TAIZÉ

Талін 2024-2025

Інтэрв’ю з братам Мэцью

 
Гэтае інтэрв’ю было апублікавана ў эстонскай газеце Eesti Kirik у кастрычніку 2024 года ў рамках падрыхтоўкі да чарговае Еўрапейскае моладзевае Сустрэчы ў Таліне.
□ Калі Вы ўпершыню пабывалі ў Эстоніі, і што Вас тады найбольш кранула?

Падчас майго першага візіту ў 1995 годзе я быў уражаны і адчуў удзячнасць да ўсіх, каго сустракаў. Уражаны мужнасцю, рашучасцю і мудрасцю тых, хто наконадні вёў змаганне за незалежнасць. А ўдзячнасць за гэты доўгачаканы прыход свабоды. У пэўным сэнсе я быў сведкам пераломнага моманту ў еўрапейскае гісторыі! Удзячнасць таксама да тых, хто працягваў з верай і надзеяй служыць Хрысту і Яго Царкве, насуперак волі рэпрэсіўнага рэжыму. Мне выпала сустрэцца з Тоамасам Паўлам, пазней Мадзісам Овіірам ды шэрагам іншых, многія з каторых былі сціплымі вернікамі, якія на працягу дзясяцігоддзяў верна неслі дары веры, пачуццё прыгажосці і любоў свайго народа і яго культуры...

□ На працягу шэрагу гадоў вы ў Тэзэ прымалі эстонскіх удзельнікаў на моладзевых сустрэчах у вёсцы ды ў розных еўрапейскіх гарадах, некалькі разоў наведвалі іх. Як Вы бачыце эвалюцыю эстонскага грамадства за апошнія дзясяцігоддзі?

Лінчэпінг, Уроцлаў, Прага, Вена, Парыж, але таксама невялікі ўзгорак Тэзэ ў Бургундыі... У 1990-я гады эстонцы, як і іншыя народы, якія апынуліся ў савецкіх абцугах, прыязджалі тысячамі, каб сустрэцца з іншымі еўрапейцамі. Прапарцыянальна да колькасці насельніцтва менавіта эстонцы часта былі самай шматлікай нацыяй зпасярод удзельнікаў гэтых сустрэч. Быў вялікі імпэт, энэргія і радасць. Багата з тагачасных удзельнікаў цяпер бацькі а, магчыма, нават бабулі і дзядулі! Гэта таксама азначае, што назва Тэзэ вядомая ў Эстоніі, нават па-за царкоўнымі коламі, таму гэта дае нам надзею, што тыя людзі адчыняць свае дзверы для пілігрымаў, якія прыедуць у канцы снежня. Ці будуць яны гатовыя быць шчодрымі ў сваёй гасціннасці і адлюстроўваць тое, што самі некалі атрымалі?

Пасля гэтага крыху эйфарычнага перыяду краіна прыклала велізарныя намаганні для развіцця інфраструктуры, абнаўлення інстытутаў ды інтэграцыі ў Еўропу. Пераход ад савецкага свету, у цэлым даволі статычнага, да адкрытага, складанага, канкурэнтнага асяроддзя, у якім назіраюцца вялікія напружанасці, выклікаў пытанні. Трасу пераходу прыйшлося выдумваць з вялікае колькасцю крэатыўнасці.

Некаторыя людзі, якія пераканаўча ўдзельнічалі ў пераменах і рэканструкцыі сваёй краіны і сваёй Царквы ў пачатку 1990-х гадоў, адчувалі сваю няўдачу з-за няздольнасці дасягнуць аднаўлення, якое іх натхніла. Ці ж не ў такой сітуацыі апынуліся вучні Езуса ў вечар Яго смерці? Яны страцілі надзею на дасягненне аднадушнай народнай падтрымкі і хуткіх інстытуцыянальных пераменаў. Але менавіта тады наступае момант, калі для гэтае невялікае групы можа ўсё распачацца.

Адкрыццё межаў ды перамяшчэнне тавараў і людзей прывялі да павелічэння колькасці сустрэч і абменаў. Новыя ўплывы мадыфікавалі існуючыя ўяўленні. У прыватнасці, феномен заняпаду рэлігіі. Стагоддзі велізарных навуковых і тэхнічных распрацовак, заняпад вёскі і глабальныя канфлікты паскорылі з’яўленне ладу сумеснага жыцця, які існуе без рэлігійнага ключа. У гэтым кантэксце гаворка ўжо не ідзе пра тое, што вернікі супраціўляюцца рэпрэсіўнае уладзе або ідэалогіі.

Змены ў стылі жыцця адбываюцца капілярна, яны неаддзельныя ад новых свабод, лёгкасці падарожжаў і камунікацыі... Задача, якую мы шырока падзяляем па ўсёй Еўропе, заключаецца ў тым, каб інтэграваць новую культуру, прыняць зменены лад жыцця ў грамадстве, у якім ніхто не можа затрымаць рух. Гаворка ідзе аб праяўленні праніклівасці, гэта значыць аб распазнаванні ўсяго таго, што можа аблегчыць пакуты і працу, і забяспечыць роўны доступ да новых рэсурсаў ды інстытутаў. Гэта таксама напамін, у добрыя часы і па-за ім, што абяздоленыя людзі ў грамадстве – дзеці, хворыя, незнаёмцы, асобы прыканцы свайго жыцця – гэта не інертны цяжар, ​​але асобы, якія могуць дапамагчы нам узрастаць ў чалавецтве.

Бог нас не пакіне. Езус прысутнічае там, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Яго. Ён дае нам сваё Слова. Ён кліча нас праз бедных, вязняў, чужынцаў... Калі мы сапраўды хочам перажыць прыгоду, якую прапануе нам Хрыстус, вырушайма ж Яму насустрач! Яго святло будзе прасвечваць нашыя слабасці, а нашыя слабасці не будуць перашкаджаць ззянню Яго Духа...

□ Якія доказы пацвярджаюць евангельскую надзею адносна сённяшняга дня?

У Эстоніі, як і ў астатняй Еўропе, ці ж не сутыкаемся мы з магчымасцю, якой не было з IV стагоддзя, калі імператар Канстанцін вырашыў зрабіць хрысціянства дзяржаўнай рэлігіяй, адкрыўшы такім чынам шлях да выкарыстання яго ва ўсіх магчымых патрэбах? Хрыстус прыйшоў не для таго, каб стварыць новую рэлігію, але каб ахвяраваць камунію ўсім без выключэння. У гэтым прыхавана невычэрпная надзея на мір і справядлівасць. Сёння Цэрквы адмовіліся ад прэтэнзій на прывілеі. Іх вяртаюць да пакоры і да супрацоўніцтва адно з адным. Вернікі як ніколі чулыя да пільнасці бачнага прагрэсу ў пытанні адзінства хрысціян.

Шмат хто зразумеў праблемы, якія выходзяць па-за межы нашых нацыянальных граніц. Мы павінны працаваць разам, каб паменшыць няроўнасць у развіцці і несправядлівасць, якія з’яўляюцца крыніцамі расчаравання і напружання, каб вывесці мільёны сем’яў з лагераў бежанцаў, дзе яны апынуліся ў пастцы, і выцягнуць мноства дзяцей з вуліц, дзе яны пакінуты на волю жорсткага лёсу і гвалту, палепшыць кіраванне народамі і міжнароднымі арганізацыямі на службе добрага жыцця для ўсіх, каб прадбачыць наступствы кліматычнага крызісу для найбольш уразлівых слаёў насельніцтва, абараніць біяразнастайнасць, паменшыць забруджванне... Трэба зрабіць так шмат, але й столькі ж надзеі прысутнічае ў нас!

□ З 28 снежня па 1 студзеня 2025 г. 4000 маладых еўрапейцаў збяруцца ў Таліне на Пілігрымцы Даверу. Пра што гаворка?

Пасярод зімы гэтыя маладзёны пакінуць свае дамы і сем’і, скіруюцца ў дарогу, перасякуць розныя межы, каб пазнаёміцца ​​з новымі людзьмі, дасведчыць гасціны і падзяліцца сваім жыццём. Для таго, каб выйсці з зоны камфорту, патрэбная здольнасць даверу. Такім чынам пашыраецца кругагляд. Вернікі называюць тое верай. З часоў Абрагама, «айца вернікаў», людзі зведалі, што вера можа адкрываць на новыя перспектывы і прыносіць плён для сябе і для іншых... Менавіта гэты досвед з’яўляецца сутнасцю снежаньскае Пілігрымкі Даверу.

□ Удзельнікаў гэтага падарожжа даверу будуць прымаць мясцовыя сем’і. Чаму гэта так істотна?

Гасціннасць – гэта падвойная прыгода, якая дазваляе пераадолець таксама й іншыя бар’еры; госць грукае ў дзверы: «А вось і я. Я спадзяюся, што вы не баіцеся мяне і што ў вас ёсць месца для мяне пад вашым дахам ды час, каб пагаманіць і падзяліцца думкамі». Гаспадар адчыняе свае дзверы, свой стол, сваю сямейную прастору, сваё сэрца: «Чакаем вас. Мы ўдзячныя, што вы завіталі да нас з такой далечыні». Прапанова сваёй прысутнасці – гэта першы крок у стасунках, дзе дэманструюцца спадзяванні і стан гатоўнасці. Давяраць каму-небудзь ці не, я вырашаю не пасля сустрэчы з некім. Такая ўступная пастава не абапіраецца на складаных элементах, такіх як гаворка, але на інтуіцыі, якая прызнае супольнасць чалавечнасці.

□Тры разы на дзень удзельнікі будуць збірацца на супольнае малітве з паўтаральнымі спевамі, цішынёй, разважаннем над біблейскімі вершамі; навошта?

Для вернікаў малітва з’яўляецца яшчэ адным вымярэннем таго ж шляху даверу, найбольш духоўным вымярэннем. Гаворка ідзе пра тое, каб дазволіць свайму сэрцу быць даступным, адкрыцца прысутнасці, якая выходзіць па-за нашыя межы, што выходзіць па-за межы нашага інтэлекту або нашых пачуццяў... Дзякуючы гэтае сувязі жыццё можа заквітнець сваёю навізною. Гэта спараджае ўдзячнасць і падсілкоўвае нашую шчодрасць. Дзяленне тым шляхам праз супольную малітву дазваляе нам зразумець, што мы можам быць глыбока злучанымі ў разнастайнасці нашых культур і персаналій. Гэта цвёрдая надзея на тое, што мы зможам пабудаваць мірныя адносіны...

□ Чым канкрэтна эстонцы могуць падзяліцца з іншымі?

У эстонцаў інтэнсіўнае духоўнае жыццё. Гэта знаходзіць пэўны выраз у адносінах да прыгожае прыроды, якая іх атачае. З надыходам лета яны прагнуць зноў пагрузіцца ў прыроднае асяроддзе. Гэтая сувязь са стварэннем сілкуе пачуццё захаплення і ўдзячнасці. Ім гэта дастаўляе радасць. Быць самай лічбавай нацыяй, а адначасова мець магчымасць дзяліць сваю тэрыторыю з мядзведзямі і ваўкамі, сёння не з’яўляецца нечым звычайным!

Эстонцы ўкаранілі сваю агульную тоеснасць у сумесным спеве. Спеў – гэта стварэнне прыгажосці вашым подыхам і голасам, органам цела. Сумеснае стварэнне прыгажосці разглядаецца як агульны заклік зрабіць жыццё прыгожым.

Эстонія – адна з самых маленькіх краін Еўропы. Народ, які жыве на ўскраіне кантынента і які ўсведамляе, што ніколі не важыў шмат на шахматнае дошцы нацый. Эстонцы дагэтуль нясуць у сваёй калектыўнай свядомасьці памяць пра прыгон. Яны шануюць сваю незалежнасць, здабытую ў 1918 годзе, а потым другі раз 20 жніўня 1991 года. На іх бачныя шнары, нанесеныя войнамі, савецкімі дэпартацыямі і пераследам. Іх продкі сталі ахвярамі несправядлівасці, якую злачынцы ніколі не прызнавалі, не кажучы ўжо пра тое, каб яе выправіць.

Драматычная гісторыя ХХ стагоддзя прымушае эстонцаў усведамляць дар жыцця і адказнасць, якую мы нясем. Некаторыя, вярнуўшыся з бесчалавечнага выгнання, паказалі, што ў сваім сэрцы яны свабодныя ад гвалту і гатовыя працягваць жыццё праз служэнне іншым. Спяваючая рэвалюцыя, якая прынесла сур’ёзныя перамены без кровапраліцця, з’яўляецца унікальным дасягненнем у гісторыі чалавецтва.

У выніку палітыкі прымусовай русіфікацыі 1960-х і 1970-х гадоў 300 000 эстонскіх, а значыць, еўрапейскіх грамадзян сёння размаўляюць па-расейску. Яны могуць сказаць сваім стрыечным братам і сябрам за мяжой, што ў Эстоніі добра жыць, а іх правы паважаюцца.

З 2022 года Эстонія таксама прымае найбольшы адсотак украінскіх бежанцаў у параўнанні да колькасці насельніцтва сваёй краіны.

□ Кім з’яўляюцца людзі надзеі, якіх удзельнікі сустрэнуць раніцаю ў прымаючых абшчынах?

Гэта ўсе тыя, хто знайшоў сябе, так ці інакш жывучы для іншых: медсястра або настаўнік, якія ставяць сябе на службу іншым з усімі сваімі ўменнямі. Гэта можа быць нехта, хто дапамагае аднавіць зламанае жыццё, хто ў жыццёвых выпрабаваннях захаваў веру або вырашыў служыць Царкве ці абяздоленым; нехта, хто ўпрыгожвае жыццё іншых сваёй мастацкай творчасцю або стварае працоўныя месцы для моладзі ў сваёй кампаніі...

□ Якая сувязь паміж Пілігрымкай Даверу а будаўніцтвам Еўропы?

Пакуль у Еўропе захоўваецца спакуса сысці ў кірунку нацыянальнай ідэнтычнасці і папулісцкай логікі, пакуль вайна спусташае шырокія рэгіёны Ўкраіны ды таксама цэлае пакаленне маладых людзей на нашым кантыненце, мы запрошаныя ў Талін, каб пакорна стаяць у маўчанні перад Тым, Хто перамог нянавісць, перад Тым, Каторы імкнецца прыйсці да нас праз усе зачыненыя дзверы. Мы запрошаныя зноў накіравацца да Таго, Хто з’яўляецца крыніцай спакою, Хто вызваляе нашыя сэрцы і прапануе нам скалу, на якой можна будаваць гэты мір паміж намі.

У Таліне ад нас чакаюць, што мы дапаможам адкрыць бяспечную прастору для братэрскіх сустрэч і сяброўства, каб у тых, хто далучыцца да нас, сілкаваць радасць і жаданне будаваць у Еўропе больш чалавечную і больш справядлівую супольнасць, адкрытую на свет і яго шматлікія выклікі.

□ Што пра гэтую Пілігрымку Даверу Вы хацелі б сказаць эстонцам?

Маладыя ўдзельнікі, якія прыедуць у канцы снежня, будуць радыя адкрыць для сябе шарм старога горада, ажыўлены творчы патэнцыял вуліцы Тэлісківі або сілуэт Таліна ў гульні святла паміж небам і морам з пляжу Пірыта. Але акрамя гэтага, іх цікавіць сустрэча з людзьмі і адкрыццё краіны, яе культуры і яе надзей праз асабістыя адносіны. Каб гэта было магчыма, эстонцы павінны быць побач! Бадай, дата Сустрэчы не найлепшая: людзі прызвычаіліся сустракаць пачатак новага года ў сямейным коле або сярод сяброў. Адкрыць свой дом для незнаёмцаў у гэты час – гэта насамрэч дзяленне самым інтымным, гэта сапраўднае абавязацельства. Вось чаму гэтая гасціннасць, гэтая даступнасць, так каштоўныя і з’яўляюцца знакам даверу, які дазваляе гасцям адчуваць сябе жаданымі.


 [1]

Апошняе абнаўленне: 22 December 2024

Footnotes

[1Здымак: Madis Kask