TAIZÉ

Еўрапейская сустрэча ў Ростаку

Разважанні з паўдзённых малітваў

 
На гэтае старонцы мы публікуем тэксты разважанняў, якія гучаць падчас трох паўдзённых малітваў на Еўрапейскай сустрэчы ў Ростаку.


Чацвер, 29 снежня 2022 г.

Анья Ной-Ільг, баптысцкі пастар

Іншай дарогай

Дарагія сябры ў веры,

я вельмі шчаслівая, што вы завіталі да нас, у Ростак, са сваімі дарамі. Дзякуючы вам нашы ўласныя скарбы таксама становяцца бачнымі. Тут спераду вы бачыце два здымкі з Ростацкага алтара Трох Каралёў. Гэта самы значны твор сярэднявечнага мастацтва ў нашым 800-гадовым горадзе, які дэманструе яго самы старажытны выгляд.

Мне б хацелася разам з вамі паглядзець на гісторыю мудрацоў з Усходу вачыма невядомага мастака. Ён надаў Бэтлеему аблічча горада Ростак. Перадусім, паглядзіце на выяву справа.

Мы бачым пачатак падарожжа Трох Каралёў на радзіму на парусным зубчастым караблі. Калі ў Сярэднявеччы на гарызонце ўзнікаў такі карабель, тое магло азначаць адно з двух: гандаль або вайну. Але гэты карабель ідзе іншым курсам. Ён не загружаны ані таварамі, ані баявымі прыладамі. Ён пакідае бяспечную гавань горада з раздзьмутымі ветразямі. Што ж тады на борце?

Бедныя мудрацы. Мудрацы, якія вяртаюцца дадому, усхваляваныя, нібы вада ў гарадской гавані, якая тут, здаецца, знаходзіцца прама на моры. Ім прыснілася: не вяртацца да Ірада. На яго нельга спадзявацца. Знайдзіце шлях, які аміне яго. Мудрацы запытальна глядзяць адно на аднаго: ці вартая была тая прыгода? Ці слушным было аддаць усе дары маленькаму дзіцяці па імені Езус?

Такім чынам, госці пакідаюць горад, без золата, без ладану, без смірны – яны ўсё аддалі. Калі тое пачатак шляху дадому, дык Бэтлеем – гэта Ростак. І гэта мае сэнс: узыходзіць новая зорка, і на гэты раз музыка гучыць не ў вялікім мегаполісе, а ў правінцыі на ўскрайку сусветнай гісторыі, у Лютэнкляйне. Гэта значыць “маленькі-маленькі”.

Што вязуць на радзіму госці з Бэтлеема-Лютэнкляйна? Бясцэнны вопыт, які адлюстраваны на фота злева: захапленне дзіцем і ўручэнне падарункаў – усё ў адным. Евангеліст Мацвей таксама адлюстроўвае гэта ў адным сказе: “...паўшы, пакланіліся Яму і, адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міра” (Мц 2, 11).

Як тое працуе, даванне і пакланенне ў адным, паказвае самы стары мудрэц, верагодна, таксама найбагатшы. Ён паклаў сваю карону на пясок. Стаўшы на калені, ён перадае неверагодна каштоўны скарб золата. Маладзейшыя яшчэ крыху нерашуча стаяць побач з ім. Што тут адбываецца? Ці будзем мы рабіць тое ж самае? Дзіцятка Езус, здаецца, зацікаўлены золатам.

Але калі прыгледзецца больш уважліва, левая рука немаўляці Езуса выглядае так, быццам хоча пагуляць, а правая ўзнятая для дабраслаўлення. Немаўля, як і ўсіх немаўлят, хвалюе чалавечы твар.

Позіркі старога мудраца і дзіцяці сустракаюцца. Яны глядзяць адно аднаму ў вочы. І ў гэтым позірку адкрываецца скарб. Скарб не ў скрыні. Нібы дзіця гаворыць: “Ты сам скарб, стары. Ідзі ў супакоі”. “... адышлі ў сваю краіну іншай дарогай” (Мц 2, 12). Яны не проста паехалі куды-небудзь яшчэ. Яны адышлі іншым шляхам.

На заднім плане: Юзаф. Ледзьве бачны. Дзіўны чалавек з рыдлёўкай для гною ў руцэ. (У рэканструкцыі часам цяжка адрозніць тое ад пастырскага посаху). Ён заняты. Ён не кароль, не мудрэц, не астролаг, не з далёкага краю. Ён тутэйшы – без гучнага імя, – ціха назірае за тым, што адбываецца. Наноў ён вітае спачатку незнаёмых яму людзей, мовай якіх не валодае. Ён таксама адкрывае ўласныя скарбы. Усё, што ён мае: сям’ю, дом і сэрца. Яму для гэтага не патрэбны ані карона, ані карабель, ані вярблюды, ані куфар, поўны золата. Сам ён таксама з’яўляецца скарбам.

Магчымы й іншая дарога – за імгненне.
Акіньце адно аднаго позіркам, які ўпотай усведамляе прысутнасць скарбу ў іншай асобе.


Пятніца, 30 снежня 2022 г.

Ёахім Гаўк, былы прэзідэнт Федэральнай Рэспублікі Нямеччына

Я родам здалёк.

Я не маю на ўвазе адлегласць паміж Берлінам і Ростакам – гэта не так ужо й далёка. Аднак я родам з іншага часу, і для вас, для моладзі, той перыяд, які паўплываў і сфармаваў мяне, застаўся ў далёкім мінулым, гэта ўжо мінулая эпоха.

Горад, у якім вы сустракаецеся, – гэта мой родны горад. Я нарадзіўся тут у 1940 годзе падчас Другой сусветнай вайны. У 1945 г. многія раёны горада ляжалі ў руінах, а людзі былі дэзарыентаваны. Разбураны былі не толькі будынкі. Незлічоная колькасць людзей была фізічна і эмацыйна знясіленая. Гэтая частка Нямеччыны аднаўлялася павольна. За цемрай нацысцкага перыяду надышла новая цемра: замест свабоды тутэйшых людзей апанавала новая дыктатура. У сваёй сям’і я таксама перажыў тое, што перажылі многія людзі ў гэтай краіне: з бязвіннымі людзьмі абыходзіліся як з вінаватымі ў здзяйсненні злачынства. Іх пераследавалі, саджалі ў турмы, дэпартавалі. Законы кантраляваліся рэжымам, у той час як грамадзянскіх правоў, можна лічыць, не існавала. Я ўсё ж такі застаўся тут, і на тое была прычына.

У той час, як я вучыўся ў школе, хрысціянскае пасланне стала для мяне важным, калі я шукаў інтэлектуальнай альтэрнатывы рэпрэсіўнаму камунізму. У дарослым узросце я стаў пастарам у гэтым горадзе. Некаторы час я быў моладзевым душпастырам тут, у Ростаку – увесь час пад наглядам злосных супрацоўнікаў Штазі, нашай тайнай паліцыі.

У гэты час у мяне адбыўся першы кантакт з моладдзю, якая сабралася з братамі з Тэзэ. Сярод царкоўных моладзевых суполак у 1980-х гадах узмацнялася жаданне хоць неяк супрацьстаяць дыктатуры. Сваю ролю ў гэтым адыгралі правы чалавека і супакой, а таксама праблемы навакольнага асяроддзя. У некаторых з гэтых маладых людзей я ўбачыў духоўную тугу.

Без майго ўдзелу раптам узніклі спевы Тэзэ, медытацыі і малітвы. Але справа была не толькі ў праблемах. Насамрэч, гэтыя маладзёны шукалі больш глыбокага пачуцця духоўнай ЕДНАСЦІ. Многія людзі сапраўды мелі патрэбу ва ўнутранай сіле, каб адважыцца пачаць свой уласны шлях, у тым ліку свой уласны шлях да веры, падчас дыктатуры.

У 1989 годзе нашыя царкоўныя групы ў большасці месцаў складалі ядро пратэстнай сцэны. Увосень тое перарасло ў шырокі дэмакратычны рух. У канчатковым выніку гэта вылілася ў мірную рэвалюцыю; краіна стала дэмакратычнай. Неўзабаве адбылося ўз’яднанне Нямеччыны, і, як ні дзіўна, чалавек, які сёння стаіць перад вамі, стаў федэральным прэзідэнтам.

У тэксце Бібліі, які мы пачулі, ёсць слова «святло». Нездарма я пачаў расказваць вам пра сябе: я адзін з тых, хто ўцёк з цемры. Таму мне здаецца, што «святло» з’яўляецца ключавым пасылам гэтага тэксту.

Аўтар ліста спасылаецца на святое аб’яўленне, якое апісвае Езуса як Сына Божага. Наконадні мы святкавалі Нараджэнне Пана, свята, калі хрысціяне ўсяго свету адзначаюць нараджэнне Сына Божага ў Бэтлееме. Аўтар прагне, каб слухачы зразумелі, што ўцелаўленне Бога павінна паўплываць на іх уласнае жыццё: іх жыццё павінна змяніцца да лепшага. Іх жыццё мае адрознівацца ад жыцця тых, хто лічыць нармальным праводзіць сваё жыццё ў несправядлівасці і граху. Калі нехта сапраўды пачынае крочыць за Езусам, гэта прыводзіць да «лямпы, што свеціць у цёмным месцы» (19-ы верш нашага фрагмента з Бібліі).

Калі я напачатку сказаў, што прыехаў здалёк, я меў на ўвазе часовае вымярэнне. Я зазірнуў далёка ў дзяцінства. Зіма 1946-47 г. была халоднай і цёмнай з-за працяглых адключэнняў электраэнергіі. У дзяцінстве я баяўся цемры. Але потым запальвалі свечку. Святло было слабым, але эфект быў моцным! Пакой у памяшканні перамяняўся, бо адна свечка праганяла ўвесь страх.

«Святло» ў нашым тэксце нагадвае мне іншы ўрывак з Новага Запавету, дзе вернікам сказана, што яны «дзеці святла». Зноў гляджу на ўласнае жыццё: узгадваю ўсялякія трывогі з мінулага, у тым ліку страхі ды няўпэўненасць – колькі ж пытанняў!

Як лёгка гэта ўсё магло завесці мяне ў лабірынт або ператварыць маё жыццё ў існаванне ў кайданах. Але гэтага не адбылося. І тое не таму, што ў мяне такі моцны характар, але таму, што я сустракаў «дзяцей святла» на кожным этапе свайго жыцця, калі не ведаў, што рабіць. Тое былі дарослыя мужчыны і жанчыны, у адным-двух выпадках маладзёны – і я ўпэўнены, што ніхто з іх не лічыў сябе святлом у цемры. Аднак існаванне гэтых людзей у той час, калі я адчуваў сябе пад асаблівым ціскам, дазволіла мне знайсці новыя сілы, перамагчы страх, выйсці на новы шлях. Мы нават не ўяўляем, што мы можам значыць для іншых!

Вы нават не ўяўляеце, што вы будзеце значыць для іншых!

Я магу сабе ўявіць, што вашая Сустрэча, вашая духоўная і інтэлектуальная еднасць могуць ператварыць вас у людзей, якія ідуць за святлом у часы цемры і могуць быць святлом для іншых.

Калі я казаў пра свае ўспаміны з дзяцінства са свечкай у пакоі, гэта, напэўна, прыгадала многім з вас вобразы з Украіны. Там людзям даводзіцца змагацца з цемрай і холадам, таму што злосны агрэсар бамбіць іх краіну. Што сталася б з ахвярамі вайны без падтрымкі тых, хто побач з імі?

Давайце паглядзім на праблемы, якія цяпер у цэнтры ўвагі палітыкаў і грамадзянскай супольнасці: ці зможа міжнародная супольнасць прыняць неабходныя рашэнні ў сувязі з кліматычным крызісам?

Ці ўстановіцца больш справядлівы сусветны парадак, ці ўсё-ткі прыгнёт з тыраніяй вынішчаць яшчэ больш грамадстваў?

Як абараніць дэмакратыю ў нашых краінах ад ворагаў?

Як мы ў Еўропе ставімся да людзей, якія знайшлі прытулак у нашых краінах?

Нават гэтыя некалькі пытанняў паказваюць, што ў нашага свету не можа быць будучыні без людзей, гатовых выкарыстоўваць свае здольнасці і сілы для вырашэння праблем, якія стаяць перад намі – ва ўсім свеце або на ўласным парозе. І я магу сабе ўявіць, як такое жыццё, якое лічыцца з іншымі, не толькі асвятляе і натхняе іншых людзей, але й робіць вашае ўласнае жыццё надзвычай каштоўным і прыгожым.

Шаноўнае спадарства,

я па-свойму вывучаў тэрмін «святло» ў нашым урыўку з Бібліі. Але я думаю, чаму я гэта зрабіў, зразумела. Але напрыканцы хачу адзначыць, што слова «святло» ў нашым тэксце мае прарочае адценне, якое запэўнівае вернікаў, што сам Бог хоча быць сярод нас праз зямнога Езуса.

Я не хачу рабіць ніякіх багаслоўскіх каментароў з гэтай нагоды. Хутчэй, я хачу адзначыць тое, што перажыў не толькі я, але незлічоная колькасць іншых людзей. Існуюць словы, якія вы не можаце сказаць сабе. Гэтыя словы маюць сваю якасць, яны мяняюць жыццё. У Бібліі людзі, якія зведалі надзвычайны ўплыў такіх слоў, кажуць пра слова Божае. І аўтар гэтага ліста нагадвае нам, што менавіта нам патрэбнае слова, якое мы самі сабе не можам даць.

Гэты напамін будзе карысны таксама й людзям, якія пражылі доўгае жыццё. І таму я хачу яшчэ раз прыняць гэта блізка да сэрца. Я не магу дабраславіць самога сябе. Я прашу свайго бліжняга, я прашу Бога аб гэтым дабраслаўленні, бо Яго абяцанне заключаецца ў тым, што я сам магу быць дабраслаўленнем.

І калі я зараз гляджу на вашую Сустрэчу Тэзэ, я ўяўляю, што вы спяваеце, моліцеся і дзеліцеся думкамі не дзеля таго, каб уцекчы ад гэтага свету, але што ваш пошук таго, што свет не можа даць вам, умацоўвае вашую веру, веру, якая не пагарджае гэтым светам, але хоча зрабіць яго лепшым.


Субота, 31 снежня 2022 г.

Брат Сімон з Тэзэ (Нээміі 5, 6b-8b. 10-12)

На пачатку малітвы мы пачулі чытанне з біблійнай кнігі прарока Нээміі. Апісаныя падзеі гэтай гісторыі датычаць перыяду аб’яднання. Некалькі пакаленняў перад гэтым частка жыхароў Юдэі была вымушаная эміграваць, цяпер жа з’явілася магчымасць вярнуцца.

Гэты перыяд быў адзначаны бракам арганізацыі, бо змяніліся людзі і часы, але гэта таксама момант надзеі. Свабода дазваляе аднаўляць адносіны і ствараць новыя сувязі. Пачатак радасны, хаця крыху й няўцямны.

На жаль, як часам тое бывае ў пераходны перыяд, у гэтым вымярэнні раскрываецца не салідарнасць, але логіка кан’юнктуры і адносіны панавання. Абураны гэтым Нээмія вырашае што-небудзь зрабіць з гэтым.

Аднак ёсць справа яшчэ больш актуальная: рамонт абарончых гарадскіх муроў. Бяспека, якой бракавала ў мінулым, цяпер зноў апынулася пад пагрозаю. Чым даўжэй трываў рамонт, тым больш, здавалася, суседнія дзяржавы гатовыя былі да нападу. Рызыка дэпартацыі ўзнікла яшчэ да таго, калі людзі па-сапраўднаму адчулі смак свабоды.

Напружанасць дасягае такога пункту, што Нээмія мусіў кожную ноч узбройваць рабочых і прыводзіць жыхароў сельскай мясцовасці ў горад. У той жа час ён таксама вырашае сабраць эліту грамадства, каб пагаварыць з імі аб сацыяльнай справядлівасці. Ці ён страціў пачуццё прыярытэтаў, ці робіць гэта, каб паказаць, наколькі важная такая справядлівасць, быццам яна таксама ўплывае на выжыванне народа?

Нээмія прадбачыць, ён бярэцца рыхтавацца да будучыні, бо сітуацыя настолькі цяжкая, што для яго было б цалкам нармалёвым мець сілы толькі на цяперашні час. У выпадку, калі ягоны прыклад натхняльны для нас, мы можам запытацца, а ці рэалістычны ён. Адкуль мы атрымліваем энергію, каб клапаціцца аб істотных праблемах, адначасова маючы стычнасць з неадкладнымі справамі?

У Нээміі пры дапамозе некалькіх слоў ды ўласным прыкладам паспяхова атрымліваецца ўсталяваць салідарнасць, якая палягае на паглынанні доўгу бедных у багацці багатых. Цягам вельмі кароткага часу ён дасягае рэформы, якія многія лідэры не могуць выканаць на працягу ўсяго жыцця.

Аднак аргумент, які выкарыстоўвае Нээмія, даволі просты. Здаецца, што кожны адукаваны чалавек, як ён, прыдумаў бы гэта: калі чалавек быў пакліканы да свабоды, дык тады ніхто не мае права злоўжываць сваёй сілай. Падмуркам гэтае ідэі з’яўляецца цэнтральнае пасланне першых кніг Бібліі.

Прыклад Нээміі сведчыць аб тым, што істотнаю будзе агульная рэальнасць, шукаючы каторай, мы можам знайсці ў сабе сілы пражыць яе як для сябе, так і з іншымі. Такім чынам, мы маглі б паставіць сабе пытанне: што дазваляе мне шукаць гэтае істотнае? І з кім я маю гэтым дзяліцца?

Апошняе абнаўленне: 29 December 2022