Цэрквамі – гэта падарожжа ў кірунку новае рэальнасці, контуры якой нязнаныя і надаль невядомыя. Мы маем паўтараць словы прарока Ісаі: “Я буду весці сляпых сцежкамі, якімі яны ніколі не хадзілі”. Святы Дух будзе нас весці сцежкамі, якія загадзя нам нязнаныя.

Цягам 2018 году будзьма прасіць Святога Духа прыгатаваць нас да таго, каб стаць яшчэ большымі сведкамі прымірэння і супакою. Дзеля гэтага мы будзьма працягваць нашую пілігрымку даверу на зямлі. І зараз я пералічу некалькі яе чарговых этапаў.

Штотыдня будуць працягвацца сустрэчы моладзі ў Тэзэ з дзвюма адметнымі падзеямі: у ліпені адбудуцца выходныя для сяброўства паміж хрысціянскае і мусульманскае моладдзю, што дазволіць нам убачыць тое, што нас яднае, як таксама й тое, што адрознівае; у жніўні адбудзецца спецыяльны тыдзень для моладзі ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў дзеля таго, каб “укопвацца глыбей да вытокаў радасці”.

Як я казаў летась, сёлета адбудзецца сёмая міжнародная сустрэча моладзі ў Азіі, безумоўна, яна будзе адкрытая таксама для маладзёнаў й з іншых кантынентаў. Кожны можа чуць сябе запрошаным. Сустрэча пройдзе паміж 8 а 12 жніўня 2018 г.

Тое спатканне адбудзецца ў Ганконгу.

(іншыя паведамленні . . . .)

Брат Алоіс, Базэль, вечар пятніцы, 29 снежня 2017

Мінулага вечара я казаў вам, што ў кастрычніку разам з адным з нашых братоў правёў тыдзень у Паўднёвым Судане ды Судане. Калі вярнуўся, падумаў пра нашую Сустрэчу і задумаўся: якім чынам я магу перадаць моладзі, што збярэцца на Сустрэчы, крык болю, выкліканага пакутамі, гвалтам, крайняю слабасцю ў Афрыцы, сведкамі якіх мы з’яўляемся.

Я таксама пытаю самога сябе: што мы можам зрабіць, каб той крык быў пачуты, каб людзі, што пакутуюць, не мелі адчування, што іх покліч застанецца без водгуку?

Зараз у Паўднёвым Судане перыяд вельмі складаных часоў, што становіцца прычынаю песімізму сярод багатае колькасці людзей. Яны не маюць аніякае надзеі. Краіна пакутуе на страшэнную інфляцыю, заробак не выплачваецца цягам некалькіх месяцаў, распаўсюджваецца гвалт, на руках багата зброі.

У доме сясцёр Маткі Тэрэзы я ўбачыў жанчын, што прыходзяць са сваімі недакормленымі дзецьмі. Часам здараецца, што дзевяці- альбо дзесяцігадовая дзяўчынка прыводзіць з сабою свайго малодшага брата. Дзеля таго, каб зрабіць закупкі ў краме, жанчыны цяжка працуюць праз увесь дзень, у невыноснае спякоце, пераносячы свае тавары на галаве і трымаючы дзіцяці ў тальмаху з казінае скуры.

Наступны тыдзень у Судане; мяне ўразіла іншая жанчына, маці Саміра. Хто такі Самір? Ён адзін з маладых бежанцаў, якога мы прынялі ў Тэзэ два гады таму. Ён прыехаў да Тэзэ пасля вельмі стамляючай дарогі і, адразу ж па прыбыцці, даволі нечакана ў яго адбыўся сардэчны прыступ, ён памёр. Ўсе клопаты адносна пахавання ўзялі на сябе іншыя маладыя бежанцы, а таксама імам нашага рэгіёну.

У Судане я пераказаў усё тое ягонай маці. Па кожным сказе яна ківала галавою на знак зразумення, кажучы пры тым Al hamdulillah – хвала Богу. Потым яна растлумачыла мне: “Самір быў маім адзіным сынам, мой муж пакінуў мяне. Я хварэю. Я прадала наш дом, каб аплаціць падарожжа сына да Еўропы”. Гэтая мусульманка дадала да гэтага словы з біблійнае кнігі Ёва: “Бог дае, Бог мае забіраць. Няхай хвала будзе Богу”.

Для мяне тое азначала, якім чынам мы можам убачыць у гэтай жанчыне ўсіх маці на свеце, што пакутуюць з-за сваіх дзяцей.

Гэта балючыя гісторыі. Але нават у Еўропе, часам ля нас, адбываюцца паважныя сітуацыі, якія датычаць параненых жыццём людзей. З Евангелля, якое мы прачыталі сёння ўвечары, мы даведаліся, што Езус Хрыстус – чалавек, які паяднаў кожную чалавечую істоту. Ён перабывае ў кожнае асобе, а асаблівым чынам у тых, хто найбольш пакінуты. Што мы ўчынілі аднаму з найменшых, мы Яму ўчынілі.

Таму хацеў бы падзяліцца з вамі сваім досведам: калі мы чуем ад бліжняга крык параненае асобы, калі мы заглядаем у іх вочы, калі мы прыслухоўваемся, калі дакранаемся да тых, што пакутуюць, мы становімся бліжэй да Хрыста, які быў бедным сярод найбяднейшых, бо яны спрычыньваюцца да большае блізасці Хрыста з намі.

Асабістая сустрэча з найбольш пакутуючымі чыніць нас адкрытымі на годнасць іншых, дазваляючы нам атрымліваць нават ад самых абяздоленых. Ці ж бы яны праз тое не рабілі свайго ўнёску ў пабудову больш братэрскага грамадства? Яны дэманструюць нам нашую ўласную ўразлівасць. Але разам з тым чыняць з нас больш сціплымі, больш гуманнымі.

Як бы тое не было парадаксальна, мы атрымліваем радасць. Гэта можа быць толькі сполах, але тое будзе сапраўдная радасць, якой з намі дзеляцца найбяднейшыя.

Заўтра раніцаю ў малых групах вы будзеце разважаць, якім чынам мы можам лепей прыслухоўвацца да крыку найбольш безабаронных і адказваць на яго сваім жыццём? Як нам пачуць тое, што яны прабуюць данесці да нас? Яны дапамагаюць нам вызваліцца ад праблем, што не з’яўляюцца істотнымі, каб радасць станаваілася больш сціплаю, больш гуманнаю. Іх мужнасць надае новых сілаў нашае ўласнае мужнасці.

Брат Алоіс, Базэль, вечар чацвярга, 28 снежня 2017 г.

Усім і кожнаму з вас, хто прыехаў у Базэль з усёй Еўропы, а нават з яшчэ больш аддаленых рэгіёнаў, мне б хацелася сёння сказаць “Сардэчна запрашаем!” Запрашаем у горад, які так цёпла прыняў нас!

Мне б вельмі хацелася падзякаваць усім тым, хто запрасіў нас, не толькі ў горадзе, але таксама ў наваколлі, у Швейцарыі, Францыі і Нямеччыне.

Упершыню нашая Сустрэча адбываецца на памежжы трох краін і на паграніччы дзвюх моў. Базэль – еўрапейскі горад, прыязджаючы сюды, нам бы хацелася падкрэсліць тое: калі выпадае гаварыць пра будаванне Еўропы, няма шляху назад.

Базэль адзначаны Рэфармацыяю з XVI стагоддзя, але сёння тут адбываецца багата экуменічных ініцыятыў. Сустракаючыся тут, мы крочым у бок адзінства хрысціян, што нам асабліва хацелася б падкрэсліць.

Вельмі ўсцешна быць разам цягам пяці дзён у нашае разнастайнасці – паходжання, культур, вызнанняў. Нашая радасць вялікая, але, безумоўна, мы ўсе імкнемся да радасці, што цягнецца даўжэй, чым толькі пяць дзён, да радасці, якая ніколі не скончыцца.

Радасць, якая ніколі не скончыцца: у буклетах, якія вы атрымалі, вы ўбачылі, што тое будзе тэмаю нашых пошукаў у часе гэтае Сустрэчы, а таксама праз увесь надыходзячы год. “Весяліся і радуйся ад усяго сэрца” – пачулі мы тое запрашэнне ў тэксце Евангелля, які толькі што быў прачытаны.

Нядаўна, у кастрычніку, я падумаў, што вельмі важнаю было маё тыднёвае падарожжа з адным з братоў у Паўднёвы Судан, а затым на тыдзень у Судан. Тое дазволіла лепш зразумець сітуацыю гэтых дзвюх краін і маліцца сярод тых, хто найбольш пакутуе на свеце ў нашыя часы.

Па вяртанні, я запытаў самога сябе: столькі людзей у Афрыцы, але й каля нас, так цяжка пакутуюць па прычыне ізаляцыі, гвалту, голаду, хваробы, выгнання, натуральных катаклізмаў. Ці ўвогуле магчыма размаўляць пра радасць, радасць, што з’яўляецца адною з кампанентаў разам са сціпласцю і міласэрнасцю, якія прапанаваў Брат Ражэ зрабіць сэрцам нашае Супольнасці ў Тэзэ?

Таму я падумаў пра дзяцей, якіх сустрэў у лагерах бежанцаў у Афрыцы. Надаль вельмі юныя, яны ўжо зараз адказныя за вялікую частку штодзённых абавязкаў, але яны прымалі нас вельмі натуральна з незвычайнае радасцю. Аднак жа такі досвед не абмежаваны толькі да Афрыкі, тое магчыма паўсюль у свеце.

У Афрыцы мы бачым, што там, дзе сканцэнтравана багата драматычных сітуацый, прысутнасць дзяцей выклікае ажыўленне. Іх радасць, радасць нявінных дзяцей, будзе вельмі хутка парушана, калі яны даведаюцца пра несправядівыя пакуты, што ўскладзены на ніх. Але іх радасць – гэта прамень святла, якім мы хацелі б быць асветленымі. Але ж дзе крыніца іх радасці?

Заўтра раніцаю вы паразважаеце над першаю з чатырох прапаноў на 2018 год – “Укопвацца глыбей да вытокаў радасці”. У вас таксама будзе магчымасць паразважаць тэкст з Бібліі, які мы прачыталі сёння ўвечары. Ён запраше нас да радасці, а таксама паказвае заўсёды крыніцу радасці, што крыецца ў словах “Пан, твой Бог, з табою”.

Радасць Евангелля паходзіць з упэўненасці, што Бог любіць нас, любіць нас неабмежаванаю любоўю, якую Ён мае для ўсіх і кожнага з нас. Калі пакідаючы Базэль вы захаваеце перакананне што да гэтае бясконцае любові – крыінцы радасці, – вы захаваеце галоўнае.

Пад час заўтрашняе вечаровае малітвы я паспрабую прадэманстраваць, якім чынам радасць, што вырастае з любові да Бога, аніякім чынам не азначае бегства ад праблемаў нашага часу. Наадварот, гэта чыніць нас яшчэ больш адчувальнымі да засмучэнняў іншых.

Апошняе абнаўленне: 31 December 2017